645 0

Крыху свежай статыстыкі Байнэта і сацыяльных сетак

17.10.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

У Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзіць курс “Сацыяльныя сеткі і месэнджары — платформа для СМІ”. На лекцыі трэнеры Паўлюк Быкоўскі і Міхал Дарашэвіч агучылі некалькі фактаў пра байнэт, што могуць на першы погляд падацца нечаканымі.

Па звестках на канец лета 2017 года каля 5 мільёнаў беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам.

Паводле даследавання GemiusAudience, 40% інтэрнэт-карыстальнікаў жывуць у Беларусі па-за сталіцай і абласнымі гарадамі. Інтэрнэт-СМІ варта ўлічваць гэту аўдыторыю, яе ўжо амаль палова!

Доўгі час хадзіў жарт пра 4 галоўныя кнопкі байнэту: TUT.BY, MAIL.RU, ONLINER.BY і YANDEX.RU. Цяпер карціна памянялася, беларусы карыстаюцца пераважна пошукам у Google, чвэрць інтэрнэт-карыстальнікаў робіць плацяжы праз онлайн-банкінг.

Самая папулярная сацсетка на тэрыторыі Беларусі — "ВКонтакте". Па дадзеных GemiusAudience на жнівень 2016 г., сайт наведваюць каля 57 % карыстальнікаў байнэту.

За "ВКонтакте" ідзе YouTube з паловай беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Потым – "Одноклассники" (32 %) і Facebook (22 %). Instagram і Twitter ахопліваюць па 9 %.

Міхал Дарашэвіч адзначыў, што даволі скептычна ставіцца да рэйтынгаў. Калі браць пэўны рэгіён, то карціна можа быць зусім іншая. У абласных і буйных раённых гарадах вельмі папулярныя гарадскія форумы, мясцовыя навінныя сайты, якія з’яўляюцца моцнымі канкурэнтамі цэнтральным СМІ. Што да сацсетак, то ў рэгіёнах карыстаюцца пераважна сеткаю "Одноклассники".

Паводле ахопу інтэрнэтам і сацсеткамі Беларусь прыкладна адпавядае сярэдняму міжнароднаму паказчыку: па дакладзе ААН “Global Broadband Progress” ад 18 верасня 2017 г., ў свеце 3,58 мільярды інтэрнэт-карыстальнікаў (насельніцтва планеты — 7,6 млрд). У самай папулярнай сацсетцы — Facebook — зарэгістравана каля 2 мільярдаў чалавек.

"ВКонтакте" з’яўляецца лідарам на постсавецкай прасторы, Instagram абыходзіць іншыя сацсеткі ў рэгіёнах з пераважна непісьменным насельніцтвам: карыстальнікі не ўмеюць чытаць і пісаць, затое ахвотна глядзяць фота і відэа, а паведамленні нагаворваюць у мэсэнджэрах.

Найбольш актыўна пераходзяць па вонкавых спасылках беларускія карыстальнікі Twitter. Калі выданне ставіць за мэту павялічыць трафік на сайт, гэта варта ўлічваць. Twitter наведваюць адмыслова ў пошуку навінаў і, нягледзячы на малую колькасць падпісчыкаў, СМІ можа разлічваць на іх найбольшую ўцягнутасць.

Facebook успрымаецца як пляцоўка для абмеркавання навінаў, якое часта стартуе з прачытання назвы артыкула, без наведвання сайта. Калі СМІ зацікаўлена ў актыўнай адваротнай сувязі з аўдыторыяй, гэта можна выкарыстаць.

"ВКонтакте" і "Одноклассники" — гэта хутчэй забаўляльныя сайты, карыстальнікі якіх не дужа ахвотна пераходзяць па вонкавых спасылках. Да таго ж варта думаць пра кантэнт: у сацсетках ён не мусіць дубляваць сайт. Напрыклад, навіны рэгулярначытае ў інтэрнэце пераважна аўдыторыя ва ўзросце 35+, а сацсеткамі карыстаецца збольшага моладзь і падлеткі.

Толькі 2 – 3 % карыстальнікаў сацсетак ствараюць кантэнт, астатнія выступаюць як спажывальнікі. Таму добрая навіна: у СМІ пакуль не так і шмат канкурэнтаў. Хаця колькасць блогераў расце, і медыя варта задумацца аб стратэгіі захавання і памнажэння сваіх прыхільнікаў. Ці выбудаваць стратэгію супрацоўніцтва з блогерамі ды лідарамі меркаванняў. І найперш добра ўсвядоміць мэты: “весці” аўдыторыю на сайт, працаваць з ёй у сацсетках ці прыняць канцэпцыю шматплатформнасці.

Директор hoster.by: Мы расстроены, что белорусы предпочитают покупать не международные домены

Каментары