2078

“Ідэі — не дзеці. Часам іх трэба пакінуць ці змяніць”. 5 парадаў Джасціна Варылека па стварэнні медыя стартапа

14.06.2016 Крыніца: Марыя Савушкіна для baj.by

Заснавальнік HackPack — глабальнай сеткі медыя індустрыі Джасцін Варылек (Justin Varilek) правёў мастар-клас у Мінску.

Цяпер у HackPack зарэгістравана больш за 5 тысяч чалавек з 129 краін. Гэта прафесіяналы медыясферы, якія знаходзяць і наймаюць адзін аднога. Таксама HackPack (над праектам Джасцін пачаў працаваць у ліпені 2014 г.) змяшчае інфармацыю пра вакансіі, гранты, праграмы і магчымасці для журналістаў. Рэсурс карысны, унікальны, прыбытковы. HackPack прыносіць фінансавы прыбытак, і гэта на думку Джасціна Варылека ключавы паказчык жыццяздольнасці праекта. Як стварыць такі праект, як HackPack? З чаго пачаць медыя стартап і як рухацца?

Парады Джасціна Варылека простыя і ўніверсальныя:

1. “Што вы прадаеце?” Адказ на гэтае пытанне для медыя стартапаў не менш важны, чым у маркетынгу. “Ці ёсць рынак? Ці ёсць людзі, якія хочуць набыць тое, што вы прадаеце? — запытаўся Джасцін Варылек у беларускіх журналістаў. Каб праілюстраваць, як гэтая схема працуе ў медыя свеце, сп. Варылек прыводзіць прыклад: “Ва Украіне — канфлікт, і таму, ёсць вельмі шмат замежных журналістаў, якім патрэбная дапамога мясцовых калегаў. Як зарабіць на гэтым? Прапанаваць кантакты адных другім,” — кажа Джасцін. Ён раіць пастаянна правяраць і аналізаваць рынак, наколькі ён вялікі, ці маленькі. Бо, паводле эксперта, рынак сам можа падказаць наступны крок. Напрыклад, пасля таго, як HackPack атрымаў дастаткова падпісчыкаў, стваральнікі праекта пачалі на гэтым зарабляць. “Зараз мы прадаем кантакты нашых экспертаў піяршчыкам”, — кажа Джасцін Варылек.

2. Зразумець патрэбы кожнай з мэтавых групаў. “Што хочуць журналісты, што трэба фіксерам, што шукаюць фрылансеры? Трэба адказаць сабе на гэтыя пытанні і стварыць сістэму, якая задавальняла б на патрэбы ўсіх,” — кажа трэнер.

Сп. Варылек паведаміў, што спачатку ён напісаў (намаляваў) чарнавік HackPack. Ён раіць вельмі добра прадумаць усе дэталі на гэтым этапе. “Самы добры спосаб праверыць жыццяздольнасць ідэі — уяўляць, запісваць, рабіць прэзентацыі і дзяліцца сваёй ідэяй з іншым людзям. Рабіць усё гэта трэба, зразумела, да таго як вы пачалі выдаткоўваць грошы на рэалізацыю праекта,” — кажа Джасцін.  

“Калі ты слухаеш больш, чым распавядаеш — ты больш атрымоўваеш. Напішы сваю ідэю і размаўляй з людзьмі,” — раіць Джасцін Варылек.

3. Ідэі — не дзеці. “Часам ідэю трэба падзяліць, а часам яе трэба ўвогуле пакінуць. Тыя, хто кажуць “мая ідэя — маё дзіця” ніколі гэтага не зробяць. Трэба разумець, што твая ідэя не дасканалая, яе трэба ўвесь час мяняць, адаптаваць і пераробліваць. З дзіцём так нельга,” — гаворыць Джасцін Варылек.

4. Скараціць праект да вельмі сціснутага варыянта і працаваць над яго рэалізацыяй. А затым, як па праступках, пашыраць яго функцыянал. “Ад пачатку нашай ідэяй было аб’яднанць усіх журналістаў з усяго свету. Такая рамантычная ідэя. Але рэальна ўсё пачалося з вельмі схематычнага і простага сайта, які развіваецца і ўдасканальваецца крок за крокам, — кажа трэнер. — Зараз наша мэта — стварыць сістэму, якая, з улікам усіх дэталяў, зможа самастойна рухацца, маштабавацца і бясконца павялічвацца.”

5. Звяртацца і прыслухоўвацца да сваіх карыстальнікаў. Гэта складана, лічыць Джасцін Варылек, асабліва на першых кроках. Але неабходна, бо дазволіць прапанаваць аўдыторыі і эфектыўныя рашэнні.

“У стартапах вы не памыляецеся, вы вучыцеся, і, што адметна, вучыцеся вельмі хутка,” — кажа Джасцін Варылек.

Удзельнікі майстар класа разгледзелі свае ідэі, сярод якіх былі праекты звязаныя са здаровым харчаваннеім і ладам жыцця, стварэнне журналісцкага агенцтва, інфармацыйных рэсурсаў. Большасць ідэяў беларускіх журналістаў былі арыентаваныя на вытворчасць і продаж кантэнта, прапановы па доступу да інфармацыі ці паслугаў. “Можна прадаваць свой вопыт — паслугі кансультантаў зараз вельмі запатрабаваныя”, — кажа Джасцін Варылек. Такім чынам, любы чалавек, які мае ўнікальны вопыт ці кантакты можа быць запатрабаваным. “Калі вы прадукуеце кантэнт, то зарабляць грошы можна прадаючы рэкламу, доступ да экспертаў, вопыт, кансультацыі, а таксама дадзеныя апытанняў ці даследаванняў, зробленых сярод вашых карыстальнікаў ці экспертаў. Гэта таксама вельмі каштоўна,” — кажа Джасцін Варылек.

У гутарцы, пасля майстар класу, ён прызнаўся, што на старце не меў дастаткова грошай на рэалізацыю HackPack. “Давялося пазычаць і мне, і маім партнёрам. Але калі ў цябе ёсць ідэя, трэба рызыкаваць, каб рэалізаваць яе. І, магчыма, яна будзе паспяховай”, — кажа заснавальнік глабальнай сеткі для журналістаў. Цяпер у распрацоўцы ўладальнікаў HackPack некалькі ідэяў, якія прынясуць ім яшчэ больш прыбытку.

Па сутнасці ідэі трэнера Джасціна Варылека гэта адапатаваная да медыя сферы тэорыя “сацыяльных дзірак” распрацаваная амерыканскім сацыёлагам Рональдам Бёртам (Ronald Stuart Burt) у 1990-х гг., якая была і застаецца вельмі папулярнай у маркетынгу. Сутнасць гэтай тэорыі ў тым, што ёсць групы людзей, якія маюць патрэбу адзін у адным, а пасярэднік, які злучае іх, атрымлівае за свае паслугі камісію. Больш пра тэорыю “сацыяльных” ці “структурных” дзірак” глядзіце ў артыкуле Structural Holes and Good Ideas, Ronald S. Burt, University of Chicago.

Майстар-клас у Мінску наведалі каля 10 чалавек. Джасцін Варылек Запрасіў усіх удзельнікаў і зацікаўленых асобаў рэгістравацца на сайце HackPack і не баяцца выказваць свае ідэі. А таксама працаваць над іх рэалізацыяй.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!