НЕ - ВАЙНЕ!
2457

Інфармацыйныя агенцтвы: калі пачалася перадвыбарная кампанія?

23.07.2015 Крыніца: Марыя Савушкіна для www.baj.by

Кантэнт-аналіз паведамленняў на выбарчую тэматыку інфармагенцтваў за чэрвень 2015.

Мэтай даследавання паведамленняў інфармацыйных агенцтваў у чэрвені было адказаць на пытанне –“як адбіўся пачатак кампаніі па выбарах прэзідэнта РБ на працы інфармацыйных агенцтваў?”.

Дзеля гэтага былі сабраныя для параўнання дадзеныя пра колькасць паведамленняў на выбарчую тэматыку дзяржаўнага і недзяржаўнага інфармацыйных агенцтваў у маі і чэрвені.

Гіпотэза палягае ў тым, што інфармацыі з “выбарчай” лексікай у чэрвені павінна быць больш, чым у маі, паколькі быў абвешчаны афіцыйны старт кампаніі.

Мяркуецца, што выяўленая розніца дазволіць таксама прааналізаваць інтэнсіўнасць, з якой інфармагенцтвы ўступілі ў выбарчую кампанію, а таксама якія патэнцыйныя кандыдаты, выбарчыя структуры і працэдуры стваралі больш інфармацыйных нагодаў.

Дзеля гэтага замеры праводзіліся па прозвішчах канкрэтных асобаў. Таксама колькасныя замеры былі праведзеныя па ключавых словах, звязаных з выбарчай тэматыкай: “кандыдат”, “галасаванне”, “апазіцыя”, “ЦВК” (Цэнтральная выбарчая камісія) і прозвішча старшыні Лідзіі Ярмошынай. Статыстыка ўключае ў сябе дадзеныя па імёнах Аляксандра Лукашэнкі і Таццяны Караткевіч – магчымай кандыдаткі на прэзідэнта, якая адна з першых заявіла пра свой удзел у кампаніі.

Табліца ніжэй уключае ў сябе статыстыку ўзгадвання ключавых словаў інфармацыйнымі агенцтвамі Дзяржаўнае прадпрыемства “Белта. Белорусское телеграфное агенство” і Прыватнае інфармацыйнае агенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія Белапан” у маі-чэрвені 2015 г. Дзеля збору дадзеных выкарыстоўваліся пошукавыя сістэмы сайтаў інфармацыйных агенцтваў www.belapan.by і www.belta.by. Для замераў ключавыя словы выкарыстоўваліся на рускай мове.

Ключавое слова

БелаПАН, колькасць узгадванняў ключавых словаў у маі-чэрвені 2015 г.

БелТА, колькасць узгадванняў ключавых словаў у маі - чэрвені 2015 г.

май

чэрвень

май

чэрвень

Выборы

50

92

27

48

Ермошина

11

32

11

23

Кандидат

32

34

24

31

Короткевич

20

19

1

0

Лукашенко

201

168

250

 219

ЦИК

18

41

9

26

Голосование

11

7

3

8

Оппозиция

7

13

0

3

 

Апісанне атрыманых дадзеных

Унутраная дынаміка ўжывання слова “выбары” як у дзяржаўнага, так і ў недзяржаўнага інфармагенцтва адрозніваецца амаль у два разы: у чэрвені інфармагенцтвы пісалі пра выбары ўдвая больш, хоць агульная колькасная перавага застаецца за БелаПАНам.

У чэрвені агенцтва Белапан больш згадвала апазіцыю, ЦВК, верагоднага кандыдата ў прэзідэнты Т. Караткевіч. Прычым, статыстыка па яе прозвішчы ў маі і ў чэрвені амаль не адрозніваецца – БелаПАН згадаў яе 19-20 разоў, БелТА – толькі адзін раз у чэрвені. Слова “кандыдат” інфармагенцтва Белапан ужыло аднолькавую колькасць разоў у кожным даследаваным месяцы. У чэрвені БелПАН выдаў навін з прозвішчам главы ЦВК Лідзіі Ярмошынай у тры разы больш, чым у маі.

Статыстыка згадвання прозвішча прэзідэнта А. Лукашэнкі па абодвух інфармагенцтвах мае адмоўную дынаміку: у чэрвені БелаПАН выдала на 40, а БелТА – на 30 навінаў з прозвішчам прэзідэнта менш, чым у маі. Аднак, як і ва ўсе папярэднія месяцы, прозвішча А. Лукашэнкі – самае згадванае сярод іншых ключавых словаў.

У чэрвені БелТА часцей згадвала ЦВК, чым у маі. Вузкатэматычныя паняткі як “галасаванне”, “кандыдат”, “апазіцыя” таксама значна падвысілі сваю прысутнасць у інфармацыйных паведамленнях дзяржаўнага інфармагенцтва ў чэрвені ў параўнанні з маем. Напрыклад, у маі БелТА ні разу не ўжыла слова “апазіцыя”, затое ў чэрвені статыстыка па гэтым ключавым слове павысілася аж на 300%.

Высновы

У цэлым статыстычная розніца, як часавая (май-чэрвень) унутраная, так і параўнальная (БелаПАН-БелТА) па кожным месяцы, невялікая. У цэлым колькасная перавага на баку БелаПАН – сярод дадзеных па прыватным інфармагенцтве няма нулявых паказчыкаў. БелаПАН больш увагі звяртаў на выбарчую тэматыку як у маі, так і ў чэрвені.

Дадзеныя паказваюць, што інфармацыйнага выбуху, звязанага з пачаткам выбарчай кампаніі, у чэрвені не адбылося. А паколькі да выбараў засталося крыху больш за два месяцы, можна сказаць, што ў люстэрку інфармагенцтваў адбіваецца млявая, павольная і вузкая палітычная кампанія, якая пакуль не з’яўляецца шырокім грамадскім працэсам з удзелам груп інтарэсаў, лідараў думак і ньюсмейкераў.

 

Папярэднія агляды:

“Ты куда, сынок, продукты поволок?” ці Пра што піша рэгіянальная прэса (Май 2015)

Беларускае медыяжыццё: біццё сэрца слабое, дыханне няроўнае (Красавік 2015)

Ці ёсць у Беларусі медыятрэнды? (Сакавік 2015)

Люты 2015: як і пра што пісалі і гаварылі ў Беларусі?

Дзяржаўная і недзяржаўная прэса ў Беларусі: асноўныя тэмы і іх асвятленне. Студзень 2015 г.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!