НЕ - ВАЙНЕ!
247

Ігар Тышкевіч вылучыў пяць прычын правалу расійскай прапаганды ў Беларусі

02.08.2022 Крыніца: Новы час

Эксперт Украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч — аб тым, што не ўлічвае расійская прапаганда, якая спрабуе настроіць беларусаў супраць украінцаў.

Тышкевіч са спасылкай на звесткі сацапытанняў канстатаваў, што нягледзячы на тое, што і Лукашэнка, і расійская і беларуская прапаганда пасля пачатку вайны палохаюць беларусаў «злосным Захадам», блізу паловы насельніцтва спачувае Украіне.

— Незразумелая сітуацыя, на першы погляд. Вядома, для Беларусі працэнт прарасійскіх настрояў здаецца велізарным. Але ў Крамлі відавочна чакалі большага. Чаму ж не атрымалі? Гэтаму ёсць як мінімум пяць прычын, — сказаў Тышкевіч у свежым відэа на сваім канале.

Па-першае, адзначыў эксперт, ва ўкраінцаў і беларусаў ва ўспрыманні памяці пра Вялікую Айчынную вайну шмат агульнага — гэта трагедыя, якая прайшла праз сем'і. Тады як для звычайнага расійца памяць аб вайне — гэта парад на Чырвонай плошчы і лозунг «Можам паўтарыць».

Па-другое, сказаў Тышкевіч, расійская прапаганда не ўлічвае, што беларусы ментальна даволі моцна адрозніваюцца ад расійцаў, маюць іншыя каштоўнасці.

— Напрыклад, расійская прапаганда адрозніваецца залішняй эмацыянальнасцю, а для беларусаў гэта не ўласціва. Таксама яе пасыл: мы ўсе носьбіты чагосьці вялікага, адзінага і магутнага. Але ці моцныя ў Беларусі імперскія наратывы сярод насельніцтва? Таксама не, таксама міма, — прывёў прыклады Тышкевіч.

Па-трэцяе, адзначыў эксперт, прышчэпку ад агрэсіўнай істэрыі стварае мабільнасць беларусаў. Яны ездзяць за пакупкамі ў Беласток і Хмяльніцкі, «папіць каву» ў Вільню, адпачыць у затоцы пад Адэсай.

Людзі ездзілі ў Львоў, Затоку. А ім раптам кажуць, што там бандэраўцы, фашысты. Людзі думаюць: нешта я там фашыстаў не бачыў. Таму асноўная маса прапагандзе не паверыць, гэтая істэрыя на заходзіць.

Па-чацвёртае, расійская прапаганда не ўлічвае раскол беларускага грамадства, таму не спрабуе стварыць наратыў, які будзе ўспрымацца большасцю.

Па-пятае, на раскол грамадства накладваецца раскол інфармацыйнага поля. Кожная з груп насельніцтва жыве ў сваім інфармацыйным кокане. Прыхільнікі пратэсту не будуць глядзець і чытаць дзяржСМІ, якія рэтранслююць расійскую прапаганду.

Тышкевіч таксама адзначыў: з-за фактару прапаганды сярод людзей прарасійскіх настрояў назіраецца радыкалізацыя. Аднак сама група пры гэтым памяншаецца.

— Як бы яны не шалелі, іх становіцца менш, — сказаў эксперт.

Паводле «Салідарнасці».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!