НЕ - ВАЙНЕ!
374

«Каб вызвалілі Дашу, яму было б значна лягчэй». Ігар Лосік вельмі трывожыцца за жонку

14.11.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Пра тое, што адчувае пасьля арышту жонкі, палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік піша ў лістах да сваякоў. Ад Дашы лісты сваякам не прыходзяць ужо больш за два тыдні.

«Каб вызвалілі Дашу, Ігару было б значна лягчэй»

Журналіст Свабоды Ігар Лосік вельмі трывожыцца за жонку Дар’ю, якую ужо амаль месяц трымаюць у СІЗА Берасьця. Пра гэта ён піша ў лістах да сваіх бацькоў. Апошні зь іх прыйшоў у суботу, 12 лістапада.

«Ігар піша, што асаблівых навін няма. Ён вельмі хвалюецца за жонку Дашу, перажывае за дачку Паўлінку. Пытае, ці робяцца нейкія намаганьні, каб вызваліць Дашу. Піша, што за сябе ён не перажывае, а трывожыцца менавіта за Дашу. Просіць, каб яму пісалі як мага больш пра навіны ад Дашы», — апавядае спадар Аляксандар.

Ад Дар’і Лосік больш за два тыдні няма лістоў

Ігаравы бацькі атрымалі ад Дар’і толькі адзін ліст — літаральна празь некалькі дзён, як яе затрымалі і зьмясьцілі ў берасьцейскі СІЗА. Больш лістоў ад Дашы ім не было, хоць яны рэгулярна пішуць нявестцы.

«Дашыны Бацькі таксама казалі, што два тыдні лістоў ад Дашы не прыходзіла. На мінулым тыдні да Дар’і ў Берасьце мусілі паехаць адвакаты, але штосьці ў іх не атрымалася. Абяцалі дакладна паехаць на гэтым тыдні. Мы ўсе вельмі трывожымся, палохае невядомасьць.

Чатырохгадовая дачка Паўлінка зараз з бацькамі Дар’і. «Дзяўчынка вельмі сумуе, пытаецца: дзе мама, калі прыедзе мама?», — працягвае Аляксандар.

У лісьце Ігар піша пра побыт, просіць прывезьці яму пэўныя рэчы. Паводле спадара Аляксандра, ліст ад сына даволі аптымістычны.

«Ігар таксама напісаў, што ў канцы сьнежня яму павінны даць спатканьне з намі — але не наўпрост, а праз шкло. Мы з жонкай паедзем», — кажа Аляксандар Лосік.

«У палітычных з жоўтымі біркамі графіку званкоў няма»

Што да званкоў, Ігару дазваляюць патэлефанаваць родным вельмі рэдка.

«У звычайных вязьняў, у якіх белыя біркі, вызначаны адмысловы дзень тыдня для званкоў, ёсьць графік. А ў палітычных з жоўтымі біркамі (так пазначаюць вязьняў, „схільных да экстрэмізму“) графіку тэлефанаваньняў няма. Могуць зрэдку дазволіць, але насамрэч гэта бывае вельмі рэдка», — кажа бацька Ігара Лосіка.

Ад Дашы Лосік прыйшла паштоўка сяброўцы, датаваная 27 кастрычніка:

«Не перажывайце моцна за мяне. Усё засталося па-ранейшаму, проста я са зваротнага боку ўсяго гэтага. Абняла». І намаляванае сардэчка.

Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі амаль два з паловай гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі узмоцненага рэжыму.

Жонку Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Тэлеграм-каналы сілавікоў напісалі, што Дар’ю затрымалі за тое, што яна нібыта «спрыяла экстрэмісцкай дзейнасьці», прэтэнзіі да Дар’і ўзьніклі за яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады назвалі «экстрэмісцкім». З таго часу Дар’ю Лосік трымаюць у СІЗА Берасьця.

Паўліна, малалетняя дачка Ігара і Дар’і Лосікаў, пакуль што ў бабулі зь дзядулем — у бацькоў Дар’і.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

Чытаць яшчэ: 

Экстрэмізм: Sojka разбіраецца ў гатунках

Я тебя спрячу. Telegram-бот «Гретель» для активистов

«Абсолютно вырвано из контекста!» Пропагандист попытался объяснить, что Купала имел в виду в строке «Жыве Беларусь»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!