НЕ - ВАЙНЕ!
3129

Ігар Кузняцоў: памяць пра рэпрэсаваных важыць больш за аварыі, бойкі і нават “выбары” (фота)

19.11.2015 Крыніца: Яўген Бяласін, Брэст – Мінск

 

Гісторык папракнуў журналістаў, бо на прэзентацыю фільма пра дзяцей палітычна рэпрэсаваных “Лінія Сталіна на дзіцячай далоні” амаль не прыйшлі запрошаныя прадстаўнікі прэсы.

Прэм’ерны паказ фільма ў Беларусі адбыўся 17 лістапада на сядзібе Партыі БНФ у Мінску.

Спачатку амаль гадзінны фільм паказалі, потым рэжысёр Галіна Самойлава і галоўны гістарычны дарадца Ігар Кузняцоў распавялі, як стваралася дакументальная стужка.

На прыкладзе дзясятка сведкаў і вуснамі некалькіх экспертаў з розных краін былога Савецкага Саюза ў фильме распавядаецца пра лёс сотняў тысяч дзяцей, якія былі з бацькамі ў ГУЛАГу або якіх забралі і выхоўвалі ў сталінскіх дзіцячых дамах. Малалетнія вязні сталінскай сістэмы з Беларусі жылі да высылкі ля Лунінца, у Оршы, пад Мінскам.

 “Сцэнар пашыраўся нават у працэсе здымак, – сказала спадарыня Самойлава. – З прычыны недаступнасці нашых архіваў і вялікай базы дадзеных ва ўсходніх калегаў давялося выйсці на расійскі “Мемарыял””.

 “Тэма дзяцей рэпрэсаваных практычна не даследаваная, – нават статыстыку маем толькі ўскосна вылічаную, – зазначыў Ігар Кузняцоў. –  Між тым, гэта наша гісторыя, і калі мы грунтоўна не прааналізуем яе, не назавем вінаватых, афіцыйна не асудзім сталіншчыну – нас чакае  бясконцы паўтор. Таму мне няўцям – з дзясяткаў запрошаных  журналістаў прыйшлі двое. З дзяржаўнымі – зразумела. Яны – людзі паднявольныя. Але недзяржаўныя? Напісаў пра аварыю, пра бойку – і справа зробленая. Адпрацавалі “выбары” – і можна адпачываць. Але выбары такія былі дваццаць гадоў і будуць надалей, пакуль не разбярэмся з нашым таталітарным мінулым”.

Аўтар гэтага матэрыялу з’яўляецца таксама аўтарам назвы фільма і першапачатковага сцэнара. Пішучы пра прэзентацыю, я пэўным чынам пераступаю журналісцкі канон незаангажаванасці. Але прычына відавочная – яе назваў спадар Кузняцоў. Дазволю сабе парушыць яшчэ адзін канон і пагаджуся з экспертам.

Да прэм’еры фільма на канале “Белсат” не дажылі двое яго герояў. Памяць сведкаў часу прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!