387 1

Камісія: Пры публікацыі матэрыялу Валера Руселіка "Новы час" дапусціў парушэнне этыкі

30.11.2017

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 30 лістапада 2017 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай, Андрэя Пачобута разглядзела заяву сп. Валера Руселіка наконт публікацыі ў «Новым часе» яго артыкула “Вейшнорыя: смех скрозь слёзы”.

Заяўнік просіць Камісію даць экспертную ацэнку сітуацыі з прадмовай, якую рэдакцыя зрабіла да дадзенага артыкула:

“Ад рэдакцыі. Мы вагаліся, ці даваць гэтыя развагі на суд чытачоў. Шмат што ў іх нам падалося прыцягнутым за вушы ці проста значна перабольшаным. Але, магчыма, для кагосьці гэта меркаванне падасца вельмі блізкім, сугучным уласным думкам і перасцярогам. Таму чакаем вашых водгукаў”.

Выраз “Шмат што ў іх нам падалося прыцягнутым за вушы ці проста значна перабольшаным” абурае заяўніка. Ён лічыць, што аўтарскія матэрыялы можна змяшчаць у межах дыскусіі альбо не змяшчаць зусім. Але не трэба аўтара абражаць.

Заяўнік звяртаўся ў рэдакцыю з просьбай выдаліць матэрыял з сайту наогул, каб пазбегнуць канфлікту. Але гэта зроблена не было.

Камісія адзначае, што на самой справе, на сайце выдання «Новы час» быў апублікаваны артыкул "Вейшнорыя: смех скрозь слёзы", які з’яўляецца скарочанай версіяй ранейшага допісу Руселіка ў фэйсбуку. І, на самой справе, згаданая вышэй прадмова там прысутнічае. На думку рэдакцыі, выказаную ў гутарцы рэдактарам выдання Аксанай Колб, нічога абражальнага там няма, тым болей, што ў прадмове ўжыты тэрмін “падалося”. То бок, рэдакцыя нічога не сцвярджае.

Камісія не лічыць магчымым дыктаваць калегам метады работы з крыніцамі інфармацыі. Але звяртае ўвагу на тое, што Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі БАЖ заклікае “Паважаць іншыя погляды і меркаванні, спрыяць шырокай грамадскай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі”.

А таксама Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ прапануе “Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе”.

Камісія лічыць, што калі рэдакцыю не задавальняе якасць аўтарскай аргументацыі (…факты, “прыцягнутыя за вушы”), то лагічна было б ці папрасіць аўтара дапрацаваць матэрыял, ці не друкаваць яго.

Камісія пастанаўляе:

Пры публікацыі прадмовы да матэрыялу Валера Руселіка "Вейшнорыя: смех скрозь слёзы" рэдакцыяй выдання “Новы час” дапушчаны парушэнні прафесійнай этыкі.

 

Старшыня Камісіі                          Анатоль Гуляеў

Сакратар Камісіі                            Таццяна Равяка

Каментары

Вы чаго, рабяты і дзяўчаты з камісіі? Якая ў гэтым выпадку была непавага да аўтара - яго што, дурнем назвалі? Няўжо рэдакцыя не мела права выказаць уласнае меркаванне (няхай і не зусім пазітыўнае) пра друкаваны ёю артыкул?