НЕ - ВАЙНЕ!
2048

Максім Хлябец: У рэгіёне журналістам працаваць больш складана

10.04.2016 Крыніца: Любоў Праневіч для baj.by

Новы кіраўнік Брэсцкай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, адзін са стваральнікаў партала Natatnik.org, Максім Хлябец расказвае пра асаблівасці журналісцкага жыцця ў Брэсце і рэгіёне. 

Што новага адбываецца ў філіі ГА “БАЖ” са зменай кіраўніцтва?

— Першапачаткова мы з намесніцай старшыні філіі Аксанай Бровач вырашылі “пачысціць” спіс сябраў БАЖу. Спіс вялікі, але некаторыя асобы з’ехалі з рэгіёна, іншыя больш не займаюцца журналісцкай дзейнасцю і выказалі жаданне выйсці з сябраў арганізацыі, палова не плаціць унёскаў. Мы патэлефанавалі кожнаму. Хутка адбудзецца новы сход, на якім будуць выключаныя тыя, хто адмовіўся ад сяброўства ў арганізацыі.

БАЖ дае адчуванне супольнасці, падтрымкі ад калег-журналістаў. Гэта асабліва важна для фрылансераў, для супрацоўнікаў недзяржаўных медыяў. І ўвогуле, калі трапляш у непрыемнасці, важна ведаць, што за табой нехта стаіць. Яшчэ адзначу юрыдычную падтрымку, вялікія адукацыйныя магчымасці. Нават сталыя журналісты, якія даўно працуюць у СМІ, не заўсёды ў курсе сучасных інфармацыйных тэхналогій, тэндэнцый. А навучальныя праграмы дазваляюць паслядоўна, крок за крокам, падвышаць свой прафесійны ўзровень.

Якія можаце назваць асаблівасці журналісцкай дзейнасці ў рэгіёне?

— У рэгіёне журналістам працаваць няпроста. Вельмі складана шукаць інфармацыю — асабліва “выбіваць” яе ў афіцыйных структур. Я лічу, што па ўсёй Беларусі такая праблема, і Брэст — не выключэнне. У цэлым, канешне, падзеяў і навінаў местачковых хапае. Рэгіён “не мёртвы”: ёсць пра што пісаць і пра каго пісаць.

Канешне, Брэст, як і іншыя гарады, моцна адстаюць ад Мінска ў плане вулічнай актыўнасці — усе акцыі праходзяць у сталіцы. Паводле маіх назіранняў, цягам апошніх двух-трох год цікавасць людзей да сацыяльных валанцёрскіх праектаў вельмі нізкая. Людзі засяроджаныя на зараблянні грошай, побыце.

Але думаю, што ў нас — жыхароў Брэста — больш магчымасцяў для вандровак, адпачынку, тая ж Белавежская пушча побач, хапае розных сядзіб недалёка ад горада. 

Ці ёсць журналісцкія тэмы, якія цікавяць Вас больш?

— Я вяду спартовыя навіны на радыё. І, можна сказаць, што ў гэтай тэме разбіраюся больш, чым у іншых. Але па адукацыі я — гісторык, таму часта закранаю гістарычныя тэмы. Як і іншым журналістам-фрылансерам, мне даводзіцца пісаць амаль пра ўсё. Таму (смяецца) хутка мы станем экспертамі ва ўсіх сферах.

Як Вы прыйшлі ў прафесію?

— Усё пачалося са “Школы маладога журналіста”.  Пасля гістфаку я прыйшоў да Жанны Сідарук (якая вяла ШМЖ), прайшоў адбор. Я заўсёды марыў пісаць. У сярэдняй школе напісаў некалькі артыкулаў у раённую газету “Маяк”. Трошкі зачапіла мяне інтэрнэт-радыё “Старт” у Берасці. Адвучыўся ў ШМЖ і амаль адразу патрапіў на “Рацыю”. Пасля год працаваў на “Партызане”.  Таксама быў на стажыроўцы ва “Украінскай праўдзе”.  Цяпер працую над праектам Natatnik.org. У асноўным я пішу па-беларуску. 

Распавядзіце пра праект Natatnik.org.

— Мы стварылі інфармацыйны партал Natatnik.org, над якім працуюць прафесійныя журналісты і дзе акумулююцца сапраўды цікавыя і важныя навіны Брэста і рэгіёна. Мы яшчэ шукаем свой фармат. Робім некаторыя праекты, напрыклад, агляд мясцовых сталовак, сэкандхэндаў і інш. Сайт існуе амаль паўгады, цяпер для яго пішуць многія журналісты, і палова — акурат сябры БАЖ.

Адзначу, што гэты праект задумваўся як пазітыўны інфармацыйны рэсурс. Навінаў пра забойствы ды іншай “чарнухі” мы прынцыпова не публікуем. Праца ў станоўчым рэчышчы натхняе, я б сказаў “ратуе” ў няпростых беларускіх рэаліях.

Журналіст Максім Хлябец стаў новым кіраўніком брэсцкай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Яго кандыдатуру падтрымалі на галасаванні падчас справаздачна-выбарчага схода 25 лютага 2016 года ў Брэсце.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!