НЕ - ВАЙНЕ!
217

Маці журналіста Дзяніса Івашына: Дзяніс выйдзе і ўсё роўна будзе пісаць

14.09.2022 Крыніца: Новы час

Сёння Гродзенскі абласны суд абвясціў прысуд палітзняволенаму Дзянісу Івашыну. Маці Дзяніса Людміла Мікалаеўна пракаментавала вырак «Новаму Часу».


Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь.

Сям'я была гатовая да такога прысуду, кажа маці палітвязня Людміла Мікалаеўна. І Дзяніс таксама рыхтаваўся да вялікага тэрміну:

«Следчы, які вёў справу, гаварыў, што яму і 15 гадоў мала. Было б 20 — далі б 20. Таму я чакала такога прысуду. Мы былі гатовыя. І потым, я Дзянісу перадавала літаральна такія словы: “Сынок, не акцэнтуй увагу ні на якіх лічбах, якія будзе агучваць чалавек, апрануты ў мантыю суддзі. Усё гэта проста лічбы"».

Людміла Мікалаеўна кажа, што зняволенне заўважна адбіваецца на здароўі Дзяніса: ён схуднеў, у яго асунуўся твар. Паводле слоў маці, палітвязень паўтара года знаходзіцца ў камеры 3х2 метры, дзе большасць зняволеных паляць — і гэта не можа не пагаршаць здароўе.

Маці журналіста ўпэўненая, што гэта не можа цягнуцца так доўга. Сістэма рухне, гаворыць яна, і тым, хто сёння выносіць прысуды, давядзецца падумаць, якія прысуды потым будуць выносіць ім:

«Калі будзе справядлівы суд і тыя людзі, хто сёння прыносяць шмат бяды лепшым людзям нашай краіны, будуць сядзець на іх месцах у справядлівым судзе, тады мы і будзем размаўляць. 

А Дзяніс выйдзе — і ўсё роўна будзе пісаць. Гэта яго праца, яго любімая праца. Так што хай малююць, пакуль могуць».

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года па падазрэнні ва «ўмяшальніцтве ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здрадзе дзяржаве». Падставай для затрымання сталі журналісцкія расследаванні Дзяніса, якія ён рабіў для «Новага Часу» і каманды расследавальнікаў «InformNapalm». Апошнія яго расследаванні тычыліся былых супрацоўнікаў украінскага «Беркута», якія працуюць у беларускіх сілавых структурах.

BYSOL адкрыў збор на дапамогу сям'і Дзяніса Івашына

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 

13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму: агучаны вырак журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну 

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс у ізалятары

Дзяніс Івашын: «Войскі персідскага цара Дарыя ўжо зазналі паражэнне ў Скіфіі»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!