972

Маніторынг: За апошнія два гады істотна павялічылася колькасць сайтаў, якія публікуюць антыбеларускія матэрыялы

18.04.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Аналітычны цэнтр EAST падрыхтаваў даследаванне таго, як зьмянялася якасна і колькасна антыбеларуская прапаганда і дэзінфармацыя на працягу двух апошніх гадоў.

Аўтар даследавання Андрэй Елісееў адзначае, што адбыліся значныя змены ў горшы бок і ў колькасным, і ў якасным адносінах:

У некалькі разоў узрасла колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, якія на рэгулярнай аснове размяшчаюць публікацыі датычна Беларусі, якія змяшчаюць дэзінфармацыю, прапагандысцкія наратывы і эпізадычна мову варожасці (каля 40 даволі актыўных сайтаў).

Адна з найважнейшых з'яў антыбеларускай дэзінфармацыі і прапаганды — актыўна працуе паўнавартасная сетка рэгіянальных сайтаў.

Сярод найбольш агрэсіўных крыніц сайты Ross-bel.ru, Teleskop, Sozh, Vitbich, Berestje-News, GrodnoDaily, Mogilew.by, Podneprovie-Info, Imhoclub.by , Dranik, Politring.

За апошнія два гады ў інтэрнэце з'явіўся цэлы шэраг новых актыўных крыніц дэзінфармацыі і мовы варожасці, якія цалкам прысвечаны падзеям у Беларусі. Іх колькасць цяпер складае каля 15. Раней асноўнымі крыніцамі дэзінфармацыі па Беларусі выступалі расійскія сайты з шырокай інфармацыйнай тэматыкай, якія толькі збольшага факусаваліся на Беларусі.

Агульныя рысы, уласцівыя рэгіянальнай сеткі прапаганды і дэзінфармацыі (Sozh.info, Vitbich.org, Podneprovie-info.com, Grodnodaily.net, Berestje-news.org):

- Вонкава нейтральнае афармленне. У якасці лагатыпаў не выступаюць якія-небудзь неадназначныя сімвалы, якія паказваюць на прыналежнасць да радыкальных ідэялогій. Замест іх выкарыстоўваюцца выявы, уласцівыя гістарычным гербам абласных цэнтраў, стылістыка памятных будынкаў, альбо маюць нейтральны выгляд.

- Камбінаванне нейтральнага навінавага, пазнавальнага і забаўляльнага кантэнту, узятага з іншых першакрыніц, з уласнымі вельмі агрэсіўнымі шавіністычнымі матэрыяламі. У якасці нейтральнага выступае кантэнт, які капіюецца з рэгіянальных дзяржаўных і незалежных сайтаў, агульнанацыянальных парталаў Беларусі і асобных сайтаў рунэту.

Дзве вышэйзгаданых рысы дазваляюць выкарыстоўваць стратэгію "траянскага каня", калі ўвага чытачоў да мэтавых матэрыялаў прыцягваецца з дапамогай прадастаўлення разнастайнага нейтральнага кантэнту.

Кіраўнікі шэрагу найбольш актыўных крыніц дэзінфармацыі і прапагандысцкіх наратываў па Беларусі, якія перыядычна выкарыстоўваюць мову варожасці, звязаныя з расійскай арганізацыяй з вельмі неадназначнай рэпутацыяй CIS-EMO, з грамадзянскай ініцыятывай "Саюз", утворанай у 2018 годзе, а таксама маюць як мінімум ўскосную сувязь з Пасольствам Расіі ў Беларусі праз сяброўства ў Каардынацыйным савеце кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб'яднанняў расійскіх суайчыннікаў (КСОРС).

Цалкам маніторынг можна прачытаць ТУТ.

ТОП абсурдных сцверджанняў, якія публікуюць сайты антыбеларускай прапаганды і дэзінфармацыі:

  • Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях СМІ хоча зрабіць з Байнэта смярдзючы сметнік і месца для тэрарыстаў.

  • За бязвізавы рэжым ЕС хоча ад Беларусі страты незалежнасці альбо, як мінімум, "украінскага сцэнара".

  • ВІЧ не існуе.

  • У ЕС адбываецца феміністычная траўля мужчын, пускаць жанчын у палітыку — глупства.

  • Разбурыць лаву Клінтана ў Курапатах маглі на спрэчку азартныя гульцы ў карты.

  • Русафобія ў Беларусі ўзяла верх, і ўлады нічога не могуць зрабіць з ёю.

  • Еўрасаюз хоча далучыць Беларусь, каб пазбегнуць свайго распаду.

  • Беларускія патрыёты хочуць, каб ЗША захапілі Беларусь.

Андрэй Елісееў — дырэктар па даследаваннях аналітычнага цэнтра EAST. Член сеткавай экспертнай структуры iSANS, а таксама Younger Generation Leaders Network on Euro-Atlantic Security. Раней — гасцявы даследчык GMF, GLOBSEC Policy Institute і Фінскага інстытута міжнародных адносін, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.