1003

Маркетынг, продаж фану і піцца ад рэдакцыі — дзесяць метадаў дадатковага заробку для медыя ад Паўлюка Быкоўскага

11.01.2019 Крыніца: Барыс Гарэцкі, фота Аляксандра Саенкі

Падчас канферэнцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў "Свабода слова і асаблівасці медыяменеджмента" ў Гродна вядомы медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі падзяліўся цікавымі ідэямі пра тое, як медыя могуць дадаткова зарабляць грошы.

Маркетынг, продаж фану і піцца ад рэдакцыі — дзесяць метадаў дадатковага заробку для медыя ад Паўлюка Быкоўскага

— Традыцыйна ў медыя было дзве мадэлі манетызацыі: продаж кантэнту і продаж аўдыторыі. Але нішто не забараняе рэдакцыі адчуць сябе прадпрымальнікам і зарабіць дадаткова. Гэта будзе добра і для рэдакцыі, і для журналістаў, — раіць Быкоўскі. — Калі вы маеце запатрабаваную на рынку ідэю, трэба пачынаць яе рэалізоўваць. Гэта можа быць нават продаж піццы для сваіх чытачоў — некаторыя медыя ўжо цяпер маюць праз гэта дадатковыя грошы.

Медыйшчыкі маюць безумоўны прыярытэт на працу менавіта з інфармацыяй. Але, калі выданне хоча быць паспяховым у сучасных варунках, то яно мусіць даваць людзям не толькі інфармацыю.

Зразумела, гэта парада не журналістам, а найперш рэдакцыям, уласнікам, выдаўцам.

Маркетынг, продаж фану і піцца ад рэдакцыі — дзесяць метадаў дадатковага заробку для медыя ад Паўлюка Быкоўскага

Самая простая мадэль дадатковага заробку — продаж брэндзіраванай прадукцыі, ці “мерч”. Калі ў выдання ёсць лаяльная аўдыторыя, то гарантавана будуць купляць прыгожыя рэчы з лагатыпам альбо прыкольнымі прынтамі. Галоўнае, зрабіць іх прыгожымі, зручнымі, якаснымі.

— Яшчэ адна мадэль, якую, напрыклад, выкарыстоўвае TUT.BY, — дамовіцца і інтэграваць у сайт тую ці іншую плацёжную сістэму, продаж квіткоў, аплату камунальных плацяжоў і г. д.

Такая ідэя прынясе і дадатковы трафік сайту, і магчымасць атрымаць адсотак ад плацёжнай сістэмы-партнёра. TUT.BY інтэграваў у свой сайт плацёжную сістэму аднаго з банкаў — людзі могуць правесці аплату наўпрост са старонкі партала, — тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.

Маркетынг, продаж фану і піцца ад рэдакцыі — дзесяць метадаў дадатковага заробку для медыя ад Паўлюка Быкоўскага

 

Таксама медыя могуць выконваць замовы на платныя аналітычныя прадукты, даследаванні..

Журналістам нескаладана будзе прааналізаваць інфармацыю на сайце Белстата, выбраць адтуль неабходныя дадзеныя па пэўнай галіне і прадаць прадукт замоўцу. Многія кампаніі не робяць самастойна нават такіх простых даследаванняў, таму і гатовыя за іх плаціць, перакананы медыяэксперт.

— Магчыма, нехта будзе смяяцца, але медыя можа аказваць, напрыклад, паслугі Дзеда Мароза. На першы погляд гэта падаецца смешным, але ёсць вялікая верагоднасць, што людзі захочуць замовіць для сваіх дзяцей Дзеда Мароза ад любімага выдання. Да таго ж можна  прапанаваць бацькам купіць фотаздымкі прафесійнага фатографа з сустрэчы, — дзеліцца ідэямі Паўлюк Быкоўскі.

Што могуць прадаваць медыя:

  • Продаж канцэлярскіх тавараў з лагатыпам выдання;

  • Платная магчымасць убачыць бэкстэйдж працы рэдакцыі альбо нейкіх партнёрскіх мерапрыемстваў;

  • Партнёрства з кампаніямі, стварэнне “спонсара рубрыкі”;

  • Магчымасць ахвяраваць аўтару канкрэтнага матэрыяла.

Маркетынг, продаж фану і піцца ад рэдакцыі — дзесяць метадаў дадатковага заробку для медыя ад Паўлюка Быкоўскага

Напрыканцы выступу Паўлюк Быкоўскі спытаў у аўдыторыі, які адсотак супрацоўнікаў рэдакцый сёння складаюць не журналісты, а маркетолагі, “прадажнікі”, стваральнікі сервісаў і людзі, якія прыносяць у рэдакцыю грошы.

— 20%, — прагучаў адказ з залі.

— А павінна быць не меней за 50%.

У нас ёсць аўдыторыя, мы умеем ствараць добрыя матэрыялы. Мусім навучыцца і эфектыўна зарабляць, — падвёў рысу Быкоўскі.

БОНУС: ПРЭЗЕНТАЦЫЯ БЫКОЎСКАГА ЦАЛКАМ