1371

Камісія па этыцы: "Беларусь головного мозга" і "#МотолькоПомоги" парушылі стандарт журналісцкай этыкі

07.10.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

ПАСТАНОВА                                                                                   

Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 7 кастрычніка 2020 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе  Сяргея Ваганава, Валера Карбалевіча, Таццяны Мельнічук, Змітра Падбярэзскага, Змітра Панкаўца, Таццяны Рэвяка, з удзелам Анатоля Гатоўчыца і ў прысутнасці намесніка старшыні ГА "БАЖ" Барыса Гарэцкага разгледзела два звароты журналіста, сябра ГА "БАЖ" Тараса Тарналіцкага ад 10 і 25 верасня адпаведна.

1.У першым звароце заяўнік просіць даць ацэнку дзеянням адміністратараў тэлеграм-каналаў «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги», якія 7 верасня 2020 года змясцілі чарнавую версію фільма «Купала» («#МотолькоПомоги» — спасылку). Заяўнік лічыць, што тым самым парушаны стандарты прафесійнай этыкі, бо відэафайлы атрыманы незаконным і амаральным спосабам. Да таго ж заяўнік сцвярджае, што Антон Матолька (тэлеграм-канал «#МотолькоПомоги») змясціў хлуслівую інфармацыю пра тое, што «Купала» — фильм, который запретили показывать в Беларуси до выборов». Фільм «Купала», па сцвярджэнні заяўніка, ніхто не забараняў. «По правилам кинопродвижения, — заўважае Тарас Тарналіцкі, — картина должна была быть показана в этом году на кинофестивалях, включая международные, а потом попасть и в кинотеатры. Большинство фестивалей были перенесены на более позднее время из-за коронавируса, а кинотеатры приостановили работу» Просьба (праз ліставанне) зняць пірацкую копію фільма з прагляду ў тэлеграм-канале «#МотолькоПомоги», як і адпаведны відэазварот рэжысёра фільма Уладзіміра Янкоўскага, былі праігнараваны.

Акрамя заяўніка, зварот падпісалі яшчэ 52 асобы, у той ці іншай ступені датычныя да кінасуполкі і кінавытворчасці.

2. У другім звароце, дадатковым да першага, заяўнік звяртае ўвагу Камісіі на парушэнні, па ягонаму меркаванню, прафесійнай этыкі, якія ўтрымліваюцца ў аўтарскай калонцы Міхася Скоблы «Фільм «Купала» — глядзець усім!», надрукаванай 11 верасня ў газеце «Народная воля» і змешчанай на сайце «Народная воля+». Па сцвярджэнні заяўніка, «скачивание, просмотр украденной черновой версии фильма и написание текста на основе впечатлений» таксама супярэчыць прынцыпу атрымання інфармацыі законным і маральным шляхам. Сцвярджэнне аўтара, што «Мастацкі фільм «Купала», які меўся выйсці на экраны яшчэ летась, як выглядае, трапіў у разрад забароненых», па меркаванні заяўніка, «является по сути неправдой нет никаких подтвержденных сведений о том, что фильм был запрещен или цензурирован...»

Пры разглядзе абодвух зваротаў былі заслуханы тлумачэнні заяўніка Тараса Тарналіцкага і аўтара артыкула «Фільм «Купала» — глядзець усім!» Міхася Скоблы. Атрымаць тлумачэнні ад адміністратараў тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» па аб'ектыўных прычынах не ўдалося. Што тычыцца Антона Матолькі, то і запрашэнне на паседжанне Камісіі, і прапанова даслаць тлумачэнне ў пісьмовым выглядзе былі праігнараваны.

У выніку разгляду і абмеркавання абодвух зваротаў Камісія па этыцы БАЖ

 

ПАСТАНАВІЛА:

1. Тэлеграм-каналы «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги», якія змясцілі і распаўсюдзілі чарнавую (пірацкую) версію фільма «Купала», і праігнаравалі просьбу праваўладальніка і стваральнікаў фільма прыбраць яго з інтэрнэту, ПАРУШЫЛІ стандарт журналісцкай этыкі, які згодна з “Дэкларацыяй прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў” БАЖ патрабуе “ЗАХОЎВАЦЬ правы законныя і інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі»;

2. У публікацыі Міхася Скоблы «Фільм «Купала» — глядзець усім!» АДСУТНІЧАЕ ПАРУШЭННЕ прафесійнай журналісцкай этыкі, паколькі аўтар не хаваў факт незаконнага змяшчэння і распаўсюду фільма ў інтэрнэце, а артыкул прысвечаны ў асноўным ягонаму зместу;

3. Звярнуць увагу рэдакцый СМІ і журналістаў на неабходнасць згодна з “Дэкларацыяй прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста”  «ІМКНУЦЦА да максімальнай дакладнасці інфармацыі, глыбіні і праўдзівасці аргументаў падчас выказвання сваіх поглядаў, пазіцый і меркаванняў».

 

ЗАЎВАГІ:

1. Трэці пункт пастановы выкліканы прафесійнымі хібамі ў сцвярджэнні Антона Матолькі і развагах Міхася Скоблы пра забарону  фільма «Купала». Камісія ўлічыла аб'ектыўныя цяжкасці ў атрыманні дакладнай інфармацыі такога кшталту, якія існуюць у сучасных палітыка-прававых умовах. Тым не менш, журналіст мусіць дазнавацца праўды шляхам расследавання, а пры немагчымасці па розных абставінах абмяжоўвацца меркаваннямі ці версіямі на падставе ўскосных фактаў альбо чутак, пазначаючы іх як такія;

2. Непрыемна ўразіла нічым не матываванае ігнараванне сябрам ГА "БАЖ" Антонам Матолькам супрацоўніцтва з Камісіяй па этыцы як структурай БАЖ. Непаважлівае стаўленне да Камісіі, абранай з'ездам, — не лепшы стыль пры высвятленні этычных праблем журналісцкай працы.

 

Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Сяргей Ваганаў

Сакратар Камісіі Таццяна Рэвяка

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!