НЕ - ВАЙНЕ!
199

Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2022 года

05.05.2022 Крыніца: penbelarus.org

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН ажыццяўляе сістэматычны збор парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў за першы квартал 2022 года. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры на працягу гэтага перыяду.

АГУЛЬНЫЯ ВЫНІКІ  

За студзень — сакавік 2022 года зафіксаваны 311 сітуацый парушэння правоў. Колькасць сабраных выпадкаў супастаўная з аналагічным перыядам 2021 года (291 сітуацыя). Нягледзячы на ўяўнае зніжэнне рэпрэсій у параўнанні з другім паўгоддзем 2021 года, такая выснова не адпавядала б рэчаіснасці: значнае павелічэнне статыстыкі парушэнняў у той перыяд было выклікана кампаніяй дзяржавы, скіраванай на масавую ліквідацыю некамерцыйных арганізацый, што ў першым квартале 2022 года мела ўжо меншую інтэнсіўнасць, у той час як пераслед дзеячаў культуры ў цэлым застаўся на такім жа высокім узроўні.

 

ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗНЯВОЛЕНЫЯ — ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ

Паводле стану на 31.03.2022 у Беларусі 1110 палітычных [1] зняволеных. Сярод іх 79 чалавек — дзеячы культуры.

39 з іх знаходзяцца ў калоніі:

архітэктар Арцём Такарчук (асуджаны на 3,5 года); мастак Уладзіслаў Макавецкі (2 гады); бард і праграміст Анатоль Хіневіч (2,5 года); дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега (3 гады); мастак Аляксандр Нурдзінаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын (4,5 года); літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) (2 гады); мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (8 гадоў і 1 месяц узмоцненага рэжыму); UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (7 гадоў узмоцненага рэжыму); мастачка, былая студэнтка Акадэміі мастацтваў Анастасія Міронцава (2 гады); бубнач Аляксей Санчук (6 гадоў узмоцненага рэжыму); менеджарка культуры Міа Міткевіч (3 гады); пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец (7 гадоў узмоцненага рэжыму); танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў (па 5 гадоў узмоцненага рэжыму); мецэнат Віктар Бабарыка (14 гадоў узмоцненага рэжыму); акцёр Сяргей Волкаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); мастак па святле Даніла Ганчароў (2 гады); музыка Павел Ларчык (3 гады); паэтка і публіцыстка Ксенія Сырамалот (2,5 года); былыя студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько (па 2,5 года); былая студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік (2,5 года); былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская (2,5 года); дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (8 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка, дыджэй Артур Аміраў (3,5 года ўзмоцненага рэжыму); настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Андрэй Пятроўскі (1,5 года); паэт, бард і адвакат Максім Знак (10 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка і менеджарка культурных праектаў Марыя Калеснікава (11 гадоў); музыка Яўген Пятроў (1 год); прамоўтарка гісторыі і праваабаронца Таццяна Ласіца (2,5 года); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок (5 гадоў); музыкі Уладзімір Калач і Надзея Калач (па 2 гады); прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс (13 гадоў узмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч (20 гадоў узмоцненага рэжыму); музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп (па 1,5 года);

5 — на «хіміі» [2]:

паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык (асуджаны на 3 гады); менеджар культуры Лявон Халатран (2 гады); дызайнер Максім Таццянок (3 гады); паэт, заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі» Мікалай Папека (2 гады); навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Галкоўскі (1,5 года);

26 знаходзяцца ў следчым ізалятары (СІЗА) або турме:

менеджар культуры Эдуард Бабарыка (з 18.06.2020); рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна (з 22.12.2020); паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў (з 12.01.2021); паэт і член Саюза палякаў Андрэй Пачобут (з 25.03.2021); аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгава (з 30.06.2021); літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст і праваабаронца Алесь Бяляцкі (з 14.07.2021); філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч (з 04.08.2021); былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Сцепулёнак (з 29.09.2021); музыка Сяргей Далівеля (з 29.09.2021); музыка, выкладчыца скрыпкі Аксана Каспяровіч (з 30.09.2021); бас-гітарыст Віктар Катоўскі (з 30.09.2021); бібліятэкарка Юлія Чамлай (з 30.09.2021); фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка (з 01.10.2021); бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (з 13.10.2021); заснавальнік Symbal.by, менеджар культурных праектаў Павел Белавус (з 15.11.2021); пісьменнік-фантаст, журналіст Сяргей Сацук (з 08.12.2021); графічная дызайнерка Галіна Семечка (з 14.12.2021); літаратарка і актывістка Алена Гнаук (з 11.01.2022); музыка Васіль Ярмоленка (з 25.01.2022); артыстка тэатра Вера Цвікевіч (з 27.01.2022); былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Анастасія Кухарава (з 31.01.2022); бібліятэкарка і экскурсаводка Ірына Коваль (з 09.02.2022); студэнтка музычнага каледжа Таццяна Барысовіч (з 22.02.2022); керамістка Анастасія Малашук (з 25.02.2022); аўтар, рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» і IT-спецыяліст  Марк Бернштэйн (з 11.03.2022); менеджарка культурных праектаў, сацыёлаг і метадолаг Таццяна Вадалажская (з 23.03.2022).

Яшчэ 9 дзеячаў культуры з ліку палітзняволеных былі асуджаны на працягу студзеня сакавіка 2022 года, і пасля ўступлення прысудаў у сілу іх перавядуць з СІЗА на месцы адбывання пакарання:

  • 14.01.2022 аўтар музычнага праекта і дырэктар тыпаграфіі Арцём Федасенка быў асуджаны на 4 гады калоніі;

  • 28.01.2022 рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка — на 6,5 года калоніі;

  • 09.02.2022 мастак і дызайнер інтэр’ераў Канстанцін Прусаў — на 3,5 года калоніі;

  • 03.03.2022 аўтар нон-фікшн кнігі, журналіст Алег Груздзіловіч — на 1,5 года калоніі;

  • 15.03.2022 літаратар, музыка і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко — на 2,5 года калоніі;

  • 15.03.2022 стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз — на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • 16.03.2022 блогер, інтэрнэт-аўтар у жанры нон-фікшн Павел Вінаградаў — на 5 гадоў калоніі;

  • 23.03.2022 гукааператар Вадзім Дзенісенка — на 2,5 года калоніі;

  • 30.03.2022 мастак Алесь Пушкін — на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 

***

Іншыя прысуды:

Усяго за першыя тры месяцы былі асуджаны 18 чалавек з ліку дзеячаў культуры. Разам са згаданымі вышэй — яшчэ 9 чалавек:

  • 11.01.2022 гукарэжысёр Кірыл Салееў быў асуджаны на 3 гады «хіміі» [3];

  • 04.02.2022 менеджар культурных праектаў, аўтар напісанай у няволі кнігі казак, бізнесмен Аляксандр Васілевіч — на 3 гады калоніі [4];

  • 04.02.2022 мантажнік сцэны Андрэй Шчыгель — на 2,5 года «хіміі» [5];

  • 07.02.2022 гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук — на 2 гады «хатняй хіміі» [6];

  • 07.02.2022 віяланчэліст Ілля Ганчарык — на 4 гады «хіміі» [7];

  • 02.03.2022 настаўнік гісторыі Артур Эшбаеў — на 3 гады «хіміі» [8];

  • 25.03.2022 акцёр аматарскага тэатра Канстанцін Шульга — на 3 гады «хіміі» [9];

  • 28.03.2022 рэжысёр Дзмітрый Панцялейка — на 1 год калоніі;

  • 30.03.2022 паэт, блогер і прадзюсар Улад Савін — на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

  •  

Таксама яшчэ 16 дзеячаў культуры знаходзяцца ў зняволенні паводле крымінальных спраў або адбываюць пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі»: літаратар, перакладчык, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута [10] (у СІЗА з 12.04.2021); аўтар і рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Павел Пернікаў [11] (у СІЗА з 03.11.2021); перакладчыца Вольга Калацкая (2 гады «хатняй хіміі»); краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар [12] (3 гады калоніі); паэтка і музыка Ганна Важнік (1 год «хатняй хіміі»); дызайнерка Таццяна Мініна (4 гады «хатняй хіміі»); аператар Вячаслаў Ламаносаў (2 гады калоніі); менеджарка культуры Рэгіна Лавор (2 гады «хатняй хіміі»); дыджэй Віталь Калеснікаў (2 гады, 3 месяцы і 28 дзён калоніі); рэканструктар гісторыі Вадзім Шылько (у следчай турме); музыка Крысціна Чаранкова [13] (у СІЗА з 22.03.2022); фатограф Валерый Кліменчанка (у СІЗА з 24.03.2022); digital-мастак Віктар Кулінка [14] (у СІЗА з 30.03.2022); графічныя дызайнеры Уладзімір Яршоў (2,5 года калоніі) і Сяргей Стоцкі (2 гады калоніі); настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Пуцыковіч (2,5 года «хатняй хіміі»).

 

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ Ў ЗНЯВОЛЕННІ

Праз амаль 2 гады маніторынгу парушэнняў, што чыняцца ў абставінах грамадска-палітычнага крызісу, сітуацыя з умовамі, у якіх знаходзяцца дзеячы культуры, трыманыя ў зняволенні паводле палітычных матываў, ніяк не змяняецца ў лепшы бок. Грамадскасці па-ранейшаму робяцца вядомымі трывожныя факты занядбання стандартаў утрымання і ціску з боку адміністрацыі ўстаноў закрытага тыпу сістэмы МУС (Міністэрства ўнутраных спраў). Дзеячаў культуры рэгулярна ставяць на ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», пазначаючы адзенне такіх зняволеных жоўтай біркай; вядомыя выпадкі наўмысных правакацый, што цягнуць за сабой вынясенне вымоў і змяшчэнне ў карцар; зняволеным «прапануюць» падпісваць прашэнне аб памілаванні, пагражаючы пазбаўленнем спатканняў з роднымі і тэлефонных званкоў; забараняюць камунікаваць з іншымі зняволенымі; учыняюць дадатковыя праверкі і вобшукі ў камерах. Вядомыя выпадкі адмовы ў медыцынскай дапамозе ў сітуацыях абвастрэння хранічных захворванняў, што, паводле шэрагу сведчанняў, пацягнула за сабой крытычныя наступствы для здароўя (напрыклад, істотнае пагаршэнне зроку). Пазбаўленне перадач, забароны на карыстанне літаратурай, абмежаванне права на перапіску выкарыстоўваюцца ў якасці маральна-псіхалагічнага ціску на зняволеных. Сваякі паведамляюць, што адміністрацыя не прапускае карэспандэнцыю як да саміх зняволеных, так і ад іх. Абмежаванні ў праве на перапіску доўжацца тыднямі, а часам — месяцамі.

Што тычыцца затрыманняў паводле адміністрацыйных спраў: у 2020 годзе было шмат сведчанняў, што адзенне затрыманых паводле палітычных матываў пазначалі фарбай — і да такіх людзей у далейшым ставіліся асабліва жорстка. Цяпер стала вядома, што на матэрыялах такіх спраў яшчэ ў РАУС (раённы аддзел унутраных спраў) ставяць літару «К», якая азначае, што да такога зняволенага будуць прымяняцца формы нестатутных адносін. Пра жорсткае абыходжанне, біццё, чатырохкратную перапоўненасць камер і нават пусканне канваірам у душавым аддзяленні газу расказвалі затрыманыя на антываенных акцыях 27—28 лютага 2022 года.

 

ПЕРАСЛЕД ЗА АНТЫВАЕННУЮ ПАЗІЦЫЮ

24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя пачала ваенныя дзеянні супраць Украіны, частка якіх была ўчынена з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Статус беларускай дзяржавы як вымушанага суагрэсара ў дачыненні да народа Украіны, пагроза ўключыць ва ўзброены канфлікт беларускія войскі, рэферэндум, скіраваны на змяненне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — усе гэтыя фактары, разам узятыя, выліліся ў стыхійныя мірныя антываенныя сходы. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», 27 лютага, у асноўны дзень правядзення рэферэндуму, былі затрыманы 908 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Затрыманні адбываліся на выбарчых участках, каля пасольства Украіны, каля будынка Генеральнага штаба ў Мінску і ў іншых гарадах. Сярод затрыманых у той дзень былі і людзі са сферы культуры.

У канцы лютага — сакавіку беларускіх дзеячаў культуры, якія сказалі «не вайне», судзілі за:

  • удзел у антываенных акцыях. Так, 27—28 лютага былі затрыманы і пазней асуджаны перакладчыца Вольга Калацкая (штраф 2560 рублёў), менеджар культурных праектаў і актывіст Віктар Булаўскі (15 сутак), менеджарка культуры і праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская (штраф), музыкі Елеўферый Гайко (14 сутак) і Мікалай Белановіч (13 сутак), мастак Дзмітрый Дарашэнка (15 сутак), акцёр Максім Шышко (15 сутак), філолаг, аўтарытэтная спецыялістка ў італьянскай мове Наталля Дуліна (15 сутак), мастачка і фатографка Кацярына Малама (15 сутак), фатографка Жанна Антонава (15 сутак), студэнткі [цяпер былыя] філалагічнага факультэта БДУ Яўгенія і Любоў Субат (па 15 сутак) і іншыя людзі культуры.

  • 3 сакавіка на выхадзе з Кафедральнага сабора ў Мінску пасля супольнай малітвы за мір маці беларускіх салдат былі затрыманы некалькі чалавек, разам з менеджаркай культуры Ксеніяй Фёдаравай.

  • 4 сакавіка ў бабруйскай школе за сіне-жоўтую стужачку ў валасах проста падчас урока была затрымана настаўніца гісторыі Ларыса Секержыцкая. За «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» яе аштрафавалі на 2030 рублёў.

  • 4 сакавіка быў затрыманы і аштрафаваны на 2240 рублёў паэт і бард Георгій Станкевіч. Фармальна — за фотаздымак на фоне бела-чырвона-белага сцяга партыі «Народная Грамада» (фота пяцігадовай даўніны), насамрэч — за матэрыялы пра вайну і заклікі да жыхароў і мясцовых улад любой цаной спрыяць спыненню вайны ва Украіне, размешчаныя ім на сваім сайце.

  • 8 сакавіка некалькіх брэстчан, у тым ліку культуролага, кіраўніка саюза «Берагіня» Віктара Місіюка, затрымалі каля помніка ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку — міліцыя не дала ім магчымасці ўскласці кветкі напярэдадні дня нараджэння класіка.

  • 11 сакавіка быў затрыманы за «распаўсюд фэйкавых антырасійскіх матэрыялаў» Марк Бернштэйн, ІТ-спецыяліст і аўтар, які ўваходзіць у топ—50 найлепшых рэдактараў рускамоўнай версіі інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя». У сакавіку 2022 года Марк быў сярод тых, хто актыўна ўносіў праўкі ў артыкул «Уварванне Расіі ва Украіну». Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту на рэдактара завялі крымінальную справу.

Пратэстоўцаў масава судзілі за антываенныя выступы і настроі: за плакаты, улёткі або надпісы «Не вайне»; за антываенныя лісты, накіраваныя ў дзяржаўныя інстанцыі; за антываенныя выказванні ў сацыяльных сетках або агучанае меркаванне ў спрэчцы са знаёмым ці выпадковым прахожым; за ўкраінскі сцяг на акне ўнутры памяшкання, сіне-жоўты шалік або кветкі ў руках.

Ксёндз Аляксандр Баран з пасёлка Лынтупы Віцебскай вобласці быў затрыманы 24 сакавіка за размяшчэнне ўкраінскага і бела-чырвона-белага сцягоў на фотаздымку свайго профілю ў сацыяльных сетках і правёў 10 сутак за кратамі. Грэка-каталіцкі святар Васіль Ягораў, пробашч парафіі ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, быў затрыманы 25 сакавіка за налепку на аўтамабілі з надпісам «Украіна, прабач», правёў 3 дні ў ізалятары і быў асуджаны на 1600 рублёў штрафу.

Вядома, што аказваўся ціск на адвакатаў, якія падпісаліся пад петыцыяй пра тое, што, паводле дзейнай Канстытуцыі, з тэрыторыі Беларусі не мусяць чыніцца ваенныя дзеянні ў дачыненні да іншых краін.

 

ЗВАЛЬНЕННІ

Працягваюцца звальненні з устаноў культуры паводле прыкмет іншадумства.

Вялікім ударам па сферы аховы гістарычнай спадчыны зрабілася звальненне ў студзені з Міністэрства культуры ключавых працаўніц упраўлення гісторыка-культурных каштоўнасцей — Наталлі Хвір і Святланы Краюшкінай.

У аграгарадку Ахова Брэсцкай вобласці з мясцовага Дома культуры быў звольнены дырэктар Аляксандр Дзямчук, які адбыў 30 сутак арышту за абарону ад высечкі 300-гадовых дубоў на мясцовых могілках. 20 студзеня з Тэатра юнага гледача ў Мінску быў звольнены Уладзімір Савіцкі, які кіраваў ім з 2010 года. Прычынай мог зрабіцца новы спектакль «Кантрольнае сачыненне», што не прайшоў цэнзуру Міністэрства культуры. З 23 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа больш не працуе акадэмік-мовазнаўца Аляксандр Лукашанец, які пасля выбараў 2020 года выступіў з асуджэннем гвалту, — з ім не працягнулі кантракт. У Полацкім дзяржаўным універсітэце «былі створаны ўсе ўмовы», каб адтуль пайшоў Аляксей Ластоўскі, сацыёлаг, даследчык гістарычнай памяці, — ён не працуе там з 1 сакавіка. З 15 сакавіка не працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі актрыса Марына Здаранкова, звольнены і акцёр Максім Шышко, якога раней затрымлівалі на антываенным мітынгу ў Мінску. Пасля 10 сутак, праведзеных у следчым ізалятары, рэжысёр Андрэй Саўчанка больш не кіруе тэатрам БДУ «На балконе» — яго звольнілі адтуль з 15 сакавіка «паводле пагаднення бакоў». 23 сакавіка стала вядома, што ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце не працягнулі кантракт з выкладчыцай, кандыдатам гістарычных навук Альбінай Семянчук.

Таксама вядома пра звальненні з Опернага тэатра, Дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых устаноў.

 

ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

  • Прымусовая ліквідацыя

У маніторынгу прымусовай ліквідацыі [15], што праводзіць «Lawtrend» супольна з ОЕЕС, на 31 сакавіка 2022 года значацца 382 беларускія некамерцыйныя арганізацыі [НКА]. 316 арганізацый прайшлі судовыя працэсы ў 2021 годзе, пераважна ў яго другой палове. У выніку грамадзянскі сектар краіны страціў грамадскія арганізацыі самых розных напрамкаў развіцця, у тым ліку не менш за 98 (звесткі ўдакладняюцца), непасрэдна звязаных са сферай культуры. На пачатку 2022 года працэсы ліквідацыі пачаліся яшчэ ў дачыненні да 65 некамерцыйных арганізацый. Мінімум дзесяць з іх непасрэдна звязаны з развіццём культуры і забеспячэннем культурнай разнастайнасці. Так, ліквідавана адна з найстарэйшых арганізацый на Гродзеншчыне — «Таварыства польскай культуры на Лідчыне». Арганізацыя была зарэгістравана ў канцы 1994 года і займалася захаваннем гістарычнай памяці ў рэгіёне: усталяваннем мемарыяльных дошак (у тым ліку ўдзельнікам паўстання 1863 года), ушанаваннем памяці вядомых палякаў, доглядам магіл польскіх жаўнераў розных часоў, выданнем краязнаўчых кніг, вывучэннем польскай мовы і гісторыі. Таксама адбыліся суды ў справах ліквідацыі гродзенскага «Клуба польскіх народных традыцый», мінскіх аб’яднання «Беларуская рок-ліга» і ўстановы развіцця беларускай музыкі і мастацтва «ЭтнаТрадыцыя», віцебскай экалагічна-культурнай і адукацыйнай супольнасці «Шлях з Варагаў у Грэкі» і іншых.

Акрамя таго, 22 студзеня 2022 года ўступіў у сілу закон, што ўводзіць адказнасць за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання, у дачыненні да якога ёсць рашэнне пра ліквідацыю [16]. Цяпер за гэта пагражае штраф, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, або пазбаўленне свабоды на тэрмін да двух гадоў.

Працягваецца тэндэнцыя прымаць рашэнні пра самароспуск некамерцыйных арганізацый — вынік неспрыяльных грамадска-палітычных абставінаў у краіне або ціску ўладаў. Паводле стану на 31 сакавіка ў маніторынгу [17] «Lawtrend» зафіксавана 271 арганізацыя. 46 з іх афіцыйна спынілі дзейнасць у першыя тры месяцы 2022 года, прычым амаль палова самаліквідаваных НКА (22) — з Брэсцкай вобласці. Большая частка арганізацый мела спартыўную накіраванасць, парадку 5-7 — культурную. Напрыклад, у спісе пра самаліквідацыю фігуруюць дабрачынны фонд «Фартыфікацыя Брэста», які займаўся тэмай захавання спадчыны горада, і брэсцкае культурна-гістарычнае грамадскае аб’яднанне імя Тадэвуша Касцюшкі.

  • Скарачэнне спісу НКА, што маюць ільготы для арэнды памяшканняў

Працягваецца практыка пазбаўлення некамерцыйных арганізацый нешматлікіх эканамічных прэферэнцый. Так, на працягу 2021 года двойчы скарачаўся спіс НКА, якім даваліся льготы на арэнду памяшканняў. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2021 года, якая ўступіла ў сілу 30 сакавіка 2022 года, пералік грамадскіх аб’яднанняў і фондаў, у дачыненні да якіх прымяняўся паніжальны каэфіцыент 0,1 пры арэндзе памяшкання, скараціўся ў разы: са 103 НКА ў спісе засталіся ўсяго 23, г. зн. для выключаных з пераліку 80 арганізацый арэнда вырасла ў 10 разоў. Сярод іх — і 13 грамадскіх аб’яднанняў, што маюць у сваёй дзейнасці культурную кампаненту: «Беларускі саюз архітэктараў», «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», «Беларускі саюз музычных дзеячаў», «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў», Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне», культурна-спартыўныя аб’яднанні, яўрэйскія супольнасці.

 

ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ ПАВОДЛЕ ПРЫКМЕТЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай, але нягледзячы на гэта, тэма парушэння права на карыстанне ёй з’яўляецца адной з каранёвых і гучыць на працягу ўсяго перыяду ажыццяўлення маніторынгу.

Так, на мерапрыемстве дзяржаўнага значэння — рэферэндуме — камісіі не мелі бюлетэняў на беларускай мове. У лютым на стэндах бібліятэк, аформленых да Дня беларускай мовы, магло не быць ніводнай кнігі на беларускай мове. А ўсе сем ролікаў, што дэманструюць турыстычны патэнцыял Беларусі ў цэлым і кожнай вобласці ў прыватнасці, створаных Нацыянальным агенцтвам па турызме ў першую чаргу для саміх беларусаў [паводле слоў начальніка аддзела маркетынгу], мелі толькі рускую і англійскую версіі.

У Беларусі пераследуюць за «беларускасць». З ліста палітзняволенага пружаніна Алега Кулешы вядома, што адміністрацыя калоніі выклікала яго на размову, каб данесці, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-руску. А мастак Алесь Цыркуноў, які прыйшоў на судовы працэс падтрымаць мастака і перформера Алеся Пушкіна, быў затрыманы за бела-чырвоную сімволіку і за тое, што «размаўляў на беларускай мове» (фармулёўка з пратакола), і асуджаны на 15 сутак.

 

НЕГАТЫЎНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

  • Самацэнзура і ананімнасць

У сувязі з патэнцыйнай пагрозай пераследу многія беларускія літаратары, музыкі, мастакі, выдаўцы цэнзуруюць свае работы, выказванні, прыпыняюць праекты і дзейнасць на няпэўны час, адмаўляюцца ад публічнасці ў цэлым або пішуць пад псеўданімамі. З меркаванняў бяспекі не пазначаюць аўтарства на работах, не афішуюць выступленне і ўдзел у мерапрыемствах, пазбягаюць згадак пра сябе ў сацсетках і інфармацыйнай прасторы.

Напрыклад, з меркаванняў бяспекі, каб «не гуляць з агнём», былы палітзняволены музыка Ігар Банцар і яго гурт «Mister X» адмовіліся ад канцэртнай прэзентацыі новай вінілавай кружэлкі. Пра самацэнзуру ў дачыненні да кожнай выдаванай кнігі гаворыць заснавальнік выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў, са шкадаваннем дадаючы, што ў творчасці гэта недапушчальна.

  • Прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі

Расце колькасць матэрыялаў, што паводле рашэння суда прызнаюцца экстрэмісцкімі і ўносяцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведны спіс. Экстрэмісцкімі з пачатку жнівеньскіх падзей 2020 года прызнаюцца незалежныя СМІ, іх сайты і сацсеткі, Telegram-чаты і каналы, лагатыпы, артыкулы, кліпы, інтэрнэт-супольнасці, Youtube-ролікі, значкі і г. д. і да т. п.

Так, 24 лютага суд Брэста прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю сайта «Беларускае Радыё Рацыя» — першай незалежнай FM-станцыі. Разам з эканамічным, сацыяльным, палітычным, спартыўным блокамі рэсурс змяшчае раздзел, прысвечаны культуры. Тады ж судом Маладзечанскага раёна экстрэмісцкімі матэрыяламі былі прызнаны 15 артыкулаў, апублікаваных у «Рэгіянальнай газеце» за 2020 год, у тым ліку артыкул пра тое, што гурт «Sumarok» запісаў кліп на песню «Чэрці» (у ім утрымліваюцца кадры з пратэстаў у Маладзечне). Пры гэтым сам кліп гурта такога статусу не мае.

  • Адмена штогадовых мерапрыемстваў і перанос прадуктаў беларускай культуры за мяжу

У сувязі з ліквідацыяй арганізацыі ўпершыню за шмат гадоў у сёлетнім лютым Таварыства беларускай мовы не змагло правесці публічнай акцыі ў падтрымку беларускай мовы — «Агульнанацыянальную дыктоўку».

У Пінску адмянілі раней запланаваныя ўрачыстасці, прысвечаныя 90-годдзю земляка — вядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусціньскага: усталяванне шыльды ў будынку былой школы, дзе працавалі бацькі пісьменніка і дзе ён пайшоў у першы клас, а таксама шэраг выстаў і экскурсій. На рэкамендацыю органаў дзяржбяспекі, бліжэй да юбілею (4 сакавіка) ініцыятары мусілі ад усяго адмовіцца.

Некаторыя мерапрыемствы мяняюць лакацыю ў адказ на вымушаныя абставіны. Так, у лютым міжнародны паэтычны фестываль «Вялікае Княства Паэзіі» прайшоў у Вільні, а не ў Мінску. Вядома, што фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», правядзенне якога ў 2021 годзе арганізатары адмянілі ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй і абвастрэннем сацыяльна-палітычнага крызісу ў краіне, сёлета адбудзецца, але таксама не ў Беларусі — яго правядуць у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні.

  • Барацьба праўладных блогераў з беларускім мастацтвам

У выніку надуманых зваротаў праўладных актывістак у аддзел культуры Мінгарвыканкама з патрабаваннем звярнуць увагу на асобных аўтараў ціск і падвойную цэнзуру зазналі ўжо некалькі беларускіх мастакоў. Так, пасля заявы пра нібыта распаўсюд парнаграфіі на прыкладзе работы мастачкі Ганны Сілівончык у рамках выставы «Трывожны чамаданчык» пачаўся разбор не толькі ў дачыненні да самой выставы, але і ў цэлым у дачыненні да Саюза дызайнераў, дзе яна праходзіла. Старшыню арганізацыі Дзмітрыя Сурскага выклікалі на размову, у Саюз дызайнераў прыходзілі з міліцыі, Міністэрства юстыцыі ўзялося за праверку дакументаў арганізацыі.

У Палацы мастацтва ў сувязі з адным з такіх зваротаў заўчасна дэмантавалі персанальную выставу Рыгора Іванова «Час экранаў», на аўтара актывістка накінулася праз яго дэмакратычныя палітычныя погляды. Адначасова з выставай Іванова «з тэхнічных прычын» раней за заяўлены тэрмін закрылася і выстава Сяргея Грыневіча «Дэмаграфія», лёс якой цікавы таксама тым, што на экспазіцыю не трапілі сем работ аўтара, якія не прайшлі цэнзуры.

 

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ 

  • Бюджэтаванне. Сфера культуры як была, так і застаецца не ў прыярытэтах дзяржавы. У студзені быў апублікаваны бюджэт горада Мінска на 2022 год [18], згодна з якім на культуру ў цэлым [«культура і мастацтва», «кінематаграфія» і «іншыя пытанні ў галіне культуры»] плануецца выдаткаваць 48 883 797 рублёў, што складае 0,69 % ад агульнага бюджэту сталіцы (7,1 млрд рублёў).

  • Забарона на прафесію. «Чорныя спісы» (пералік дзеячаў культуры, якім фактычна забаронена свабодна распаўсюджваць прадукты сваёй творчасці), так добра вядомыя супольнасцям музыкаў і літаратараў (а з 2021 года — і выдаўцоў) у Беларусі, дабраліся і да мастацкай і фатаграфічнай сфер: нядобранадзейным, палітычна не верным уладзе аўтарам адмаўляецца ў набыцці іх твораў у калекцыі музеяў, у персанальных выставах, а іх работы зазнаюць асабліва пільную цэнзуру.

  • Рэжым і санкцыі, у тым ліку «культура скасавання». Эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі з боку Еўропы і ЗША, раней уведзеныя як мера ціску на нелегітымны рэжым Лукашэнкі, узмацніліся пасля ўхвалення апошнім нападу Расіі на Украіну, што, у сваю чаргу, адбілася як на працы дзеячаў культуры, так і на спажыўцах прадуктаў культуры. Напрыклад, у сувязі з ростам цэн на паліграфію кнігі для тых, хто жыве ў Беларусі, робяцца ўсё даражэйшымі. У сваю чаргу, эканамічныя санкцыі дапоўніліся культурнымі. Нараўне з расійскімі трапілі пад адмену канцэртаў у краінах Еўропы і беларускія артысты. У цэлым замежныя пляцоўкі сёння нярэдка адмаўляюць беларускім аўтарам і выканаўцам ва ўдзеле ў сваіх мерапрыемствах, што адбіваецца як на магчымасці творчай рэалізацыі беларусаў, так і на іх заробку. Адмовіліся ад працы з беларускімі мастакамі і рамеснікамі такія сусветныя анлайн-платформы, як «Saatchi Art», «Etsy» і іншыя арт-пляцоўкі, а таксама еўрапейскія плацежныя сістэмы і інструменты. Дзеянні афіцыйных улад цягнуць за сабой збядненне культурнага кантэксту краіны.

  • Год гістарычнай памяці. 2022 год абвешчаны ў Беларусі Годам гістарычнай памяці [19]. Першай у спісе распрацоўшчыкаў і выканаўцаў плана правядзення адпаведных мерапрыемстваў значыцца Генеральная пракуратура, і толькі следам за ёй — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Пасля трох гадоў (2018—2020 гг.), што прайшлі пад знакам Года малой радзімы і Года народнага адзінства (2021 год), выбар на карысць гісторыі не выпадковы — дзяржава разгарнула праграму абвінавачвання «калектыўнага Захаду» ў генацыдзе беларускага народа, а ў Беларусі завялі справы пераследу за «гераізацыю нацызму».

Так, у канцы сакавіка 2021 года на мастака і перформера Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 — «наўмысныя дзеянні ў рэабілітацыі нацызму» за партрэт Яўгена Жыхара [антысавецкага падпольшчыка] з аўтаматам на плячы, размешчаны на выставе ў гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця». Паводле абвінавачвання, у ходзе выставы Пушкін «характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні». 30 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін быў асуджаны на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Разам з гэтым у краіне і далей працягваецца бескампрамісная барацьба з нацыянальнымі сімваламі [бела-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня»], а дыскрэдытацыя незалежных гісторыкаў — адна з цэнтральных тэм прапаганды.

***

Таксама мы працягваем фіксаваць сітуацыі пераследу за сімволіку: да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за карыстанне бела-чырвона-белай сімволікай з канца лютага 2022 года дадаўся і пераслед за сімволіку колераў украінскага сцягу — сіне-жоўтую.


[1] Працэдура прызнання палітзняволеным замацаваная пэўным рамачным дакументам.

[2] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакарання ў крымінальных справах — абмежаванне свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

[3] Кірыл Салееў пакінуў краіну дзеля бяспекі.

[4] Аляксандра Васілевіча адпусцілі ў зале суда ў сувязі з заканчэннем тэрміну адбыцця пакарання. Цяпер справа знаходзіцца на новым разглядзе на падставе пратэсту пракуратуры.

[5] Андрэй Шчыгель знаходзіцца на свабодзе да апеляцыі.

[6] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакарання паводле крымінальных артыкулаў — абмежаванне свабоды без  накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

[7] Ілля Ганчарык знаходзіцца на свабодзе да апеляцыі.

[8] Артур Эшбаеў знаходзіцца на свабодзе да апеляцыі.

[9] Канстанцін Шульга знаходзіцца на свабодзе да апеляцыі.

[10] 20 красавіка 2022 года Аляксандр Фядута прызнаны палітзняволеным.

[11] 7 красавіка 2022 года Павел Пернікаў асуджаны на 2 гады калоніі, 11 красавіка прызнаны палітзняволеным.

[12] 20 красавіка 2022 года Уладзімір Гундар прызнаны палітзняволеным.

[13] 11 красавіка 2022 года Крысціна Чаранкова прызнана палітзняволенай.

[14] 15 красавіка 2022 года Віктар Кулінка прызнаны палітзняволеным.

[15] Маніторынг НКА, якія знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.

[16] Крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях.

[17] Пералік НКА, у дачыненні да якіх прынята рашэнне пра самаліквідацыю.

[18] Пра бюджэт горада Мінска на 2022 год.

[19] 2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!