1756 0

Леанід Судаленка: “Журналісты і праваабаронцы – заўжды на перадавой”

01.03.2016 Крыніца: Мікола Бянько для www.baj.by

143 тысячы згадак прозвішча ў пошукавіку Google. Больш за 30 выйграных справаў у Камітэце ААН па правах чалавека. Бацька чатырох сыноў. Гэта факты пра гомельскага праваабаронцу і сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Леаніда Судаленку.

Працоўнае месца многае можа распавесці пра чалавека. На стале Леаніда Судаленкі — акуратна раскладзеныя і пранумараваныя тэчкі са справамі людзей, якія спрабуюць змагацца за свае правы з дапамогай праваабаронцы. На сценах развешаныя фотаздымкі сям'і. Выява салдата ў вайсковай форме — гэта адзін з сыноў Судаленкі, які цяпер праходзіць службу. На чорна-белым рэтра-здымку — родны дзед. А яшчэ — мноства граматаў, плакаты міжнародных канферэнцый, пасведчанні і фотаздымкі з акцый апазіцыі.

Каштоўнасці чалавека навідавоку: сям'я і грамадская дзейнасць.

У мінулым Леанід Судаленка паспеў папрацаваць рабочым на дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1990-я займаўся бізнесам. У пачатку 2000-х быў на даволі высокай пасадзе ў прадпрыемстве «Белтрансгаз». Але ўсё яго жыццё змяніла праваабарончая дзейнасць. «З пазіцыі сённяшняга дня я б ніколі, нават калі б мне прапанавалі высокі заробак, не вярнуўся ў бізнес. Не маё гэта», — так кажа герой артыкула пра ранейшыя месцы працы, хоць пра тыя старонкі сваёй біяграфіі не шкадуе.

Леанід Судаленка нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і ў вёсцы Хракавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Дарэчы, гэтая вёска знаходзіцца на самай мяжы 30-кіламетровай зоны адчужэння. Паводле Леаніда, іх гароды акурат выходзілі на зону, а вёска лічылася ўжо чыстай. 

Спадар Судаленка выдатна валодае беларускай мовай: “Аднойчы падчас нейкага семінара ў Кіеве я пазнаёміўся з Жаннай Мікалаеўнай Літвіной. Яна тады пра мяне сказала, што гомельскаму БАЖу пашэнціла – у яго з'явіўся юрыст, які файна гаворыць на роднай мове. Чамусьці мне гэтае жартаўлівае выказванне запомнілася. Для мяне беларуская мова — натуральная, бо ў маёй школе ў савецкі час усе прадметы, у тым ліку і матэматыка з фізікай, выкладаліся па-беларуску”.

На юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Леанід Судаленка паступіў пасля вайсковай службы ў ГДР. Стаць студэнтам ВНУ ён вырашыў, займаючыся бізнесам. “Мне падалося, што я змагу большага дасягнуць у сваёй дзейнасці.

Калі шчыра – хацелася, як простаму сялянскаму хлопцу, нечага дабіцца. А юрыдычная адукацыя — якраз тая магчымасць, якая дазваляе і самарэалізоўвацца, і дапамагаць людзям".

Жыццё паспяховага юрыста кампаніі “Белтрансгаз” кардынальна змянілася пасля ўдзелу ў выбарчай кампаніі апазіцыйнага кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 года. “Мне тады кіраўніцтва адразу заявіла, каб я сышоў па ўласным жаданні. А калі я адмовіўся, кантракту са мной не працягнулі”, — згадвае Леанід Судаленка.

У ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Леанід Судаленка апынуўся на пачатку 2000-х гадоў па запрашэнні кіраўніка абласной філіі Анатоля Гатоўчыца.

Тады юрысту таксама даводзілася часта бараніць журналістаў у судах. “Заканадаўства, як гэта ні абсурдна гучыць сёння, у тыя часы было больш дэмакратычным. Мне як прадстаўніку ГА "БАЖ" дазвалялася ўдзельнічаць на баку журналістаў у судовых справах, асабліва адміністрацыйных. Шмат разоў даводзілася суправаджаць Ірыну Макавецкую, якую ўвесь час пераследавалі мясцовыя чыноўнікі”.

Потым у Ірыны Макавецкай узніклі сур'ёзныя праблемы пасля публікацыі матэрыяла пра асаблівасці напісання і абароны кандыдацкай дысертацыі тагачасным прэм'ерам Сяргеем Сідорскім. Журналістцы ў звязку з выхадам гэтага артыкула пагражалі, тэлефанавалі па начах нейкія асобы. Леанід Судаленка ўзгадвае: “Мы тады дапамагалі ёй пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі. Урэшце праваахоўнікі знайшлі гэтага зламысніка, які тэлефанаваў па начах. Ім аказаўся супрацоўнік дзяржаўнай тэлевізіі. Хто яму даручыў цкаваць журналістку – ужо іншае пытанне”.

У журналістаў на пачатку 2000-х гадоў было шмат праблем, але яны, як падкрэслівае Леанід Судаленка, былі “самадзейнасцю” на месцах і не мелі сістэмнага характару. У Ірыны Макавецкай, да прыкладу, былі праблемы з тым, каб патрапіць на адкрытыя судовыя пасяджэнні. “Аднойчы яе нават вывелі з будынка суда ў кайданках, таму што яна дабівалася прысутнасці на нейкім адкрытым судовым працэсе, які меў грамадскі рэзананс. Суддзя паскардзілася старшыню, а старшыня выклікаў міліцыю”, — узгадвае Леанід.

У свой час спадар Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу Уладзіміру Вербавікову — рэдактару адзінай у Гомелі незалежнай газеты.

— Выдаўцам незалежных выданняў – такім, як напрыклад, нябожчыку Уладзіміру Вербавікову – усяляк устаўляліся палкі ў колы. Спачатку мы дабіваліся распаўсюду ягоных газет праз шапікі “Белсаюздруку”, потым змагаліся за выпуск у мясцовых друкарнях. Калі не атрымалася друкаваць выданні ў Беларусі, пачалі вазіць газеты са Смаленска. Але і падчас дастаўкі газет пастаянна ўзнікалі праблемы з міліцыянтамі.

Хаця журналістаў у той перыяд пераследавалі даволі жорстка, параўноўваць тыя праблемы з цяперашнімі ўмовамі працы даволі складана.

— Падзеі вакол незалежных журналістаў, якія робяць рэпартажы на сацыяльныя тэмы з малых мястэчак, вёсак і райцэнтраў, выклікаюць як мінімум абурэнне. Яны пішуць артыкулы і здымаюць сюжэты пра рэальнае становішча, пра сапраўднае жыццё людзей. А іх за гэта караюць!

Ніхто ж не кажа, што, напрыклад, сюжэт таго ці іншага журналіста — гэта фальшыўка. Чыноўнікі ўвесь час цвердзяць: "Нельга, нельга, нельга...". Заканадаўства інтэрпрэтуецца такім чынам, што наогул перакрэсліваецца права на выказванне свайго меркавання, на збор і распаўсюд інфармацыі.

Леанід Судаленка прысутнічае амаль на ўсіх судах над незалежнымі журналістамі Гомельшчыны. Апошнім часам пераслед у асноўным датычыць фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

— Узгадаем суд над Наталляй Крывашэй, калі суддзя Цэнтральнага раённага суда дала ёй штраф у 500 долараў. Да абвалу рубля гэта быў, як казаў кіраўнік дзяржавы, сярэдні заробак па краіне. Уявіце, каб у якой-небудзь Нямеччыне журналісту далі штраф у памеры сярэдняга заробку за “незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі”! На наступны дзень усе вуліцы і плошчы былі б запоўненыя прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці. А ў нас абаронай журналістаў займаецца толькі БАЖ. Я як юрыст скажу, што, калі абмяжоўваюцца правы грамадзян, дзяржава мусіць тлумачыць кожны раз –дзеля чаго. У артыкуле 23 Канстытуцыі ёсць вычарпальны спіс прычын для абмежавання правоў: інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці і здароўя насельніцтва, правы і свабоды іншых асобаў і г. д. І кожны раз на дзяржаве ляжыць абавязак тлумачыць падставы абмежавання правоў, а не проста караць за тое, што Кастусь Жукоўскі ці Ларыса Шчыракова “размясцілі” відэа на “Белсаце”.

Увогуле ў дэмакратычным грамадстве права на свабоднае выказванне меркавання праваабаронца Леанід Судаленка лічыць базавым. А што да аўтарытарных рэжымаў, то свабода слова таксама грае выключную ролю.

"Калі не называць рэчы сваімі імёнамі, тады да чаго прыйдзе наша грамадства? Людзі спачатку перастануць абмяркоўваць палітыку ў публічных месцах, а потым нават на кухнях будуць баяцца раскрыць рот!", — падсумоўвае суразмоўца.

Спадар Судаленка часта прысутнічае на ўплывовых міжнародных праваабарончых форумах. Паводле яго словаў, пераслед журналістаў — гэта адна з асноўных тэмаў, якую ўздымаюць праваабаронцы з многіх рэгіёнаў свету. “Ёсць шмат краін, дзе журналістаў забіваюць, трымаюць у турмах, катуюць. Я б сказаў, што журналісты і праваабаронцы знаходзяцца заўжды на перадавой, калі казаць ваеннымі тэрмінамі. Канешне, калі аўтарытарная дзяржава карае грамадзян за актыўную пазіцыю, то прадстаўнікі журналісцкага цэху трапляюць пад удар аднымі з першых”, — заўважае Леанід Судаленка.

Паводле Леаніда Судаленкі, юрысты ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" збіраюцца даволі часта, каб абмеркаваць справы і агульную стратэгію паводзін. Абарона журналістаў ад ціску — тэма актуальная цяпер. Але пасля дэмакратычных пераўтварэнняў, на думку суразмоўцы, усё роўна будзе існаваць патрэба ў юрыдычнай падтрымцы. 

— Мы можам правесці паралелі з Украінай, дзе пасля Рэвалюцыі Годнасці прыйшоў да ўлады дэмакратычны ўрад. Я не даю ацэнак цяперашнім паводзінам прадстаўнікоў украінскай эліты. Але праблем ва ўкраінскіх журналістаў не паменела. Я перакананы, што ў будучым ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" будзе існаваць, паколькі гэта вельмі моцная структура. А юрыдычная служба БАЖ ніколі без працы не застанецца ані ў сталіцы, ані ў рэгіёнах.

Практычна ўвесь працоўны час Леаніда Судаленкі займае напісанне скаргаў і заяваў. Ён кансультуе журналістаў падчас судовых пасяджэнняў, суправаджае іх на допытах у пракуратуры. З-за гэтага ў яго практычна не застаецца магчымасці займацца напісаннем журналісцкіх тэкстаў, але раз-пораз на незалежных сайтах з'яўляюцца яго публікацыі на праваабарончую тэматыку.

У канцы размовы Леанід Судаленка згадвае свайго бацьку, якога таксама звалі Леанідам. У яго ён навучыўся крытычна ставіцца да ўлады і спадзявацца толькі на сябе.

— Яшчэ да Перабудовы, калі СССР кіраваў генеральны сакратар Брэжнеў, мой бацька неяк сказаў, што ў партыі ёсць камуністы і члены. Маўляў, члены плацяць унёскі, а камуністы за гэтыя ўнёскі жывуць. Ён вельмі востра крытыкаваў камуністаў за несправядлівасць і хлусню. Час паказаў, што ён меў рацыю.