547

Кіраўнік суполкі «Гэта Мінск, дзетка!»: Мяне спрабавалі вербаваць, пагражалі адказнасцю за распальванне варожасці

14.01.2020 Крыніца: NN.by

Блогер і кіраўнік суполкі УКантакце «Гэта Мінск, дзетка» (82 тысячы падпісчыкаў) Яўген Малахоўскі расказаў «Нашай Ніве» пра дзіўны паход у органы, падчас якога яго спрабавалі вербаваць. 

Суполка «Гэта Мінск, дзетка» размяшчае навіны і прыколы пра сталіцу, але не абыходзіць палітычных тэм і часам дае вельмі жорсткія ацэнкі рэаліям. 

Яўген Малахоўскі, фота з сацсетак

Малахоўскі кажа, што 13 студзеня яму патэлефанавалі і без позвы выклікалі ў ГУБАЗіК з аргументацыяй, што гэта ў яго ж інтарэсах «у сувязі з сур'ёзнасцю справы».

«Я прыехаў, тэлефон пакінуў у машыне, каб не здаваць яго на ўваходзе сілавікам. Гэта іх здзівіла, дарэчы, — расказвае Малахоўскі. — У кабінеце мяне чакалі чацвёра чалавек. Тры з міліцыі, як я зразумеў, а яшчэ адзін, па-мойму, супрацоўнік іншага ведамства, які паводзіў сябе як гаспадар, а падчас размовы прапаноўваў мне супрацоўнічаць і пачаць з таго, каб назваць імёны іншых адміністратараў суполкі і расказаць, якіх поглядаў яны прытрымліваюцца, якія мэты ставяць». 

Са словаў Малахоўскага, тут ён зразумеў, што адбываецца, і перастаў адказваць на пытанні, пасля чаго яго пачалі запалохваць. 

«Адзін з іх сказаў мне, што насамрэч мяне выклікалі, каб «адмазаць», бо «вышэй ужо пачаўся рух». І, маўляў, ёсць верагоднасць завядзення справы за распальванне варажнечы за некаторыя допісы ў пабліку, таму трэба паспрабаваць «дамовіцца».

Я адмовіўся ад усялякай супрацы, у выніку гэта скончылася дачай тлумачэнняў і падпіскай паперы, што я папярэджаны аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Той «галоўны» супрацоўнік, у якім я бачу спеслужбіста, казаў мне, што яны нібыта «адкрыты для супрацоўніцтва», і я магу заўсёды звязацца і быць у бяспецы», — сказаў Малахоўскі. 

Сам блогер звязвае гэтую сустрэчу з набліжэннем прэзідэнцкай кампаніі. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!