1665

Камітэт па правах чалавека ААН хоча азнаёміцца з вынікамі расследавання справаў Завадскага, Чаркасавай, Гроднікава і Бябеніна

24.09.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў спіс пытанняў да Беларусі наконт выканання дзяржавай грамадзянскіх і палітычных правоў, паведамляе БелаПАН.

Апошні даклад Беларусі наконт выканання “Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах” Камітэт разглядаў у кастрычніку 1997 года. Чарговы даклад дзяржава павінна была прадставіць у КПЧ да 7 лістапада 2001 года. Прадстаўленне даклада пратэрмінавана на 13 гадоў.

“Замест перыядычнага даклада ў 2001 годзе Беларусь у канцы 2011 года прадставіла агульную інфармацыю па правах чалавека, – кажа Раман Кісляк, эксперт праграмы “Міжнародныя механізмы для абароны грамадскіх інтарэсаў” сеткі Дома правоў чалавека. “У лютым 2014 года Беларусь пагадзілася на спрошчаную працэдуру прадстаўлення дакладаў на падставе пытанняў”.

Пералік утрымлівае 33 пытанні, якія базуюцца на паведамленнях праваабарончых арганізацый пра канкрэтныя выпадкі парушэння грамадзянскіх і палітычных правоў.

У пытанні недыскрымінацыі і забароны распаўсюду нацыянальнай, расавай і рэлігійнай варожасці Камітэт просіць прадаставіць інфармацыю пра тое, ці забаронена мова варожасці заканадаўча; просіць пракаментаваць паведамленні пра дыскрымінацыю, пераслед, публічнае выкрыццё гомасексуальнасці і мову варожасці, у тым ліку ў СМІ і асабліва ад прэзідэнта.

У пытанні выканання права на жыццё Камітэт просіць прадаставіць вынікі расследавання знікнення палітыкаў і журналіста Дзмітрыя Завадскага, а таксама вынікі расследавання справаў журналістаў Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава і Алега Бябеніна.

У пытанні свабоды выказвання Камітэт просіць адказаць за сістэматычныя паведамленні пра адвольныя абмежаванні свабоды выказвання ў заканадаўстве і на практыцы, а менавіта:

а) абмежаванні доступу да інфармацыі, якая мае грамадскі інтарэс;

б) дзяржаўны кантроль над сродкамі масавай інфармацыі, уціск і цэнзура незалежных СМІ;

в) абавязковая дзяржаўная акрэдытацыя для журналістаў і пакаранні ў дачыненні да тых, хто не акрэдытаваны органамі;

г) абмежаванні на выказванне меркавання ў Інтэрнэце, дадатковыя рэгуляванні для анлайн-СМІ;

д) крыміналізацыя паклёпу і дыфамацыі;

е) чорныя спісы творцаў, ужыванне ціску дзеля таго, каб музыка з “чорнага спісу” не трапіла на радыёстанцыі.

Камітэт просіць пракаментаваць абвінавачванні ў прымяненні масавага ціску, пераследу і рэпрэсій у дачыненні да грамадскіх актывістаў, журналістаў апазіцыйных і незалежных СМІ і палітычных апанентаў, у тым ліку гвалт, ператрусы і вобшукі, канфіскацыю абсталявання і дакументацыі, нагляд з боку  міліцыі, адвольныя арышты і надуманыя абвінавачанні ў адміністрацыйных правапарушэннях або крымінальных справах па нібыта палітычных матывах; паклёпніцкія кампаніі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі (у прыватнасці, падчас або адразу пасля прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў).

Таксама Камітэт просіць растлумачыць, як наступныя пункты сумяшчаюцца з абавязальніцтвамі дзяржаў-удзельніц з артыкуламі 19 і 25 Пакта:

а) заявы пра абмежаваны доступ апазыцыйных кандыдатаў да СМІ;

б) крыміналізацыя заклікаў да байкоту выбараў;

в) адміністрацыйная адказнасць за правядзенне апытанняў грамадскай думкі без спецыяльнай акрэдытацыі ад Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.

Дакумент апублікаваны на сайце Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека.