898

«І нават у гэты змрочны час мы робім якасны кантэнт, за які не сорамна» — калегі пра вынікі года

23.12.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

21 снежня БАЖ правёў перадкалядную сустрэчу з героямі і гасцямі свайго аўтарскага праекта «Пераехаўшыя». Мы запрасілі ўдзельнікаў папярэдніх выпускаў, каб не толькі падвесці вынікі 2022-га, але і памарыць пра планы на год наступны. Разам мы паспрабавалі знайсці пазітыў у пражытым і зазірнуць у будучыню.

“Калі самы горшы сцэнар рэалізуецца, усё роўна на нейкай планеце ўзнікне чат беларускіх журналістаў, які будзе расці і гуртаваць людзей”

За апошнія месяцы ў межах праекта «Пераехаўшыя» мы сустрэліся і паразмаўлялі з дзясяткамі журналістаў і журналістак, якія вымушана пакінулі Беларусь, аднак здолелі застацца ў беларускім кантэксце.

У кожнага свая гісторыя, але агульнае тое, што ўсе засталіся ў беларускай тэматыцы. Развіваюць беларускія медыя, пішуць пра Беларусь, пачынаюць новыя праекты, выдаюць кнігі, ладзяць выставы.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ва ўступным слове адзначыў, што праект «Пераехаўшыя» выдаўся цікавым.

І гэта сцвярджаюць шмат дасланых водгукаў і добрых слоў пра кожны з выпускаў.

У годзе, што адыходзіць, самае галоўнае дасягненне, па словах Барыса, — гэта тое, што ўдалося захаваць беларускі медыясектар, журналісцкую супольнасць.

«Ёсць шмат прыкладаў, калі супольнасці не захаваліся, але гэта не пра беларусаў, — адзначыў ён. — Яшчэ важна, што ніводны беларускі журналіст не стаў ахвярай расейскага нападу на Украіну. Я рады, што нягледзячы на складанасці, мы здолелі  запусціць шэраг адукацыйных праектаў, праграм дапамогі для журналістаў і розныя іншыя сервісы.

Якім будзе наступны год, цяжка ўявіць. Але мне падаецца, што ў нашай беларускай супольнасці ўжо ёсць пэўнае адзінства, прышчэпка ад складанасцяў апошніх двух гадоў…

Мне здаецца, што калі самы горшы сцэнар рэалізуецца, усё роўна на нейкай планеце ўзнікне чат беларускіх журналістаў, і ён паціху будзе расці і гуртаваць людзей ;)

Сітуацыя неспрыяльная, але большасць з нас застаецца ў прафесіі, і гэта знак, што мы не аддалі нашу аўдыторыю на водкуп прапагандыстаў і ўсёй навале, якая нас зараз спрабуе знішчыць.

«Кожны з калег у гэтым годзе адкрыў сябе, як моцнага чалавека»

Вядучая праекта «Пераехаўшыя»​ Алена Дубовік запрасіла гасцей анлайн-сустрэчы падзяліцца сваімі адчуваннямі напрыканцы года, памарыць пра будучыню, пашукаць пазітыў у сёняшнім.

«Зраблю пазітыў з негатыву, — уключылася ў размову Вольга (Германія). — Які яшчэ год ты пачнеш у Львове, а скончыш у Боне, праездам праз Варшаву і Берлін? Мне падаецца, гэта гучыць вельмі рамантычна, калі не прымаць да ўвагі абставіны. Што ж можна прымусова лічыць гэта пазітывам».

Вольга распавяла, што актыўна зараз вучыць нямецкую мову, але былі моманты, калі ёй даводзілася за дзень бываць на курсах англійскай, польскай і нямецкай моваў.

«Цалкам за год складанасцяў было шмат. Пакуль удалося з усім спраўляцца. Ці гэта не пазітыў?! Праверка сіл паказала, што можам спраўляцца. Мяркую, і кожны з калег адкрыў у гэтым годзе сябе як моцнага чалавека. А яшчэ той факт, што навокал нас прыемныя людзі, гатовыя падтрымаць», — лічыць Вольга.

Аліна Рудзіна (Украіна) расказала, што ўжо прызвычаілася да часовай адсутнасці святла, але не страчвае гумару, надзеі і аптымізму. Канешне, побытавыя праблемы замінаюць: аднойчы святла не было 16 гадзін, не працавалі ноўтбук і мабільная сувязь. Але зараз набылі электрагенератар і іншыя прылады, якія крыху палягчаюць жыццё.

«Мяне вельмі добра падтрымлівае львоўская тусоўка, разам трымаемся, — расказвае Аліна. — Зрабілі кінафестываль і шмат іншых мерапрыемстваў, сябруем і размаўляем з украінцамі, распавядаем пра тое, што адбываецца ў Беларусі. І галоўнае, працуем на тое, каб засталіся добрасуседскія адносіны. Тут культурнае жыццё віруе.

Адбыліся і іншыя цікавыя падзеі, напрыклад, беларускі экспертны форум, на які мы выпадкова патрапілі. На ім я распавядала пра супрацьдзеянні расійскай прапагандзе. Адбыліся сустрэчы з медыйшчыкамі Украіны. Я спадзяюся, што ўсё гэта было не проста так і дасць плён у наступным годзе».

«Беларускія журналісты не страцілі якасці, адзінства, а толькі ўзмацніліся»

Спачатку сваёй прамовы Алена Прыходзька (Швейцарыя) падзялілася радасцю, што якраз у дзень гэтай анлайн-сустрэчы яна здала другую частку іспыту па нямецкай мове на А2. Яна лічыць гэта асабістым дасягненнем, бо ўвогуле не думала, што калісьці ў сваім жыцці давядзецца вучыць такую складаную мову. Але абставіны прымусілі.

«Але ж лічу, што маё жыццё за апошні год змянілася ў лепшы бок, — падзялілася вынікамі Алена. — Ёсць поспехі ў прафесійным плане. За гэты год наша невялікая беларуская рэдакцыя ў Польшчы вывела медыя на добры ўзровень. Зараз маем сайт. У нас маленькая каманда, але, на мой погляд, мы добра трымаем беларускі парадак».

Алена ўважліва сочыць за працай беларускіх калег за мяжой. Яна падзялілася сваім назіраннем: «Гэта такі неверагодны цуд, подзвіг чалавечы і прафесійны!

Каб у такіх абставінах — цяжкіх фізічна, псіхілагічна, фінансава, — беларускія журналісты не страцілі якасці, адзінства, а толькі ўзмацніліся.

І нават у гэты змрочны час мы робім якасны кантэнт, за які не сорамна. Адным словам, мы, беларускія журналісты, крутыя! Гэта выклікае ў мяне вялікі гонар, павагу, аптымізм і надае сілы і жаданне жыць і працаваць!».

Дапоўніла словы калегі Ульяна Бабаед (Германія): «Мне падаецца, што гэты год быў для калег за мяжой усталявальны. Вядома, яшчэ не ўсе ачунялі, але ачуліся ў эміграцыі. Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе мы будзем не толькі адпрацоўваць беларускі парадак, але і запускаць новыя незвычайныя праекты, рабіць лангрыды, ладзіць цікавыя сустрэчы».

«З тымі, хто застаўся ў Беларусі, трэба прыдумляць нейкія працэсы, каб мы маглі нешта ствараць разам і не губляць кантакт»

Прамове Яўгена Атцецкага (Украіна) папярэднічала цікавая сцэна. У анлайне ён нечакана змог сустрэцца са сваёй жонкай, якая зараз знаходзіцца ў іншай краіне і была ў гасцях ва ўдзельніцы праекта «Пераехаўшыя». Убачыўшы мужа, дзяўчына не змагла стрымаць слёз, а Яўген не разгубіўся: «Дзякуй БАЖ, пабачыўся з жонкай у эфіры!».

Што тычыцца вынікаў года, то, паводле Яўгена, ён прайшоў цікава і якасна. «Па-першае, я скончыў праект «Плошча перамен», над якім працаваў два гады, — падзяліўся прамоўца. — Потым мы зрабілі сайт, які быў даступны ў Беларусі тры тыдні, і яго заблакавалі. Я лічу гэта поспехам, таму што, калі ўлада звяртае ўвагу на твае намаганні, то гэта — добрая праца. Ну і трэцяе — гэта выставы, якія мы зрабілі ў 12-ці краінах. Шмат дзе мы паказалі сваю беларускую гісторыю, сваю мэту. Гэты праект, лічу, з поспехам рэалізавалі.

І яшчэ атрымалася важная гісторыя — New York Times узяў нашу гісторыю на вокладку свайго часопіса. Гэта больш за мільён экзэмпляраў, якія распаўсюджваюцца ў ЗША і ва ўсім свеце. І гэта, я лічу, вялікая справа.

Таксама хачу адзначыць з прыемнага, што падчас сваіх вандровак па свеце я пабачыў узровень салідарнасці беларусаў. Людзі дапамагаюць адзін аднаму, гуртуюцца. І гэта вельмі важнае дасягненне.

Чаго чакаю ад 2023 года? Па-першае, перамогі Украіны.

Па-другое, паспяховай працы над сваім новым фотапраектам, які прысвечаны сацыяльным рытуалам ва Украіне. Спадзяюся, што да канца зімы ў мяне выйдзе пілотны варыянт гэтага праекта.

Датычна сітуацыі ў Беларусі я не вялікі аптыміст, але разумею, што нам трэба падтрымліваць сувязь з тымі, хто ў Беларусі, прыдумляць нейкія працэсы, каб мы маглі нешта ствараць разам і не губляць кантакт. Каб не адлегласць паміж намі расла, а ўзаемадзейнасць».

«Прафесійны прарыў – засвойванне калегамі YouTube»

Каляжанка Марына (Германія) падзялілася сваёй асабістай радасцю — яе дзіця змагло выехаць з Беларусі і зараз знаходзіцца ў бяспецы. Вельмі важным вынікам 2022 года Марына лічыць устойлівасць за мяжой рэдакцый, нават маленькіх. 

«А прафесійным прарывам беларускіх журналістаў, беларускіх рэдакцый лічу тое, што яны пачалі актыўна засвойваць YouTube, — адзначыла Марына. — І тых, хто там яшчэ не вельмі актыўны, заклікаю: прыходзьце ў YouTube! Для нашых беларускіх аўдыторый гэта найбольш бяспечны канал атрымання інфармацыі. Важна, каб усе сталі найбольш актыўныя на YouTube ў плане новых фарматаў, новых асоб, новых праектаў. Спадзяюся, што ў наступным годзе ў нас будзе яшчэ больш падстаў для прафесійнага гонару».

Сваімі вынікамі года падзялілася Настасся Бойка (Польшча): «Пачну з асабістага. Да гэтага я думала, што ў мяне няма стрыжня, каб усё гэта вытрымаць — і вайну, і эміграцыю.

І вось за гэты год я зразумела, што я вельмі моцны чалавек. І нават не толькі для сябе самой, але яшчэ магу падтрымліваць і дапамагаць людзям, якія побач.

З прафесійнага — пачала кіраваць калектывам. Гэта самы значны для мяне вынік гэтага года».

Пра асабістыя чаканні ў новым годзе Настасся адказала: «Для сябе не загадваю нічога! Чакаю толькі перамогі Украіны. Калі гэта адбудзецца, то тады ўжо можна будзе нейкія планы будаваць. Спадзяюся, што да таго часу наша маленькае медыя вытрывае».

«Шануйце і цаніце адзін аднаго, кахайце, і каб гэта было ўзаемна»

Сваеасаблівую рысу напрыканцы сустрэчы падвёў Антон Сурапін (Грузія).

Галоўным сваім вынікам мінаючага года ён лічыць стварэнне ў Батумі каворкінгу для беларускіх медыйшчыкаў. Каворкінг мусіць  паўнавартасна запрацаваць літаральна праз 1-2 тыдні.

Сваёй галоўнай марай на будучы год Антон назваў вяртанне ў свабодную Беларусь.

«Хачу верыць, што наступная наша сустрэча адбудзецца ў Мінску, і да 2024 года мы ўсе вернемся ў вольную Беларусь, у вольную Украіну. Зараз я зычу ўсім калегам і каляжанкам унутранай раўнавагі, устойлівасці вашым медыя. Жадаю, каб мы ўсе чыталі па раніцах толькі добрыя навіны. І пісалі толькі добрыя навіны. Упэўнены, што хутка так і будзе.

Шануйце і цаніце адзін аднаго, кахайце, і каб гэта было ўзаемна. Веру, што далей будзе лепш, і няхай гэтая кропелька надзеі ператворыцца ў вялікі акіян, а там мы вернемся дамоў».

Чытайце яшчэ:

"Я уже на том уровне, когда меня зовут в соседние страны для выполнения работы": как студенты совмещают учебу и работу

Самые популярные пособия и руководства GIJN 2022 года

Сайт "Новага Часу" разблакавалі ў Беларусі. Але ёсць нюанс

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!