1022

Лунінецкая раёнка пра бязвінных ахвяр “дэспатызму” і фрыланс

21.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Па выніках судовага працэсу ў Лунінцы над Яўгенам Скрабцом, якога аштрафавалі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, выйшла публікацыя ў мясцовай дзяржаўнай газеце.

Рэдактарка “Лунінецкіх навін” сваю прысутнасць на судовым працэсе патлумачыла тым, што “ў інтэрнэце так гучна была “разрэкламавана” кампанія “ціску” на незалежныя СМІ, а на розных сайтах не адзін раз упамінаўся Лунінец, у якім “будуць судзіць журналіста”, што інфармацыя не магла не зацікавіць”.

Спадарыня Таццяна Вайцяхоўская прыйшла да высновы, што “ўкідвальнікі” разлічвалі, што судовая зала будзе перапоўнена спачуваючымі бязвінным ахвярам “дэспатызму”. Пралічыліся, жаданага рэзанансу не атрымалася», — піша яна.

Рэмарка: пра суд у Лунінцы паведамлялі сайт ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і партал “Медиа-Полесье”. Гэта былі нататкі пра факт, які павінен адбыцца, а ніякім чынам не заклік да спачуваючых прыходзіць і падтрымліваць, як выказалася рэдактарка, бязвінных ахвяр “дэспатызму”.

Далей яна гаворыць, што матэрыял быў змешчаны на сайце аднаго з электронных сродкаў масавай інфармацыі, якое знаходзіцца ў Польшчы. Гэта самае СМІ (“Радыё Рацыя”. – Аўт.) не называе, мабыць, баіцца, што нехта зазірне і пачытае.

“Падрыхтаваў матэрыял брэстаўчанін, нейкі Яўген Скрабец, які свой род дзейнасці абазначае навамодным словам фрыланс”, — піша рэдактарка і дае тлумачэнне фрылансу для простага чытача: “Афіцыйна чалавек застаецца нідзе не працуючым, але падзарабляе, так бы мовіць, пазаштатным супрацоўнікам, выконваючы той ці іншы аб'ём работы, нярэдка — з дапамогай інтэрнэта”.

Кульмінацыя публікацыі — Скрабец хацеў “пацягнуць” час, але выйсці сухім з вады не атрымалася. Між радкоў чытаецца, што справядлівасць вельмі парадавала рэдактара дзяржаўнай газеты.

“Мяне здзіўляе, калі са старонак дзяржаўнай прэсы гучыць несхаваная радасць ад таго, што іх калег штрафуць ці затрымліваюць, — кажа старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец. — Верагодна, аўтары падобных артыкулаў адчуваюць сябе хутчэй дзяржслужбоўцамі, чым журналістамі”.

“Што тычыцца менавіта гэтага выпадку. Гаворка ідзе пра ажыццяўленне свабоды выказвання і права на распаўсюд інфармацыі, якія наўпрост прадугледжаныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, частка другая артыкула 22.9 КаАП, па якой быў прыцягнуты да адказнасці Яўген Скрабец, не прадугледжвае пакарання менавіта за дзейнасць без акрэдытацыі. Штрафы па гэтым артыкуле, якія ўжо некалькі гадоў актыўна выкарыстоўваюцца супраць фрылансераў, ёсць вынікам адвольнага тлумачэння закона з боку міліцыі і судоў. Бо адказнасць у ім прадугледжваецца за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, — а гэтую прадукцыю вырабляе і распаўсюджвае не журналіст, а рэдакцыя СМІ. І Яўген меў рацыю, калі казаў пра гэта ў судзе.

Трэба мець на ўвазе, што ва ўсім свеце значная частка журналістаў працуе ў рэжыме “фрыланс”, г. зн. па-за штатам. У некаторых еўрапейскіх краінах колькасць фрылансераў дасягае 60-70 адсоткаў ад агульнай колькасці журналістаў. І ніхто не патрабуе ад іх акрэдытацыі за распаўсюд інфармацыі пра іх родную краіну. У Беларусі такая акрэдытацыя, згодна Закону аб СМІ, патрабуецца толькі для штатных супрацоўнікаў замежных медыяў, што недвухсэнсоўна прапісана ў пункце 7 арт. 1 Закона аб СМІ.

Але ж — штрафуюць. Найбольш дзіўна выглядае, калі ад імя дзяржавы штрафуюць за станоўчыя матэрыялы пра гэту самую дзяржаву".

"І яшчэ на адно я хачу звярнуць увагу. Старшыня суда пракаментаваў судовае рашэнне, якое яшчэ не ўступіла ў законную сілу. Лічу гэта недапушчальным, як і размяшчэнне гэтага каментара ў СМІ, — кажа Андрэй Бастунец. — Спадзяюся, што ў выпадку, калі гэтая судовая пастанова будзе адмененая — а, на мой погляд, існуе  сур’ёзная верагоднасць гэтага, — “Лунінецкія навіны” не забудуць пра гэта таксама напісаць”.