1111

Калі спыняецца час. Рэпартаж з пустой рэдакцыі “Газеты Слонімскай”

25.01.2021 Крыніца: Мікола КАНАНОВІЧ, галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай”, для BAJ.BY

Сёлета 23 студзеня ўпершыню з лістапада мінулага года давялося завітаць у сваю рэдакыю — рэдакцыю “Газеты Слонімскай”…Нязвыклае адчуванне.

Здаецца, час тут спыніўся 8 лістапада 2020 года, калі праваахоўнікі наляцелі з вобшукам і вынеслі з рэдакцыі ўсе камп’ютары, перапыніўшы працу над чарговым нумарам газеты, які мусіў выйсці 10 лістапада 2020 года… Не выйшаў.

На інфарацыйнай дошцы з таго дня так і вісяць тры рабочыя старонкі газеты, якую не атрымалі чытачы. Час тут спыніўся. А слонімцы, зэльвенцы і мастаўляне ўсё пытаюцца пры нагодзе, калі мы ўжо адновім выхад газеты?.. Няма адказу на гэта пытанне.

“Газета Слонімская” прыпыніла свой выхад на паўгода

Блукаю па пустой рэдакцыі, і позірк натыкаецца на дыпломы на сценах і на паліцах — сведкі колішняй нашай бурнай і плённай журналісцкай дзейнасці. У леташняй газетнай падшыўцы тым часам апошні газетны №45 (1222) датаваны 4 лістапада 2020 года… Час спыніўся.

І ўзгадваецца, што яшчэ раней спыніўся час выхаду папяровых “Народнай Волі”, “Свабодных навінаў плюс”, а сёлета — і “Брэсцкай газеты”… Лягчэй ад гэтай згадкі не робіцца.

«Читатели печатают на своих принтерах». Как выживают независимые газеты в условиях информационной блокады

Хаджу па пустой рэдакцыі і ўспамінаю калег былых і цяперашніх. Адны ўжо даўно пакінулі шэрагі працаўнікоў “Газеты Слонімскай”, іншыя нядаўна, а некаторыя хацелі б пакінуць нас зараз ды не могуць — працадаўцы вымушаны былі спешна з’ехаць за межы Беларусі і невядома, калі вернуцца…

Успамінаю колішняга нашага самага старэйшага журналіста Валянціна Чурылу і заснавальніка  “Газеты Слонімскай” і яе галоўнага рэдактара Віктара Валадашчука — яны ўжо там, адкуль не вяртаюцца… А мы пакуль тут, і ў нас заўсёды ёсць магчымасць вярнуцца. Нават тады, калі здаецца, што такой магчымасці няма.

Сяргей Чыгрын, Сяргей Ёрш, Вольга Шынкевіч, Сяргей Васільеў, Кацярына Янушэвіч, Алена Сіняк, Віталь Гіль, Яніна Мельнікава, Таццяна Плахетка, Антон Трафімовіч, Вераніка Бута, Аляксандр Захаранка , Мікіта Пастухоў… Успамінаю імёны журналістаў, якія прайшлі праз “Газету Слонімскую”, і лаўлю сябе на думцы, што ўзгадаў не ўсіх.

А цяпер у рэдакцыі пуста. Маўчаць адкючаныя тэлефоны. Не мігцяць маніторы камп’ютараў. Зіяюць пустатой нішы для сістэмных блокаў камп’ютараў у сталах журналістаў, рэкламшчыкаў і бухгалтэрыі. Зрэшты, час праверкі па той справе, з-за якой міліцыянеры вынеслі з рэдакцыі тэхніку, канчаецца 8 лютага — акурат тры месяцы будзе. Тэхніку можна забраць. Але зразумела, што аднавіць выхад газеты так хутка не атрымаецца.

У рэдакцыі нязвыклая цішыня. І думаецца ў гэтай цішыні, што час спыніўся не толькі тут… Але вечна так не будзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!