1696

Крымінальны пераслед журналістаў за паклёп на ўладу і яе знявагу – хто сядзеў, хто плаціў

24.08.2012 Крыніца: Сабіна Брыло для www.baj.by Сюжэт: Дыфамацыя

Крымінальная справа, узбуджаная днямі супраць журналіста Мікалая Петрушэнкі “за знявагу прадстаўніка ўлады” – далёка не першы ў найноўшай беларускай гісторыі інцыдэнт такога кшталту. Ніжэй коратка ўзгадаем іншыя выпадкі крымінальнага пераследу журналістаў, зафіксаваныя службай маніторынгу БАЖ* цягам апошніх дзесяці год.

Першыя справы па артыкулах 367-368 КК, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і знявагу прэзідэнта краіны, былі ўзбуджаныя ў 2002 годзе, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Галоўны рэдактар газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч і яе карэспандэнт Павел Мажэйка атрымалі адпаведна 2 і 1,5 гады абмежавання волі за артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, бо нумар газеты быў арыштаваны яшчэ ў друкарні падчас вытворчасці. “Пагоню” закрылі; журналісты адбывалі пакаранне ва ўстановах адкрытага тыпу --“на хіміі”. Паводле закона “Аб амністыі” тэрмін абодвум быў скарочаны на год.

У гэты ж час вінаватым у паклёпе і знявазе прэзідэнта (праз перадрукоўку артыкула з інтэрнэту і калаж) быў прызнаны рэдактар газеты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Вырак  – два гады абмежавання волі. Праз год Івашкевіч таксама вызваліўся па амністыі.

У наступным, 2003-м, годзе за крытыку мясцовых уладаў пацярпеў галоўны рэдактар газеты “Вечерний Столин” Аляксандр Ігнацюк. Суд прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК). Найвышэйшая санкцыя па гэтым артыкуле - да трох гадоў абмежавання волі. Ігнацюку прысудзілі штраф у памеры 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў.

Самай гучнай у звязку з публічнай абразай прэзідэнта ў 2004 годзе стала справа прадпрымальнікаў В.Леванеўскага і А.Васільева: за фразу, надрукаваную ва ўлётцы, абодва атрымалі па два гады пазбаўлення волі. (Гэты выпадак і шэраг іншых не тычацца наўпрост журналістыкі – таму пакінем іх пакуль па-за ўвагай.) Калі ж казаць аб інцыдэнтах, звязаных менавіта з журналістамі ды СМІ, то ў 2005-м да крымінальнай адказнасці быў прыцягнуты рэдактар газеты “Борисовские новости” Анатоль Букас, прызнаны вінаватым у паклёпе на рэдактара мясцовай дзяржаўнай газеты. Букасу прысудзілі выплаціць 40 базавых велічыняў штрафу, а таксама тры мільёны рублёў на карысць пакрыўджаную рэдактарку – у якасці кампенсацыі яе маральных страт.

У 2006-м годзе, ізноў пасля электаральнай кампаніі, за свае публікацыі атрымалі афіцыйныя папярэджанні ад пракуратуры журналістка Ірына Халіп і палітык Андрэй Клімаў. У красавіку 2007-га Клімаў быў арыштаваны, а ў верасні - асуджаны. За артыкулы, апублікаваныя  ў Інтэрнэце, ён атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Клімаў датэрмінова выйшаў з турмы ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам аб памілаванні.

Таксама ў 2007 годзе па факце знявагі дырэктара мясцовага прадпрыемства была ўзбуджана крымінальная справа супраць выдаўца і рэдактара незарэгістраванай маланакладнай газеты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака. Яна была спыненая ў судзе з прычыны замірэння бакоў; Шчарбак папрасіў у пацярпелага прабачэння і абавязаўся сплаціць яму 500 тысяч рублёў маральнай шкоды.

У вядомай справе аб паклёпе на генерала КДБ І.Каржа (2010 год) журналісткі Марына Коктыш, Святлана Калінкіна, Ірына Халіп і Наталля Радзіна праходзілі як сведкі. Але, хоць журналістак тут і не вінавацілі ў паклёпе ці абразах, падчас свайго “ўдзелу ў справе” яны перажылі розныя формы ціску: допыты, ператрусы, выняцце тэхнікі і абсталявання… Наталля Радзіна была збітая міліцыянтам.

Па сёння доўжыцца і пакуль невядома, чым скончыцца крымінальны пераслед гарадзенскага журналіста, карэспандэнта польскай “Газеты выборчай” Андрэя Пачобута. У красавіку 2011-га ён атрымаў абвінавачванне па артыкуле “знявага Прэзідэнта РБ” і паведамленне пра ўзбуджэнне справы за паклёп на прэзідэнта. Некалькі месяцаў Пачобут адсядзеў у ізалятары, адкуль быў вызвалены пасля абвяшчэння прысуду: тры гады пазбаўлення волі з двухгадовай адтэрміноўкай. Але два месяцы таму, 21 чэрвеня, Андрэя Пачобута зноў арыштавалі. Супраць яго заведзена новая крымінальная справа. Пачобута вінавацяць паводле артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта РБ ў публічным выступе альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо знявагу». Па гэтым артыкуле журналісту пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, што крымінальная адказнасць за паклёп і абразу прадугледжваецца шасцю артыкуламі КК Рэспублікі Беларусь: арт. 188 (“Паклёп”), 189 (“Абраза”), 367 (“Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 (“Абраза прадстаўніка ўлады”), 391 (“Абраза суддзі ці засядальніка”). Тры з гэтых артыкулаў – 367, 368 і 369 – вызначаюць павышаную адказнасць за паклёп і абразу. Найвышэйшая санкцыя па арт.367 – пяць гадоў, па арт.368 – тры гады пазбаўлення волі. За публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў па арт.369 можна атрымаць да трох гадоў абмежавання волі.