500 0

Масмедыя ў Беларусі № 3(49). СМІ ў перыяд выбараў у Палату прадстаўнікоў. (ліпень – верасень 2016 г.)

09.11.2016

СМІ ў перыяд выбараў у Палату прадстаўнікоў

СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў ПЕРЫЯД ВЫБАРЧАЕ КАМПАНІІ 2016 г.

11 верасня ў Беларусі адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У перыяд выбарчае кампаніі ціск на беларускія СМІ і журналістаў некалькі зменшыўся. Так, не было зафіксавана новых выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, што з’яўляецца адной з найбольш сур’ёзных праблемаў беларускай незалежнай журналістыкі апошняга часу, масавых перашкодаў працы журналістаў падчас выбараў, іншых формаў непрыхаванага ціску на недзяржаўныя медыі.

Магчыма, гэта звязана з імкненнем беларускіх уладаў атрымаць станоўчую ацэнку выбараў з боку міжнародных структураў.

З другога боку, некалькі незалежных друкаваных выданняў не былі дапушчаныя ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду, працягваўся крымінальны пераслед стваральніка сайту 1863x.com Эдуарда Пальчыса, шэраг матэрыялаў, размешчаных на гэтым сайце, быў прызнаны экстрэмісцкімі.

У цэлым становішча ў сферы СМІ заставалася пад жорсткім кантролем дзяржавы. У прамежкавай справаздачы Місіі па назіранні за выбарамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека/АБСЕ, прадстаўленай 31 жніўня, адзнааецца: “У той час як Канстытуцыя гарантуе свабоду слова, забараняе цэнзуру і вызначае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, Крымінальны кодэкс утрымлівае нормы пра дыскрэдытацыю, паклёп і абразу. З 2014 года інтэрнэт-СМІ надзеленыя тымі ж абавязкамі, што і традыцыйныя СМІ, акрамя неабходнасці дзяржаўнае рэгістрацыі. У выпадку ўзнікнення падазрэнняў у парушэнні закону Міністэрства інфармацыі мае права абмяжоўваць доступ да ўэб-сайтаў без рашэння суду… Асноўнай крыніцай інфармацыі лічыцца тэлебачанне. Дзяржаўная Белтэлерадыёкампанія (БТРК) з’яўляецца найбуйнейшай інфармацыйнай кампаніяй, што дамінуе як сярод тэлерадыёвяшчальных, гэтак і сярод друкаваных крыніцаў. Прыватныя СМІ маюць абмежаваны ўплыў і, паводле словаў шматлікіх суразмоўцаў МНВ БДІПЧ/АБСЕ, часцяком патрапляюць пад ціск уладаў. Журналістам патрабуецца акрэдытацыя для працы на замежныя і беларускія СМІ, якія базуюцца за мяжой, таксама яны не могуць адначасова працаваць на нацыянальныя і замежныя СМІ. Грамадзянскія журналісты, блогеры і фрылансеры не лічацца журналістамі, і яны могуць атрымаць штраф за асвятленне падзеяў без акрэдытацыі. Невялікая колькасць незалежных СМІ і паступовае пашырэнне сеткі Інтэрнэт дазваляе анлайн СМІ пашыраць сваю прысутнасць у якасці альтэрнатыўнай крыніцы палітычнай інфармацыі і інфармацыі, што датычыцца выбарчага працэсу”.

Маніторынг асвятлення выбараў у СМІ традыцыйна праводзілі Місія па назіранні за выбарамі БДІПЧ/АБСЕ (з 11 жніўня) і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (з 4 ліпеня да 21 верасня).

З уласным дакладам па выніках маніторынгу асвятлення ходу выбарчае кампаніі ў перыяд з 15 да 29 жніўня ўпершыню выступіла грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз журналістаў”, якое аб’ядноўвае супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ.

 

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў ЛІПЕНІ-ВЕРАСНІ 2016 г.

Справа Эдуарда Пальчыса

25 жніўня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 9 артыкулаў з сайту 1863х.com. Суд быў закрытым. Заснавальнік і аўтар сайту Эдуард Пальчыс на працэсе не прысутнічаў. Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары г. Мінска і абвінавачваецца ў распальванні расавае, нацыянальнае або рэлігійнае варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) за распаўсюд у Інтэрнэце артыкулаў, якія 25 жніўня былі прызнаныя экстрэмісцкімі, а таксама за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў (ч. 2 арт. 343 КК).

Сайт1863х.com быў створаны каля двух год таму. Ягоны ўладальнік вёў рэсурс на ўмовах поўнай ананімнасці і хаваўся пад нікам Джон Сільвер. Ён рэзка крытыкаваў “рускі свет” і расійскія ўлады. Справа ў дачыненні Пальчыса была ўзбуджаная яшчэ ў 2015 годзе, пасля чаго ён пакінуў Беларусь. У студзені 2016 г. ён быў затрыманы ў Расіі, а ў траўні

В январе 2016 г. он был задержан в России и в мае экстрадаваны ў Беларусь. 5 кастрычніка 2016 г. некалькі беларускіх праваабарончых арганізацыяў прызналі Э. Пальчыса палітзняволеным.

 

Ціск на журналістаў-фрылансераў

28 ліпеня Лоеўскі раённы суд аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за дробнае хуліганства (арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) на тры базавыя велічыні (63 беларускія рублі, што прыблізна адпавядае 30 еўра).

Справа была ўзбуджаная 21 чэрвеня, калі міліцыя затрымала К. Жукоўскага і ягонага калегу Аляксея Атрошчанку падчас вядзення імі відэаздымак мясцовага камбінату будаўнічых матэрыялаў. Паводле сцверджання К.Жукоўскага, міліцыянты ўжылі да яго гвалтоўныя метады ўздзеяння і нанеслі цялесныя пашкоджанні. Пасля таго, як Жукоўскі звярнуўся ў Следчы камітэт, міліцыя склала на журналістаў шэсць пратаколаў, чатыры з якіх датычацца К. Жукоўскага: за абразу чыноўніцаў райвыканкама, якія заміналі відэаздымкам яшчэ да прыезду міліцыі, за непадпарадкаванне і абразу начальніка раённага аддзялення міліцыі і хуліганства. Тры з пратаколаў у адносінах К. Жукоўскага суддзя Антаніна Музычэнка вярнула ў міліцыю на дапрацоўку, а на падставе чацвёртага прысудзіла яму мінімальны штраф. Да цяперашняга часу тэрмін прыцягнення журналістаў да адказнасці па астатніх пратаколах сышоў.

У верасні адбыўся яшчэ адзін інцыдэнт з К.Жукоўскім і А. Атрошчанкам. Падчас правядзення імі апытання жыхароў г. Нароўля пра працу і заробкі ў райцэнтры за імі ехаў аўтамабіль “Мерседэс”. Калі А. Атрошчанка падышоў да аўтамабіля, што спыніўся насупраць міліцыі, каб высветліць прычыны таго, што адбывалася, той нечакана крануўся з месца і штурхнуў журналіста на капот. За рулём аўтамабіля апынулася першая намесніца старшыні Нараўлянскага райвыканкама Наталля Коваль, адказная за ідэалагічную працу. У сувязі з гэтым здарэннем А. Атрошчанка напісаў заяву ў міліцыю. Напрыканцы верасня судмедэкспертыза зафіксавала ў А. Атрошчанкі лёгкія цялесныя пашкоджанні. На пачатку кастрычніка інцыдэнт атрымаў нечаканы працяг: К.Жукоўскі быў выкліканы ў раённы аддзел міліцыі г. Нароўля для складання пратаколу за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (частка 2, арт. 22.9 КаАП).

З пачатку 2016 г. суды 10 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнае адказнасці паводле часткі 2, арт. 22.9 КаАП журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Усе 10 судовых працэсаў адбыліся ў Гомельскай вобласці, прычым К. Жукоўскі быў аштрафаваны 7 разоў. З сярэдзіны красавіка да кастрычніка 2016 г. новых справаў па арт. 22.9 не ўзбуджалася.

 

Эканамічная дыскрымінацыя незалежных выданняў

На пачатку верасня дзяржаўныя прадпрыемствы “Белсаюздрук” і “Белпошта”, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку распаўсюду друкаваных СМІ па падпісцы і ўраздроб, у чарговы раз адмовілі ў распаўсюдзе незалежнаму штотыднёвіку “Новы Час”.

Варта нагадаць, што ў траўні – чэрвені падобныя адмовы на зварот рэдакцыяў аб уключэнні газетаў у падпісныя каталогі манапаліста “Белпошта” і / ці продажы выданняў праз шапікі прадпрыемстваў сістэмы “Саюздрук”, атрымалі баранавіцкая газета “Інтэкс-прэс” (Брэсцкая вобласць), «Газета Слонімская» и «Отдушина» (Гродзенская вобласць) , “Барысаўскія навіны” (Мінская вобласць).

Каля 20 незалежных выданняў былі выкінутыя з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду 11 год таму. З таго часу шмат якія з ім спынілі выхад.

Разам з гэтым дзяржаўныя СМІ не толькі атрымліваюць бюджэтнае фінансаванне, але і карыстаюцца адміністрацыйнымі перавагамі. У верасні журналістам “Радыё Свабода” патрапіў ліст з ідэалагічнага аддзела Лідскага райвыканкама “Аб правядзенні падпіскі на IV квартал 2016 г.”.

Кіраўніцтва ідэалагічнага аддзела выканкама “звяртае ўвагу” кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў Лідскага раёна на неабходнасць забяспечыць падпісную кампанію на шэраг дзяржаўных газетаў. Кіраўнікі арганізацыяў маюць накіраваць справаздачу пра выкананую працу і даслаць ксеракопіі падпісных лістоў. Колькасць выпісаных выданняў мае складаць не менш за палову ад спісавае колькасці працоўных калектываў. У спіс рэкамендаванае прэсы ўваходзяць як нацыянальныя, гэтак і абласныя і мясцовыя дзяржаўныя выданні «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Звязда», «Народная газета», «Знамя юности», «Гродзенская праўда», «Лідская газета», «7 дней», «Сельская газета».

 

РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

У Беларусі толькі 32 сродкі масавае інфармацыі выпускаюцца на беларускай мове. Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка міністра інфармацыі Уладзіміра Матусевіча на запыт прэсавага сакратара ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыса Гарэцкага. На расейскай мове выдаюцца 837 выданняў, яшчэ 526 СМІ выдаюцца на расейскай і беларускай мове.

Каментары