396 0

IREX апублікаваў “Індэкс медыяўстойлівасці” па Беларусі. Цікавыя факты

10.04.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міжнародная некамерцыйная арганізацыя IREX апублікавала свой штогадовы “Індэкс медыяўстойлівасці”. Інфармацыя пра Беларусь у сусветным дакладзе займае больш за дзесяць старонак.

У агульным профілі Беларусь апісваецца як краіна з насельніцтвам 9 570 376 (ліпень 2016), ВВП на душу насельніцтва — 16 920 долараў, узроўнем граматнасці 99,7 %.

У краіне, па афіцыйных звестках, было зарэгістравана 728 газет, 831 часопіс, 174 радыёстанцыі і 100 станцый ТБ (2016).

Самымі буйнымі газетамі названы “СБ. Беларусь сегодня”, “Комсомольская правда” в Белоруссии” і “Рэспубліка”. Самымі папулярнымі каналамі названыя “НТВ-Беларусь” (14,8 % аўдыторыі), “ОНТ” (13,97 %), “РТР-Беларусь” (13,27 %). Штогадовы прыбытак у сферы рэкламы ў сектары СМІ: 95-100 мільёнаў долараў (2016). Карыстальнікаў інтэрнэту 5,97 мільёнаў.

Устойлівасць па шкале IREX разбівае краіны на чатыры групы: няўстойлівая, супраць свабоднай прэсы (0 – 1 балаў); няўстойлівая са змешанай сістэмай (1 – 2); амаль устойлівая (2 – 3); устойлівая (3 – 4). Ацэнка даецца па пяці катэгорыях — свабода слова, прафесійная журналістыка, плюралізм крыніц навінаў, менеджмент медыябізнесу і інстытуцыі падтрымкі. Першая група характарызуецца тым, што ўрад і законы перашкаджаюць развіццю СМІ, актыўнасць медыяіндустрыі нізкая і нізкі прафесіяналізм СМІ. Другая катэгорыя часткова адпавядае індыкатарам устойлівасці, толькі сегменты заканадаўства і ўраду супрацьдзейнічаюць свабодным медыя, відавочны прагрэс у прасоўванні ідэй незалежнай прэсы, павышаецца прафесіяналізм, узнікаюць новыя медыябізнесы, устойлівасць якіх яшчэ рана ацэньваць. А дзве апошнія групы нас пакуль не тычацца.

У пытанні свабоды слова Беларусь упершыню перайшла з групы няўстойлівых краін з антыпрэсавай культурай да краін няўстойлівых са змешанай сістэмай, і колькасць балаў амаль падвоілася ў параўнанні з 2016 годам — 1,31 супраць 0,73. Такая ацэнка з’явілася дзякуючы ў асноўным неабмежаванай свабодзе выказвання анлайн і меншаму пераследу журналістаў і блогераў. Аднак у дакладзе падкрэслена, што свабода слова мае найменшы бал з усіх чатырох катэгорый. Сярод сітуацый з парушэннямі свабоды слова летась адзначана справа Эдуарда Пальчыса, блакаванне сайтаў на аснове спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, таксама папярэджанне “Витебскому Курьеру” ў снежні 2016 года за артыкул пра становішча дзяцей у прыёмных сем’ях. У той жа час, адзначана змяншэнне колькасці папярэджанняў СМІ — у мінулым годзе іх было ўсяго 16, і яны не былі звязаныя са зместам.

Сярод іншых адмоўных інцыдэнтаў і практык таксама:

Ліцэнзаванне і рэгістрацыя СМІ застаюцца несправядлівымі, і таму, напрыклад, у краіне няма FM-станцыі “Еўрарадыё” (толькі акрэдытаваны карэспандэнцкі пункт, акрэдытацыя працягваецца штогод), і ўпершыню з 2007 года ў 2016 годзе некалькі карэспандэнтаў “Белсата” таксама атрымалі толькі часовую акрэдытацыю (як карэспандэнты TVP).

Не былі расследаваныя па міжнародных стандартах справы знікнення Дзмітрыя Завадскага і забойства Веранікі Чаркасавай.

https://gdb.rferl.org/21C327B2-37C2-4565-BF8C-C815147C6CF3_cx20_cy4_cw66_w650_r1_s.jpg

Следчы камітэт адмовіўся расследаваць збіццё журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага і класіфікаваць інцыдэнт, як звязаны з журналісцкай дзейнасцю.

Няма незалежнага грамадскага вяшчальніка, закон не гарантуе незалежнасць рэдакцыі дзяржаўнага тэлебачання.

Згадваецца справа карэспандэнта Associated Press Юрася Карманава: адзначаецца, што рашэнне супярэчыць існуючаму заканадаўству, бо журналіст не нясе адказнасці, калі факты публікуюцца правільна.

Ёсць праблема з доступам да інфармацыі — больш за 60 арганізацый маюць права закрыць інфармацыю ад грамадскага доступу.

Адзначаецца паляпшэнне камунікацыі з дзяржаўнымі органамі: тут указваюцца інцыдэнты на будоўлі АЭС у Астраўцы і на “Азоце” ў Гродне — улады хутчэй рэагавалі на запыты СМІ (маецца на ўвазе ўжо другі інцыдэнт у Астраўцы). Аднак прэс-службы дзяржаўных устаноў часта працягваюць выконваць функцыі фільтраў інфармацыі.

Сярод, напэўна, пазітыўнага моманту адзначана свабоднае выкарыстанне інфармацыі з нацыянальных і замежных СМІ і свабодны ўваход у прафесію.

Застаецца інстытут акрэдытацыі. Акрэдытацыя не патрэбная анлайн-СМІ, але гэтыя абставіны могуць стаць момантам непаразумення з уладамі.

У пытанні прафесійнай журналістыкі бал вырас з 1,30 да 1,72. Адзначаецца, што недзяржаўныя СМІ дэманструюць вышэйшы ўзровень якасці. Аднак і ў дзяржаўных СМІ адзначаны рост стандартаў — тут згадваецца маніторынг СМІ “Беларускага саюза журналістаў” падчас выбараў і перадача “Клуб рэдактараў”. Адзначаецца наяўнасць прафесійных кодэксаў этыкі ў БАЖ і БСЖ і праца камісіі па этыцы БАЖ, а таксама даследаванні мовы нянавісці, праведзеныя “Медыякрытыкай”.

Сярод адмоўных момантаў — наяўнасць самацэнзуры: ключавыя тэмы не ігнаруюцца, але асвятляюцца не дастаткова поўна; часта сустракаецца неўнікальны кантэнт; вялікая розніца ў заробках паміж сталіцай і абласцямі, таксама паміж дамінуючымі медыямі і астатнімі; вялікая дыспрапорцыя паміж забаўляльнымі перадачамі і навінамі на радыё. Для многіх рэдакцый застаецца складаным эканамічнае пытанне, калі трэба абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу.

Недаразвітым застаецца рынак нішавых выданняў, хоць сталі больш развівацца гендарныя і экалагічныя накірункі.

Паспяховы прыклад — выданне пра сацыяльную адказнасць “Имена”, якое выкарыстоўвае метад краўдфандынгу і арыентаваны выключна на анлайн-аўдыторыю.

У пытанні разнастайнасці крыніц навінаў, бал павысіўся з 1,34 да 1,77, у асноўным дзякуючы развітасці і даступнасці інтэрнэта. Адзначаецца недахоп незалежнага нацыянальнага тэле- і радыёвяшчання; дзяржаўнае ТБ застаецца манапалістам; з 200 замежных рэтрансляваных каналаў большасць ідзе з Расіі, высокая колькасць іх не забяспечвае разнастайнасць меркаванняў у беларускім медыяландшафце; таксама эканамічныя складанасці падрываюць незалежныя СМІ і асвятленне імі сацыяльна значных тэмаў.

Адзначаецца ўніфікаванасць дзяржаўных СМІ і трансляцыя імі толькі інфармацыі ад ураду, у той час як апазіцыйныя палітыкі не згадваюцца ўвогуле альбо згадваюцца толькі адмоўна. Дзяржава валодае каля 600 медыяў, у той час як прыватная ўласнасць у медыябізнесе не сканцэнтраваная. Закон забараняе замежным акцыянерам валодаць больш як 20 % акцый медыя, у той час як вядучыя расійскія тэлеканалы зарэгістраваныя, як беларускія прадпрыемствы. Таксама беларускія СМІ сфакусаваныя ў асноўным толькі на праблемах унутры краіны; замежныя навіны перадаюцца праз расійскія крыніцы.

З медыяўласнасцю ўсё ясна — пункт вырас з 0,88 да 1,30: эканамічна СМІ далёкія ад таго, каб быць самадастатковымі і ўстойлівымі арганізацыямі. Ні дзяржаўныя, ні прыватныя СМІ не раскрываюць фінансавую статыстыку. Большасць медыяўласнасці сканцэнтраваная ў руках дзяржавы. Адзначаецца ціск на рэкламадаўцаў у незалежныя газеты. З пазітыўных момантаў — паспяховая краўдфандынгавая кампанія “Нашай Нівы” і “Имён”.

Апошні пункт датычыцца працы ўстановаў, якія садзейнічаюць развіццю журналістыкі, напрыклад, універсітэтаў, прафесійных саюзаў і асацыяцый, сетак распаўсюду. Бал вырас з 1,31 у 2016-ым да 1,64. Тут згадваецца Інстытут журналістыкі, дзе навучаецца 1 250 студэнтаў, і некалькі праграм са спецыялізацыяй у сферы медыяў у ЕГУ. Адзначаецца дзяржаўная манаполія на сеткі распаўсюду інфармацыі. Сярод станоўчых момантаў — даступнасць інтэрнэту, хаця ў той жа час падпіска на лічбавыя выданні застаецца нязначнай.

Даклад складаўся на пачатку 2017 года і не ўлічвае сакавіцкіх падзеяў. Таму, напрыклад, згаданыя 11 газет, якія не мелі доступу да паслуг сервісу падпіскі і продажу ў розніцу.

 

ПРАВАВЫЯ І САЦЫЯЛЬНЫЯ НОРМЫ АБАРАНЯЮЦЬ СВАБОДУ СЛОВА І ДОСТУП ДА ПУБЛІЧНАЙ ІНФАРМАЦЫІ.

Індыкатары свабоды слова:
> Працуюць прававыя і сацыяльныя меры для абароны свабоды слова.
> Ліцэнзаванне вяшчальных СМІ з'яўляецца справядлівым, канкурэнтным і апалітычным.
> Выхад на рынак і структура падаткаў для СМІ з'яўляюцца справядлівымі і супастаўныя з іншымі галінамі эканомікі.
> Злачынствы супраць журналістаў і СМІ пераследуюцца энергічна, але такія выпадкі здараюцца рэдка.
> Дзяржаўныя і грамадскія сродкі масавай інфармацыі не атрымліваюць ільготны прававы рэжым, і закон гарантуе рэдакцыйную незалежнасць.
> Паклёп з'яўляецца пытаннем грамадзянскага права; дзяржаўныя служачыя адказваюць больш высокім стандартам, пакрыўджаныя бакі павінны даказаць непраўдзівасць інфармацыі і злосны намер.
> Публічная інфармацыя лёгка даступная; права на доступ да інфармацыі ў роўнай ступені прымяняецца для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў.
> Сродкі масавай інфармацыі маюць неабмежаваны доступ да інфармацыі; гэта ў роўнай ступені выконваецца для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў.
> Уступленне ў журналісцкую прафесію з'яўляецца свабодным, улады не накладаюць ніякіх абмежаванняў на ліцэнзаванне альбо спецыяльныя правы для журналістаў.

ЖУРНАЛІСТЫКА АДПАВЯДАЕ ПРАФЕСІЙНЫМ СТАНДАРТАМ ЯКАСЦІ.
Індыкатары прафесійнай журналістыкі:
> Асвятленне падзеяў справядлівае, аб'ектыўнае і з надзейных крыніц.
> Журналісты выконваюць прызнаныя і агульнапрынятыя этычныя стандарты.
> Журналісты і рэдактары не практыкуюць самацэнзуру.
> Журналісты асвятляюць ключавыя падзеі і праблемы.
> Узровень аплаты для журналістаў і іншых работнікаў сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца дастаткова высокім, каб прадухіляць карупцыю.
> Забаўляльныя перадачы не засланяюць навіны і інфармацыйныя перадачы.
> Тэхнічныя сродкі і абсталяванне для збору, вытворчасці i распаўсюду навін з'яўляюцца сучаснымі і эфектыўнымі.
> Існуе нішавая журналістыка (следчая, навіны эканомікі/бізнесу, мясцовая журналістыка, палітычная журналістыка).

РАЗНАСТАЙНЫЯ КРЫНІЦЫ НАВІН ПРАДАСТАЎЛЯЮЦЬ ГРАМАДЗЯНАМ НАДЗЕЙНЫЯ І АБ'ЕКТЫЎНЫЯ НАВІНЫ.
Індыкатары плюралізму крыніц навінаў:
> Існуе мноства даступных крыніц дзяржаўных і прыватных навін (напрыклад, друк, вяшчанне, інтэрнэт).
> Доступ грамадзян да ўнутраных альбо міжнародных сродкаў масавай інфармацыі не абмяжоўваецца.
> Дзяржаўныя і грамадскія СМІ адлюстроўваюць пункт гледжання ўсяго палітычнага спектру, а не адной палітычнай сілы, і служаць грамадскім інтарэсам.
> Незалежныя інфармацыйныя агенцтвы збіраюць і распаўсюджваюць навіны для друку і вяшчальных СМІ.
> Незалежныя вяшчальныя СМІ вырабляюць свае ўласныя праграмы навін.
> Празрыстасць медыяўласнасці дазваляе спажыўцам меркаваць пра аб'ектыўнасць навінаў; уласнасць у СМІ не канцэнтруецца ў некалькіх кангламератах.
> У СМІ адлюстраваны і прадстаўлены шырокі спектр сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку ёсць крыніцы інфармацыі на мовах меншасцяў.

НЕЗАЛЕЖНЫЯ СМІ — ГЭТА КАМПАНІІ З ПРАФЕСІЙНЫМ КІРАВАННЕМ, ЯКІЯ ЗАБЯСПЕЧВАЮЦЬ РЭДАКЦЫЙНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ.
Індыкатары бізнес-менеджменту:
> Сродкі масавай інфармацыі і дапаможныя фірмы дзейнічаюць як эфектыўныя, прафесійныя, і прыбытковыя прадпрыемствы.
> Сродкі масавай інфармацыі атрымліваюць даход ад мноства крыніц.
> Рэкламныя агенцтвы і сумежныя галіны падтрымліваюць рэкламны рынак.
> Рэкламны даход у выглядзе працэнта ад агульнага даходу адпавядае агульнапрынятым стандарам у гандлёвых кропках.
> Незалежныя СМІ не атрымліваюць дзяржаўныя субсідыі.
> Даследаванне рынку выкарыстоўваецца для распрацоўкі стратэгічных планаў, павышэння даходаў ад рэкламы, а таксама для індывідуальных прадуктаў з улікам патрэбаў і інтарэсаў аўдыторый.
> Складаюцца надзейныя і незалежныя вяшчальныя рэйтынгі і тыражы.

ФУНКЦЫЯНУЮЦЬ ДАПАМОЖНЫЯ ІНСТЫТУТЫ ДЛЯ ПРАФЕСІЙНЫХ ІНТАРЭСАЎ НЕЗАЛЕЖНЫХ СМІ.
Індыкатары:
> Прафесійныя асацыяцыі прадстаўляюць інтарэсы прыватных уласнікаў СМІ і прадастаўляць паслугі сваім членам.
> Працуюць прафесійныя асацыяцыі ў галіне абароны правоў журналістаў.
> НДА падтрымліваюць свабоду слова і незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
> Існуюць універсітэцкія праграмы па якаснай журналістыцы, якія забяспечваюць істотны практычны вопыт.
> Кароткатэрміновыя навучальныя праграмы і курсы павышэння кваліфікацыі дазваляюць журналістам павышаць кваліфікацыю альбо набываць новыя навыкі.
> Крыніцы газетнай паперы і друкарні знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, непалітызаваныя і неабмежаваныя.
> Каналы распаўсюду СМІ (кіёскі, перадатчыкі, інтэрнэт) з'яўляюцца прыватнымі, непалітызаванымі і неабмежаванымі.

Каментары