1518

Камісія па этыцы: У артыкуле “Што вядома пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова” на сайце “Нашай Нівы” няма парушэння этыкі

14.12.2019

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ад 11 снежня 2019 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Сяргея Ваганава, Змітра Падбярэзскага, Змітра Панкаўца і Таццяны Рэвяка, з удзелам Валера Карбалевіча, Таццяны Мельнічук і Анатоля Гатоўчыца, а таксама ў прысутнасці галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Ягора Марціновіча разгледзела заяву сябра БАЖ Змітра Галко ад 23 лістапада 2019 года адносна публікацыі "Што вядома пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова, затрыманага на польскай мяжы нібыта за наркотыкі?".

На думку заяўніка, “...распаўсюд чутак...” пра “сексуальныя схільнасці” Уладзіміра Чудзянцова, каторы, “як бы хто ні ставіўся да яго... зараз знаходзіцца ў зняволенні, ... уяўляе сабой небяспеку для ягонага жыцця і здароўя, улічваючы “традыцыі” у нашых турмах”. Менавіта з гэтага пункту гледжання заяўнік прапануе Камісіі ацаніць згаданы матэрыял.

Галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч патлумачыў, што рэдакцыя заўжды стварае для сваёй чытацкай аўдыторыі ўсебаковы партрэт чалавека, які трапіў у цэнтр грамадскай увагі. Не мае значэння, гэта апазіцыйны палітык, чыноўнік альбо чалавек, які называе сябе журналістам. Чуткі пра сэксуальныя схільнасці героя артыкула ня ёсць нешта новае з нейкіх невядомых крыніц. Па інфармацыі «НН», у дачыненні Чудзянцова неаднаразова праводзіліся праверкі па крымінальных артыкулах за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці. Гэта элемент яго біяграфіі, які выкрэсліць немагчыма. А заўвага рэдакцыі, што ў яе “ніводнага дакументальнага пацвярджэння ягонай супрацьпраўнай дзейнасці няма”, на думку галоўнага рэдактара, прадухіляе ад выхаду за межы прафесійнай этыкі.

Абмеркаванне публікацыі выявіла, што большасць сябраў Камісіі не бачыць у ёй парушэнняў прафесійнай этыкі. На той падставе, што асоба Уладзіміра Чудзянцова з’яўляецца публічнай і не першы раз трапляе ў цэнтр грамадскай увагі. Задавальняючы грамадскі і чытацкі інтарэс, рэдакцыя “Нашай Нівы” нагадала пра некаторыя фактычныя абставіны ягонай біяграфіі, у тым ліку пра чуткі аб ягоных сэксуальных схільнасцях, каторыя распаўсюджваліся ў медыяпрасторы і сацыяльных сетках цягам доўгага часу і не знайшлі абвяржэння з боку самога Чудзянцова.

Процілеглую думку выказала Таццяна Рэвяка. Яна лічыць, што ў дадзеным выпадку стандарты прафесійнай этыкі парушаныя. На той падставе, што яны распаўсюджваюцца на любога чалавека — добрага ці кепскага, журналіста ці звычайнага чалавека. Згодна з дзеючым Кодэксам прафесійнай этыкі БАЖ, "Журналіст павінен адрозніваць інфармацыю, якая мае грамадскую значнасць, ад інфармацыі, што патурае грамадскай цікаўнасці”, “Інфармацыя пра прыватнае жыццё асобы можа быць апублікаваная толькі ў выпадку, калі яе паводзіны ў прыватнай сферы закранаюць грамадскія інтарэсы. Пры гэтым трэба правяраць, ці не парушыць публікацыя правоў трэціх асобаў". Асабістае жыццё Чудзянцова, на яе думку, не ўяўляе грамадскай значнасці.

З улікам непасрэднага і дыстанцыйнага абмеркавання і галасавання (Зміцер Панкавец, як супрацоўнік “НН”, не галасаваў) Камісія па этыцы БАЖ

ПАСТАНАЎЛЯЕ:

У артыкуле “Што вядома пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова, затрыманага на польскай мяжы нібыта за наркотыкі?”, змешчаным 23 лістапада 2019 года на сайце “Нашай Нівы”, няма парушэнняў прафесійнай этыкі.

Разам з тым, Камісія адзначае, што ў працы з чуткамі трэба не толькі паслядоўна прытрымлівацца адпаведнага патрабавання Кодэкса прафесійнай этыкі БАЖ: “Непацверджаныя паведамленні, чуткі і здагадкі трэба пазначаць як такія...” , але і ўлічваць магчымыя наступствы іх распаўсюду.

Камісія лічыць, што перад выкладаннем чутак у медыйную прастору неабходна рабіць усё магчымае для атрымання доказнай інфармацыі;

Камісія звяртае ўвагу на неабходнасць больш уважлівага рэдагавання адпаведных тэкстаў, каб пазбавіць іх адчування прадузятасці да публічных прыватных асобаў. І не забывацца на прынцып прэзумпцыі невінаватасці;

Камісія рэкамендуе журналістам і СМІ больш глыбока ставіцца да адлюстравання і аналізу з’яў сучаснага жыцця, якія ўвасоблены ў паводзінах, учынках і ўвогуле біяграфіях герояў іх публікацый.

Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” С. Ваганаў

Сакратар камісіі Т. Рэвяка

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!