НЕ - ВАЙНЕ!
1380

Клікі – не адзіная валюта. Досвед “Die Welt”

19.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Колькі зарабляе шараговы рэдактар нямецкай “Die Welt”? Чаму інтэрнэт-аддзел дыктуе правілы гульні ўсім астатнім? Ці дапускае выданне верагоднасць поўнага сыходу ў online?

“Die Welt” – адзін з асноўных прадуктаў выдавецкага дома “Axel Springer”. “Die Welt” сёння належаць штодзённая аднайменная газета з накладам каля 180 тысяч асобнікаў, нядзельная “Welt am Sonntag” з накладам 500 тысяч, сайт www.welt.de і TV-канал N24 з кругласуткавым вяшчаннем.

Кожнае падраздзяленне мае ўласную рэдакцыю са сваімі аддзеламі, тэлевізійшчыкі нават сядзяць у асобным будынку. Але галоўным лічыцца анлайн-дэпартамент. Так было вырашана два гады таму падчас глабальнай рэструктурызацыі “Die Welt”.

Усе матэрыялы замаўляе анлайн-дэпартамент

– Яшчэ каля двух гадоў таму дэпартамент друкаванай “Die Welt” вырашаў, што трэба газеце, а анлайн-аддзел ужо думаў, як адаптаваць зробленае для інтэрнэту, – кажа Дэніэл Дылан Бёмер (Daniel Dylan Böhmer), рэдактар міжнароднага аддзела “Die Welt” і “Welt am Sonntag”. – Цяпер менавіта анлайн-рэдактары вырашаюць, якія тэмы вартыя асвятлення, а якія – не. А ўсе астатнія аддзелы бяруць толькі тое, што замовіў анлайн-аддзел. Выключэннем з’яўляецца нядзельная газета.

Не ўсё тое, што вы бачыце анлайн, ідзе ў друк. Але ўсё, што вы бачыце ў друку, было анлайн.

Апдэйт галоўнай – не радзей чым раз на тры гадзіны

– Частата абнаўлення галоўнай старонкі (канешне, калі няма “breaking news”) залежыць ад таго, наколькі добра чытаецца тая ці іншая гісторыя. Мы карыстаемся праграмай ChartBeat, пры дапамозе якой кожную секунду ведаем, колькі людзей чытае той ці гэты артыкул, на які час людзі затрымліваюцца на ім, як далёка прагарталі яго ўніз і г. д. (Гэтыя дадзеныя выводзяцца на вялізныя экраны ў агульным ньюсруме – заўв. БАЖ).

У залежнасці ад гэтых паказчыкаў артыкул, які адкрывае першую старонку, вісіць як мінімум адну гадзіну – калі зусім кепска чытаецца. Максімум – каля 3 гадзін.

Баланс паміж зборам клікаў і захаваннем прэстыжу

– Мы заўважылі: што працуе ў анлайне – дык гэта меркаванні. Не навіны, не інфармацыя. Канешне, калі ідзе гаворка пра навіны з маркерам “шок” – нікога ўжо не цікавіць меркаванне…

Таму вялікая спакуса – і для рэпарцёра, і для рэдактара – напісаць сваё меркаванне, крыху яго “накруціць”, “наэлектрызаваць” – і нібыта ўжо не трэба праводзіць вялікага даследавання. Усё ж і так працуе!

Але заўсёды трэба вытрымліваць баланс паміж зборам клікаў і захаваннем прэстыжу твайго брэнду. Людзі вельмі адчувальныя да таго, як ты выкарыстоўваеш свой брэнд. Клікі – не адзіная валюта. Таму мы старанна адсочваем, як доўга чалавек знаходзіцца на старонцы, колькі людзей падзялілася артыкулам, наколькі актыўна яго каменцілі. Колькасць “share” на фэйсбуку значна важней, чым колькасць клікаў на галоўнай старонцы. Клікі закліканыя проста зрабіць рэкламу на тваім сайце больш каштоўнай.

Фіксаванай сістэмы бонусаў журналістам, што пішуць найбольш “клікабельныя” артыкулы, не існуе.

Артыкул з відэа атрымлівае на 20-30% больш праглядаў

– Для газеты вельмі важным было набыццё тэлеканала. Мы пабачылі, што відэакантэнт робіцца ўсё больш важным для артыкулаў, і што нам патрэбна нешта накшталт уласнай фабрыкі для яго вытворчасці. Артыкул з відэа атрымлівае на 20-30% больш праглядаў.

Усе нашы журналісты здольныя весці live-рэпартажы, усе валодаюць базавымі навыкамі працы ў тэлестудыі – гэта асновы падрыхтоўкі сучаснага журналіста. Рэпарцёры, якія ідуць на заданне, павінныя як мінімум узяць з сабой айфон і запісаць мультымедыя. Але ў важных выпадках, безумоўна, на месца выязджае здымачная брыгада.  

Лонгрыды. Гісторыя – гэта “новы сэкс”

– Выданне абавязана прадукаваць уласныя “гісторыі”. У нас ёсць цэлы аддзел расследаванняў, які пастаянна піша папулярныя лонгрыды (доўгія публікацыі, буйныя формызаўв. БАЖ). Нядаўна гэты аддзел нават пашырылі. Акрамя расследаванняў, у апошні час вельмі добра чытаюцца гістарычныя артыкулы. Мы нават жартуем: гісторыя – гэта “новы сэкс”.

З лонгрыдаў добра ідуць таксама лайфстайл-публікацыі: чыёсьці артыстычнае дзіця, чыесьці надзвычайныя здольнасці, здароўе.

Каб стымуляваць чытанне лонгрыдаў, мы дадаем да іх я мага больш відэа, мапаў, галасавалак і г. д. Робім таксама вялікія мультымедыя-праекты.

Заробак шараговага рэдактара – ад 2 тысяч еўра. Але ўсе рвуцца ў рэпарцёры

– Калі ты – рэдактар са стажам у некалькі гадоў, то будзеш атрымліваць ад 2200 да 4 тысяч еўра ў залежнасці ад сямейнага становішча, "набору" падаткаў і г. д. Галоўны рэдактар дэпартамента, канечне, атрымлівае больш. Карэспандэнты таксама атрымліваюць больш.

У нас людзі заканчваюць школу ў 19-20 гадоў, гады ў 24 выходзяць з універсітэта, пасля – прафесійны трэнінг у рэдакцыях… Да нас звычайна трапляюць 30-гадовыя і пачынаюць працаваць як рэдактары.

Калі цябе бяруць на сталую працу (што здараецца ўсе радзей), то ты пачынаеш з сядзення ў офісе. Спрабуеш рабіць розныя рэчы і гатовы “забіць” кагосьці, каб толькі вырвацца вонкі. Чым лепш сябе зарэкамендуеш, тым хутчэй цябе дапусцяць да рэпарцёрскай працы.

Штотыднёвікі маюць усе шанцы захавацца

– Магчымасць спынення выхаду друкаванай газеты калі і абмяркоўваецца, то не публічна. Генеральная лінія такая: друкаваная версія застанецца адназначна. Штотыднёвікі маюць усе шанцы захавацца. Што ў іх будзе? Больш аналітыкі, больш лонгрыдаў, больш аналітычнай журналістыкі.

А вось штодзённыя газеты з навінамі наўрадці маюць гарантаваную будучыню, бо ім няма чаго лавіць у параўнанні з анлайнам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!