1140

Камісія: Матэрыял Шчыраковай “Асцярожна: Мова варожасці ў каментарах” не ўтрымлівае парушэнняў этыкі

18.06.2018

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 12 чэрвеня 2018 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Сяргея Ваганава, Валера Карбалевіча, Таццяны Мельнічук, Змітра Падбярэзскага, Змітра Панкаўца і Таццяны Рэвяка і з удзелам Анатоля Гатоўчыца разглядзела заяву Пятра Кузняцова з Гомеля. Ён піша (арфаграфія выпраўлена):

“14.05.2018 гомельская журналістка, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова апублікавала на сайце "Гомельская вясна", які пазіцыянуецца як сайт Гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру "Вясна" і якім кіруе сябра БАЖ Леанід Судаленка, артыкул пад назвай “Асцярожна: Мова варожасці ў каментарах”.

У гэтым матэрыяле, у прыватнасці, сцвярджаецца, быццам бы гомельскі сайт "Моцныя навіны - Gomel.Today" надрукаваў на сваіх старонках мноства каментароў, распальваючых нацыянальную варожасць да ромаў.

Журналістка выкарыстоўвае фармулёўкі, якія не пакідаюць сумневу, што каментары з’явіліся непасрэдна на сайце – “пад артыкулам”, “Журналісцкі матэрыял (артыкул і фотарэпартаж) “У Гомелі ўпершыню прайшоў фэст цыганскай культуры”, які быў надрукаваны на сайце “Моцныя навіны”, меў вельмі шмат негатыўных каментароў" і г.д.

У пацвярджэнне сваіх словаў аўтарка і адміністрацыя рэсурсу прыводзяць і прыклады каментароў, якія нібыта былі размешчаныя "пад артыкулам".

***
“У них есть культура?”
“Да они культурно отжимали золото и деньги на Победе”
“А еще большинство из них воры, продавцы наркоты и мошенники.
С этой нацией мы должны сближаться?”
“Лошадей все перепроверили?”
“Почему на них не распросироняется тунеядский декрет?”
“Цыгане соседи снизу. Начал понимать одного австрийца”
“Гнать их надо”
“Какой же позор! Неужели нельзя было другое мероприятие провести. Зачем в глазах людей повышать уровень этих необразованных, не желающих работать, приносить пользу обществу, ворующих цыган?????”
“Это кому-то вообще интересно было? Да уж. До чего катится РБ”.
“У моего малого эти цыганы ,чуть смарт не увели ))Пришёл и попросил кнопочный на улицу))”
“И нафига надо было проводить сие мероприятие? Поехали на западный и там любуйтесь их культурой, пока не затошнит”
“Ненавижу цыган. Ванючие общество!”
“Как сказал один известный человек :"Ненавижу, б**ть, цыган"
***

Заяўнік Кузняцоў сцвярджае, што вышэйзгаданыя каментары “не маюць нічога агульнага” з сайтам “Моцныя навіны” і “артыкулам” пра фэст цыган, пад якім “знаходзілася і зараз знаходзіцца ўсяго толькі чатыры каментары”. І дадае: “Падобныя каментары, магчыма, маглі з’явіцца ў сацыяльных сетках, але ў сацыяльных сетках адсутнічае магчымасць прэмадэрацыі каментароў, у сувязі з чым немагчыма накласці адказнасць за іх змест ні на каго, апроч аўтараў і адміністрацыі сацыяльнай сеткі, і да такога не дадумалася яшчэ нават беларуская дзяржава”. Заяўнік Пётр Кузняцоў лічыць, што аўтарка “Гомельскай вясны”, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова распаўсюдзіла “несапраўдную, хлуслівую інфармацыю паклёпніцкага характару”, парушыла журналісцкую этыку і дзейнае заканадаўства аб СМІ.

Ад імя сайту “Моцныя навіны” і юрыдычнай асобы “Цэнтр рэгіянальнага развіцця”, якой належыць гэты рэсурс, Пётр Кузняцоў просіць даць адпаведную ацэнку дзеянням аўтаркі матэрыялу Ларысы Шчыраковай, а таксама адміністрацыі сайту “Гомельская вясна”, адказнай за змест рэсурсу.

Камісія па этыцы, вывучыўшы довады заяўніка, тлумачэнне аўтаркі публікацыі “Асцярожна: Мова варожасці ў каментарах”, адзначае наступнае.

13 траўня рэдакцыя “Моцных навінаў” перадрукавала з сайта “Белсата” фоты і зацемку “У Гомелі адбыўся першы ў Беларусі фэст цыганскай культуры”, пераклаўшы тэкст з беларускай на рускую мову.

Журналістка сачыла за рэакцыяй чытачоў на публікацыю, і ўжо 14 траўня падрыхтавала заметку для “Гомельскай вясны” – “Асцярожна: Мова варожасці ў каментарах”. Падставай паслужылі шматлікія каментары, якія насамрэч ствараюць негатыўны вобраз этнічнай групы. Каментары гэтыя не выдуманыя – яны рэальныя (скрыншот дадаецца). Але знаходзяцца яны не непасрэдна пад перадрукаваным артыкулам на сайце “Моцныя навіны”, а ў паблік-групе рэдакцыі “Моцных навінаў” у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” і менавіта пад назвай “артыкула”: “В Гомеле состоялся первый в Беларуси фестиваль цыганской культуры – фото gomel.today”.

На сайце “Моцных навінаў” паблік-групы змешчаныя пад агульнаю шапкай: “Мы ў сацыяльных сетках, далучайся”.

Камісія пастанаўляе:

Матэрыял Ларысы Шчыраковай “Асцярожна: Мова варожасці ў каментарах” не ўтрымлівае парушэнняў прафесійнай этыкі;

Ларыса Шчыракова пры падрыхтоўцы матэрыялу дапусціла недакладнасць, не ўказаўшы, што каментары былі не на сайце “Моцных навін”, а ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”;

Камісія звяртае ўвагу ўладальнікаў суполкі “Моцныя навіны” “Вконтакте” на неабходнасць больш пільна сачыць за каментарамі на ўласнай старонцы, не дапускаючы на ёй мову варожасці.

 

Старшыня Камісіі Сяргей Ваганаў.

Сакратар Камісіі Таццяна Рэвяка.