311

«Машыны і дамы ніхто не замыкае». Журналістка Іна Хоміч расказала, як працавала на Аландскіх астравах

12.11.2019 Крыніца: "Наша Ніва"

Журналістка з Берасця Іна Хоміч на паўтара месяца паехала на фінскі архіпелаг Аланды, каб папрацаваць «гастарбайтаркай». Іна рэзала і пакавала салату і пекінскую капусту. Пра свой досвед яна распавяла чытачам «Нашай Нівы».

Што такое Аланды?

Гэта аўтаномія ў складзе Фінляндыі, насельніцтва якой складаюць аландскія шведы. Колькасць насельніцтва архіпелага — каля 30 000 чалавек. Адзіны горад і сталіца аўтаномнай правінцыі — Марыехамн, там жыве 11 565 жыхароў. Адзіная афіцыйная мова —шведская.

Як знайсці працу на Аландах?

Там беларусаў вельмі мала, калі не сказаць, што няма зусім. Гастарбайтары ў тутэйшым варыянце — гэта, у асноўным, прыбалты. Хоць ёсць крыху і ўкраінцаў, з якімі мы сутыкаліся ў гарадскім супермаркеце ў гадзіну гарачых зніжак.

Латышы, якія з’яўляюцца абсалютнымі лідарамі сярод прыезджых, ужо настолькі абжыліся, што па тэлебачанні, калі сюжэт тычыцца іх, ідзе пераклад перадачы на іх мову. Яны выкупляюць дамы, іх дзеці вывучылі шведскую і ходзяць у мясцовыя школы.

Я і яшчэ дзевяць беларусаў трапілі на Аландскія астравы ў выніку аднаго эксперыменту. Мясцоваму фермеру, які спецыялізуецца на збожжы і зеляніне, позняй восенню трэба работнікі, каб у тэрмін сабраць і ўпакаваць салат айсберг і пекінскую капусту. Звычайна на гэтую працу ён наймаў эстонцаў. Але эстонцы прыязджалі на 2 тыдні, увесь час мяняўся склад каманды, таму гэтак жа няспынна ішоў брак, які звычайна робяць пачаткоўцы. Фермер прыкінуў: а чаму б яму не наняць людзей з больш аддаленых краін, каб ім было выгадна прабыць увесь час бітвы за ўраджай? Памочнік фермера ведаў аднаго эстонца, жанатага з беларускай, яна і ўзялася даводзіць эксперымент да канца.

Так што адказ на пытанне, як знайсці работу — амаль ніяк, хіба вам рэальна пашанцуе. Усё-такі яшчэ не ўсе латышы пераехалі, таму на вольнае месца тут жа прыязджае чарговы выпускнік школы аднекуль з малога гарадка Латвіі. Але калі задацца мэтай, то можна знайсці сезонную працу і нават неафіцыйную халтуру.

Як на Аландах працуецца?

Настолькі камфортна, што я прыехала дадому, як з санаторыя. І чаму б не лічыць гэта працоўным санаторыем, калі ты дыхаеш свежым марскім і хвойным паветрам, ходзіш у баравікі, ясі смачную ежу і ўсе турботы свету цябе абсалютна абыходзяць?

 

Мы працавалі пераважна восем гадзін у дзень. Праз дзве гадзіны рабочага часу наступаў 25—30-хвілінны аплочвальны перапынак на каву. Калі рабочы дзень сягаў 10—11 гадзін, кава-паўз было тры. Для адпачынку ў фермера абсталяваны спецыяльны будынак, дзе ёсць санвузел з душам і кухня з лядоўняй, плітой, мікрахвалёўкай і чайнікам з кававаркай. У тым жа будынку — сушылка для вопраткі і абутку з поля. Усё гэтае абсталяванае памяшканне ніколі не замыкаецца.

Мясцовыя шведы не замыкаюць дамоў, машын, проста ў полі застаюцца адамкнёныя трактары. У вёсках дзе-нідзе стаяць драўляныя дамкі з лядоўняй унутры. Адкрываеш лядоўню, бярэш патрэбную табе гародніну, апускаеш 2 еўра ў капілку. Ніхто да цябе так і не выходзіць.

Сама праца падобная да працы на сваім агародзе ці на падвор’і. Зразумела, спакойна, добразычліва, няма прыніжальных каментаў, калі недзе трохі з няведання накасячыў. Рабочыя месцы абсталяваныя з улікам усіх магчымых патрэб. Рызыкаваць здароўем тут не толькі не патрабуецца, але і катэгарычна забаронена.

Паказальна, як у адзін з дзён хлопцы вырашылі не чакаць, калі пагрузчык апусціць ніжэй скрыню з капустай і пачалі браць яе на чыстку і ўпакоўку з вышыні прыкладна 1,60 м, і атрымалі заўвагу, бо такія ўмовы працы лічацца непрымальнымі.

Таму што калі высокая скрыня будзе пусцець, і ты будзеш туды нахіляцца, з’яўляецца непажаданы ціск на грудную клетку.

Калі мы закончылі з полем айсбергу, маці фермера спякла нам шарлотку. Калі прыбралі пекінку, фермер пачаставаў хлопцаў півам, а жанчынам (нас тады было двое) купіў па бутэльцы віна. Гэта дажынкі ў аландскім варыянце.

Як жа на Аландах плацяць?

У маім кантракце стаяла сума ў 10 еўра за гадзіну. Але пасля адліку ўсіх падаткаў чыстымі застаецца крыху больш за 7 еўра. Таму што ў Фінляндыі высокія падаткі. Прычым, калі ты зарабіў усяго 500 еўра ў месяц, з іх адымуць толькі падаходны. А калі сума большая, то раскрываецца яшчэ веер сацыяльных выплат: у фонд па беспрацоўі (1,5%) і ў пенсійны фонд (каля 7%).

І яшчэ адзін падатковы фінт, якія нават беларусам падасца абсурдным. Калі ты адпрацаваў больш за нейкую норму гадзін, то падаходны падатак з 20% пераходзіць у 35%. Таму стаханаўцам тут быць нявыгадна.

Увогуле заробкі на Аландзе для сельгасрабочых вагаюцца ад 7 да 10 еўра за гадзіну чыстымі. І гэта за тую працу, якая мая бабуля ў калгасе рабіла за палачкі.

Што яшчэ спадабалася?

У публічных бібліятэках поўна людзей. Для таго, каб узяць у карыстанне планшэт, трэба адсканаваць сваю картку. Чытаць можна за сучаснымі сталамі пры добрым асвятленні проста ў холе, назіраючы з акна за плаваннем яхт.

У дзіцячым аддзеле шмат месца займае стол з гульнямі і наборамі для малявання. Пакуль я там была, маладая пара сядзела і нешта чытала, а іх дачка насілася, мяняючы заняткі: разглядвала кніжкі з карцінкамі, малявала, нешта будавала з лега. Сапраўды, сыходзіць не хацелася.

На Аландах не прынята збіраць грыбы. Маслюкі і рыжыкі, свінкі і бабкі [на берасцейскім дыялекце — падбярозавікі — НН], краснюкі [на берасцейскім дыялекце — падасінавікі — НН] і баравікі паміраюць тут сваёй смерцю. Нас ад штодзённага ціхага палявання ўберагала толькі праца ад відна да відна, але ў мяне ўсё роўна рэгулярна ля батарэі два тыдні сушыліся баравікі, бо яны трапляліся на кожным кроку, у тым ліку ў самой вёсцы.

 

Што нас уразіла ўсіх беларусаў адзінагалосна, дык гэта скандынаўскія сэканд-хэнды. Тут прадаюць абсалютна ўсё і абсалютна ўсё за капейкі па іх і нават нашых мерках. Вышытыя настольнікі і тканыя ручнікі можна купіць за 5 еўра, сервіз з 22 прадметаў — за 15 еўра, і гэта хіба самае дарагое, што там ёсць. За 5 еўра прадаюцца не толькі бабуліны крэслы, але і скураныя канапы, якія патрабуюць адно толькі пафарбоўкі, каб зноў быць, як новыя. Кухонныя прадметы каштуюць ад 20 цэнтаў.

Чаму ўсё такое таннае, хоць у крамах самы танны хлеб каштуе каля 2 еўра? Адказ просты. Для скандынаваў такія сэканды — праява іх экалагічнай свядомасці. Рэчы ў сэканд здаюцца бясплатна. Некаторыя скандынаўскія брэнды нават заклікаюць на бірках сваёй вопраткі прынесці яе назад, калі надакучыць. І гэтых брэндаў пасля шмат у сэкандзе.

Што яшчэ дадаць? Што наш фермер быў вельмі задаволены тым, як працавалі беларусы. Казаў, вельмі хутка і якасна.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!