1083 0

Кацярына Сушко: “Жыццё за МКАДам” — гэта нейкі міф

18.01.2017 Крыніца: Вікторыя Чаплева для baj.by

Як звязаныя вялікія карупцыйныя схемы і крадзёж курэй, як разгледзець прыгажосць беларуса і чаму Мінск не лепшы за Вілейку. Пра гэта расказала журналістка "Край.бай" з Маладзечна Кацярына Сушко, якая пасля вучобы ў Вільні свядома абрала жыццё ў рэгіёне.

— Жыццё паўсюль аднолькавае. Толькі ў сталіцы наўпрост ёсць сродкі, забавы, захапленні, якія дапамагаюць адцягнуцца ад будзёнай шэрасці. Таму такія пытанні мяне крышачку напружваюць. Я жыла ў Вільні, у Вілейцы, цяпер працую ў Маладзечна. І езжу па шмат якіх камандзіроўках. Я б не сказала, што жыццё ў Браславе, Вілейцы ці ў Мінску значна адрозніваецца. Яшчэ я не люблю Мінск як горад. Мне падаецца, што ён не створаны для людзей, я пачуваюся там нейкай мошкай, гэта прыгнечвае.

— Але ў сталіцы журналіст можа атрымліваць удвая, а то і ўтрая больш, чым калега ў рэгіёне…

—  Траціць ён будзе таксама ўдвая і ўтрая больш за калегу, які працуе ў рэгіёне. У мяне ніколі не было жадання з’ехаць у Мінск. Я сачу за культурным жыццём розных гарадоў. І калі мне хочацца нешта наведаць, я проста еду ў Мінск, Віцебск ці ў Вільню. Часта ў нашых каментарах вядомыя блогеры і  ньюсмэйкеры іранізуюць наконт маштабаў падзеяў, пра якія піша наш сайт. Яны смяюцца з навіны пра тое, што ў Докшыцах скралі чатыры каровы і адну курыцу, з таго, што ратавальнікі з Браслава уратавалі курэй і гэта для іх гаспадыні стала найвялікшым шчасцем. Такі маштаб падзеяў здзіўляе людзей, што робяць навіны ў Мінску. Іх здзіўляе той факт, што мы падаем гэта ў якасці навіны. Хаця праблема адна і тая ж паўсюль — у краіне крызіс.

Разнастайнасць тэм залежыць ад журналіста, ад кола тваіх зацікаўленасцяў, знаёмых. Цяпер у нас моцна зкарэктаваная інфармацыйная палітыка — вітаюцца навіны пра здарэнні, вірусныя гісторыі, вялікія цікавыя артыкулы.

У Мінску пішуць, што раскрылі карупцыйную сетку, а мы пішам пра тое, што кожны дзень людзі адкрыта крадуць гарэлку, віно ці надкусваюць кіўбасу ў крамах. Крадзеж застаецца крадзежам. Проста мяняецца маштаб. Таму, зноўку ж, “жыццё за МКАДам”  — гэта нейкі міф. Усе беларусы жывуць за МКАДам. Мы ўсе, калі стаім на мяжы з Літвой ці Польшчай, — “заМКАДышы”, бо жыццё ў краіне паўсюль аднолькавае.

Раней у мяне было не вельмі добрае ўяўленне пра беларусаў. І толькі калі я стала працаваць у рэгіёнах, я пабачыла прыгажосць іх сэрцаў. Шмат людзей працуюць у музеях, дзяржаўных структурах ці на заводах, але маюць пэўнае хобі. Шмат людзей робяць нешта не толькі для сябе і свайго атачэння, але і для свайго рэгіёна. Кожны дзень мы пішам пра такіх людзей, якія намагаюцца нешта змяніць у сваёй мясцовасці. І хай для Tut.by, Onliner.by ці Naviny.by гэта выглядае нейкім чарговым пшыкам з рэгіёнаў. Але мне падаецца, мы робім важную справу.

Яшчэ магчымы варыянт працы фрылансерам. Але трэба мець на ўвазе, што ў рэгіёнах з гэтым будзе цяжка. Нават калі ты працуеш для буйной рэдакцыі і маеш рэдакцыйную "корачку", з атрыманнем інфармацыі будзе цяжка. А, калі ты гаворыш, што фрылансер і нешта пішаш без прывязкі да рэдакцыі, то ўвогуле ніхто не хоча размаўляць. За гады працы "Край.бай" мы прывучылі, што нам можна давяраць.
той жа сяргей лескець мае сталую, стабільную працу. бо на фрылансе асабліва не пражывеш.
 

— Як людзі ставяцца да журналістаў? Ці ахвотна яны ідуць на кантакт? Ці ахвотна дзеляцца інфармацыяй?

Калі я стала працаваць на “Край.бай”, мяне проста прыбіла тое, што з журналістамі не хочуць кантктаваць ні простыя людзі, ні чыноўнікі, асабліва гэта тычыцца відэаапытанак.  тады, калі гаворка ідзе пра здымкі відэаапытанак. Я гляджу відэа на тым жа Tut.by ці “Нашай Ніве”  і бачу, што людзі вальней паводзяцца перад камерай. Нам у гэтым плане складана. Людзі часта закрываюцца. А бывае і так, што яны могуць выказаць сваё меркаванне, а пасля ад яго адмовіцца, адвярнуцца ці папрасіць, каб відэа выдалілі.

Што тычыцца працы з чыноўнікамі, то яна ў краіне паўсюль аднолькавая. Большасць чыноўнікаў не хочуць даваць інфармацыю. Але плюсы працы журналіста ў рэгіёнах  яшчэ і ў тым, што самі маштабы горада меншыя. Усё ж такі за пяцігадовую гісторыю партала мы напрацавалі кантакты. Бывае такое, што прыходзіш браць інтэрв’ю,  а чалавек калісьці даўно цябе бачыў на сцэне, і ты "тая самая Каця Сушко". І для яго ты ўжо пераўтвараешся ў звычайнага чалавека, з якім можна проста паразмаўляць. Але ў дзяржаўных структурах пакуль інфармацыя застаецца больш закрытай, чым адкрытай.

— На якія матэрыялы атрымліваеце найбольш водгукаў?

— Больш за ўсё людзей турбуюць пытанні “куды сыходзяць грошы” , “адключэнне і ўключэнне гарачай ці халоднай вады”, “новыя дарогі”, “жыллё і будоўля”.  Калі ў гораде будзе больш жылля? Як стаць у чаргу на будаўніцтва? Але водгукі ідуць і на больш маштабныя навіны. Напрыклад, чалавек з Вілейкі асуджаны на смяротнае пакаранне. І, канечне, як і паўсюль, попытам карыстаюцца ўсялякага роду здарэнні.

— А што ў будучым? Ці плануеце заставацца і далей працаваць у Маладзечна?

— Я жыву сённяшнім днём. У мяне ёсць надзея, што партал будзе развівацца і што штат журналістаў будзе расці. У нас будуць новыя праекты. З’язджаць у Мінск і прабівацца на Tut.by ці Onliner.by мне не хочацца. Мне падабаецца працаваць у Маладзечна, браць інтэв’ю ў мясцовых жыхароў, а не ў Лідзіі Ярмошынай. Я не наведваю прэс-канферэнцыі з Лукашэнкам і рознымі міністрамі. Для мяне тое ж самае адбывааецца ў маштабах нашага рэгіёна. Механізм адзін — трэба атрымаць інфармацыю. Складанасці адны і тыя ж — датэліцца да чалавека, прымусіць яго адказаць на пытанні і зрабіць цікавы матэрыял. Звычайнаму чытачу лягчэй крытыкаваць журналіста.

Але бывае і наадварот. Аднойчы напісаў наш чытач, які родам з Маладзечна, але працуе ў Маскве і займае там пэўную пасаду. Ён прыехаў на дзень народзінаў бацькі і кажа: “Я ў Маладзечна.  Хачу зайсці да вас ў рэдакцыю”. Часцей за ўсё ты чуеш ад чытачоў нешта накшталт “вы такія кепскія журалісты”, “тэма не раскрытая”, “пра грошы нічога не сказана”, “вы купленыя журналісты”...  А тут чытач прыходзіць у госці і прыносіць торт. І яму хочацца проста паразмаўляць і даведацца пра тое, чым жыве рэдакцыя. І ў гэтым і ёсць для мяне кайф.

Рэдактар Край.бай: Маладзечна — найбольш зацікаўлены ў інфармацыі рэгіён