НЕ - ВАЙНЕ!
1626

Хто вы – “адзінокі рэйнджар”, “бюракрат”, “следчы” ці “мёртвы пень”?

17.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Калі разабрацца, да якога архетыпу належыш ты сам і твае супрацоўнікі, пабудаваць эфектыўную працу рэдакцыі будзе значна прасцей. Гэтую ідэю даводзіў расійскі медыяэксперт Юрый Пургін, які гэтымі днямі працуе ў Мінску з групай беларускіх журналістаў.

Грунтуючыся на даследаваннях амерыканскага і македонскага даследчыка Іцхака Адзізэса (кніга “Кіруючы зменамі”), спадар Пургін ахарактарызаваў самыя распаўсюджаныя архетыпы супрацоўнікаў.     

“Адзінокі рэйнджар” – гэта працаголік з гіпертрафаванай “функцыяй вытворчасці”, якому ўвесь час карціць некуды бегчы і нешта рабіць.

У “бюракрата” моцна развітая “адміністратыўная” схільнасць. Інфармацыя ў яго канкрэтная, дакладная, але часам абсалютна некарысная – ён часта не да канца разумее, дзеля чаго ён робіць тое ці гэта.

“Крэатыўшчык”, “чалавек будучага”, “падпальшчык” – так называюць тых, хто фантануе ідэямі. Як правіла, ён “падсаджаны” на ўсеагульнае захапленне і актыўна не прымае ідэй іншых.

“Супер-следчы” – той, хто ўвесь час “шукае чорную котку ў цёмным пакоі”. У яго ўсе падначаленыя – патэнцыйныя інфарматары.

“Мёртвы пень” – “цяжкі выпадак”, у якога ўсё заўсёды добра і якога ніколі не закранаюць ніякія перамены.

Чаму ўсе гэтыя людзі не гатовыя да зменаў?

“Працаголіку” няма калі займацца тэорыямі ды планаваннем, ягоны пасыл – “адчапіцеся, у мяне няма на гэта часу”. Ён баіцца, што не будзе ведаць, дзе ўзяць “рыдлёўку” і куды бегчы “капаць”.

“Бюракрат” бачыць усе рызыкі і таму назаве 15 прычын, якія не дазваляюць кампаніі змяняцца: няўдалы момант, крызіс, выдаткі...

“Падпальшчыку” важна, каб усе ідэі зыходзілі толькі ад яго.

“Супер-следчы” скажа, што людзі не гатовыя (хаця людзі ніколі не бываюць гатовыя), бо баіцца згубіць кантроль над сітуацыяй.

“Мёртвы пень” пагодзіцца з усімі ідэямі, але нічога не будзе рабіць. Выглядаючы, як заўжды, надзвычай мілым чалавекам.

“Усе архетыпы ў чыстым выглядзе – тупік для любых перамен, – кажа Юрый Пургін. – І ў кожным з нас дамінуе адзін з іх”.

Якое выйсце?

Сабраць каманду, у якой прадстаўленыя ўсе гэтыя архетыпы. Акрамя, хіба што, “мёртвага пня”.

“Гэта не азначае, што “глухі” павінен несці “сляпога”, – кажа Юрый Пургін. – Павінна быць узаемадапаўняльная каманда, спалучэнне розных стыляў паводзінаў, якое дазваляе ўбачыць праблемы з розных бакоў”. Канфлікты ў такіх калектывах непазбежныя і нават патрэбныя, галоўнае – вывесці іх у канструктыўнае рэчышча. “Той, хто пазбягае канфліктаў, сам сябе заганяе ў тупік”, – лічыць эксперт.

“Добры мэнеджар – вельмі гнуткі, ён добра ведае самога сябе, задумваецца над уласнымі сваімі недахопамі і неяк “купіруе” іх па меры магчымасці. Ён бачыць моцныя бакі іншых, ведае шляхі ўплыву на іх і выкарыстоўвае гэтыя веды максімальна”, – адзначае Юрый Пургін. 

Напрыклад, пры размовах з “бюракратам” варта ўкладацца ў вызначаны час, не змешваць ідэі з фактамі. Калі ў суразмоўцы шмат пытанняў, варта папрасіць яго даслаць іх у пісьмовым выглядзе і адказаць пазней.

Да “падпальшчыка” не трэба падыходзіць з канчатковым рашэннем (нават калі яно прынятае). З ім варта раіцца, не асабліва чакаючы імгненнай згоды . Варта даць яму самому вызначыцца з тэрмінам выканання працы. Адным словам – прадаставіць месца, дзе ён бы змог паставіць уласнае “таўро”.

З “лядоўні без таблічкі” нічога не возьмуць

Юрый Пургін падкрэслівае важнасць выразных інструкцый. У якасці прыкладу ён прывёў эксперымент, калі людзей пакідалі ў замкнёным пакоі з дзвюма лядоўнямі. 

“На адной лядоўні было напісана – “можна браць усё, акрамя вось гэтага і гэтага”. А на другой не было нічога напісана. Дык вось з лядоўні без таблічак ніхто нічога не браў, – распавёў эксперт. – Як правіла, калі інструкцыі няма, чалавек робіць не тое і не ў тым аб’ёме. Задаваць рамкі, вызначаць зоны адказнасці, абсяг зменаў – вельмі важна”.  

З іншага боку, не варта лічыць панацэяй службовую інструкцыю. “Заўсёды будуць узнікаць сітуацыі, калі чалавеку трэба крыху больш узяць на сябе. У вашым калектыве не павінна быць зон, дзе не размеркаваная адказнасць. Лепш няхай за такія зоны адказваюць двое, чым нікога. Гэта супярэчыць некаторым тэорыям кіравання, але гэта важная рэмарка”, – кажа Юрый Пургін.  

Нагадаем, што Юрый Пургін – заснавальнік і генеральны дырэктар расійскага выдавецкага дома «Алтапресс» – кансультуе групу беларускіх выданняў у межах доўгатэрміновай праграмы “Канвергентныя СМІ”, распрацаванай шведскім інстытутам FOJO.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!