1445

Масмедыя ў Беларусі №1(47) (cтудзень – сакавік 2016 г.)

02.05.2016

“Існуе пэўная верагоднасць таго, што за кантэнтам будуць сачыць больш актыўна. Магчыма, паспрабуюць спыніць распаўсюд негатыўных чутак або спробы самаарганізацыі людзей…”, - Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт.

“Мінінфарм і надалей будзе патрабаваць ад усіх удзельнікаў інфармацыйнага поля выканання заканадаўства. Ажно да застасавання нормаў закона аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнасць якіх супярэчыць нацыянальным інтарэсам…”,  - Лілія Ананіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 

СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў СТУДЗЕНІ – САКАВІКУ 2016 г. (АГЛЯД)

Пачатак 2016 года характарызаваўся ўзнаўленнем адміністрацыйнага пераследу беларускіх журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, які прыпыніўся пасля жнівеньскага публічнага абяцання прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі разабрацца з сітуацыяй. За студзень – сакавік 2016 г. двое гомельскіх журналістаў 7 разоў былі пакаранцыя буйнымі штрафамі, а ў красавіку – яшчэ тройчы.

Найбольшы розгалас сярод медыяпадзеяў першых месяцаў года атрымала затрыманне ў судзе падчас выканання прафесійных абавязкаў і збіццё супрацоўнікамі міліцыі журналіста найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-парталу TUT.BY Паўла Дабравольскага. Пасля гэтага ён быў яшчэ прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Менш заўважаным было прыпыненне крымінальнае справы ў дачыненні да журналіста і ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, якога абвінавачвалі ва ўсталяванні супрацоўніцтва са спецслужбамі замежнай дзяржавы. Ніякіх следчых дзеянняў з журналістам не праводзілася больш за год.

Сярод іншых падзеяў і тэндэнцыяў у сферы СМІ магчыма вылучыць абмежаванне свабоды выказвання ў інтэрнэце. Узмацненне кантролю дзяржавы за інтэрнэт-сферай тлумачыцца ўзрастаннем ролі сусветнага сеціва ў інфармаванні грамадзянаў краіны.

 

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў СТУДЗЕНІ – САКАВІКУ 2016 г.

Узнаўленне судовага пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ

У пачатку 2016 года ўзнавіўся судовы пераслед беларускіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. За студзень-сакавік зафіксавана сем выпадкаў прыцягвання журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу (усе – у Гомельскай вобласці). Прычым шэсць разоў быў аштрафаваны журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі на агульную суму 46,2 млн. руб. (каля 2000 еўра). Акрамя гэтага, аднойчы была аштрафаваная Ларыса Шчыракова. Журналісты былі абвінавачаныя ў тым, што іх відэаматэрыялы з’явіліся ў эфіры тэлеканала “Белсат”.

Падчас падрыхтоўкі гэтага бюлетэня ў адносінах да гэтых журналістаў былі вынесеныя яшчэ тры судовыя пастановы аб іх прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці (яшчэ дзве справы супраць Л. Шчыраковай былі спыненыя з працэдурных прычынаў.)

Ва ўсіх выпадках падставай для гэтага быў не змест журналісцкіх матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ. У знак пратэсту Кастусь Жукоўскі зашыў сабе рот.

Журналісты прыцягваюцца да адказнасці на падставе складзеных міліцыяй пратаколаў паводле адвольна трактаванай часткі 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ. Гэткая практыка пачалася з траўня 2014 года. Калі ў 2014 годзе суды штрафавалі журналістаў паводле гэтага артыкула 10 разоў, то за першыя 8 месяцаў 2015 года – 28.

Здавалася, што становішча змянілася пасля таго, як 4 жніўня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю з ім журналістаў незалежных СМІ паабяцаў разабрацца з гэтай праблемай. http://www.svaboda.org/content/article/27170361.html  Як вынік, з канца жніўня да канца 2015 года новыя справы паводле часткі 2 артыкула 22.9 не ўзбуджаліся. Аднак гэтая практыка аднавілася ў Гомельскай вобласці.

 

Затрыманне і збіццё журналіста Паўла Дабравольскага

25 студзеня 2016 года ў памяшканні суда Фрунзенскага раёна г. Мінска супрацоўнікі міліцыі затрымалі і збілі журналіста партала TUT.BY Паўла Дабравольскага.

Журналіст знаходзіўся ў судзе для асвятлення рэзананснага судовага працэсу. Ён фіксаваў на камеру мабільнага тэлефона працэс затрымання ў судзе двух актывістаў, якія трымалі плакат “Не – палітычнаму пераследу!”, і быў затрыманы разам з імі.

Супрацоўнікі міліцыі заштурхнулі Дабравольскага і двух актывістаў у суседні з залай суда пакой і збілі.

У той самы дзень у адносінах да журналіста быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і ў будынку таго ж суда П. Дабравольскі быў аштрафаваны на 9,45 мільёна беларускіх рублёў (каля 420 еўра) за “дробнае хуліганства” (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) і “непадпарадкаванне законным патрабаванням пасадовых асобаў” (артыкул 23.4 КаАП).

Гэты інцыдэнт выклікаў бурлівую рэакцыю журналісцкай супольнасці Беларусі. Больш як 200 журналістаў падпісалі калектыўныя звароты ў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства ўнутраных спраў, Генеральную пракуратуру і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і сам П. Дабравольскі звярнуліся ў Следчы камітэт Беларусі з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу. Напад на журналіста асудзіў Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Тым не менш, МУС і Мінінфарм абвінавацілі ў інцыдэнце самога журналіста.

Судовая пастанова аб прыцягненні П. Дабравольскага да адміністрацыйнай адказнасці была пакінутая ў сіле, нягледзячы на тое, што Следчы камітэт яшчэ не скончыў праверкі па ягонай справе.

 

Крымінальныя справы

25 студзеня сталася вядома пра прыпыненне крымінальнае справы ў дачыненні да журналіста, вядомага ваеннага аглядальніка Аляксандра Алесіна.

ерагоднай прычынай прыпынення справы сталася выключэнне з Крымінальнага кодэкса Беларусі Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2016 года артыкула 356.1 “Усталяванне супрацы са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы”, паводле якога пераследаваўся А. Алесін.

 

Мяркуецца, што пасля ўступлення зменаў у Крымінальны кодэкс ў моц справа супраць журналіста будзе канчаткова зачыненая.

Беларускія спецслужбы затрымалі ваеннага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка “Беларусы і рынак” Аляксандра Алесіна 25 лістапада 2014 года. Пра гэта сталася вядома толькі на пачатку снежня, але ані пра прычыны затрымання, ані пра месцазнаходжанне журналіста не паведамлялася. Пазней высветлілася, што яго ўтрымоўваюць у следчым ізалятары КДБ.

Першапачаткова журналісту было прад’яўленае абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацы са спецыяльнай службай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнае дзяржавы (артыкул 356-1). Пазней абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі.
10 снежня 2014 года А.Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Следчых дзеянняў з журналістам не праводзілася больш за год.

У пачатку сакавіка 2016 года Следчы камітэт Беларусі пацвердзіў інфармацыйнай агенцыі БелаПАН факт расследавання крымінальнае справы па факце размяшчэння публікацыяў на сайце 1863x.com.

Расследаванне вядзецца паводле дзвюх крымінальных справаў: ч.1 арт. 130 (распальванне расавае, нацыянальнае або рэлігійнае варажнечы) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў).

Першым пра крымінальныя справы паведаміў на сваім сайце сам ягоны ўладальнік Джон Сільвер. Паводле ягоных словаў, гэта адбылося ў траўні 2015 года і суправаджалася яго затрыманнем спецслужбамі і змяшчэннем у псіхіятрычную лякарню. Увосень 2015 года ён пакінуў Беларусь, а ў пачатку 2016 года ў СМІ з’явіліся звесткі пра ягонае затрыманне на тэрыторыі Расіі ды магчымую наступную экстрадыцыю ў Беларусь. Паводле інфармацыі БелаПАН, МУС Беларусі абвясціў яго ў росшук за парушэнне падпіскі аб нявыездзе.

Сайт 1863х.com быў створаны прыкладна паўтара года таму ананімам, вядомым пад нікам Джон Сільвер (Jhon Silver). “На ім публікуюцца палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік сайту вядзе яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з ім з’яўляецца інтэрнэт, пры дапамозе якога ён камунікаваў з аўтарамі і даваў інтэрв’ю,” – піша БелаПАН.

 

Абмежаванне свабоды дзейнасці ў інтэрнэце

У другой палове дня 15 лютага з-за хакерскай атакі адсутнічаў доступ да сайту інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

“Гэта адбылося ў дзень, калі адбываліся важныя падзеі ў жыцці краіны: мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска і паседжанне Рады ЕС у Бруселі, на якой разглядалася пытанне пра скасаванне санкцыяў з большасці беларускіх чыноўнікаў,” - адзначае БелаПАН.

Гэта не першая хакерская атака на сайты інфармацыйнага агенцтва падчас грамадска значных падзеяў.

3 кастрычніка 2015 года на naviny.by і belapan.by была здзейсненая ddos-атака – верагодна пасля публікацыі рэзананснага матэрыяла пра прымусовы збор людзей на мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі “Малітва за Беларусь”. Доступ да сайтаў быў адноўлены 6 кастрычніка 2015 года.

19 снежня 2014 года ўзніклі праблемы з доступам да шэрагу сайтаў (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org). РУП “Белтэлекам” заявіла тады пра ddos-атаку на абсталяванне цэнтра апрацоўкі дадзеных. Аднак пасля ліквідацыі наступстваў праблемы з доступам не вырашыліся. Аніводнае з дзяржаўных ведамстваў не ўзяло на сябе адказнасць за блакаванне. Доступ на сайты быў адноўлены 22 снежня 2014 года.

2 сакавіка Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні на адрас папулярных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў ej.by і nn.by. Паводле словаў міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч папярэджанні вынесеныя “за размяшчэнне непраўдзівай інфармацыі ды звестак, якія могуць нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам”.

Акрамя гэтага, быў абмежаваны доступ да пяці інфармацыйных рэсурсаў за распаўсюд інфармацыі пра наркотыкі.

З 1 студзеня 2015 года, калі міністэрства атрымала функцыі кантролю за інтэрнэт-прасторай, да 1 сакавіка 2016 года Мінінфарм  вынес рашэнні пра абмежаванне доступу да 46 інтэрнэт-рэсурсаў. Як паведамляе гэтае дзяржаўнае ведамства, доступ абмяжоўваўся за распаўсюд інфармацыі пра наркотыкі, “выкарыстанне табуяванай і вульгарнай лексікі, распаўсюд інфармацыі, скіраванай на прапаганду парнаграфіі, за неналежную рэкламу лекавых сродкаў, за распаўсюд інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, за рэкламу алкагольных напояў, за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Пазней доступ быў адноўлены толькі да чатырох інтэрнэт-рэсурсаў.

Права выносіць папярэджанні ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю СМІ, а таксама прымаць рашэнні пра абмежаванне доступу да сайтаў (незалежна ад вынясення папярэджанняў) Мінінфарм атрымаў пасля ўнясення зменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія набылі моц 1 студзеня 2015 года.

 

РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

Згодна дадзеных сацыялагічнага апытання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інтэрнэтам у Беларусі карыстаюцца 64% паўнагадовых жыхароў краіны. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Пры гэтым 87,5% рэспандэнтаў звяртаюцца да Сусветнага сеціва практычна штодзённа, а 85,5% з іх праводзяць у ім больш за адну гадзіну ў дзень.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!