НЕ - ВАЙНЕ!
1936

Кацярына Сінюк: Людзі скардзіліся на жорсткае абыходжанне з жывёламі

06.05.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Да Сусветнага дня свабоды прэсы наш сайт  публікуе гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок – дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам – дала адчувальны плён.

Сённяшнія гісторыі – ад журналісткі Кацярыны Сінюк.

 

Гісторыя першая. Пра Бярэзінскі запаведнік

– Гэта гісторыя адбылася ў 2012 годзе. Я працавала на партале TUT.BY, і нам пачалі скардзіцца людзі на жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Бярэзінскім запаведніку. Я вырашыла правесці невялікае расследаванне і ажно тры разы ездзіла туды. Разам з аператарам мы ўважліва назіралі за стаўленнем супрацоўнікаў да жывёл.

Мы ездзілі туды нават з ветэрынарамі, якія маглі даць незалежную ацэнку стану жывёл, і заўважылі відавочныя парушэнні. Нягледзячы на знешні лоск запаведніка, вальеры і выгляд саміх жывёл пакідалі не найлепшае ўражанне.

Пасля выхаду публікацыі я яшчэ раз прыехала ў запаведнік. І якое было маё здзіўленне, калі я убачыла, як жывёл сапраўды пачалі нарэшце добра карміць, аказваць ім адпаведную медыцынскую дапамогу. Гэта была мая маленькая журналісцкая перамога, за якую я нават заняла прызавое месца ў конкурсе “Вольнае слова” :)

 

Гісторыя другая. Пра кватэры дзяцей-сірот

Нядаўна на створаным намі сайце «Имена» я вярталася да гісторыі, пра якую пісала яшчэ ў часе працы на TUT.BY.

Пасля выпуску з інтэрната для сірот мінчанін Саша Зімноха атрымаў бясплатную кватэру ад дзяржавы, але так і не прыдумаў, як у ёй жыць. Сёння ў яго хаце – самая сапраўдная рэзервацыя для непатрэбных дзяцей, прастытутак і бездаглядных жывёл.

Артыкул на папулярным партале краіны пра тое, як у мінскай кватэры цэлымі днямі п’юць былыя выпускнікі дзіцячых дамоў і выюць сабакі, выклікала сур’ёзны  рэзананс і дайшла аж да прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча. І, трэба аддаць прэм’еру належнае, – ён даволі хутка ўключыўся ў праблему.

Спачатку ён даў даручэнне, каб МУС правяло расследаванне (у выніку міліцыя пацвердзіла, што ў Каменнай горцы незаконна здаецца амаль 20% сірочых кватэр), затым папрасіў Саўмін падумаць пра тое, як вырашыць праблему заканадаўча.

І праз нейкі час пасля гэтага – 31 мая 2013 года – Савет міністраў выдаў пастанову, штуршком для распрацоўкі якой стаўся менавіта мой матэрыял. Пастанова была закліканая вырашыць сітуацыю з кватэрамі дзяцей-сірот і дапамагчы ім уладкавацца ў жыцці.

Як высветлілася праз тры гады, сітуацыю той пастановай на 100% змяніць не ўдалося. Але рэчаіснасць ад матэрыялу, безумоўна, змянілася. Зараз мы зноў надалі ўвагу гэтай сітуацыі і будзем спадзявацца, што нешта ў ёй зноў памяняецца да лепшага.

Цыкл "Як свабода слова змяняе жыццё"

LIFE: Радзівілы і Патоцкія плацяць сялянам, якія працуюць на іх, па 20 цэнтаў штодня

Женщины и мужчины в белорусских СМИ: кого не замечают журналисты?

ГА "БАЖ" запрашае на сустрэчу з аўтарамі шведскага падручніка для журналістаў-фрылансераў!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!