Пасьля абвяшчэньня прысуду Дар’і Лосік адміністрацыя Наваполацкай калёніі, дзе адбывае пакараньне яе муж Ігар, дазволіла Ігару ліставацца з жонкай, паведамляе "Радыё Свабода".
18 студзеня Дар’ю Лосік, жонку палітвязьня, журналіста Свабоды Ігара Лосіка, асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за камэнтар тэлеканалу «Белсат», прызнанаму экстрэмісцкім фармаваньнем. Да абвяшчэньня прысуду сужэнцам не дазвалялася ліставацца. Як стала вядома Свабодзе, і пасьля афіцыйнага дазволу нічога не зьмянілася.
Падчас працэсу Дар’я прастудзілася. Цяпер ёй лепш, але кашаль пакуль застаецца. Трымаецца Дар’я Лосік добра, але вельмі перажывае за 4-гадовую дачушку Паўлінку, якую цяпер даглядаюць бацькі Дашы і Ігара. Лісты па-ранейшаму ёй даходзяць толькі ад бацькоў. Вядома, што ў кастрычніку Дар’і ў СІЗА дайшоў толькі адзін ліст ад сяброўкі, на які яна даслала адказ.
Дашыны сяброўкі ініцыявалі збор сродкаў на падарункі Паўлінцы — цацкі, адзеньне, а таксама на рэчы ў калёнію для Дашы. Падарункі дзяўчынцы спадабаліся, бабуля мусіла тлумачыць, што ў новай куртачцы ісьці ў дзіцячы садок пакуль холадна. Адвакатка разам з Дар’яй падалі апэляцыйную скаргу на прысуд. Дата разгляду скаргі пакуль ня вызначана. Хутчэй за ўсё, да разгляду апэляцыі Даша будзе знаходзіцца ў Берасьцейскім СІЗА-7.
Як стала вядома Свабодзе, днямі Ігара Лосіка мае наведаць адвакат. У лютым бацькі павязуць палітзьняволенаму журналісту Свабоды вялікую харчовую перадачу, яна дазволеная 1 раз на 3 месяцы. У сакавіку бацькі Ігара Лосіка разьлічваюць на спатканьне зь ім. Палітвязьням у калёніях доўгатэрміновыя спатканьні даюць на адны суткі, а не на двое, як звычайным зьняволеным.
Чытайце яшчэ:
“Внимательно читайте договор!” Особенности авторского права в Литве
Гродзенская актрыса Наталля Лявонава: «Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»
60 гадоў таму ў эфір выйшла радыёстанцыя "Беларуская маладзёжная"