НЕ - ВАЙНЕ!
1861

Ігар Мельнікаў: Калі сыходзяць лепшыя з лепшых…

21.07.2016 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук, рэдактар сайта “Гістарычная праўда”

Забойства журналіста Паўла Шарамета балюча адгукнулася ў душы кожнага неабыякавага да лёсу Беларусі чалавека.

Мы пазнаёміліся з ім пяць гадоў таму, калі Павел задумаў праект “Гістарычная праўда” і шукаў чалавека, які будзе “цягнуць” гэты кавалак працы. Ён адмыслова шукаў не проста дасведчанага журналіста, але гісторыка з навуковай ступенню, які ведае гістарычную навуку знутры.

Мы шмат спрачаліся. Я казаў: “Ты не разумееш, ты ўспрымаеш усё як журналіст, а тут патрэбны гістарычны погляд”. А ён адказваў: “Э, ты мала ведаеш пра мяне. Я скончыў тры курсы гістфаку БДУ, і гісторыя – мая другая прафесія”. І сапраўды, я мала ведаў пра яго. Усяго аднойчы мы сустрэліся ў Варшаве. Паразмаўлялі, абмеркавалі планы. Але шматкроць размаўлялі па скайпе.

На самым пачатку існавання “Гістарычнай праўды” Павел крытыкаваў мяне за актыўнае выкарыстанне беларускай мовы. Маўляў, яна не папулярная і  абмяжоўвае аўдыторыю. “Твой цікавы артыкул прачытае паўтара чалавекі, а гэта кепскі вынік”, — казаў ён. На што я адказваў, што мы – беларусы і павінны шанаваць сваё.

Пазней была Україна. І я бачыў, як цяжка прыходзіцца Паўлу, бо значная частка яго жыцця была звязана з Расіяй і тамтэйшымі медыя. Але Павел захаваў гонар, і трагедыя Украіны стала для яго асабістай. Шарамет і мне адкрыў вочы на шматлікія праблемы нашай паўднёвай суседкі.

Калі ў лютым 2015 года ў Маскве забілі Барыса Нямцова, я адразу выказаў спачуванні Паўлу. Так атрымалася, што летам 2013 года на адной з канферэнцый у Польшчы я сустрэўся з апазіцыйным расійскім палітыкам, і той распавёў мне пра іх сяброўства з Шараметам. Я разумеў, што смерць Барыса Яўхімавіча стала сапраўднай трагедыяй для Паўла.

Ішоў час, і спрэчкі наконт мовы артыкулаў на “Гістарычнай праўдзе” спыніліся. Больш за тое – заснавальнік сайта стаў выказвацца ў падтрымку нашай беларушчыны. Гэта сведчыла, што ён нарэшце знайшоў свой шлях да беларускай культуры і мовы. А яго апошні матэрыял на “Беларускім партызане” стаў своеасаблівым запаветам нам, жыхарам Беларусі, каб не баяліся размаўляць на роднай мове, каб бралі прыклад з украінцаў, якія шануюць сваю мову, гісторыю і культуру.

Не буду пісаць пра тое, “якім ён хлопцам быў”. Скажу толькі, што гэта вельмі вялікая страта для Беларусі і для яе грамадства. Галоўная праблема нашай краіны — недахоп добра падрыхтаваных нацыянальных эліт і інтэлігенцыі. Па сённяшні дзень мы яшчэ не акрыялі ад жудасных 1930–1940-х, калі лепшыя сыны Беларусі знайшлі свой апошні прытулак у Курапатах і іншых месцах нацыянальнай памяці. Калі сёння сыходзяць лепшыя прадстаўнікі беларускай грамадскасці, кожнаму сумленнаму беларусу становіцца горача, балюча і… жудасна. Але пакуль ёсць мы, будзе і Беларусь.

Шчырыя спачуванні родным і блізкім (асабліва маці, якую я ведаў асабіста) Паўла Шарамета. А “Гістарычная праўда” будзе існаваць, пакуль ёсць людзі, якія хочуць ведаць гісторыю.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!