291

Масмедыя ў Беларусі №2(58) (студзень – чэрвень 2019 г.)

10.09.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Становішча ў галіне СМІ ў першай палове 2019 года было неадназначным. З аднога боку, на яго ўплывала агульная тэндэнцыя ўзмацнення дзяржаўнага кантролю над медыяпрасторай, з другой – правядзенне ў Мінску ІІ Еўрапейскіх гульняў, што падштурхоўвала ўлады да большай адкрытасці краіны. Таксама нельга не ўлічваць складанае знешнепалітычнае і эканамічнае становішча ў Беларусі (перамоўны працэс з Еўразвязам і ЗША, узрастанне памеру знешняга доўгу і ціск з боку Расійскай Федэрацыі), а таксама набліжэнне выбараў у беларускі парламент, якія адбудуцца 17 лістапада 2019 г.

ІІ Еўрапейскія гульні прайшлі ў сталіцы Беларусі з 21 па 30 чэрвеня 2019 г.

Незадоўга да іх правядзення праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала алімпійскіх чыноўнікаў надаць гарантыі недатыкальнасці журналістаў у Мінску:

«На працягу апошніх двух год улады Беларусі прадпрымаюць паслядоўныя крокі па ўціску свабоды слова, якія наўпрост уплываюць на абстаноўку, у якой журналісты будуць асвятляць падзеі ў краіне наконадні, падчас і пасля Еўрапейскіх гульняў...
Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕАК) маюць забяспечыць магчымасць свабодна працаваць усім замежным і беларускім карэспандэнтам, якія асвятляюць II Еўрапейскія гульні».

Насуперак асцярогам праваабаронцаў і журналісцкіх арганізацыяў, сур’ёзных канфліктаў, звязаных з ажыццяўленнем журналісцкай дзейнасці, падчас Еўрапейскіх гульняў не адбылося. Больш за тое, да пачатку Еўрапейскіх гульняў знізіўся ціск на журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляліся ў замежных СМІ. Калі за першыя 5 месяцаў 2019 г. суды 38 разоў штрафавалі такіх журналістаў за супрацу з замежнымі медыямі без акрэдытацыі, то з 31 траўня па канец ліпеня такіх выпадкаў заўважана не было

Тым не менш, агульная сума штрафаў журналістам паводле арт. 22.9 частка 2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) за першае паўгоддзе 2019 г. склала 35827,5 беларускіх рублёў (каля 18 тыс. даляраў ЗША ў эквіваленце).

Частка 2 арт. 22.9 КаАП прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ. На думку БАЖ, журналісты не могуць прыцягвацца да адказнасці паводле гэтага артыкула, бо прадукцыю СМІ вырабляюць рэдакцыі, а распаўсюджваюць распаўсюднікі. Больш за тое, гэта парушае міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі ў галіне свабоды выказвання меркаванняў. 

У большасці выпадкаў пераслед зазнаюць журналісты, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», што ўваходзіць у структуру Польскага тэлебачання і пазіцыянуе сябе як першы незалежны тэлеканал Беларусі. Пытанне пра адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў ужо некалькі год знаходзіцца ў павестцы дня Дыялогу аб правах чалавека паміж Еўрапейскім Саюзам і Рэспублікай Беларусь.

Адной з галоўных праблемаў у галіне выказвання меркаванняў у першай палове 2019 г. быў крымінальны пераслед журналістаў і блогераў з розных падставаў. 

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ І БЛОГЕРАЎ 

Абвінаваўчы прысуд галоўнай рэдактарцы TUT.BY Марыне Золатавай і завяршэнне «справы БелТА»

4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прызнаў галоўную рэдактарку вядучага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY вінаватай у бяздзейнасці пасадовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі) і прысудзіў яе да штрафу ў памеры 7650 беларускіх рублёў (каля 3800 даляраў ЗША ў эквіваленце паводле курсу Нацбанка Беларусі). Акрамя гэтага, суд спагнаў з яе на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6000 рублёў (3000 еўра). 

Асуджэнне М. Золатавай сталася завяршэннем так званае «справы БелТА», якая была заведзеная ўлетку 2018 г.

Прычынай для яе завядзення было несанкцыянаванае выкарыстанне некаторымі журналістамі пароляў да падпісной стужкі сайту дзяржаўнае інфармацыйнае агенцыі БелТА. (Пры гэтым матэрыялы сайту БелТА знаходзіліся ў адкрытым бясплатным доступе і размяшчаліся СМІ, якія патрапілі пад пераслед, з улікам правілаў, усталяваных БелТА, а паролі да падпісной стужкі не мяняліся на працягу некалькіх год.)

7–9 жніўня 2018 года ў рэдакцыях інфармацыйнае кампаніі БелаПАН, партала TUT.BY, рэдакцыях некаторых іншых СМІ, а таксама ў кватэрах шэрагу іх супрацоўнікаў адбыліся вобшукі. Падчас іх былі сканфіскаваныя прафесійная тэхніка і носьбіты інфармацыі. Каля 20 журналістаў былі затрыманыя і дапытаныя следчымі, 8 асобаў было накіравана ў ізалятар часовага ўтрымання на тэрмін да 3 сутак. У дачыненні да 15 журналістаў былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з карыслівай ці якой іншай асабістай зацікаўленасці).

Дзеянні следчых выклікалі пратэсты з боку праваабаронцаў, журналісцкіх арганізацыяў і міжнародных структураў, у тым ліку Рады Еўропы, Еўрасаюза, АБСЕ.

Напрыканцы 2018 г. крымінальныя справы ў дачыненні да 14 журналістаў былі спыненыя з прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычнага прымусу да выплаты кампенсацыяў БелТА і газеце Адміністрацыі прэзідэнта «СБ. Беларусь сегодня».

Адзінай прыцягнутай да крымінальнай адказнасці паводле «справы БелТА» стала галоўная рэдактарка інтэрнэт-партала TUT.BY Марына Золатава. 

«Прысуд і штраф Марыне Золатавай, галоўнай рэдактарцы TUT.BY, разам з непрапарцыйнымі захадамі праваахоўных органаў супраць БелаПАН і TUT.BY у 2018 годзе могуць адмоўным чынам паўздзейнічаць на незалежныя СМІ ў Беларусі», – адзначыў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір.
 
«Тое, як настойліва беларускія ўлады займаліся гэтай справай з самага пачатку, паказвае іх рашучасць знясіліць канкурэнтаў дзяржаўных СМІ», – заявілі «Рэпарцёры без межаў» пасля асуджэння М. Золатавай.

Старшыня Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Сукала заявіў, што павышаная грамадская ўвага да працэсу над Золатавай – прысутнасць дыпламатаў і рэпарцёраў – магчыма расцэньваць як ускосны ціск на суд.

 

Справа блогера Андрэя Павука 

20 сакавіка Следчы камітэт Беларусі ў афіцыйным тэлеграм-канале паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса – паводле факту заведама ілжывага паведамлення пра мініраванне райвыканкаму ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Падазраваным па гэтай справе быў абвешчаны блогер Андрэй Павук, нумар мабільнага тэлефону якога быў указаны ў паведамленні пра мініраванне.

20 сакавіка А. Павук быў затрыманы, у яго ўдома быў праведзены вобшук і былі сканфіскаваныя кампутар і іншая прафесійная тэхніка.

Паводле версіі следства, А.Павук накіраваў электронны ліст у Гомельскае абласное аддзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з паведамленнем пра мініраванне Акцябрскага райвыканкаму (мясцовы орган выканаўчай улады). Пасля допыту А. Павук быў вызвалены з-пад варты. Праз месяц крымінальная справа ў дачыненні да яго была спыненая, і сканфіскаваную тэхніку вярнулі. 

У траўні 2019 года гісторыя з ілжэмініраваннем паўтарылася. На электронную пошту МНС прыйшло паведамленне пра мініраванне суда ў горадзе Мазыр. Падазраваным ізноў стаў А. Павук. Як і ў сакавіку, прычынай гэтага сталася ўказанне нумару яго мабільнага тэлефону ў паведамленні пра мініраванне.

А. Павук звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэта і Генеральную пракуратуру з просьбай высветліць, хто выкарыстоўвае яго асабістыя дадзеныя для ілжывых паведамленняў аб мініраванні дзяржаўных установаў. 
Андрэй Павук – вядомы беларускі відэаблогер, які вядзе ў сацсетках блог «Рудабельская паказуха», у якім крытыкуе мясцовыя ўлады. 

 

Вобшук па справе аб паклёпе ў сувязі з публікацыяй «Белсата» 

9 красавіка ўпраўленне Следчага камітэта па г. Мінску правяло вобшук у памяшканні, якое выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці супрацоўнікі спадарожнікавага тэлеканала «Белсат».  Як паведамлялася ў Следчым камітэце, вобшук праводзіўся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай паводле факту распаўсюду паклёпу (ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса Беларусі) на сайце тэлеканала. 

Кіраўніцтва «Белсата» патлумачыла, што прычынай для ўзбуджэння справы сталася тэхнічная памылка ў 2018 годзе ў артыкуле пра карупцыю, у якой быў памылкова згаданы старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Андрэй Швед. 

«Памылку мы хутка выправілі, апублікавалі абвяржэнне, прынеслі выбачэнні генералу Андрэю Шведу, якога гэтая памылка тычылася. Следчы камітэт правёў праверку па гэтай справе і падставаў для крымінальнага пераследу не знайшоў. Аднак у студзені гэтага года мінская пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу з гэтай жа нагоды», – адзначыла кіраўніцтва «Белсата».

У выніку вобшуку, які працягваўся каля 4 гадзінаў, былі сканфіскаваныя каля 10 носьбітаў інфармацыі, у тым ліку тры ноўтбукі і два жорсткія дыскі.

Праз два дні, 11 красавіка, Следчы камітэт вярнуў супрацоўнікам «Белсата» тэхніку і носьбіты інфармацыі, якія былі сканфіскаваныя падчас вобшуку.

 

Крымінальны пераслед блогера Сяргея Пятрухіна 

18 красавіка суд Ленінскага раёна г. Брэста прызнаў вінаватым паводле ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Знявага») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.

У якасці пацярпелых па справе праходзілі чатыры супрацоўнікі Ленінскага РУУС г. Брэста (міліцыя). У выніку разгляду справы С. Пятрухін быў прысуджаны да штрафу ў памеры 360 базавых велічыняў (9180 рублёў, што тоесна прыблізна 4600 далярам ЗША), а таксама суд забавязаў яго выплаціць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўнікам міліцыі Сяргею Ігнацюку, Дзмітрыю Якушэвічу, Ігару Галянцічу і Сяргею Токуну ў агульнай суме 7500 рублёў, або 3750 даляраў ЗША. Па-за гэтым, блогер абавязаны скампенсаваць выдаткі пацярпелых на адвакатаў у памеры 1000 беларускіх рублёў і судовыя выдаткі. 

Падставай для прыцягнення блогера да крымінальнай адказнасці сталіся відэаролікі, якія былі знятыя ў сакавіку 2018 года і трансляваліся на YouTube. У гэтых відэароліках С. Пятрухін заявіў пра дачыненне шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў міліцэйскім участку ў 2016 годзе грамадзяніна П. Камінскага, які звярнуўся ў праваахоўныя органы з патрабаваннем расследавання гэтага інцыдэнту і распавёў пра гэта блогеру.

Перад пачаткам судовага працэсу 14 беларускіх праваабарончых арганізацыяў выступілі з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед С. Пятрухіна. На іх думку, дадзены пераслед меў палітычна матываваны характар і быў звязаны выключна з ажыццяўленнем С. Пятрухіным правоў у галіне правоў і свабодаў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі, у тым ліку свабоды выказвання меркаванняў ды збору і распаўсюду інфармацыі.

5 ліпеня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў. 

 

РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

У штогадовым Індэксе свабоды прэсы міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», апублікаваным у красавіку 2019 г. , Беларусь заняла 153-е месца сярод 180 дзяржаваў. Пры гэтым краіна паднялася на дзве пазіцыі ў параўнанні з папярэднім годам.

«Пазіцыя Беларусі ў Сусветным індэксе свабоды прэсы 2019 года, здавалася б, сведчыць пра паляпшэнне, – тлумачаць «Рэпарцёры без межаў», – але на самой справе яна адлюстроўвае факт, што становішча значна пагоршылася ў шматлікіх іншых краінах, а таксама той факт, што рэкордная колькасць арыштаў у Беларусі, якія мелі месца ў 2017 годзе, не паўтарыліся ў 2018 годзе».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House у сваім Рэйтынгу свабоды ў свеце 2019 г., як і раней, аднесла Рэспубліку Беларусь да ліку несвабодных краінаў (але не найгоршых). Пры гэтым, на думку арганізацыі, ступень свабоды СМІ ў Беларусі ў 2018 годзе паменшылася да мінімальнай.

«Адзнака зменшылася з «1» да «0» з-за застасавання суворых захадаў у дачыненні да журналістаў, у тым ліку новых абмежаванняў у стасунку сеткавых сродкаў масавай інфармацыі, крымінальнага пераследу журналістаў, якіх абвінавачвалі ў незаконным атрыманні кантэнту ад дзяржаўнае інфармацыйнае агенцыі, а таксама частага затрымання і накладання штрафаў на журналістаў у сувязі з іх працай».