652

«Людзей дагэтуль працягваюць катаваць». Журналістка Кацярына Карпіцкая расказала пра месяц арышту на Акрэсціна

18.09.2021 Крыніца: nashaniva.com

Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая на месяц трапіла на Акрэсціна. За месяц там яна паспела падхапіць некалькі хвароб, а таксама пабачыла, як палітзняволеных у ізалятары працягваюць катаваць.

Вось што яна піша:

 

«Як я трапіла ў ЦІП — гісторыя на асобны пост, а ў гэтым я проста хацела б нагадаць, што разам з палітзняволенымі па крыміналцы нашых працягваюць катаваць на Акрэсціна. 30 сутак там у сённяшніх умовах мне хапіла, каб выйсці з букетам новых хвароб — ад фарынгатрахеіту да цыстыту і кароны (дарэчы, менавіта прышчэпка дапамагла перанесці апошняе досыць лёгка ў параўнанні з маімі сукамерніцамі). А людзі сядзяць там па 60 сутак і больш, у залежнасці ад таго, колькі пратаколаў ім захочуць накінуць.

Сядзяць у антысанітарыі — іх ніколі не водзяць у душ і не выдаюць нават шчотак з асаблівых рэчаў. Туалетную паперу часам прыходзілася выбіваць па сантыметры.

Сядзяць месяцамі без шпацыроў (паветра ў камеру №15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз «кармушку», але яе спецыяльна ўвесь час зачынялі).

Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў спляснелы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя — нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкл фізічных практыкаванняў — прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы — неяк пагрэцца і заснуць).

Сядзяць без сноў (у два і чатыры ночы нас падымалі на пераклічкі; пра тое, што там суткамі гарыць яркае штучнае асвятленне, і нагадваць не трэба).

Сядзяць без перадач (многіх жанчын забіралі з працы ці лецішч у спадніцах, сукенках, і яны так і ляжалі начамі на халоднай падлозе, пакуль нехта з тых, хто выходзіў на волю, не здымаў з сябе байку ці трусы-шкарпэткі. Шчоткай, якая ў спадчыну дасталася мне, карысталася яшчэ чалавек пяць да гэтага, здаецца. А ў майцы хадзіла сама маці «Хлопотного дельца»).

Сядзяць на палову галодныя (за месяц харчавання я мусіла заплаціць больш 400 рублёў (каля 150 еўра), і за гэтыя грошы на абед атрымлівала пусты суп — вадкасць з парай бульбін і лупінай ад яе, спляснелы хлеб і два кубкі гарбаты ці кісель, якія запаўнялі толькі палову кубка. Як мясцовых порцый хапае нашым хлопцам, я не ўяўляю).

Сядзяць без адэкватнай медыцынскай дапамогі (у пікавы момант у двухмеснай камеры №15 утрымлівалася 20 жанчын — у холадзе і духаце ўсе хутка пачыналі хварэць. Усіх атакоўваў каранавірус, які, як і іншыя хваробы, лечыцца там з большага парацатамолам. Без магчымасці рухацца ў хаце 3 на 4 метры, з дрэнным харчаваннем усе рэзка пераставалі хадзіць у туалет. Ужо прабачце за падрабязнасці, але за 30 сутак я змагла зрабіць гэта толькі тры разы).

Сядзяць як паддоследныя. Мне нават неяк не па сабе расказваць, як дарослыя цёткі і дзядзькі з ЦІП кайфуюць, назіраючы ў вочкі і камеры за тым, як мы будзем змагацца з новым прыдуманым выпрабаваннем. Спачатку да вас падсяляюць Аллу Ільінішну і Марынку з вошамі, чакаючы, што ў вас пачнецца істэрыка. Але мы знаходзім з імі агульную мову, і праз некалькі дзён «істэрыка» здараецца ў дзяжурных, якія ўсё ж вядуць так званых маргіналаў з нашых камер на «пражарку», бо сітуацыя блізкая да эпідэміі педыкулёзу. Супрацоўнікі вельмі перажываюць за стан сваёй формы — яны вымушаныя два разы на суткі праводзіць шмон у нашых камерах і прашчупваць нас, а так лёгка падчапіць як мінімум адзежных насякомых.

Пасля да вас падсяляюць новую Марыну — у яе расстройства кішэчніка, яна ўся ў гаўне, а яшчэ ў язвах, якія сцякаюць крывёю, у грыбку. А яшчэ ў яе жорсткі абстынентны сіндром. Супрацоўнікі ЦІП назіраюць і чакаюць, што мы сарвемся. Але мы проста бяром і пачынам мыць Марынку над дзіркай у падлозе і выбіваем у медсупрацоўніка зялёнку, каб апрацаваць яе раны. Нам забараняюць сядзець і спаць, абражаюць, але мы працягваем жартаваць і з камер чуецца смех — усё гэта вельмі раздражняе супрацоўнікаў ЦІП.

Мне ёсць яшчэ што згадаць, але больш падрабязна я апішу ўсе катаванні і прамыя злачынствы ў дачыненні да беларусаў у скаргах у дзяржустановы (хоць яны пасля і скажуць, што дадзеныя факты не пацвердзіліся, Азаронку ж у нас падабалася). Але пакуль проста коратка нагадаю, за што ў Беларусі так здекваюцца з людзей у статусе правапарушальнікаў:

  • Была на вуліцы ў чырвонай сукенцы з белай накідкай.

  • Прыйшла падтрымаць тату Марыі Калеснікавай на суд (у пратаколе напісалі «хацела вызваліць Марыю Калеснікаву»).

  • Прынесла кветку да месца забойства Тарайкоўскага.

  • Пераслала мужу ў асабістыя навіны з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.

  • Зняла на відэа дваравы марш у Лошыцы.

  • Сказала вайскоўцу «Наша возьме».

  • Чытала ў электрычцы кніжкі беларускіх пісьменнікаў.

  • Была непажаданай новаму кіраўніцтву Акадэміі кіравання.

  • Перапісвалася ў чаце Лебядзінага з суседзямі.

  • Вярнулася з Францыі, дзе выйшла замуж за француза.

  • Працавала ў «Корпусе», а калі туды прыехаў ГУБАЗІК, «аказала» ім непадпарадкаванне (насамрэч, вядома, не).

  • Айцішніца, якая можа ведаць кіберпартызанаў…» 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!