1305

Камісія па этыцы: У публікацыі сайта Media IQ дапушчана парушэнне прафесійнай этыкі

27.12.2019

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ад 26 снежня 2019 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Сяргея Ваганава, Валера Карбалевіча, Таццяны Мельнічук, Змітра Падбярэзскага, Змітра Панкаўца, Таццяны Рэвяка, Анатоля Гатоўчыца разгледзела заяву галоўнага рэдактара газеты “Наша Ніва” Ягора Марціновіча ад 14 снежня 2019 года.

Па меркаванні заяўніка, у публікацыі «Дело журналиста Ч. Этична ли публикация «Нашай Нівы», змешчанай 13 снежня на сайце Media IQ, парушаны шэраг палажэнняў Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ. Пры гэтым заяўнік спасылаецца на Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ, згодна з каторым «журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці».

Аднак пры падрыхтоўцы згаданай публікацыі рэдакцыя сайта Media IQ не прадаставіла слова рэдакцыі «Нашай Нівы». А пасля публікацыі ў адказ на зварот спадара Я.Марціновіча адмовілася выправіць памылку, якая, на яго думку, утрымліваецца ў наступным сцвярджэнні медыяэксперта Анатоля Гуляева: «Почему мы должны верить «Нашай Ніве»? Я девять лет был председателем комиссии по этике Белорусской ассоциации журналистов, а «Наша Ніва» всё это время была чемпионом по нарушению этики.

По её публикациям комиссия приняла ряд решений – все, за исключением одного, не в её пользу. И ни одной не было опровергнуто, даже обжаловано. И верить чемпиону по нарушению профессиональной этики мне лично не хочется».

У якасці доказу заяўнік спаслаўся на тое, што толькі за апошнія тры гады апублікаваныя як мінімум дзве пастановы Камісіі па этыцы за подпісам спадара Гуляева аб адсутнасці ў разгледжаных публікацыях "Нашай Нівы" парушэнняў прафесійнай этыкі.

Абмеркаваўшы заяву спадара Я. Марціновіча, выслухаўшы тлумачэнні галоўнага рэдактара сайта Media IQ Аляксея Шунтава, Камісія па этыцы канстатуе: у згаданай публікацыі сайта Media IQ ад 13 снежня 2019 года сцвярджэнне медыяэксперта Анатоля Гуляева, што «Наша Ніва» “...всё это время была чемпионом по нарушению этики. По её публикациям комиссия приняла ряд решений – все, за исключением одного, не в её пользу”, не адпавядае рэчаіснасці.

Камісія па этыцы БАЖ нагадвае, што СМІ нясуць адказнасць за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі незалежна ад яе крыніцы; што згодна з Кодэксам журналісцкай этыкі БАЖ, “Абавязкам СМІ з'яўляецца хуткае і поўнае выпраўленне дапушчаных ім памылак. Выпраўленні істотных фактычных памылак павінны публікавацца неадкладна і на бачным месцы”. Тым не менш, сайт Media IQ гэтага не зрабіў.

Прыняўшы да ведама абяцанне рэдакцыі сайта Media IQ выправіць памылку згодна з патрабаваннямі журналісцкай этыкі, Камісія па этыцы БАЖ адзінагалосна (за выключэннем не браўшага ўдзел у галасаванні супрацоўніка “Нашай Нівы” З.Панкаўца)

ПАСТАНАЎЛЯЕ:

У публікацыі сайта Media IQ «Дело журналиста Ч. Этична ли публикация «Нашай Нівы» дапушчана парушэнне прафесійнай этыкі.

 

Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” С. Ваганаў

Сакратар Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Т. Рэвяка

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!