598

«Калі нас так моцна хочуць закрыць, мы абавязаныя існаваць». Вялікая гутарка з рэдактаркай Kyky.org Насьцяй Рагатко

08.04.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Гэта цыкль размоваў з галоўнымі рэдактарамі недзяржаўных СМІ. Гутарку з галоўрэдам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам можна пачытаць тут, з Алегам Гаруновічам з «Трыбуны» — тут. Размова з галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» Паўлам Сьвярдловым — тут. З галоўнай рэдактаркай і дырэктаркай агенцтва БелаПАН Ірынай Леўшынай — тут. У новай публікацыі размаўляем з галоўнай рэдактаркай выданьня Kyky.org Насьцяй Рагатко.

Сьцісла

  • «Мы амаль усе ў розных гарадах. У нас ёсьць людзі, якія ў Варшаве, якія ў Вільні, у Кіеве».

  • «Пасьля блякаваньня сайт абваліўся да 400 тысяч і працягвае стагнаваць».

  • «Куку» ня будзе ператварацца ў СМІ для эмігрантаў.

  • «Я вясной не чакала таго, што было летам. Летам не чакала таго, што было восеньню».

  • «У новай Беларусі „Куку“ ўжо ня будзе такім, якім быў раней, мы ўсе зьмяніліся за гэты час».

  • «У 2020 годзе шмат каму зь беларусаў прыйшлося рабіць маральны выбар. Я свой зрабіла».

«Рашэньне зьехаць зь Беларусі прымалі за адзін дзень»

«Мой працоўны дзень цяпер выглядае гэтаксама, як год таму, — расказвае Насьця Рагатко. — Толькі што мы больш ня ходзім у офіс, а некаторых супрацоўнікаў я ня бачыла з канца жніўня. Мы камунікуем у мэсэнджарах. Гэтая звычка ў нас яшчэ з часоў каранавірусу. Але памянялася вельмі шмат, канечне. Мы амаль усе ў розных гарадах. У нас ёсьць людзі, якія ў Варшаве, у Вільні, у Кіеве. У Менску таксама. Таму зараз мы часам нават пэрыядычна ў розных часавых паясах. Дамаўляемся, каб нікому не было вельмі позна ці вельмі рана. Плянэркі праводзім у зуме, альбо перапісваемся ў чатах».

Дыстанцыйная праца, кажа галоўная рэдактарка, у рэдакцыі пачалася з канца сакавіка 2020 году, калі ў Беларусь прыйшла эпідэмія каранавірусу. Рашэньне не было прымусовым, кожны мог выбіраць, як яму працаваць зручней. Улетку супрацоўнікі вярнуліся ў офіс, гэта было асабліва важна з пачаткам выбарчай кампаніі. Рашэньне зьехаць зь Менску ў рэдакцыі «Куку» прымалі вельмі хутка.

«27 жніўня ў офіс рэклямнай агенцыі Vondel Hepta прыйшлі з вобшукам людзі з ДФР, і адтуль нашага сузаснавальніка Аляксандра Васілевіча павезьлі на ператрус дадому, — расказвае Насьця. — У той момант мы ня думалі, канечне, што не пабачым Аляксандра так доўга. Пасьля ператрусу яго не адпусьцілі, забралі на допыт. З таго часу ён за кратамі».

Насьця Рагатко расказвае, што ў той дзень дырэктарка Kyky.org Саша Раманава была за межамі Беларусі і акурат зьбіралася вяртацца. У яе дома спэцслужбы таксама спрабавалі правесьці ператрус, на нумар Раманавай хтосьці званіў і запрашаў на размову. У выніку дырэктарка не паехала ў Беларусь, а супрацоўнікам рэдакцыі прапанавалі зьехаць на нейкі час за мяжу.

«Мы ня ведалі, што будзе далей, — кажа Насьця. — Ці гэта перасьлед Аляксандра Васілевіча, ці гэты перасьлед перакінецца на ўсіх нас. Рашэньне аб ад’езьдзе кожны прымаў сам. Усё вельмі хутка здарылася. Магчыма, калі б нехта, так скажам, пераначаваў з гэтым рашэньнем, то застаўся б. Але тады пазьней, верагодна, прыйшлося б зьехаць».

Насьця кажа, што рахункі рэдакцыі дагэтуль замарожаныя. Сувязь з Аляксандрам Васілевічам фрагмэнтарная, лісты альбо не даходзяць, альбо ідуць вельмі доўга. Штосьці можна перадаць праз адваката. У Менску цяпер знаходзяцца толькі некалькі супрацоўнікаў «Куку», якія працуюць пазаштатна.

«Я нават ня памятаю, як нарадзілася ідэя браць блазенскія дамэны»

«З аўдыторыяй у нас было ўсё вельмі ў парадку, мы выйшлі на 2–2,5 мільёна наведнікаў у месяц, — кажа галоўная рэдактарка „Куку“. — Нас вельмі цешыла гэтая лічба. Але пасьля блякаваньня сайт абваліўся да 400 тысяч і працягвае стагнаваць, мне падаецца. Гэта адбываецца і таму, што мы зладзілі гэты пэрформанс з заменай дамэнаў. Спэцыялісты нам кажуць, што мы самі сабе ўсё псуем. Бо пошукавыя сыстэмы ня любяць, калі адбываецца „атака клонаў“. Але пакуль нам так падабаецца нашая акцыя, што мы не спыняемся».

Насьця Рагатко

Насьця кажа, што да больш сталага адраса сайта, верагодна, усё ж прыйдзецца вярнуцца ў будучыні. Пэрформанс з заменамі адрасоў дамэнаў нарадзіўся амаль выпадкова. Пасьля першага блякаваньня адрас быў kyky.media, а вось пазьней фантазія ў рэдакцыі і яе чытачоў разгулялася.

«Я нават ня памятаю, у які момант нарадзілася калектыўная ідэя, што можна ж браць нейкія блазенскія дамэны, — кажа Насьця. — І сьмяшыць гэтым людзей. Ці радаваць, ці раздражняць — каго як. І тады наша сузаснавальніца Даша Мінскі набыла дамэн omon.wtf, так яно і панеслася. Цяпер мы калі мяняем дамэн, то просім камэнтатараў прапаноўваць свае варыянты. Частку адтуль бяром, з камэнтароў. Напрыклад, kukold.com мы не ў рэдакцыі прыдумалі. Але ён неверагодны».

Насьця кажа, што ў рэдакцыі стараюцца мець на адзін дамэн наперад. Некаторыя зь іх «жывуць» нават больш за месяц. Для журналістаў «Куку» гэта заўсёды нечаканасьць. Так было, напрыклад, на студзеньскія сьвяты. Але звычайна дамэны ў «Куку» жывуць прыкладна тыдзень, іх блякуюць заўсёды ў сераду. Цяпер рэдакцыя карыстаецца варыянтам nachesy.country.

«Для чыноўнікаў незалежныя СМІ — асноўная крыніца інфармацыі». Гутарка з галоўнай рэдактаркай БелаПАН Ірынай Леўшынай

«Ён таксама ўжо даўнавата ў нас, — кажа Насьця. — Магчыма, улады рыхтуюцца блякаваць усе клоны адначасова, выходзіць такі законапраект. Паглядзім, пакуль нашыя „начосы“ не заблякавалі. А які будзе наступны дамэн, я не скажу. Тады ня будзе элемэнту нечаканасьці, ня той атрымаецца эфэкт».

«Мне спакайней, калі журналісты ў фізычнай бясьпецы»

Па словах галоўнай рэдактаркі «Куку», праца з-за мяжы мае свае плюсы. У першую чаргу, гэта бясьпека супрацоўнікаў.

«Мне як рэдактару спакайней, што людзі хаця б у фізычнай бясьпецы, — кажа Насьця. — Я разумею, што нам усім абсалютна ня проста знаходзіцца за мяжой. Бачу гэта па супрацоўніках. Але я ня думаю, што, акрамя пытаньня бясьпекі, пытаньне знаходжаньня ці незнаходжаньня ў Беларусі цяпер для нас штосьці вырашае. Інтэрнэт робіць сваю справу, сацсеткі. Ва ўсіх ёсьць сябры, родныя, блізкія, вялікае кола знаёмых, зь якімі мы пастаянна камунікуем. Мэнтальна мы нічога ня трацім».

Насьця кажа, што для «Куку» цяпер асабліва важна працаваць менавіта на Беларусь. У рэдакцыі ня хочуць ператварацца ў нейкую «эмігранцкую гісторыю».

«Мы з камандай часта размаўляем пра тое, што ня будзем выбіраць шлях ператварэньня ў мэдыя пра эмігрантаў ці ў такое СМІ, якое робяць эмігранты, — расказвае Рагатко. — Мы ўсе жывём так, што зьбіраемся дадому і пішам для тых людзей, якія жывуць у Беларусі. Усе нашыя тэмы павінны быць цікавыя беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі, а ня звонку яе. Вядома, цяпер шмат людзей, якія зьехалі, і мы пішам пра іх, бо яны робяць важныя рэчы. Але ўсё ж мы яшчэ трымаем арыенцір на тое, што працуем на Беларусь».

Насьця Рагатко кажа, што плянаваць далейшую працу рэдакцыі пакуль складана. На яе думку, нельга закладаць у стратэгію тое, на што ня можаш паўплываць. Таму цяпер «Куку» працуе так, як быццам сайт не разблякаваны, а супрацоўнікі будуць знаходзіцца ў розных гарадах і краінах.

«Ён робіць мільён карысных спраў непублічна». Хто такі Павел Мажэйка, які згуртаваў людзей у Гродне

«Думаем зараз, як зарабляць іншымі шляхамі, — кажа Насьця Рагатко. — Завялі „Патрэон“ [плятформа для платнай падпіскі. — РС], назьбіралі там ужо сотню данатараў. Бачым прыток супэрляяльнай аўдыторыі, якая гатовая нам ахвяраваць грошы. Яны робяць гэта за мэрч і нейкія бэнэфіты. Але ўсё адно там вялікая колькасьць людзей, якія проста хочуць нас падтрымаць. Я думаю, што яшчэ год таму такой сытуацыі б проста не адбылося».

Насьця кажа, што аўдыторыя моцна зблізілася з рэдакцыяй за апошні год, і гэта вельмі прыемна адчуваць. Усіх данатараў «Куку» запрашае ў асобны чат, дзе прысутнічаюць і супрацоўнікі выданьня. Там можна абмяркоўваць новыя тэмы і іншыя розныя рэчы.

Па словах галоўнай рэдактаркі сайта, плынь рэклямы зьнізілася яшчэ летам 2020 году. Гэта адбілася на фінансавым становішчы Kyky.org. Насьця зьвязвае гэта з сытуацыяй у краіне — брэнды не хацелі ўкладацца ў рэкляму на інфармацыйных старонках. Увосень колькасьць рэклямы і камэрцыйных спэцпраектаў вырасла, але частка партнэраў ня можа працаваць з «Куку» праз блякаваньне. Альбо ня хочуць супрацоўнічаць, бо цяпер «Куку» менш піша пра лайф-стайл, а больш — пра палітыку.

«Мы цяпер ужо так ня можам паўнавартасна зарабляць на сябе і разьвіцьцё рэдакцыі, як гэта было раней, — кажа Насьця. — Але шукаем усе магчымыя шляхі, каб у нас усё гэта зноў атрымалася».

«Да 2020 мы не цікавіліся палітыкай, жылі ў сваім андэрграўндзе»

Насьця Рагатко кажа, што пераход «Куку» «ў палітыку» адбываўся паступова. Усё пачалося з сытуацыі вакол каранавірусу ў Беларусі. Сайт пачаў прысьвячаць вельмі шмат увагі гэтай тэме, і ў рэдакцыі зразумелі, што чытачам гэта важна.

«Ужо тады стала зразумела, што ў краіне нейкае іншае стаўленьне да ўлады, — кажа Насьця. — Раней нашыя чытачы прымалі тое, што мы асабліва ня пішам пра Лукашэнку, пра дзяржапарат. Мы сабе ня ставілі такіх задач, нават не хацелі цікавіцца гэтым. Жылі ў сваім андэграўндзе. Будавалі мыльную бурбалку, дзе таксама ёсьць жыцьцё і якая таксама разьвіваецца. Як і Менск, у якім таксама штосьці разьвівалася. І ў гэтым настолькі ня ўдзельнічала ўлада, што мы не лічылі патрэбным пра яе пісаць. Але калі пайшла першая хваля каранавірусу, стала ясна, што нельга гэта ігнараваць. І людзей, якія прымалі тады зьвязаныя зь ім дзіўныя і жорсткія рашэньні, таксама».

Па словах галоўрэда «Куку», у чытачоў сайта таксама зьявіўся запыт на такія тэмы. А пазьней усё гэта стала палітыкай, якая сама ўвайшла ва ўсе сфэры жыцьця краіны летам 2020 году. Нейкага канкрэтнага рашэньня раптам пачаць пісаць пра палітыку ў рэдакцыі не было, кажа Насьця Рагатко. Усё атрымалася неяк само сабой, калектыўна. Адбылася зьмена інтарэсаў ва ўсёй каманды.

«Мы заўсёды набіралі ў каманду людзей, якія б былі на адной хвалі, — кажа Насьця. — Гэта было вельмі важна. І так атрымалася, што ўсе яны палічылі важным пісаць спачатку пра каранавірус, потым пра кандыдатаў у прэзыдэнты, пасьля пра пратэсты і рэпрэсіі. Ніхто ня звольніўся, не сышоў з ідэалягічных перакананьняў, не палічыў няважнымі нашыя новыя тэмы. Мы ўсе на адной хвалі, я вельмі рада гэтаму».

«Гэта ўсё ўжо так доўга цягнецца, што нават надае сіл»

Насьця кажа, што прафэсія журналіста ў Беларусі цяпер стала нечым большым, чым журналістыка ў клясычным разуменьні. Мяркуе, што цяпер магчыма правесьці паралелі паміж прафэсіямі лекара і журналіста. Яшчэ летам стала відавочна, што супраць лекараў таксама прымяняюць гвалт і катаваньні, кажа Насьця. І згадвае размовы са знаёмымі лекарамі, якія казалі ёй, што мэдыкаў звычайна не чапаюць нават на войнах. А ў 2020-м лекары зразумелі, што для дзяржавы няма ніякай каштоўнасьці ў іх прафэсіі.

«Я думаю, у 2020 годзе нешта падобнае адбылося і з журналістамі, — кажа Насьця Рагатко. — На вайне ж звычайна і журналістаў не чапаюць. А ў нас атрымалася, што ў журналістаў можна страляць гумовымі кулямі. Акрэдытацыя нічога не гарантуе. Журналістыка стала больш місіяй. Людзьмі, якія працуюць унутры краіны, я захапляюся і ўдзячная вельмі. Стараюся кожны раз гэта выказваць цяпер. Зь іншага боку, цяпер проста нельга часам стрымана рабіць сваю працу. Бо немагчыма выконваць нейкія старыя правілы, калі іншы бок не выконвае.

«Мы і да Ціханоўскай будзем у апазыцыі». Гутарка з галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» Паўлам Сьвярдловым

Насьця прызнаецца, што падзеі лета і восені, а таксама рэакцыя ўладаў на іх сталі для яе вялікай нечаканасьцю.

«Я вясной не чакала таго, што было летам, — кажа галоўная рэдактарка „Kyky.org“. — Летам не чакала таго, што было восеньню. Восеньню таго, што было зімой. Напэўна, каб я летам даведалася, што пратэст запатрабуе столькі часу, я б, як і шмат хто іншы, адчувала менш аптымізму. Зь іншага боку, гэта ўсё ўжо так доўга цягнецца, што нават надае сіл. Дадае адчуваньня таго, што ўсё яшчэ наперадзе».

Насьця расказвае, што мела нядаўна размову з украінскімі калегамі, якія былі вельмі зьдзіўленыя працягласьцю беларускага пратэсту. Яны параўноўвалі яго з падзеямі ва Ўкраіне зімой 2013–14 гадоў і спачувалі беларусам, якім столькі часу прыходзіцца жыць у няпэўнасьці.

«Мне вельмі падабаецца думаць пра будучыню»

«На будучыню я стараюся глядзець аптымістычна, нягледзячы на тое, што вялікая колькасьць людзей стамілася, — кажа Насьця Рагатко. — Журналісты стаміліся, усе стаміліся. Але ў мяне няма адчуваньня, што ў Беларусі нічога ня зьменіцца. Я думаю, гэта пытаньне хутчэй часу. Важна, каб у нас хапіла сілаў на гэты час».

Галоўная рэдактарка кажа, што падтрымлівае ў сабе аптымізм, візуалізуючы ў галаве той час, калі ўсё зноў стане магчыма — адкрываць новыя СМІ, працаваць над вялікімі праектамі, зарабляць на супрацы і рэкляме. Калі ня будзе «нейкіх дурных законаў» і калі будзе сапраўднае тэлебачаньне і ўсё іншае.

«Мне вельмі падабаецца думаць пра ўсё гэта, — кажа Насьця. — Пытаньне, наколькі ў нас хопіць сіл да гэтага дайсьці, ня здацца. Людзі з нашай каманды, верагодна, таксама хацелі б нечага больш простага цяпер. І яны насамрэч маглі б сысьці з „Куку“, знайсьці сабе месца ў іншай сфэры. Ёсьць жа Ўкраіна, напрыклад. Там няма такіх жахлівых падзей, якія ахопліваюць усю краіну. Але ніхто не сыходзіць. І, я думаю, гэта адбываецца ў тым ліку і таму, што калі нас так моцна хочуць закрыць, то мы абавязаныя існаваць насуперак гэтаму». 

Галоўная рэдактарка «Куку» кажа, што сілаў працаваць далей дадае таксама разуменьне, што сузаснавальнік выданьня Аляксандар Васілевіч па-ранейшаму застаецца за кратамі. І тое, што «іначай цяпер проста нельга».

Увесь 2020 год рэдакцыя «Куку» рыхтавала рэдызайн сайта. Праца пэрыядычна спынялася, бо нехта з праграмістаў трапляў на «суткі» альбо нават у шпіталь з траўмамі. Цяпер яна скончаная, але рабіць рэдызайн, калі сайт заблякаваны ў Беларусі, проста неактуальна.

«Але я думаю, што ва ўмоўнай новай Беларусі „Куку“ ўжо ня будзе такім, якім быў раней, мы ўсе зьмяніліся за гэты час, — кажа Насьця. — Але я б усё адно хацела дадаваць нашаму выданьню такога клясычнага „лайфстайлу“, больш забаўляльнага кантэнту, не зьвязанага з палітыкай. Мы, у прынцыпе, і цяпер ужо пачалі разбаўляць палітычны кантэнт. На гэта ёсьць запыт. У новай Беларусі „Куку“ будзе больш дарослым. А можа і не, паглядзім».

«У штабе Ціханоўскай хачу проста зрабіць нешта карыснае»

Акрамя таго, што яна галоўная рэдактарка «Куку», Насьця Рагатко цяпер працуе таксама ў штабе Сьвятланы Ціханоўскай. Расказвае, што калі ў верасьні пераехала ў Вільню, то даведалася ад знаёмых, што ў штабе патрэбная дапамога. У той момант яна хацела дапамагчы таму, што палічыла важным.

«Я працую ў аддзеле камунікацый, — расказвае Насьця. — Я не палітычны лідэр і не імкнуся да гэтага ўвогуле ніяк. Тады, на пачатку верасьня, я думала, што ўжо да Новага году мы ўсе будзем дома ў Беларусі, на свабодзе. Але гэтага не адбылося, таму працягваю тут працаваць. Дапамагаю ва ўсім, што зьвязана з камунікацыяй, з тэкстамі. Не будую тут ніякай кар’еры. Хачу проста зрабіць нешта карыснае. Магчыма, мая праца нечым дапаможа».

Па словах галоўнай рэдактаркі «Куку», яе праца ў штабе Сьвятланы Ціханоўскай ніяк не ўплывае на рэдакцыйную палітыку самога «Куку».

«Безумоўна, мы па-ранейшаму можам апублікаваць крытычны матэрыял на каго заўгодна, у тым ліку на Ціханоўскую, — кажа Насьця. — Мая праца ў штабе магла б прычыняць шмат нязручнасьцяў, праблемаў, нейкіх маральных дылемаў. Але я думаю, што ў 2020 годзе шмат каму зь беларусаў прыйшлося рабіць маральны выбар. Я свой зрабіла. Думаю, мне было б нашмат цяжэй адмовіць на гэтую просьбу дапамагчы, чым пагадзіцца. Ведаючы, што гэта накладзе на мяне абавязак моцна разьмяжоўваць гэтыя свае дзьве дзейнасьці. Я расказала пра ўсё нашай камандзе, мяне ніхто не асудзіў. Я нават не чакала, што падтрымка будзе аднагалосная».

Насьця прызнаецца, што пэўны час не афішавала сваю дзейнасьць у штабе Ціханоўскай, аднак паступова ўсё стала вядома. У тым ліку дзякуючы дзяржаўным тэлеканалам.

«Мы насамрэч моцна разьвялі працу, — кажа Насьця. — Я з рэдакцыяй ніяк не абмяркоўваю тое, што адбываецца ў штабе. Гэтаксама ніхто са штабу ня можа высунуць патрабаваньне да „Куку“ напісаць пра нешта альбо штосьці прыбраць. І я ў тым ліку. Гэта абсалютна немагчыма».

«Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам

Па словах галоўнай рэдактаркі «Куку», журналістам у Беларусі цяпер удаецца трымаць нэўтралітэт, нягледзячы на ўсе складанасьці і жаданьне прыняць чыйсьці бок.

«Калі б мы не рабілі над сабой гэтага намаганьня — заставацца ў межах закону, рабіць усё па правілах, калі б публікавалі сваё чалавечае стаўленьне, то ўсе сайты і выданьні даўно сталі б іншымі, — кажа Насьця Рагатко. — Але я лічу, што гэтага не адбылося. Думаю, гэта працоўны подзьвіг. Тое, як усе беларускія недзяржаўныя СМІ трымаюць плянку».

Даведка

Насьця Рагатко нарадзілася ў Новарасійску, жыве ў Менску з пачатку нулявых. Скончыла журфак БДУ ў 2016 годзе. З рэдакцыяй «Куку» супрацоўнічала з 2014 году, галоўная рэдактарка з 2018-га.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!