НЕ - ВАЙНЕ!
858

«Людзі выходзілі да нас з разбураных дамоў». Беларусы расказалі, як ездзілі ў «калядны тур» па вызваленых украінскіх тэрыторыях

17.01.2023 Крыніца: mediazona.by

Сталы аўтар БАЖ Алесь Мінаў  разам з беларускай Ірына Лукашэнка правялі Каляды ў Харкаве і вёсках побач, якія перажылі акупацыю. Яны разам з украінскімі валанцёрамі з’ездзілі ў «калядны тур» і расказалі «Медыязоне», як іх сустракалі мясцовыя і ці патрэбнае свята, калі вакол руіны

Новыя персанажы — рускі генерал і смерць

Ірына і Алесь — беларусы, якія з’ехалі ва Украіну праз рэпрэсіі, а з пачаткам вайны ўключыліся ў валанцёрскі рух.

Задумка пра падарожжа з батлейкай належыць іх украінскаму сябру Віктару Пэрфэцкаму. Ён збірае фальклор, апавяданні, песні і даўно хацеў паехаць з выступам на ўсход Украіны. Цяпер, падчас вайны, гэта здалося дарэчным, каб падтрымаць людзей, вярнуць адчуванне свята. Віктар напісаў сябрам і прапанаваў такую паездку. На заклік адгукнуліся 16 чалавек, у тым ліку Ірына і Алесь.

Сцэнар для каляднага прадстаўлення пісалі, выкарыстоўваючы вершы з ужо існых батлеек, але дадалі некалькі радкоў пра надзённае. Так у калядках з’явіліся новыя героі — смерць і расійскі генерал. А цар Ірад, паводле слоў Алеся, стаў намёкам на Пуціна.

Ірына тлумачыць, што без такіх дапаўненняў нельга было абысціся, бо ўсе ў камандзе разумелі: нягледзячы на святы, ідзе вайна, «ад яе нікуды не падзенешся». У фінальным віншаванні ў батлейцы ўзгадалі загінулых на вайне і палонных.

«Вітаю вас, пане Господарю, што Христос народився,

Що народ український від ярма звільнився.

Не всі українці Різдва дочекалися,

Ті, хто в полі, хто в неволі, у далекому Сибіру,

Ті, голови поклав за вільну країну».

Беларуска сыграла ў прадстаўленні пастушка. Яна папрасіла ролю, дзе будзе паменш слоў, бо яна не вельмі ўпэўнена гаворыць па-ўкраінску. Алесю дасталася роля егіпецкага цара, які прыйшоў з дарамі.

Касцюмы для ўсіх валанцёраў прапанаваў Даўжэнка-Цэнтр, украінскі праект Ukrainer знайшоў кантакты мясцовых актывістаў і старастаў сёлаў, каб дапамаглі прыняць выступоўцаў.

Ірына чакала, што ўкраінцы будуць замоўчваць, што з імі выступаюць беларусы, «таму што зараз ідзе вайна, і Беларусь — суагрэсар». Але беларусаў не хавалі і прадставілі як беларусаў, гледачы рэагавалі ветліва.

«Гэта было як азарэнне, што яны гавораць пра гэта так адкрыта — у дамах, куды мы прыходзілі, вайскоўцам, перад якімі мы выступалі, усім».

«Людзі выходзілі да нас з разбураных дамоў»

Валанцёры наведалі чатыры дэакупаваныя вёскі ў Харкаўскай вобласці — Дэргачы, Вялікія Праходы, Малыя Праходы і Малая Рогань — і сам Харкаў. Хадзілі з батлейкай па хатах і выступалі на вуліцы ў мароз. Беларусаў уразіла, як людзі ў вёсках наладжваюць жыццё сярод руін.

«У Малой Рогані мы былі на трэці дзень. Яна была пад акупацыяй менш за астатніх, але там усё роўна было шмат разбураных будынкаў і вельмі мала засталося людзей. Некага забілі, нехта паспеў выехаць. Да вайны там жылі каля тысячы чалавек, побач з вёскай — пад дзве тысячы. Засталося, як нам сказалі, каля двухсот чалавек», — расказвае Ірына.

У вёсках, паводле слоў Алеся, яны бачылі ў асноўным пажылых людзей і старых, якія вырашылі не эвакуявацца, калі была такая магчымасць. Маладыя людзі сустракаліся толькі раз ці два.

«Рэакцыя людзей уражвае больш за усё. Ты бачыш цалкам разбураныя дамы, знішчаную інфраструктуру, вёскі практычна мёртвыя, і вось яны неяк жывуць у такіх умовах. А як яны нас сустракалі, як радаваліся! Некаторыя, мне падалося, нават плакалі. І выносілі нам хто цукерак, хто каўбасу, хто самагонкі якой», — расказвае Алесь.

Валанцёраў па Малой Рогані вадзіў мясцовы стараста. Ён пацвердзіў, што большасць сапраўды з’ехалі з вёскі, бо жыць там цяпер вельмі цяжка. Стараста расказаў, што шмат людзей у вёсцы загінула ад абстрэлаў, нехта з’ехаў у Расію праз калідор эвакуацыі, сам ён прайшоў праз катаванні падчас акупацыі.

«Мяне вельмі ўразіў адзін момант, я яго надоўга запомню. Адна жанчына там зараз жыве ў хляве, бо дом разбураны амаль цалкам, і вось яна расказвала: у яе была суседка, з якой яны 30 гадоў адзін аднаго на дух не пераносілі і пастаянна сварыліся. А потым гэтая суседка загінула пры абстрэле сяла, і той жанчыне прыйшлося яе пахаваць, таму што больш не было каму», — успамінае Іра Лукашэнка.

Алесь расказаў пра жанчыну, якая з мужам «перасяліліся» ў куратнік, бо іх дом разбураны. Муж і жонка ацяпляюць яго і нават упрыгожылі да Калядаў. Улады будуюць модульныя дамы для тых, хто застаўся без жылля, але як доўга давядзецца сям’і чакаць, невядома.

«Мы спявалі калядную песню гэтай жанчыне. Там тэкст такі, пажаданне: "Няхай шчасце будзе у вашай хаце" — і гэтак далей. Мы гэта ёй пяем, а на фоне стаіць тое, што засталося ад яе дома, адзін падмурак. Туды за час акупацыі тры снарады трапіла».

Людзі прасілі перадаць, што яны за Украіну

У Дэргачах Харкаўскай вобласці валанцёры выступалі на пляцоўцы каля шматкватэрнага дома, а ў Харкаве іх паклікалі паказаць сваю батлейку ў рэстаран. Беларуска кажа, што прыйшло шмат людзей, усе крэслы з установы саставілі ў адну «глядацкую залу».

«Нам былі вельмі радыя. Некаторыя самі ўзгадвалі, з якімі песнямі і прымаўкамі калядавалі ў маладосці, якія прыпеўкі спявалі», — расказвае Ірына.

Рэгіёны, дзе жыхары перажылі акупацыю і працяглыя баі, у першую чаргу маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. Калі гэтае пытанне вырашанае, адкрываюцца іншыя патрэбы, жыхарам хочацца эмоцый, радасці — нечага, што нагадвала б ранейшае, даваеннае жыццё.

«Мы прывезлі свята ў гэтыя вёскі, а больш там ніякага свята і не было. Мы чулі стрэлы, выбухі. Людзі да нас выходзілі з амаль разбураных дамоў, з хлявоў побач з дамамі, тыя, у каго дом зусім быў разбураны.

Ты прыходзіш, а людзям не да свята, у іх там - вось такое жыццё. Дома больш няма, нічога няма. Хоць сёй-той вымудраўся нават свой двор трохі ўпрыгожыць, каб хоць нейкага святочнага настрою дадаць.», — дзеліцца ўспамінамі беларуска.

Алесь прызнаецца, што калі б аказаўся ў такой сітуацыі, самым цяжкім для яго было б тое, што няма суседзяў, нікога вакол.

«Гэтая адзінота людзям вельмі цяжка даецца. Там жа не ўсюды ловіць сетка, у некаторых сёлах людзі сядзяць увогуле без сувязі. Тыя, хто эвакуяваўся, не спяшаюцца вяртацца, бо нават жыць пакуль няма дзе. Плюс час ад часу чуваць выбухі. Недзе далёка, але тым не менш. Ніхто не застрахаваны ад новага наступу».

Людзі ў вёсках настроеныя пазітыўна — яны вераць у перамогу і вельмі яе чакаюць. І прасілі выступоўцаў усім расказаць, што яны за Украіну. Паводле слоў беларускі, жыхары ў гэтым рэгіёне перажываюць праз тое, што ў краіне некаторыя лічаць усходнія памежныя раёны прарасійскімі.

Чытайце еще:

«Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому». Пра што піша з-за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

Беларусские пропагандисты и провластные Telegram-каналы целый день «атакуют» Почобута

«Зь вітамінаў — адзін нясьпелы яблык за лета». Былыя турэмны лекар і палітвязень пра хваробы і мэдыцыну за кратамі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!