1704

Масмедыя ў Беларусі № 2(48). СМІ напярэдадні выбараў. (красавік – чэрвень 2016 г.)

08.08.2016

СМІ напярэдадні выбараў – 2016

СІТУАЦЫЯ Ў СФЕРЫ СМІ НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ У ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ (АГЛЯД)

Паводле звестак Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь http://www.mininform.gov.by/ru/stat-ru/ на 1 ліпеня 2016 г. у краіне зарэгістраваныя 1592 перыядычныя друкаваныя выданні, з якіх толькі 437 з'яўляюцца дзяржаўнымі. На падставе гэтай статыстыкі прадстаўнікі беларускіх уладаў заяўляюць пра перавагу ў краіне недзяржаўнай прэсы. Аднак паводле даных ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” большасць з прыватных газетаў і часопісаў з'яўляюцца выключна камерцыйнымі праектамі (рэклама, крыжаванкі, мода і свецкае жыццё, “жоўтая” прэса, сад і гарод і г.д.) і пазбягаюць асвятлення грамадска значных тэмаў. Сацыяльныя і палітычныя пытанні асвятляюць не больш за трыццаць з зарэгістраваных прыватных перыядычных выданняў (далей па тэксце – незалежныя СМІ). Большасць з іх зазнаюць эканамічную, палітычную і прававую дыскрымінацыю. Так, прыкладна траціна з незалежных СМІ ўжо 10 гадоў выкінутыя з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду па падпісцы і ў розніцу (“Белпошта”, “Саюздрук”), усе яны зазнаюць праблемы з доступам да інфармацыі і ціск з боку як Міністэрства інфармацыі, так і мясцовых органаў улады.

Пры гэтым амаль усе незалежныя выданні з'яўляюцца штотыднёвікамі (у той час як большасць дзяржаўных газетаў выходзіць практычна штодзённа), а іх сукупны штотыднёвы наклад меншы, чым штодзённы наклад газеты Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия” (“СБ Сегодня”).

Яшчэ горш сітуацыя ў тэлерадыёвяшчальным сектары. Тут нават статыстычна пераважаюць дзяржаўныя СМІ: 190 з 273 зарэгістраваных. Між тым, менавіта тэлебачанне з'яўляецца найбольш масавым у Беларусі тыпам СМІ для атрымання навінаў і робіць найбольшы ўплыў на грамадства. Паводле вынікаў даследавання групы кампаніяў SATIO (2015 г.) доля карыстальнікаў тэлебачання складае 84,7%. У меншай ступені жыхары Беларусі звяртаюцца да такіх крыніцаў, як інтэрнэт (доля карыстальнікаў – 63,8%), газеты (доля карыстальнікаў – 40,9%) і радыё (34,3%).

Усе зарэгістраваныя тэлерадыёвяшчальныя СМІ знаходзяцца пад поўным кантролем рэспубліканскіх і рэгіянальных уладаў (рэгістрацыя, ліцэнзаванне дзейнасці, вылучэнне частотаў і г.д.). Закон аб СМІ прадугледжвае магчымасць судовага спынення выпуску тэлерадыёвяшчальнага СМІ ў выпадку нават аднаразовага парушэння парадку вяшчання. Акрамя таго, Міністэрства інфармацыі можа замест прад'яўлення зыску пра закрыццё тэлерадыёвяшчальнага СМІ пазбавіць яго права на вяшчанне ў пазасудовым парадку (як было з FM-станцыяй “Аўтарадыё” ў 2011 г.).

Функцыі незалежнага вяшчання ў Беларусі выконваюць замежныя медыі, якія факусуюць сваю ўвагу на Беларусь: зарэгістраваныя ў Польшчы радыёстанцыі “Радыё Рацыя”, “Еўрапейскае радыё для Беларусі” і тэлеканал “Белсат”, а таксама “Радыё Свабода”. Пры гэтым легальны статус у краіне маюць толькі “Еўрапейскае радыё для Беларусі” і “Радыё Свабода” (пры тым, што і для іх колькасць акрэдытаваных карэспандэнтаў абмяжоўваецца). Карэспандэнты “Белсата” і “Радыё Рацыя” такога статусу не маюць, што вядзе да рэпрэсіяў з боку ўладаў, уключаючы накладанне штрафаў за працу без акрэдытацыі. (Гл Асноўныя падзеі ў сферы СМІ ў красавіку – чэрвені 2016 г.)

З ліпеня 2015 г. у Беларусі ўведзеная абавязковая дзяржаўная рэгістрацыя распаўсюднікаў прадукцыі друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ (з правамоцтвамі Міністэрства інфармацыі забараняць іх дзейнасць). Гэта прывяло да яшчэ большага дзяржаўнага кантролю над тэлерадыёвяшчаннем і пагаршэння эканамічнага стану незалежных друкаваных СМІ. Варта ўлічваць, што значная частка недзяржаўнай прэсы прадаецца праз крамы і індывідуальных прадпрымальнікаў, многія з якіх адмовіліся праходзіць дадатковую адміністрацыйную працэдуру ў Міністэрстве інфармацыі і патрапляць пад кантроль яшчэ адной інстанцыі. Гэта прывяло да памяншэння кропак продажу незалежных газетаў і, адпаведна, прадаваных накладаў. Асабліва цяжка гэта адбілася на тых СМІ, якія не дапускаюцца ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду. У траўні – чэрвені 2016 г. чарговыя адмовы на звароты пра ўключэнне газетаў у падпісныя каталогі атрымалі ад дзяржаўнага манапаліста “Белпошта” баранавіцкая газета “Intex-press” (Брэсцкая вобласць), слонімскія “Газета Слонімская” і “Отдушина” (Гродненская вобласць).

 “Газета Слонімская” і “Отдушина” атрымалі таксама адмовы ад прадпрыемстваў сістэмы “Саюздрук”, якая дамінуе на рынку продажу прэсы ў розніцу. Аналагічную адмову ад “Мінаблсаюздруку” атрымала газета “Барысаўскія навіны” (Мінская вобласць).

Інтэрнэт застаецца той сферай у Беларусі, дзе недзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы дэманструюць перавагу над дзяржаўнымі. Разумеючы гэта, беларускія ўлады імкнуцца распаўсюдзіць свой кантроль і на інтэрнэт. У 2010 годзе прэзідэнт выдаў указ №60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт”. У канцы 2014 г. зменамі ў закон “Аб сродках масавай інфармацыі” Міністэрству інфармацыі было дадзена права кантраляваць інтэрнэт-рэсурсы і ўжываць да іх санкцыі, прадугледжаныя законам аб СМІ.

Паўнамоцтвы Мінінфармацыі па ўжыванні санкцыяў надзвычай шырокія. Міністэрства мае права выносіць папярэджанні, звяртацца ў суд з зыскам пра спыненне выпуску СМІ, у пазасудовым парадку блакаваць інтэрнэт-рэсурсы, забараняць дзейнасць па распаўсюдзе прадукцыі СМІ і кнігаў, пазбаўляць ліцэнзіі. За студзень – чэрвень 2016 г. Міністэрства інфармацыі вынесла 12 папярэджанняў 8 сродкам масавай інфармацыі і 4 інфармацыйным рэсурсам.

Варта заўважыць, што пасля 2011 г., калі было спынена вяшчанне “Аўтарадыё” і пададзеныя зыскі пра закрыццё газетаў “Наша Ніва” і “Народная воля”, якія пазней былі адкліканыя, Міністэрства інфармацыі не выкарыстоўвала свае паўнамоцтвы па ініцыяванні закрыцця традыцыйных СМІ. Аднак сама наяўнасць такіх палажэнняў у заканадаўстве разам з правапрымяняльнай практыкай у Беларусі аказваюць “ахаладжальны” ўплыў на медыі.

 

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў КРАСАВІКУ – ЧЭРВЕНІ 2016 г.

СУДОВЫ ПЕРАСЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ

У красавіку – чэрвені 2016 г. суды тройчы прыцягвалі журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Як і ва ўсіх іншых падобных выпадках з пачатку 2016 г., штрафы накладаліся судамі Гомельскай вобласці ў дачыненні да двух журналістаў – Ларысы Шчыраковай і Кастуся Жукоўскага.

Сумы штрафаў складалі ад 25 да 35 базавых велічыняў (прыблізна ад 250 да 350 еўра) у кожным выпадку. Як і раней, падставай для прыцягнення да адказнасці стаўся не змест журналісцкіх матэрыялаў, а менавіта сам факт іх з’яўлення на польскім тэлеканале “Белсат”.

К. Жукоўскі стаўся своеасаблівым рэкардсменам: з пачатку года ён быў аштрафаваны за супрацу з “Белсатам” 7 разоў на агульную суму 53 мільёны 550 тысячаў беларускіх рублёў (звыш 2500 еўра). Яшчэ тройчы суды штрафавалі Л. Шчыракову.

17 красавіка “Рэпарцёры без межаў” назвалі Гомель лабараторыяй для выпрабавання шляхоў пераследу журналістаў і заклікалі Еўразвяз зрабіць прагрэс у галіне свабоды СМІ ў Беларусі абавязковай умовай збліжэння з нашай краінай.

У наступныя месяцы новых судоў над журналістамі за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ зарэгістравана не было. Аднак 28 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі г. Лоева (Гомельская вобласць) склалі адразу шэсць пратаколаў у дачыненні да гомельскіх журналістаў Кастуся Жукоўскага (чатыры пратаколы) і ягонага калегі Аляксея Атрошчанкі (два пратаколы). Іх абвінавачваюць у абразе пасадовых асобаў, супраціўленні супрацоўнікам міліцыі і дробным хуліганстве. Журналістаў затрымалі на тыдзень раней, 21 чэрвеня, калі яны збіраліся зрабіць відэаздымку аднаго з прадпрыемстваў. Пры гэтым К. Жукоўскі, паводле ягоных словаў, быў збіты супрацоўнікамі лоеўскай міліцыі. Журналіст зняў пабоі і звярнуўся ў Следчы камітэт.

22 чэрвеня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч паабяцаў праверыць інфармацыю, адказваючы на пытанне журналістаў пра гэты інцыдэнт. Праз шэсць дзён пасля гэтага абяцання міністра з’явіліся пратаколы ў адносінах да гэтых журналістаў.

Якіх вынікаў праверкі магчыма чакаць, паказвае выпадак з журналістам парталу TUT.by Паўлам Дабравольскім. На пачатку года ён быў затрыманы і збіты ў судзе Фрунзенскага раёна г.Мінска, а потым аштрафаваны гэтым жа судом.  25 красавіка Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце збіцця П. Дабравольскага, сцвярджаючы, што міліцыянты дзейнічалі правамерна.

 

ПЕРАШКОДЫ ЖУРНАЛІСЦКАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

У красавіку – чэрвені было зафіксавана некалькі выпадкаў перашкодаў журналісцкай дзейнасці з боку ахоўнікаў прадпрыемстваў.

Гэтак, 7 красавіка журналісты Ганна Нежавец і Аляксандр Масальскі двойчы затрымліваліся ў двух розных мястэчках – Стоўбцы і Слуцк, Мінская вобласць – пасля таго, як залішне пільная ахова прадпрыемства і рынку выклікала міліцыю . У абодвух выпадках журналісты былі вызваленыя без складання пратаколаў, аднак зняць запланаваныя сюжэты не здолелі.

12 красавіка ў Гомелі ахоўнікі адкрытага акцыянернага таварыства напалі на журналістаў агенцыі навінаў БелаПАН, якія здымалі праз агароджу пажар на прадпрыемстве.

 

СПРАВА ЭДУАРДА ПАЛЬЧЫСА

22 чэрвеня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў пра прад’яўленне абвінавачання стваральніку сайту http://1863x.com/ Эдуарду Пальчысу ў распальванні варажнечы па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Сайт быў створаны каля двух год таму. Ягоны ўладальнік адміністраваў рэсурс на ўмовах поўнай ананімнасці і хаваўся пад нікам Джон Сільвер. Ён рэзка крытыкаваў беларускія і, у першую чаргу, расейскія ўлады.

Справа ў адносінах да Пальчыса была ўзбуджаная яшчэ летась, пасля чаго ён уцёк з Беларусі. У студзені 2016 г. ён быў затрыманы ў Расіі, а ў траўні 2016 г. экстрадаваны ў Беларусь.

Паводле словаў прадстаўнікоў Следчага камітэта, “у абвінавачанні ідзе мова пра 9 матэрыялаў, пра якія гаворыцца ў артыкуле 130. А таксама ў распаўсюдзе ў сетцы інтэрнэт двух калажаў парнаграфічнага характару”

Пра якія менавіта матэрыялы вядзецца мова, пакуль не вядома. У цяперашні час Пальчыс знаходзіцца ў следчым ізалятары турмы №8 у Жодзіна.

Справа Э. Пальчыса мела вялікі грамадскі розгалас.

У красавіку ў Мінску быў створаны грамадскі камітэт па вызваленні Эдуарда Пальчыса, куды ўвайшлі больш за дзясятак асобаў, у тым ліку вядомыя палітыкі Павел Севярынец, Дзмітрый Дашкевіч, Андрэй Дзмітрыеў.
 

РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

У красавіку 2016 г. адразу некалькі арганізацыяў прэзентавалі вынікі сваіх даследаванняў свабоды СМІ ў свеце.

Паводле справаздачы Freedom House Беларусь трошкі паднялася ў рэйтынгу свабоды СМІ па выніках 2015 года (з 194 на 192 месца), аднак засталася ў дзясятцы краінаў з найгоршым становішчам у гэтай сферы. Тое, што ў рэйтынгу Freedom House Беларусь апынулася ніжэй за “Сірыю, Іран, амаль усе афрыканскія краіны, Кітай, Азербайджан, Казахстан і шмат якія іншыя краіны, палітычныя рэжымы якіх складана назваць больш мяккімі за беларускія”, выклікала абмеркаванне аб’ектыўнасці рэйтынгу ў журналісцкай супольнасці Беларусі.

Між тым, “Рэпарцёры без межаў” у сваім Індэксе свабоды прэсы таксама не зафіксавалі паляпшэння становішча ў краіне. Беларусь, як і ў 2014–2015 гг., апынулася на 157 месцы са 180 магчымых. Больш за тое, абсалютны індэкс свабоды прэсы ў Беларусі пагоршыўся. “…Акрамя вызвалення палітзняволеных, нічога не змянілася. Журналісты-фрылансеры не могуць атрымаць акрэдытацыю і пераследуюцца судовай уладай. Міністэрства інфармацыі пашырыла свой кантроль над сеткай распаўсюду друкаваных СМІ ды інтэрнэтам, а таксама забараніла праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца для таго, каб абмінуць анлайн-цэнзуру,” – адзначаецца ў справаздачы “Рэпарцёраў без межаў”.

Да падобных высноваў у сваім штогадовым Індэксе ўстойлівасці СМІ Еўропы і Еўразіі-2016 (MSI) прыйшла і Міжнародная рада па даследаваннях і абменах (IREX). Згодна з высновамі гэтай арганізацыі, становішча ў медыясферы Беларусі палепшылася ў 2015 годзе і зноў пагоршылася ў 2016 годзе, вярнуўшыся на пазіцыі 2013–2014 гг. Пазначалася, што ў краіне адбыліся сур’ёзныя змены, звязаныя з расійска-ўкраінскім канфліктам, эканамічным крызісам і пацяпленнем адносінаў з Захадам. Аднак дзяржаўны кантроль над грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ стаўся яшчэ прасцейшым, бо замежнае фінансаванне значна знізілася ў сувязі з абмежаваннямі нацыянальных бюджэтаў краінаў-донараў, зменай прыярытэтаў на Блізкі Усход, а таксама міралюбчымі памкненнямі Лукашэнкі, які спраўна грае ролю пасярэдніка паміж Расіяй і Украінай. Пры гэтым беларускі ўрад захоўвае свае звычайныя прылады абмежавання традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі і працягвае ўзмацняць кантроль за інтэрнэтам.