904 0

Камісія па этыцы: у матэрыялах “Нашай Нівы” пра літаратараў не было парушэнняў

27.06.2017

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 27 чэрвеня 2017 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Таццяны Рэвяка, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай разгледзела заяву групы літаратараў і грамадскіх лідараў. 

Цімафеева, Хадановіч, Мартысевіч і яшчэ 25 чалавек звярнуліся ў Камісію па этыцы супраць “Нашай Нівы”

Заяву падпісалі:

1.    Павел Анціпаў
2.    Мікалай Анціпаў
3.    Юлія Атцэцкая
4.    Альгерд Бахарэвіч
5.    Крысціна Бандурына
6.    Дар’я Візнэр
7.    Андрэй Вылінскі
8.    Валер Гапееў
9.    Ірына Гародка
10.    Станіслава Гусакова
11.    Максім Жбанкоў
12.    Алена Казлова
13.    Марына Казлоўская
14.    Наста Кудасава
15.    Павел Касцюкевіч
16.    Аліна Крушынская
17.    Ігар Крэбс
18.    Марыя Мартысевіч
19.    Кацярына Маціеўская
20.    Марыя Пушкіна
21.    Алена Пятровіч
22.    Наталля Рак
23.    Дар’я Рамановіч
24.    Андрэй Хадановіч
25.    Наталка Харытанюк
26.    Юлія Цімафеева
27.    Марына Шода
28.    Ганна Янкута
29.    Таццяна Гацура-Яворская
30.    Сяргей Шупа

На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі заяўнікаў.

У заяве звяртаецца ўвага на тое, што 10 сакавіка 2017 года сайт газеты “Наша ніва” (nn.by) апублікаваў інфармацыю аб выніках літаратурнага конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтра “Кніга году”. Інфармацыя, якая з’яўлялася перадрукам з сайта “Радыё Свабода”, на сайце nn.by атрымала іншы загаловак: “Нечаканасць: прэмію «Кніга года-2016» атрымаў не Горват, а зборнік вершаў Насты Кудасавай”.

У той жа дзень на сайце "Нашай Нівы" з’явіўся яшчэ адзін матэрыял, падпісаны ініцыяламі СГ пад назвай “У журы прэміі «Кніга года» жонка прагаласавала за кнігу мужа, а муж — за жончыну” з рэдакцыйным пытаннем да чытачоў: “Па-вашаму, гэта этычна?”.

На думку заяўнікаў, загаловак першай публікацыі “надае матэрыялу ацэначны характар, стварае атмасферу скандалу”. Як адзначаецца ў скарзе, “Мела месца маніпуляцыя аўдыторыяй, вынікам якой сталіся негатыўныя каментары ў бок Насты Кудасавай, Андруся Горвата, журы і арганізатараў прэміі “Кніга году” як у сацыяльных сетках, так і на сайце nn.by”.

У другім матэрыяле, на думку заяўнікаў, “дапушчана тэндэнцыйнае жангляванне фактамі, вырыванне інфармацыі з кантэксту”, а таксама няма каментароў ад арганізатараў прэміі або ўдзельнікаў журы з тлумачэннем іх пазіцыі. Як мяркуюць заяўнікі, пытанне “Ці гэта этычна?” з’яўляецца “ацэначным, правакуе чытача на негатыўныя выказванні ў адрас канкрэтных асобаў, згаданых у матэрыяле”.

У дадатку да скаргі, выкладзеныя аргументы на карысць сцвярджэнняў аб тэндэнцыйнасці асвятлення дадзенай падзеі, а таксама згадкі на аналагічны інцыдэнт з сайтам “Нашай нівы”, які разглядаўся Камісіяй па этыцы БАЖ у кастрычніку 2013 года.

Заяўнікі таксама выказваюць меркаванне пра тое, што “публікацыі nn.by ініцыююць цкаванне ў інтэрнэце пэўных публічных асобаў, а рэдакцыя nn.by сістэмна парушае прафесійныя стандарты журналісцкай працы, дэзарыентуе аўдыторыю, правакуе грамадскія канфлікты, стварае атмасферу варожасці ў беларускім культурным полі”.

Прадстаўнікі камісіі правялі папярэднюю гутарку з Марыяй Мартысевіч,  пазначанай у скарзе ў якасці кантактнай асобы. Рэдакцыя "Нашай Нівы" супрацоўнічаць з камісіяй адмовілася.

У выніку вывучэння і аналізу згаданых тэкстаў на адпаведнасць Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі Камісія БАЖ па этыцы прыйшла да наступных высноў:

1. У публікацыі “Нечаканасць: прэмію «Кніга года-2016» атрымаў не Горват, а зборнік вершаў Насты Кудасавай” прыкметаў цкаванння пэўных публічных асобаў, дэзарыентацыі аўдыторыі, правакавання грамадскіх канфліктаў і стварэння атмасферы варожасці не зафіксавана.

2. Пытанне "Ці гэта этычна" да публікацыі "У журы прэміі «Кніга года» жонка прагаласавала за кнігу мужа, а муж — за жончыну" таксама не сведчыць пра тэндэнцыйнасць і намер справакаваць чытачоў "на негатыўныя выказванні ў адрас канкрэтных асобаў, згаданых у матэрыяле”. Якім чынам выяўляць стаўленне чытачоў да маральнасці адпавядаючай рэальнасці сітуацыі — унутраная справа рэдакцыі.

Камісія пастанаўляе:

У публікацыях на сайце nn.by “Нечаканасць: прэмію «Кніга года-2016» атрымаў не Горват, а зборнік вершаў Насты Кудасавай” і “У журы прэміі «Кніга года» жонка прагаласавала за кнігу мужа, а муж — за жончыну” няма парушэнняў прафесійнай этыкі.

Старшыня камісіі Анатоль Гуляеў

Сакратар камісіі Таццяна Рэвяка

 

На гэтую ж тэму:

Цімафеева, Хадановіч, Мартысевіч і яшчэ 25 чалавек звярнуліся ў Камісію па этыцы супраць “Нашай Нівы”

Літаратары — супраць «Нашай Нівы». Рэдакцыя — супраць Камісіі па этыцы БАЖ

Стась Карпаў: Не патрабуйце забараняць і караць ад імя і па даручэнні

Старыкевіч: Камісію па этыцы БАЖ спрабуюць ператварыць у прыладу для звядзення асабістых рахункаў

Каментары