318

Краіна, дзе памірае журналістыка. Гэта пра сёньняшнюю Беларусь

04.10.2021 Крыніца: Валянцін Жданко / "Радыё Свабода"

Чытаю апошнія нумары беларускіх дзяржаўных газэт і раз-пораз лаўлю сябе на думцы: недзе я ўсё гэта ўжо чуў, бачыў, чытаў. Такія ж словы і выразы, заклікі і высновы, стылістыка і аргумэнтацыя. Намагаюся ўспомніць. Калісьці, на зыходзе гарбачоўскай перабудовы, рыхтуючы публікацыі на модную тады антысталінскую тэму, давялося перагледзець у бібліятэцы шмат пажаўцелых падшывак савецкіх газэт канца 30-х гадоў. І вось чытаю прэзыдэнцкую газэту 2021 году – а ўражаньне такое, што гартаю тыя старыя падшыўкі.

«СБ. Беларусь сегодня», 30 верасьня 2021 году:

  • «Уже раздающиеся призывы таких мерзавцев, как Цепкало, к терроризму и подрывной деятельности должны не просто осуждаться белорусским обществом, но и караться в соответствии с законом Беларуси по всей строгости. Этих негодяев надо вылавливать по всему миру и судить, а те государства, которые их укрывают и финансируют, привлекать к ответственности в международном трибунале и объявлять их террористическими».

  • «Будем откровенны: в любой стране, если оппозиция берет в руки оружие и стреляет, то ее уничтожают как «класс». Надо понимать: у этих негодяев ничего святого уже не осталось. Время гуманности прошло».

  • «Все информационное поле необходимо зачистить от экстремизма, и все медийные пособники террориста, активно отбеливающие убийцу, должны оказаться в тюрьме».

  • Гэтая публікацыя, як няцяжка здагадацца, зьявілася праз два дні пасьля драматычнай перастрэлкі на вуліцы Якубоўскага ў Менску, калі «сілавікі» ўзломвалі кватэру айцішніка Андрэя Зэльцара.

 

А вось некалькі цытат з газэты «Красная звезда» от 12 чэрвеня 1937-га — артыкул надрукаваны на наступны дзень пасьля таго, як на расстрэл у СССР асудзілі «подлую васьмёрку фашысцкіх лазутчыкаў» — былых сталінскіх маршалаў і генэралаў – Тухачэўскага, Якіра, Убарэвіча, Корка, Эйдэмана, Фельдмана, Прымакова, Путна:

  • «Эти мерзавцы растоптали самое святое, что может быть у гражданина Советского Союза, — торжественную присягу на верность родине, они нагло нарушили воинский долг, они изменили родине, они с ног до головы продались фашизму, они торговали нашей родиной, жизнями миллионов трудящихся».

  • «Фашизм для своей подлой подрывной вредительско-диверсионной и шпионо-террористической работы подбирает все отбросы общества».

  • «Приложим все силы, чтобы до конца ликвидировать последствия подлой изменнической, вредительской работы агента иностранной разведки, шпиона Уборевича. …В наших сердцах пылают ненависть и презрение к заклятым врагам народа, фашистским псам, шпионам и изменникам».

Нават тады, у позьнім СССР, для мяне, юнага выпускніка савецкага журфаку, гэтыя публікацыі выглядалі толькі як архіўныя дакумэнты страшнай эпохі тэрору. Нічога агульнага з журналістыкай 80-х гадоў (яшчэ не зусім свабоднай, але ўжо без жалезных абцугоў партыйнага агітпропу) у гэтых публікацыях не было.

Увогуле, журналістыка эпохі перабудовы — гэта штосьці надзвычайнае. Рэпартэраў і рэдактараў выбіралі ў парлямэнты і саветы розных узроўняў. Па газэты ў кіёскі з раніцы выстройваліся чэргі. Газэтныя публікацыі перадавалі з рук у рукі. Журналісцкае пасьведчаньне было пропускам ледзь не ў любыя чыноўніцкія кабінэты.

Гэтая інэрцыя захоўвалася даволі доўгі час. Прастора свабоды слова пры раньнім Лукашэнку хоць і пастаянна звужалася, а ўсё ж заставаліся нейкія абмежавальныя лініі, маральныя табу. У «Советской Белоруссии» пад кіраўніцтвам Паўла Якубовіча не было заклікаў «зьнішчаць апазыцыю як клясу», а апазыцыйных лідэраў не называлі «мярзотнікамі і нягоднікамі», якіх «трэба вылоўліваць па ўсім сьвеце і судзіць».

І нават яшчэ ў сярэдзіне драматычнага 2020-га, калі на небасхіле ўжо былі відаць сполахі бліскавіцы і чуваць грымоты блізкай палітычнай буры, ад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева можна было пачуць: «Прэса — гэта сьвятое. Журналістаў чапаць нельга». А прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава ці міністар інфармацыі Ігар Луцкі маглі патэлефанаваць рэдактару непрыемнага ім выданьня і запрасіць на размову з нагоды нейкай публікацыі. Размовы былі малапрыемнымі, і ўсё ж гэта быў пошук нейкага ўзаемапрымальнага суіснаваньня.

За апошні год ва ўзаемадзеяньні ўлады і мэдыя адбыліся ашаламляльныя перамены. Цяпер незалежным журналістам і рэдактарам не тэлефануюць — да іх адразу прыходзяць мажныя хлопцы ў «трэніках» і балаклавах. З кувалдай і пілой — на выпадак, калі раптам нехта не наважыцца адчыніць дзьверы добраахвотна.

Яшчэ нядаўна здавалася: такая доля напаткала толькі незалежныя беларускія выданьні і прадстаўніцтвы заходніх СМІ. «Саюзныя» расейскія мэдыя — па-за ўдарам. Расейскія калегі, якія працавалі ў Беларусі, трохі паблажліва, звысоку назіралі за гэтымі пагромамі. Маўляў, нас гэта не датычыць. Але вось разграмілі і пасадзілі сваіх, выціснулі заходніх – дайшла чарга да расейцаў. Што там з карэспандэнтам «Комсомольской правды», які адважыўся даць слова аднаклясьніцы Андрэя Зельцара зь ейнымі станоўчымі ўспамінамі пра яго? Прыйшлі з кувалдай у кватэру? А калі пасьпеў уцячы — знайшлі ў Маскве і ўрэшце завалаклі на Акрэсьціна? І гэта ў дачыненьні да карэспандэнта «Камсамолкі», якую, кажуць, чытае і шануе Пуцін. Рэпрэсіўная машына запушчана, адладжана і патрабуе ўсё новых ахвяраў. Цяпер ужо асабліва не разьбіраючыся: зь Беларусі яны, з Захаду ці з Усходу.

 Спачатку дастаткова маўчаньня, потым спатрэбяцца клятвы

У 1937-м, неўзабаве пасьля таго, як пачалі масава выкрываць здраднікаў і шкоднікаў, а газэты запоўніліся адпаведнымі артыкуламі, адзін зь якіх я працытаваў вышэй, паўсюль пачалі праводзіцца масавыя сходы з патрабаваньнямі расправы зь няўгоднымі. Атмасфэру тых сходаў можна адчуць і сёньня: кінахроніка яе захавала.

Калі глядзіш старыя кінакадры з гэтымі заклікамі, з такімі апантанымі і эмацыйнымі тварамі, не пакідае ўражаньне, што страшныя словы прамаўляюцца зусім шчыра, што гэта не разыграная пастаноўка, не зрэалізаваны сцэнар.

Сёньня ў афіцыйных беларускіх мэдыя набліжэньне той атмасфэры адчуваецца вельмі выразна. Яшчэ няма закліку расстрэльваць усіх да аднаго. Але ўжо навешаныя ярлыкі «нягоднікаў» і «мярзотнікаў» на ўсіх, хто думае інакш. Ужо гучаць патрабаваньні «зьнішчыць апазыцыю як клясу». І адзін ініцыятыўны генэрал ужо выступіў з крэатыўнай прапановай: «Надо, как Путин сказал, «мочить в сортире» всех. За одного – двадцать, сто. Чтобы не было неповадно никому«.

Яшчэ нейкіх паўкрока — і пасыплюцца патрабаваньні «беспощадной расправы с этой шайкой изменников:

— Расстрелять гадин!

— Расстрелять их всех до одного, как бешеных собак!

— Стереть с лица земли фашистскую сволочь!

— Смерть шпионам и предателям!

— Врагам народа житья не дадим!

(цытата з газэты «Красная звезда» от 12 чэрвеня 1937 г.)

 

Тых людзей, якія жылі ў атмасфэры 1937-га году, празь лёс якіх прайшоўся той каток рэпрэсій, сёньня на гэтым сьвеце амаль не засталося. Але як хутка выпаўзьлі страх і нянавісьць з закуткаў падсьвядомасьці, як імгненна ажылі хімэры нецярпімасьці, крыважэрнасьці, зайздрасьці – якіх толькі магчыма заганаў чалавечай прыроды. Як хутка ўнукі сталі падобнымі на сваіх дзядоў і прадзедаў — нібы і не было мінулых васьмідзесяці гадоў. І як хутка ўсё грамадзтва апанаваў страх, які, відавочна, нікуды і не зьнікаў з нашай генэтычнай памяці.

«Я хадзіў па Менску і спрабаваў спытаць у людзей, што яны думаюць пра рэжым, і ніхто не захацеў са мной размаўляць», – са зьдзіўленьнем расказаў Аляксандру Лукашэнку карэспандэнт CNN Мэт’ю Чэнс падчас нядаўняга інтэрвію. А Лукашэнка ў адказ зрабіў выгляд, што не паверыў: «Мэт’ю, вы хлусіце… Вы павінны былі выклікаць людзей на шчырую размову. У вас гэтага не атрымалася. Я пры чым тут?».

І гэта яшчэ толькі пачатак — калі на пытаньне заходняга журналіста пакуль яшчэ можна адхіліць рукой мікрафон і проста моўчкі прысьпешыць крок, каб ня трапіць у кадар. Ужо заўтра можа аказацца, што гэтага мала, што ў адказ на такое пытаньне ты павінен вымучыць на твары шчасьлівую ўсьмешку, падзякаваць мудрай уладзе за шчасьлівае жыцьцё і, зьмяніўшы выраз твару на суворы, запатрабаваць жорстка пакараць «банду подлых нягоднікаў, якія акапаліся ў Літве і Польшчы і хочуць зьнішчыць нашу стабільнасьць». Бо маўчаньня будзе недастаткова, каб заставацца на свабодзе.

 

Хто хоча стаць прапагандыстам?

 

Мне сумна і вусьцішна назіраць, як тая прафесія, пра якую я марыў з маленства, якой аддаў найлепшыя гады свайго жыцьця, хутка і бясслаўна памірае ў мяне на радзіме. Дэвальвацыя працы журналіста і дэградацыя тых СМІ, якім пакуль яшчэ дазволена існаваць, выяўляюцца ня толькі ў тым, якім становіцца ўзровень публікацый. Газэты перастаюць быць газэтамі, а тэлебачаньне — тэлебачаньнем. Другое вялікае пытаньне: хто будзе імкнуцца да такой працы? Той час, калі конкурс на журфак БДУ быў адным з самых высокіх у ВНУ, даходзячы да 5-6 чалавек на месца, застаўся далёка ў мінулым. Я пацікавіўся: што сёньня? Паведамленьне БелТА ад 29 ліпеня 2021 году прасякнута цяжкавытлумачальным аптымізмам:

«Не сдает своих позиций журналистика (печатные СМИ). На 20 бюджетных мест на факультете журналистики БГУ подано 23 заявления».

І яшчэ адна абвестка — пра тое, што чакае выпускніка факультэта журналістыкі БДУ пасьля атрыманьня дыплёма. Вось воранаўская «раёнка» шукае рэдактара праграмы радыёвяшчаньня. Поўная занятасьць. З патрабаваньняў — вышэйшая адукацыя. Заработная плата — 535 рублёў 48 капеек. Абвестка сьвежая, верасьнёўская. Для параўнаньня: заробак прыбіральніцы ў «Эўраопце» — удвая вышэйшы…

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!