1188

Любоў Лунёва: Ціск на “Белсат” — гэта вынік сур’ёзнай канкурэнцыі з дзяржаўным тэлебачаннем

20.11.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Як абараніць журналістаў-фрылансераў ад пераследу? Гэтаму пытанню была прысвечана адна з секцый канферэнцыі “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі” ў Мінску. Механізмамі нацыянальнага і міжнароднага адвакатавання дзяліліся юрысты, прадстаўнікі журналісцкіх арганізацыі і самі фрылансеры. Асноўныя высновы дыскусіі — дамагацца ўвядзення фрылансераў-журналістаў у прававае поле дзяржавы, усяляк дапамагаць журналістам, якія церпяць пераслед за сваю прафесійную дзейнасць.

— Можа хтосьці ў гэта не паверыць, але ў Швецыі журналісты-фрылансеры таксама маюць шмат праблем: кантракты, умовы працы, аплата працы... Разам з тым некалькі гадоў таму для нас сталі важнымі праблемы калег з Беларусі. Спытаеце, чаму? Вельмі проста! На адной з міжнародных сустрэч прадстаўнік БАЖ Андрусь Клікуноў здолей так дакладна і ўцямна расказаць пра вашу сітуацыю, што цяпер мы проста не можам быць у баку, — адкрыла дыскусію кіраўніца суполкі фрылансераў ў Шведскім саюзе журналістаў Оса Ульсан. — Яго словы пра тое, што журналісты-фрылансеры наогул не прызнаюцца ў Беларусі і маюць перашкоды амаль кожны дзень, глыбока запалі ў нашы шведскія сэрцы. Таму мы ўвесь час уздымаем пытанні беларускіх журналістаў на міжнародным узроўні.

Калі казаць пра журналісцкую салідарнасць, то я лічу, што прадстаўнікам Беларусі трэба як мага больш прысутнічаць на міжнародных журналісцкіх сустрэчах, расказваць пра свае праблемы, зразумела і наглядна даносіць гэтую інфармацыю да еўрапейскіх калег. І тады гэтыя пытанні паступова стануць пытаннямі міжнароднага ўзроўню і будуць мець шанец на вырашэнне.

Са свайго боку мы стараемся запрашаць прадстаўнікоў Беларусі на ўсе сустрэчы, якія могуць паспрыяць паляпшэнню сітуацыі для працы журналістаў унутры краіны.

Што ж тычыцца праблем, якія ўзнікаюць унутры журналісцкай супольнасці ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў, то мы ў Швецыі прапануем ладзіць як мага болей нефармальных сустрэч паміж журналістамі, рэдактарамі, выдаўцамі. Камунікацыі ўнутры супольнасці дазваляюць вырашаць многія пытанні. Часта людзі працуюць побач, але не могуць паразумецца, бо не маюць такіх нефармальных пляцовак.

— Беларуская асацыяцыя журналістаў ужо шмат гадоў праводзіць комплекс захадаў па абароне калег, — далучылася да размовы Вольга Сяховіч, юрыст ГА “БАЖ”.  — Найперш важна падрыхтаваць журналістаў да магчымых перашкодаў з боку ўладаў. Падрыхтаваны — значыць абаронены. Калі ж чалавек ужо трапляе пад пераслед, мы дапамагаем калегам юрыдычнымі кансультацыямі, пошукам адвакатаў і гэтай далей. Таксама мы ўвесь час накіроўваем звароты ад імя Беларускай асацыяцыі журналістаў ва ўсе інстанцыі, якія могуць спрыяць спыненню пераследу: пачынаючы з Адміністрацыі прэзідэнта і сканчваючы раённымі аддзяленнямі міліцыі. Мы не спыняем і не будзем спыняць спробы давесці да ўладаў тое, што журналіст-фрылансер — гэта абсалютна нармальны легальны фармат працы.

— Галоўная прычына ў тым, што на сённяшні дзень журналісты-фрылансеры не маюць у Беларусі легальнага статуса, — гаворыць медыяюрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў. — Як чалавек, які ў свой час прымаў удзел у распрацоўцы беларускага заканадаўства, лічу важным і неабходным увядзенне ў заканадаўства азначэння журналіста-фрылансера. На мой погляд, Беларуская асацыяцыя журналістаў у чарговы раз павінна звярнуцца да ўладаў з прапановай унесці такую дэфініцыю ў закон аб СМІ.

Я наогул падтрымліваю меркаванне адваката Сяргея Зікрацкага пра неабходнасць сур’ёзных зменаў у законе аб СМІ.

А лепш наогул скасаваць дзеянне такога закона, які толькі і робіць, што абмяжоўвае СМІ ў працы. Як гэтага дамагчыся? Мы мусім заклікаць да салідарнасці з беларускімі журналістамі ўсю грамадзянскую супольнасць нашай краіны, палітычныя партыі, усе структуры, якія могуць дапамагчы журналістам у барацьбе за свае правы.

— Я сур’ёзна раздзяляю ваш клопат пра свабоду слова, — адзначыла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім. — Сітуацыя ў Беларусі патрабуе разняволення сацыяльна-палітычнага клімату. Я дзякую ўсім журналістам, у першую чаргу незалежных СМІ, якія, нягледзячы на штодзённыя праблемы, даносяць голас людзей і дакладную інфармацыю да грамадства. Яны робяць сваю працу, каб сітуацыя ў Беларусі палепшылася. Менавіта ад журналістаў залежыць многае ў краіне.

— Барацьба з фрылансерамі ў Беларусі — гэта барацьба пераважна супраць тэлеканала “Белсат”, — сказала напрыканцы дыскусія журналістка Любоў Лунёва. — Апошнія гады мы маем узмацненне пераследу, бо відавочна, што сітуацыя ў краіне накаляецца. І белсатаўцы церпяць менавіта за сюжэты з вулічных акцый, за сюжэты, дзе гучаць меркаванні простых людзей з вуліцы. Яшчэ некалькі гадоў таму мы назіралі з’яву, калі людзі баяліся нават разважаць пра палітыку на камеру. А сёння людзі самі часам гавораць такія рэчы пра Лукашэнку, што пасля мы думаем, ці пускаць гэта ў эфір.

Атмасфера ў грамадстве відавочна мяняецца. І ціск на “Белсат” — гэта вынік сур’ёзнай канкурэнцыі з дзяржаўным тэлебачаннем. Магчыма, на белсаце няма зорак і прафесіяналаў тэлебачання, але з кожным днём “Белсат” становіцца ўсё болей і болей уплывовым у грамадстве. За гэта і церпяць журналісты.

Як абараніць ад пераследу? Нам мой погляд, нам неабходна распрацаваць сістэму абароны, каб у кожнага журналіста быў свой адвакат.

Што ж тычыцца міжнароднага адвакатавання, то сёння важна ў сувязі з запрашэннем Аляксандра Лукашэнкі да дыялогу ў межах саміта Усходняга партнёрства ў Брусэлі казаць на ўсіх пляцоўках пра пераслед журналістаў у Беларусі.

Фота Таццяны Ткачовай