507

Інтэрв'ю з абвінавачанамі ў справе Шарамета ВІДЭА

19.12.2020 Крыніца: "Радыё Свабода"

Размова з Юліяй Кузьменкай і Андрэем Антоненкам.

Абвінавачаны ў забойстве журналіста Паўла Шарамета музыка Андрэй Антоненка правёў год у следчым ізалятары. Другую фігурантку справы Юлію Кузьменку 4 месяцы таму перавялі пад хатні арышт.

За гэты год, сцьвярджаюць адвакаты, істотных доказаў датычнасці Антоненкі і Кузьменкі да забойства журналіста следства не знайшло.

Аўтамабіль Паўла Шарамета ўзарвалі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева. Гэта адна з самых гучных крымінальных справаў у гісторыі сучаснай Украіны.

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з Юліяй Кузьменкай і Андрэем Антоненкам.

З Антоненкам журналісты сустрэліся ў пакоі для спатканняў кіеўскага СІЗА. Следства год таму назвала яго арганізатарам забойства, цяпер называе выканаўцам.

«Ёсць поўнае неразуменне таго, што адбываецца, разуменне таго, што цябе абвінавачваюць у тым, да чаго ты абсалютна не маеш ніякага дачынення», — сказаў Андрэй Антоненка.

Адзін з галоўных доказаў у справе — відэазапісы з камераў назірання. На іх мужчына і жанчына закладаюць выбухоўку пад аўтамабіль Шарамета.

Антоненка сьцьвярджае, што на відэа не ён, і ўвогуле зусім не падобны да знятага мужчыны: «Ён цалкам мой антыпод».

Юлія Кузьменка кажа, што ў дзень забойства Шарамета была дома з сям’ёй, а пра тэракт даведалася з навінаў.

«Пасля гэтага я палезла яшчэ ў Google шукаць, хто такі Павал Шарамет, — кажа яна. — Чамусці бок абвінавачання лічыць гэта доказам маёй датычнасці».

Паводле яе, пасля брыфінгу з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага судззі «не спрабуюць увогуле разабрацца ў гэтай справе».

На нестыкоўкі ў матэрыялах справы Шарамета ва Украіне звяртаюць у тым ліку журналісты выдання «Украінская праўда», дзе працаваў Шарамет. Судовыя паседжанні наконт падаўжэння арышту Антоненкі і Кузьменкі суправаджаюцца акцыямі пратэсту.

«На маё перакананне, няма нічога такога складанага, каб проста прызнаць, што гэта была памылка», — кажа Андрэй Антоненка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!