603

Легендарны вядучы БТ Алесь Круглякоў эміграваў у ЗША: З малым сынам размаўляю па-беларуску ФОТА

12.08.2019 Крыніца: Наталля Тур, фота Надзеі Бужан, Nn.by

20 гадоў таму інтэлігентны і абаяльны Алесь Круглякоў быў адным з самых папулярных вядучых на тагачасным тэлебачанні: ён будзіў усю краіну ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», раздаваў прызы у гульні «Пяць зорак» і чытаў навіны ў АТН. Дзякуючы Круглякову «Еўрабачанне» загучала на беларускай мове.

Зараз Алесю 47 гадоў. Апошнія 4 з іх ён жыве ў ЗША, дзе працягвае працаваць на тэлебачанні. 

«Нашай Ніве» пашчасціла заспець Алеся ў Мінску, куды ён прыехаў на кароткі адпачынак. Пра тое, чым зараз жыве фігурант спісу сэкс-сімвалаў Беларусі 90-х, у гутарцы з Алесем Кругляковым.

Пра сэкс-сімвал — гэта не жарт. Быў такі топ-50 самых папулярных мужчын Беларусі, які ў 1997 апублікавала газета «Знамя юности».

«Ой, ну смешна. Які я быў сэкс-сімвал? У той рэйтынг уключалі ўсіх, хто так ці інакш свяціўся па тэлебачанні. Тады сэкс-сімваламі лічылі і Пазняка, і Саладуху, і Лукашэнку», — кажа Алесь Круглякоў.

У «Фэйсбуку», дарэчы, ён не Алесь, а Аляксандр — як у пашпарце.

«Алесем я стаў напрыканцы 80-х, калі пачаў друкавацца ў СМІ. Часам прыходзілася наогул шыфравацца — палітычныя коміксы для газеты «Навіны БНФ» і матэрыялы для радыё «Свабода» я падпісваў прозвішчам прадзеда — Алесь Пятрыцкі. З таго часу Алесем і застаўся. Затое зараз вельмі проста вызначаць, адкуль чалавек мяне ведае: калі звяртаецца як да Алеся — значыць, памятае па працы на тэлебачанні. Дарэчы, калі ў Амерыцы прыйшоў на канал «Настоящее время», там працавала пяць Аляксандраў. Таму я, каб не блыталі, вырашыў вярнуцца да беларускага псеўданіму. Пасля, праўда, у рэдакцыю прыйшла дзяўчына з Украіны Леся, і цяпер я зноў падскокваю, калі нехта да яе звяртаецца», — усміхаецца Алесь Круглякоў.

Амерыканскае тэлебачанне як беларускае да 1994 года

Сумесны праект радыё «Свабода» і «Голаса Амерыкі» — тэлеканал «Настоящее время» — выходзіць на рускай мове. Яго можна пабачыць у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Вяшчанне таксама вядзецца праз спадарожнік, а ў суседніх з Беларуссю краінах праграму рэтранслююць мясцовыя кабельныя каналы.

«Праз колькі год я, нарэшце, вярнуўся да журналісцкай працы: пішу і рэдагую сцэнарыі, вяду эфіры, здымаю спецпраекты, - кажа Круглякоў. — Апошнім з іх стаў дакументальны фільм, прысвечаны 50-годдзю высадкі экіпажа «Апалона-11» на Месяц. У мінулым годзе мы запусцілі штотыднёвую праграму «Дэталі», у якой распавядаецца пра навуку, тэхналогіі, асваенне космасу і іншыя займальныя рэчы».

На думку Алеся, праца на амерыканскім дзяржаўным тэлебачанні — а «Голас Амерыкі» з’яўляецца пэўна адзіным у ЗША каналам, які фінансуецца дзяржавай, — адрозніваецца ад беларускіх дзяржаўных СМІ перш за ўсё тым, што ўрад не дыктуе каналу, што і як трэба казаць. Журналістам не трэба пад кагосьці прагінацца, іх не вымушаюць хваліць прэзідэнта ці крытыкаваць ягоных апанентаў. Прынцыпы незалежнасці рэдакцыйнай палітыкі і збалансаванай падачы інфармацыі закладзеныя ў хартыі гэтай арганізацыі, якая існуе ўжо больш за 75 гадоў.

«Нешта падобнае існавала на беларускім тэлебачанні на пачатку 90-х. Тады было адчуванне, што краіна канчаткова пазбавілася ад цэнзуры і ідэалагічнага кантролю. Нават калі стваралі АТН (Агенцтва тэлевізійных навінаў), арыентаваліся на лепшыя ўзоры новых незалежных каналаў, ездзілі пераймаць вопыт у Астанкіна. З тых часоў шмат чаго памянялася — як у Мінску, так і ў Маскве. Калі пачалі закручваць гайкі, з АТН у першы ж год сышла хіба не палова тых, хто яго пачынаў. Тыя ж, хто змог прыладзіцца пад «лінію партыі», паспяхова працуюць там і дагэтуль.

Некаторыя беларускія СМІ чытаю, каб выпрацаваць у сябе цярпімасць і загартаваць нервы

Расказваючы пра свой сыход з БТ, Алесь мае на ўвазе звальненне па ўласным жаданні ў 1997 годзе. На той момант ён адпрацаваў у штаце адзінага беларускага канала 7 гадоў. Тым не менш, многія праекты, дзякуючы якім мы помнім Алеся Круглякова, з’явіліся ўжо пазней, калі ён супрацоўнічаў з БТ як запрошаны аўтар. Асноўным жа месцам ягонай працы ў той час была амбасада ЗША, у якой ён адказваў за сувязі з прэсай.

«Тады, дарэчы, пачаў гуляць у латарэю «Green Card». Гэта для мяне было нешта накшталт «Спортлато» — раз у год трэба было са спартыўнага інтарэсу адправіць заяўку. У выніку гадоў праз дзесяць нарэшце пашанцавала, пасля чаго я яшчэ пэўны час разважаў, што мне з гэтым шчасцем рабіць.

Па Беларусі ўсё адно сумую, таму і ў адпачынак прыязджаю сюды. Таксама час ад часу да мяне часта звяртаюцца беларускія выданні па які-небудзь каментар. Ды і сам стараюся сачыць за мясцовымі навінамі. Прынцыпова падпісаўся на некаторыя выданні кшталту «СБ Беларусь», БелТА, тое ж БТ. Для балансу. Чытаю тое, з чым нават не пагаджаюся. Так я выхоўваю ў сябе цярпімасць, загартоўваю нервы», — кажа Алесь Круглякоў.

Мала хто ведае, але Алесь Круглякоў і прыдумаў назву для службы навінаў — Агенцтва тэлевізійных навін.

«Гэтую абрэвіятуру доўга не хацелі наогул прымаць, а вось як атрымалася, што яна існуе і сёння. Ды не толькі АТН, шмат чаго давялося пачынаць на БТ. Гульні «Оскар», «Пяць зорак», праграмы «Добрай раніцы, Беларусь», тое самае «Еўрабачанне». А пасля абставіны склаліся так, што не толькі не мог з’яўляцца на экране, але нават трапіць на тэлецэнтр без спецыяльнага дазволу зверху», — кажа Алесь.

Сёння на ютубе можна знайсці фрагменты тых перадач, якія вёў юны Алесь Круглякоў.

Фрагмент гульні «Оскар». А вы пазналі ў юнаку ў шэрых трусах спевака і тэлевядучага Георгія Калдуна?

Пагрозы, што адхіляць ад працы, успрымаліся з задорам і азартам

На тэлебачанне Алесь прыйшоў 18-гадовым юнаком, яшчэ студэнтам журфака.

«Гэта ж быў перыяд перабудовы. На расійскім тэлебачанні ішла праграма «Взгляд», у нас быў «Крок». І калі ў «Взгляд» было трапіць складана, то «Крок» быў пад бокамі, да таго ж там раз-пораз аб’яўлялі кастынг вядучых. Нам жа, студэнтам, тады хацелася ўсё памяняць і зрабіць свет лепшым. Тады мы ўсе ў нейкай ступені былі змагарамі, не баяліся нічога. Збегчы з лекцыі на плошчу, дзе мітынгавалі тысячы чалавек, было прынцыпова. І я збягаў, насіў тады бел-чырвона-белы значок, які захоўваецца ў мяне і зараз. Гэта быў час, калі ніхто нічога не мог зрабіць супраць праўдзівай журналістыкі, хаця пагражалі не раз. Памятаю, мы паехалі ў 1991 годзе ў Вільню здымаць журналістаў, якіх выкінулі з тэлецэнтра, калі яго прыйшлі штурмаваць савецкія войскі. Нас тады папярэджвалі, што за такія сюжэты нас адхіляць ад эфіра. Але ніхто не спужаўся, нікога гэта не спыніла, усе ехалі з азартам і з задорам выконваць сваю працу. Такой павінна быць сапраўдная журналістыка», — кажа Алесь Круглякоў.

Шукаў сваю хвалю восем гадоў

Алесь Круглякоў калісьці ў адным са сваіх інтэрв’ю выказаў думку, што людзі падобныя на радыёпрымачы. Калі хочаш наладзіцца на сваю хвалю, табе давядзецца прайсці праз шыпенне, трэск, іншыя хвалі. На тваёй хвалі табе нічога не будзе замінаць і раздражняць. Ты слухаеш музыку, і табе прыемна яе чуць. Калі робіш нейкі допуск тыпу: гэтая песня не вельмі, але перамыкацца не буду, можа, наступная будзе лепшай, — нічога добрага не выйдзе. Так і з асабістым жыццём.

Сваю хвалю, прызнаецца Алесь, ён знайшоў з другога разу.

«Першы раз ажаніўся ў 27 гадоў. Тады так атрымалася, што ажаніліся ўсе мае сябры. І я вырашыў: час таксама. Шлюб праіснаваў менш за год, аказалася, не час. А са сваёй цяперашняй жонкай я пазнаёміўся яшчэ ў 2004 годзе, але пасля восем гадоў слухаў іншыя мелодыі на розных хвалях, пакуль зразумеў, што яна тая самая», — дзеліцца Алесь.

Сёння ён смела называе сябе абсалютна шчаслівым чалавекам.

«А калі знаходжуся ў Беларусі, то шчаслівы ўдвая. Тут у мяне не толькі бацькі, сваякі, але і кампанія сяброў, якой вельмі не хапае ў Штатах. Гэта кампанія аднадумцаў, сапраўдных сяброў, з якімі мы сплаўляліся на байдарках па рэках і азёрах, хадзілі ў паходы. За акіянам пакуль такой не знайшоў», — расказвае Алесь Круглякоў.

Сыну Алеся, Яну-Тэадору Круглякову, цяпер годзік і пяць месяцаў.

«Дома з сынам размаўляю па-руску і па-беларуску. Думаю, што галоўная барацьба за трохмоўе ў нас наперадзе. Канечне, дзіця павінна валодаць свабодна дзвюма альбо трыма мовамі, за гэта ён пасля скажа дзякуй. Дома чытаю сыну беларускія казкі. І сам быў нечакана здзіўлены тым, якія яны ў нас жудасныя: там усіх дзяруць, б’юць, забіваюць. Страшней, чым па National Geographic.

А кожны вечар сын засынае пад калыханку Бураўкіна «Пакрысе на расе патухаюць зоркі-сплюшкі», — кажа Алесь.

Цёплыя ўспаміны пра беларускую калыханку, расказвае Алесь Круглякоў, у яго засталіся яшчэ з часоў працы на тэлебачанні.

«Студыя «Калыханкі» знаходзілася побач з намі, таму мы часта сядзелі з Сашам Купрыянавым і яго Пацам-Вацам. Так, прызнаюся: я мацаў Пацу-Вацу. Я быў фанатам амерыканскага шоу «Мапет», і Паца-Ваца быў для мяне нашым жабянём Кермітам, я запрашаў Купрыянава да сябе ў «Пяць зорак», жартавалі з ім і ягоным Пацам-Вацам. А пасля Пацу-Вацу зрабілі камп’ютарным. І мне стала нецікава. І Дзеда Барадзеда з «Калыханкі» памятаю добра, ён быў паралонавы, большы за Пацу-Вацу, страшэнны. Я тады нават пабаяўся яго чапаць», — кажа Алесь.

У Беларусь Алесь прыляцеў з жонкай і сынам. Расказвае, што за час адпачынку паспявае сустрэцца з сябрамі і ад’есціся мамінымі стравамі:

«У мяне жонка — страшны фанат дыеты, у Амерыцы не дазваляе есці тыя ж бургеры, а тут, на мамінай ежы, я адчуваю, як набіраю лішнія кілаграмы. Пакуль у Беларусі, паспеў сустрэцца з аднакласнікамі, у нас у гэтым годзе 30 год заканчэння школы. Цікава, што ў адной з аднакласніц ўнучцы ўжо тры гады, то бок яна ўдвая старэйшая за майго сына. Так што ўсё адносна ў гэтым свеце», — адказвае Алесь Круглякоў.