НЕ - ВАЙНЕ!
502

«Мантую сцэны для Rammstein, працую грузчыкам». Размова з Аляксандрам Памідоравым

29.11.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Беларускі радыёвядоўца, журналіст, музыка, шоўмэн, лідэр гурту Pomidor/OFF Аляксандар Памідораў ужо год жыве ў Варшаве. Выступае з сольнымі канцэртамі, але на жыцьцё зарабляе, працуючы на будоўлі, пагрузцы-разгрузцы і мантуючы сцэны для канцэртаў сусьветных рок-зорак.

«За кожнае сваё месца працы я магу адказаць, мне зусім ня сорамна»

— Аляксандар, у Менску мы з вамі размаўлялі год таму, калі вы яшчэ працавалі грузчыкам на Камароўскім рынку. І нібыта не зьбіраліся зьяжджаць. Што стала апошняй кропляй, чаму вырашылі ўсё ж такі зьехаць?

— На Камароўскім рынку, які быў апошнім месцам маёй працы ў Беларусі, скончыўся сэзон, бо пачаліся маразы. Калі наступае мінусовая тэмпэратура, не даюць дазвол выходзіць на працу на сэзонным рынку. Праца скончылася, і я вырашыў усё памяняць.

— А як вы апынуліся на Камароўцы? Вядомы радыёвядоўца, музыка, голас якога гучаў, прабачце, з кожнага прасу. Мабыць, няма FM-радыёстанцыяў у Беларусі, дзе Вы не працавалі б. Да таго ж працавалі і на сур’ёзных радыёстанцыях: Радыё Свабода, Эўрарадыё, Радыё Рацыя. Дазволю сабе нават ўпікнуць Вас: нават на «Радио Спутник», якое ўваходзіць у Russia Today...

— Ну, не на ўсіх FM-станцыях: не працаваў я на «Радио Мир», не працаваў на «Пилот FМ», на «Радио ОНТ». Я не радыёпрастытутка — ня буду называць імёнаў людзей, якія па усіх станцыях паскакалі.

Я наагул працую на радыё зь лістапада 1988 году. Дарэчы, з пункту гледжаньня HR-адмыслоўцаў у мяне вельмі някепская CV: я працаваў на дзяржаўным беларускім радыё, на першай беларускай FM-станцыі «Радио ВА», прычым у наўпроставым эфіры і ў вельмі жорсткім рэжыме: наш рэкорд з дыджэем Андрэем Халадзінскім дагэтуль не пабіты — 72 гадзіны ў жывым эфіры (бо працаваць не было каму: дырэктар Яўген Шарашэўскі частку народу пазвальняў, а частка захварэла).

Але за кожнае сваё месца працы я магу адказаць, мне зусім ня сорамна: ні за «Радыё Свабода», ні за «Радио ВА», ні за «Мелодии века», ні за «Радио Рокс», дзе я працаваў у апошні час перад адыходам у 2020 годзе. Ні нават за тое, што вы ўзгадалі — «Радио Спутник» — мне ня сорамна, я прымудраўся ад вострых тэмаў адбівацца.

— А як вы наагул туды трапілі?

— У 2016 годзе я зразумеў, што ўсё: я не магу працаваць ні на водным радыё ў Беларусі, мяне нікуды не бяруць.

— А гэта чаму? Прабачце, праз ваш скандальны характар?

— А я ня ведаю. Час мяняецца, а я з розных прычынаў не мяняюся. Мяне ня бралі нават мантавальнікам на кінастудыю. Я прыходжу, прашуся: «Мне патрэбная праца, мне патрэбныя грошы, дачку ўтрымліваць трэба». А мяне не бяруць. І тут «падвярнуўся» «Спутник», на якім я адпрацаваў 2 гады. І нават перабудаваў саму структуру радыё. У прыватнасьці, студыю, каб яна нармальна «гучала».

Але ў 2018-м на мяне пачалі ціснуць. Я супраціўляўся. Калі пачалася «чахарда» са Скрыпалямі, са «шпілем Солсбэры», я зразумеў, што ўсё, час настаў!

Тут мне патэлефанавалі з «Радио Рокс», сказалі, што ёсьць праца. Праўда, са «Спутніку» мяне не хацелі адпускаць, але я звольніўся. Літаральна ў пятніцу забраў працоўную кніжку, а ў панядзелак ужо сядзеў у жывым эфіры «Радио Рокс». Гэта не падкасты, а гэта рэальны наўпроставы эфір! Я зноў у роднай стыхіі!

«Апошняй кропляй стала песьня „Я выхожу“»

— Ведаю, што за дваровыя канцэрты ўвосень 2020 году вы трапілі пад арышт. Вас з «Роксу» пасьля адседкі звольнілі?

— Не. Калі мяне пасадзілі ўвосень 2020-га за дваровыя канцэрты на 8 дзён, то начальства проста не залічыла час адседкі ў працоўныя дні. Хоць ведаю пра сваіх сукамэрнікаў з Wargaming — ім адседку залічылі за працоўныя дні, і нават хлопцу зь Менскага мясакамбінату «суткі» на Акрэсьціна палічылі як бальнічны. Такія былі часы. Мае калегі з «Роксу» цэлую ноч прастаялі пад Заводзкім РУУС, мне сабралі некалькі перадачаў, тады іх перадавалі! І нават тое, што не прынялі, мы потым усім радыё даядалі, тыя далікатэсы.

Апошняй кропляй стала песьня «Я выхожу», апублікаваная на ўсіх пляцоўках у дзень пахаваньня Рамана Бандарэнкі, якога забілі на «плошчы Перамен». Гэта адбылося праз пару месяцаў пасьля арышту.

Я тады быў на бальнічным з каранавірусам. Запытаўся, калі выходзіць на працу пасьля выздараўленьня. Мне адказалі, што, маўляў, «ёсьць каму працаваць, а з дырэктарам станцыі табе трэба будзе пагаварыць». Прыехаў пагаварыць, дырэктар адводзіць вочы і кажа: пішы паперу «са згоды бакоў». І дадае: «У Беларусі на радыё для цябе працы няма».

Мне ж не прывыкаць! Працы да фіга, але менавіта для мяне зноў не было працы! Зьявілася праца на Камароўцы. Але грузчыкам туды ўладкавацца няпроста!

Калі ты працуеш грузчыкам, пераасэнсоўваеш усё, што рабіў раней. І нават праца ў жывым эфіры вельмі-вельмі пераасэнсоўваецца ў параўнаньні з тым, што адбываецца «на асфальце», як некалі Жанна Мікалаеўна Літвіна казала.

— Кажуць, што ваш голас па-ранейшаму яшчэ гучыць у Беларусі ў FM эфіры?

— Так. Зараз такая дзіўная сытуацыя: людзей у краіне няма, а галасы гучаць дагэтуль. Уключаеш «Аўтарадыё» — станцыя як была «ўпакаваная» маім голасам, так і застаецца: «В Беларусі 3 часа дня». " Ці «Русское радио Минск» — як было ўпакаванае маім голасам у 2006 годе, так і дагэтуль мой голас гучыць: «Рекламная служба „Русского радио“, телефон...» Ну а я ў іншым месцы...

«Музыкай у Беларусі зарабіць на жыцьцё нельга»

— Пагаворым пра музыку. Ці рэальна было ў Беларусі музыкай зарабіць на годнае жыцьцё?

— Не. Музыкай у Беларусі зарабіць на жыцьцё нельга. Бо ў Беларусі няма ўсіх мэханізмаў заробку. Няма продажаў. Няма інвэстыцыяў. Няма музычнай прэсы. Няма рэйтынгаў. Няма гіт-парадаў. Шоў-бізнэсу ў Беларусі няма.

— А некалі ж былі? Была ж «Музыкальная газета», быў «Тузін гітоў», былі «Рок-каранацыі», былі вялікія канцэрты.

— «Рок-каранацыя» — гэта камэрцыйны «капрыз» фірмы «Дайнова» Адама Палюховіча, «Кляс-клюбу» Генадзя Шульмана і «Каўчэгу» Юрыя Цыбіна. «Дайнова» давала грошы, пад гэта ўпісваліся спонсары.

Але ў сытуацыі, калі ў краіне робіцца нявыгадным рабіць рэкляму (калі ты робіш рэкляму, тут жа да цябе прыходзіць праверка), пачынаюць «зьдзімацца» інвэстыцыі.

Зараз у Менску можна запісаць якасны прадукт, які будзе на ўзроўні эўрапейскага. Людзі, седзячы дома, робяць супэрскія запісы! Прыклад — апошні альбом гурту «Дай дарогу» Юрыя Стыльскага. Але гэта ўсё ж — не індустрыя, гэта не мэханізм.

Як творчасьць спалучыць з заробкам — вось у чым рэч! У нас пакуль не мяняецца стаўленьне да артыстаў. Ня толькі з боку дзяржавы, а і з боку простых людзей. У Беларусі мы ня выхаваныя, па-першае. Па-другое (ненавіджу гэтыя рэчы, але ёсьць піраміда Маслоў): у нас яшчэ не замацаваныя нейкія базавыя патрэбнасьці.

У нас усё «заточана» пад Расею. І з гледзішча інфармацыйнага, стылёвага мы ў кантэксьце эўрапейскага сусьвету не ўспрымаемся як нейкая стылёвая самастойная адзінка. З гледзішча бізнэсу нас лічаць часткаю Расеі.

Ад Менску да Варшавы — 570 км. Ад Менску да Вільні — 182. Ад Менску да Масквы — 750. Ад Менску да Кіева — таксама каля 700. Ад Менску да Чарнігава яшчэ менш. Але мы ня ведаем нічога, што адбываецца ў музычным жыцьці Польшчы, Літвы! На 1–2% ведаем, што адбываецца ў музычным жыцьці Ўкраіны. Наагул ня ведаем, што адбываецца ў Латвіі, Эстоніі. Але добра ведаем, што адбываецца ў музычным жыцьці Расеі. Навошта?

Ва Ўкраіне ўжо ўсё склалася. Тут нармальная індустрыя, нягледзячы на тое, што краіна ў стане вайны з 2014 году.

Штогод Украіна выкладае «каўбасу» на гадзіны 2–3 з найлепшых песень. Гэта проста слухаць — не пераслухаць! Як гэта прыгожа, як гэта цудоўна, як гэта файна! У беларускай ратацыі мы ня чуем нашых суседзяў. І адпаведна нашай творчасьці няма ані ў польскім, ані ў літоўскім, ані ва ўкраінскім эфіры.

У сакавіку Лявон Вольскі напісаў песьню, мы падпявалі разам зь Юрам Стыльскім і таксама новая польская зорка — Ørganek. «Героям слава» песьня называецца. Я на свой страх і рызыку зьвязаўся з нашым земляком Віталём Драздовым, генэральным прадусарам «ТАВР медіа» — аднаго з найбуйнейшых гульцоў на мэдыйным рынку Ўкраіны. Яны запусьцілі «Радіо Байрактар». А тады моцна бамбілі з тэрыторыі Беларусі. Я кажу: «Віталь, ёсьць клясная песьня». Ён адказвае: «У нас толькі патрыятычныя, ваенныя песьні. На беларускай мове мы нічога не паставім. Прабач, толькі на ўкраінскай мове».

Я кажу, што песьня Лявона Вольскага па-украінску! Ён адказвае: «Ты дашлі, а я падумаю». Праз тыдзень Драздоў мне напісаў, што песьню паставілі ў эфір. Гэта адзіны выпадак, калі песьню беларусаў паставілі ва ўкраінскі эфір! Але гэта кропля ў агульным моры.

«Мы самі сябе загналі ў кут, бо ў нас нічога свайго няма»

— Ну а тут, у Польшчы, беларусы могуць «упісацца» ў музычнае жыцьцё краіны? Праходзяць жа канцэрты беларускіх музыкаў па ўсёй Польшчы.

— Канцэрты ідуць — выступалі Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Лютыч, Лявон Вольскі едзе ў вялікае турнэ. Прайшоў канцэрт Уладзімера Пугача. У мяне зараз невялічкая стагнацыя, даўно нідзе не выступаў. А выступаю толькі пад гітару, бо мае хлопцы ў Беларусі і з тых ці іншых прычынаў пакуль не прыяжджаюць. Тут значна прасьцей — пытаньне даты і колькі за арэнду. І каб была публіка.

— Канцэрты ёсьць. Але Вы працуеце то грузчыкам, то на будоўлі, то мантуеце сцэну...

— Так, але каб зарабіць канцэртамі, трэба інтэгравацца ў мясцовую культуру, у мясцовы шоў-бізнэс. Каб твае песьні былі на слыху, каб ты быў пастаянным госьцем на радыё і тэлевізіі, каб цябе пазнавалі — хто ты і адкуль ты. А гэта азначае, што ты мусіш мець агента, мусіш укладацца ў рэкляму, кімсьці быць на музычным рынку.

А проста так — што я такая зорка Аляксандар Памідораў, ці выбітны Лявон Вольскі, ці непаўторны Ўладзімер Пугач, ці стылёвы Юры Стыльскі — проста за гэта ні на якія папулярныя FM-станцыі цябе ня пусьцяць. Добра, калі ты трапіш на «Радыё Ўнэт» (інтэрнэт-радыё, створанае беларускімі журналістамі, частка польскамоўнага Radio Wnet. — РС).

А каб «прапіярылі» цябе ў Польшчы на Радыё Eska, ці RMF FM, ці іншых... Цябе могуць паклікаць на тэлевізію толькі таму, што ты беларускі артыст. Але ў цябе будуць пытацца, што ты думаеш пра Аляксандра Лукашэнку, пра ракеты ў бок Украіны і як табе ў Польшчы. І толькі ты расслабісься і падумаеш, што спытаюцца нешта пра творчасьць, скажуць: «Дзякуй, а зараз мы вам распавядзем, як полчышчы дзікоў патапталі пасевы ў Гайнаўцы».

Нават калі ты інтэгруесься, усё адно будзеш замежным артыстам. Хоць, вядома, прыклады былі — маю на ўвазе беларускі гурт «The Toobes», які паспрабаваў інтэгравацца ў Польшчы.

Мы самі сябе загналі ў кут, бо ў нас нічога свайго няма — ані свайго нацыянальнага выдавецкага лэйблу, ані прэсы, ані зваротнай сувязі, нават аўтарскія правы рэгіструюцца цалкам намінальна. Мы ніяк нідзе не прадстаўленыя. Нашыя кружэлкі, нават калі б яны прадаваліся, нікому не патрэбныя. Добра, «Молчат дома» — іх кружэлкі стаяць ў вінілавым склепе тут, у Варшаве. Вінілы менскай групы. Гэта гонар. Але гэта і сум. Чаму няма новага CD-альбому «Крамы», які мы выдалі ў красавіку 2021 году? А яго банальна няма дзе прадаваць.

Таму ў Польшчы ўсё роўна ты будеш замежным артыстам. Да гэтага трэба быць гатовым, як і гатовым да таго, што нават калі ты прыехаў сюды з палітычных прычынаў — ты прыехаў проста за мяжу. Ты будзеш цікавым для публікі месяц—два. У цябе будуць браць інтэрвію, ладзіць сустрэчы, кактэйлі, «party». А потым, як у «краткім курсе ВКП(б)», «народ перайшоў да чарговых справаў».

А табе давядзецца ўвесь час нагадваць пра сябе і займацца ўладкаваньнем свайго жыцьця альбо выжываньнем — гэта як ужо ты паставісься!

«Самы вялікі кайф — мантаваць сцэну для Rammstein»

— Я, вядома, разумею, што пасьля менскай Камароўкі вас не палохае фізычная праца. Дзе давялося папрацаваць у Польшчы?

— Я лянівы чалавек, мне прасьцей пайсьці на некваліфікаваную працу. І мне гэта цікава. Я шмат што зразумеў, цягаючы воз па Камароўцы. Плюс я зразумеў, што ў мяне яшчэ ёсьць тулава, а ў ім засталіся яшчэ цягліцы. Як некалі зь мяне зьдзекаваліся два мае дзядзькі (вельмі рукастыя — маглі ўсё адрамантаваць і зрабіць усё што заўгодна) — яны зь мяне кпілі, што «ў мяне рукі не адтуль растуць». А аказваецца, я магу! Магу і сьценку раздаўбаць, і фуру загрузіць.

На пачатку году працаваў у гіпэрмаркеце «Ашан» грузчыкам, выкладаў тавары ў малочным аддзеле. Толькі расставіш прыгожа, а пакупнікі ўсё парушылі! Потым мяне скарацілі. Зьбіраў і разьбіраў на замову цяпліцы, скручваў вялікія аркушы полікарбанату.

Працаваў і на будоўлі, бегаў з грузам па сто разоў зь першага на шосты паверх, бо ліфтам карыстацца нельга.

Аднак самы вялікі кайф, безумоўна, — гэта змантаваць сцэну для вялікага канцэрту. Гэта ж сцэна, гэта частка майго жыцьця! Я мантаваў сцэны для Rammstein, Guns N’Roses, Coldplay, Iron Maiden, Placebo. І ня толькі ў Варшаве — у Катавіцах, Мюнхэне, Гамбургу, Бэрліне.

У Бэрліне я трапіў на знакаміты «Olympiastadion» і ўзгадаў фільмы Лені Рыфэншталь. Убачыць гэтае страшнае месца ўначы! Дрыжыкі па скуры дагэтуль. У мяне так сапсаваўся настрой там...

Самая цікавая сцэна была, вядома, у Rammstein: тры ўзроўні, гэта машына шоў-бізнэсу! Там распрацаваная лягістыка, што за чым прыяжджае: дэкарацыі, сьвятло, гук, піратэхніка, у гэты час мантуюцца верхнія канструкцыі, і ўсё гэта раскладзена па часе. І тое, што мантуецца 4 дні, дэмантуецца за 3,5 гадзіны. Мне вельмі цікава, як гэта працуе. Здавалася, я ўсё ведаю пра канцэртнае жыцьцё. Аказваецца, не!

Уявіце, музыкі там часам агаляюцца, але яны выступаюць у вогнеўпорнай пажарнай робе, а вытрымаць трэба больш за дзьве гадзіны гэтага фаер-шоў! Частка сцэны са сталёвых рыштаваньняў, з-пад якіх б’е полымя. За сьпіной ў Ліндэмана (лідэр Rammstein. — РС) ў пэўны момант дзевяць вогненых фантанаў. Там сапраўды палыхала! Страляніна вагнём, вогненныя шары на Стадыёне Нарадовым! (Нацыянальны стадыён у Варшаве, найбольшая арэна Польшчы. — РС)

«Ня ведаю, куды хадзіць і што параіць людзям, калі ў Менску зачыняюць бар за ўкраінскую песьню»

— Многія беларускія зоркі зьехалі зь Беларусі — Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, Юры Стыльскі, Уладзімер Пугач, Алесь Дзянісаў, Тарасенка ў Польшчы. Але ж уся краіна ня выедзе. А што рабіць беларусам у Беларусі? Слухаць сясьцёр Грузьдзевых і Аляксандра Саладуху?

— А я ня ведаю. Здаецца, нейкія дыскатэкі ў «RE:PUBLIC» яшчэ праходзяць. Але закрытыя ўсе пляцоўкі. І гэтая сытуацыя ня ў момант узьнікла — я пра гэта ўвесь час кажу. Двухмільённы горад, сталіца краіны. У лепшыя часы беларускі рок-артыст мог выступіць на 4–6 пляцоўках! Некалі адчыніўся «Прайм-хол» у гандлёвым цэнтры «Замак» — заля на 2,5 тысячы чалавек. Калі пайшоў прадусар Руслан Старыкоўскі дамаўляцца пра канцэрт, яму адказалі (па-расейску): «Мы не разглядаем беларускіх артыстаў у якасьці ўдзельнікаў на нашай пляцоўцы. Мы арыентаваныя на заходнюю і расейскую музыку». Ахранець! У 2019 годзе застаецца 2 пляцоўкі: «RE:PUBLIC» на 900 чалавек і на 48 месцаў «Графіці». Ужо і «Графіці» закрылі.

Я ня ведаю, куды хадзіць і што параіць людзям, калі ў Менску зачыняюць бар за тое, што хтосьці сьпеў песьню на-украінску!

— Ці вернуцца тыя, хто зьехаў?

— Думаю, вернуцца. Некаторыя не адразу. Некаторыя будуць жыць на дзьве краіны.

Але вяртаньне магчымае толькі пры татальных зьменах у краінах. Нават калі прачнуліся і даведаліся, што за Макеем пайшлі ўсе астатнія. Нават тады я адразу не паеду. Бо са сьпісаў тых, што падлягаюць рэпрэсіям, ні маё, ні ваша прозьвішча адразу ня зьнікнуць. Разьбірацца давядзецца доўга. А мяняць давядзецца літаральна ўсё! Я маю праграму адбудовы краіны — гэта тэма іншай размовы.

Чытаць яшчэ: 

Гайд па беларускім відэакантэнце: ад навін пра вайну да ролікаў пра якасць сексу

«Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

Наста Базар: «Гвалт — гэта, можна сказаць, частка жыцця жанчыны ў Беларусі»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!