2520

Масмедыя ў Беларусі №4(44) СПЕЦВЫПУСК

18.11.2015

Сціслыя звесткі пра выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – 2015. Становішча ў галіне СМІ напярэдадні выбараў (фон выбарчай кампаніі). Захаванне правоў журналістаў і СМІ падчас выбарчай кампаніі.

СЦІСЛЫЯ ЗВЕСТКІ ПРА ВЫБАРЫ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ – 2015

30 чэрвеня 2015 г. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прызначыла прэзідэнцкія выбары на 11 кастрычніка 2015 г.

10 верасня Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (далей - Цэнтрвыбаркам) зарэгістравала чатырох кандыдатаў у прэзідэнты, намінаваных шляхам збору подпісаў грамадзянаў: цяперашняга прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Гайдукевіча, Таццяну Караткевіч і Мікалая Улаховіча.

Частка апазіцыі выступіла за правядзенне кампаніі “Ігнор” з заклікам ігнараваць галасаванне. (У 2013 г. у Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя змены, якія забаранілі заклікі да байкоту выбараў.)

Ад моманту рэгістрацыі кандыдатаў пачалася перадвыбарчая агітацыя, якая працягвалася да 10 кастрычніка (перадвыбарчы “дзень маўчання”). Парадак выкарыстання СМІ падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў быў зацверджаны Цэнтрвыбаркамам.

Дзеючы прэзідэнт А. Лукашэнта не скарыстаўся магчымасцямі бясплатнага эфіру і ўдзелу ў тэледэбатах, аднак ягоная прысутнасць на экранах дзяржаўных тэлерадыёканалаў, а таксама ў дзяржаўных друкаваных СМІ была дамінуючай. Гэта паказаў маніторынг асвятлення прэзідэнцкіх выбараў сродкамі масавай інфармацыі, які ладзіла ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

3 кастрычніка ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама датэрмінова прагаласавалі больш як 36% выбаршчыкаў, што з’явілася своеасаблівым рэкордам прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зафіксавалі шматлікія факты прымусу да датэрміновага галасавання з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў і ВНУ.

11 кастрычніка прагаласавала асноўная частка выбаршчыкаў.

16 кастрычніка Цэнтрвыбаркам абвясціў, што перамогу на выбарах атрымаў дзеючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Папярэдняя ацэнка выбарчай кампаніі Міжнароднай місіяй па назіранні за выбарамі, уключна з ацэнкай умоваў дзейнасці СМІ, пададзеная ў прамежкавай справаздачы місіі.

.

СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ (ФОН ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ)

У перадвыбарчы год беларускае заканадаўства ў сферы СМІ і практыка яго застасавання сталі больш жорсткімі.

Напрыканцы снежня 2014 г. у закон “Аб сродках масавай інфармацыі” былі спешным чынам і без якога-колечы абмеркавання ўнесеныя дапаўненні і змены, якія ўступілі ў сілу 1 студзеня 2015 г. У прыватнасці, Міністэрства інфармацыі атрымала права ў пазасудовым парадку абмяжоўваць доступ да любых інтэрнэт-рэсурсаў (у тымі ліку нават за адно парушэнне заканадаўства аб СМІ).

Пры гэтым пералік звестак, якія забароненыя да распаўсюду ў СМІ, і без таго недакладна сфармуляваны, што дапускала магчымасць яго шырокай трактоўкі, быў дапоўнены пунктам “інфармацыя, распаўсюд якой здатны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Са спасылкай на гэтую норму 18 чэрвеня Мінінфарм прыняў рашэнне аб абмежаванні доступу да сайту kyky.org (папярэджанне рэдакцыі сайту пры гэтым не выносілася).

Як адзначалася ў паведамленні ведамства, шэраг публікацыяў сеціўнага выдання “ўтрымлівае прыніжальныя выказванні ў дачыненні да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь – Дзень Перамогі, грамадзянаў краіны, якія бяруць у ім удзел, аспрэчваецца значнасць дадзенай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда пра Вялікую Айчынную вайну”.

Доступ да сайту быў адноўлены праз 6 дзён, пасля таго як спрэчны матэрыял быў выдалены з сайту. Блакаванне сайту kyky.org было расцэненае адмыслоўцамі як папярэджанне інтэрнэт-супольнасці.

Сярод паправак, унесеных у Закон аб СМІ ў снежні 2014 г., ёсць патрабаванне абавязковай рэгістрацыі распаўсюднікаў прадукцыі СМІ з магчымасцю забароны іх дзейнасці Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Гэтае палажэнне набыло моц 1 ліпеня, то бок ужо пасля прызначэння прэзідэнцкіх выбараў. Некаторыя незалежныя выданні, якія прадавалі значную частку сваіх накладаў праз гандлёвыя прадпрыемствы і прадпрымальнікаў, сутыкнуліся з памяншэннем кропак продажу сваёй прадукцыі. Асабліва гэта адбілася на выданнях, якія не могуць распаўсюджвацца праз дзяржаўныя прадпрыемствы, якія дамінуюць на рынку распаўсюду прадукцыі СМІ (“Белпошта” і прадпрыемствы сістэмы “Саюздрук”).

Незадоўга да выбараў рэдакцыі “Газеты Слонімскай”, “Intex-press” ды “Intex-press плюс”, “СНплюс. Свободные новости плюс” атрымалі чарговыя адмовы на свае звароты аб іх уключэнні ў падпісныя каталогі “Белпошта” ці продажы праз шапікі прадпрыемстваў “Саюздруку”. У верасні, ужо падчас выбарчай кампаніі, падобныя адмовы атрымалі рэдакцыі газетаў “Новы час” і “Барысаўскія навіны”.

На пачатку 2015 г. Мінінфарм высунуў 27 папярэджанняў 26 сродкам масавай інфармацыі. Прычынай для гэтага было няправільнае, на думку Мінінфарма, указанне выходных дадзеных назвы рэгіструючага органа (“Міністэрства інфармацыі РБ” замест “Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь”). Нязначнасць падставы для вынясення папярэджанняў (пры тым, што пасля двух папярэджанняў на працягу года Мінінфарм мае права звярнуцца ў суд з позвай аб спыненні выпуску СМІ) паказала, што, магчыма, іх мэтай было павелічэнне самацэнзуры ў СМІ напярэдадні выбарчае кампаніі.

У 2015 г. узмацніўся ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Суды на падставе складзеных міліцыяй пратаколаў прыцягвалі іх да адказнасці паводле адвольна трактаванай часткі 2 арт.22.9 КаАП, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ (такая практыка пачалася з траўня 2014 г.) Калі ў 2014 г. да адказнасці паводле арт.22.9 КаАП былі прыцягнутыя 10 журналістаў, то са студзеня па жнівень 2015 г. – 28.

Ва ўсіх выпадках падставай для гэтага стаўся не змест іх матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ. Пасля таго як на пачатку жніўня на прэсавай канферэнцыі з журналістамі незалежных СМІ прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разабрацца з сітуацыяй, новыя справы паводле арт. 22.9 КаАП у адносінах да журналістаў не ўзбуджаліся.

 

ЗАХАВАННЕ ПРАВОЎ ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ ПАДЧАС ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

Асноўныя парушэнні правоў журналістаў і СМІ былі зафіксаваныя ў кастрычніку.

У дзень пачатку датэрміновага галасавання выбаршчыкаў 3 кастрычніка сервер інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН”, на якім размешчаныя сайты самой інфармацыйнай кампаніі і яе інтэрнэт-газеты Naviny.by, патрапілі пад шчыльную DDоS-атаку, якая працягвалася некалькі дзён. БелаПАН звязаў гэта з публікацыяй на Naviny.by артыкулаў “пра рэлігійна-палітычную акцыю “Малітва за Беларусь”. У іх крытыкаваліся метады яе арганізацыі, прадстаўляліся меркаванні студэнтаў, якія “паводле разнарадкі” прыйшлі на мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы”.

Падчас правядзення датэрміновага і асноўнага галасавання на некаторых выбарчых участках журналістам забаранялі рабіць фота-  і відэаздымкі.

Гэтак, 9 кастрычніка ўчастковая выбарчая камісія абвінаваціла журналіста газета “Новы час” Арцёма Ляву, які рабіў фотаздымкі на выбарчым участку №29 Ленінскага раёна Мінска, у тым, што ён перашкаджае выбарчаму працэсу, і выдаліла яго з выбарчага ўчастку.

11 кастрычніка, у дзень асноўнага галасавання, А. Ляву не ўпусцілі ў памяшканне іншага выбарчага ўчастку № 33, які месціўся на тэрыторыі таго ж раёну.

9 кастрычніка журналістка сайту “Бабруйскі кур’ер” сутыкнулася з перашкодамі сваёй працы на выбарчым участку ў Бабруйску. Старшыня ўчастковай камісіі жорстка “рэгламентаваў” час яе знаходжання на ўчастку: робіце здымак і сыходзіце. Журналістка была вымушаная пакінуць участак.

11 кастрычніка журналістка польскага інтэрнэт-выдання Eastbook.eu не змагла зняць на відэа працэс падліку галасоў на адным з участкаў Першамайскага раёна Мінска.

У Брэсце здымкам журналістаў спрабавала перашкодзіць назіральніца ад праўладнай арганізацыі “Белая Русь”. У Мінску з перашкодамі ў прафесійнай дзейнасці неаднаразова сутыкалася здымачная група парталу TUT.by і інш.

Варта заўважыць, што дзеянні сябраў выбарчых камісіяў наўпрост супярэчылі ўказанням Цэнтрвыбаркаму, якія змяшчаюцца ў “Прыкладным сцэнары трэнінгу для сябраў участковых камісіяў па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. У ім, у прыватнасці, разглядаліся сітуацыі з удзелам журналістаў на выбарчых участках і казалася пра іх права на правядзенне фота- і відэаздымак.

Сярод іншых парушэнняў правоў журналістаў, звязаных з выбарчым працэсам, можна назваць шматлікія адмовы ў інфармацыі, звязанай з выбарамі. Аднак у цэлым прэзідэнцкія выбары прайшлі даволі спакойна. Верагодна, гэта звязана з намерам афіцыйнага Мінска дамагчыся станоўчай ацэнкі прэзідэнцкіх выбараў з боку міжнароднай супольнасці, адсутнасцю палітычнай напружанасці ў краіне падчас выбараў, а таксама тым “ахаладжальным” эфектам на СМІ, які ўжо быў дасягнуты ў выніку ўкаранення больш жорсткіх нормаў закону і практыкі іх прымянення.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!