717

«Google фактычна спрыяе развіццю прапаганды»: з якімі праблемамі сутыкаюцца сёння незалежныя рэдакцыі

09.09.2022 Крыніца: Алёна Дубовік, БАЖ

Напрыканцы жніўня прадстаўнікі беларускай медыясупольнасці сабраліся на сустрэчу, арганізаваную Беларускай асацыяцыяй журналістаў, каб абмеркаваць набалелыя праблемы і агучыць магчымыя шляхі іх вырашэння. І ўсё на ўмовах поўнай ананімнасці: не ўказваць імёны, рэдакцыі, не рабіць фота. І гэта той выпадак, калі ананімнасць апраўданая.

Паміж спадам і смерцю

На сустрэчы абмяркоўвалі стан беларускіх медыя. Удзельнікам трэба было адзначыць стадыі, на якіх знаходзяцца цяпер нашыя СМІ.

З варыянтаў былі станаўленне, бурны рост і росквіт, стабілізацыя, спад і смерць. Большасць выбралі апошнія варыянты: беларускія СМІ цяпер дзесьці паміж спадам і смерцю.

— Але я аптыміст, я лічу што смерці не будзе. Аднак спад яшчэ не скончыўся, — кажа юрыст, намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. — Індыкатары, якімі можна вымераць стан медыя — гэта грошы і наведванні. Калі рэдактары СМІ паказваюць мне графікі наведванняў, то там ідзе да спаду — няма таго, што было ў мірныя часы. 

Аднак Алег Агееў адзначае, што беларускі медыясектар аказаўся больш устойлівым у параўнанні з расейскім і ва ўмовах, калі беларускія незалежныя СМІ пачалі выціскацца з краіны, яны змаглі аднавіцца і пачаць працаваць. У адрозненні ад расейскіх.

 — Нас увесь час дзяўблі, таму мы навучыліся выжываць. Хутка можна чакаць стадыі фармавання і станаўлення, — кажа Агееў.

— Па вялікім рахунку нармальнага медыярынку ў Беларусі не было ніколі… — дадае Андрэй Бастунец, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Галоўная рэдактарка аднаго з ключавых беларускіх медыя сімптомамі спаду называе зніжэнне якасці кантэнту, закрыццё доступу да інфармацыі, прызнанне большасці незалежных СМІ экстрэмісцкімі, немагчымасць публікавацца на платформе Яндэкс-дзэн і немагчымасць працаваць тым журналістам, якія працягваюць заставацца ў Беларусі.

— Беларускія журналісты знаходзяцца за мяжой, але вымушаныя пісаць пра Беларусь — гэта не нармальная сітуацыя, я яе называю шызафрэнічнай, –— падбірае эпітэт для апісання беларускага медыярынку былы журналіст аднаго з папулярных медыя.

Іншыя сімптомы таго, што беларускія СМІ знаходзяцца на стадыі спаду ўдзельнікі вызначылі такія:

  • «Мы пішам пра нешта, распавядаем, але за гэтым няма чалавека, няма карцінкі з нашых гарадоў».

  • «Аўдыторыя разбягаецца. Працуем па адным рэгіёне —  мы маленькае регіянальнае медыя — а нам часам тэлефануюць людзі з іншых вобласцяў і скардзяцца на свае праблемы. І я разумею, што медыя таго рэгіёна губляе аўдыторыю. Таксама як і мы».

Метафарычная, але смерць

— Разгромы рэдакцый, сыход журналістаў з прафесіі, нізкі ўзровень журналісцкай этыкі —  прабачце, але ўсё гэта менавіта смерць, — іншыя журналісты глядзяць на сённяшні стан медыя без ружовых акуляраў. 

Цікава, што погляды медыйшчыкаў, якія рэлакаваліся, у нейкіх момантах разышліся з поглядамі тых, хто працягвае знаходзіцца ўнутры Беларусі.

— Зараз у нас стаіць пытанне выжывання, і я не бачу повадаў для аптымістычных прагнозаў. У Беларусі працы няма.

Адчуваецца адарванасць рэдакцый, якія з’ехалі, ад павесткі Беларусі. І чым больш часу праходзіць, тым больш губляецца сувязь.

Людзі ўнутры Беларусі не хочуць нічога казаць нават на ўмовах ананімнасці. Рэзумуючы: беларуская незалежная журналістыка памірае, гэта факт. Я не гаварыла б аб смерці, бо яшчэ есць рэдакцыі, якія працуюць. Але рэдакцыі, што аднавілі сваю дзейнасць за мяжой, не робяць журналістыку. Яны робяць нешта іншае, магчыма яны на стадыі фармавання нечага новага, — патлумачыла сваю пазіцыю журналістка.

Адбываецца фармаванне новых умоў

Адзначалі медыйшчыкі і пазітыўныя моманты ў сённяшнім стане беларускай журналістыкі.

— Колькі не давілі нашыя незалежныя СМІ — перыяд, калі давілі Tut.by, і мы не ведалі, як працаваць і што рабіць далей — мы гэта перажылі. Беларусь з карты медыя не знікла і гэта дае надзею працаваць, вырашаць праблемы і пры добрым павароце палітычнай сітуацыі мы не будзем пачынаць з нуля, медыярынак Беларусі не будзе адкінуты назад, — гаворыць галоўны рэдактар сайта БАЖ Настасся. 

— Так, інфармацыю стала здабываць складана, але ж атрымліваецца нават ва ўмовах, якія ёсць. Адбываецца фармаванне новых умоў. Калі параўнаць нас з расейскімі СМІ, якія «выбілі», і яны не змаглі адкрыцца, то белмедыя з гэтым справіліся. Даследаванні паказваюць, што ў незалежных медыя актыўнасці больш чым у дзяржаўных, — падкрэслівае адзін з медыйшчыкаў.

— Я б не стаў называць дзяржаўныя СМІ медыямі, яны звычайныя прапагандысты, — дадае іншы журналіст.

Тры дзясяткі асноўных праблем

Абмеркавалі на сустрэчы і канкурэнцыю на медыярынку, адзначыўшы, што цяпер беларускія незалежныя СМІ сталі салідарнымі і казаць пра сур'ёзную канкурэнцыю не выпадае.

Усе СМІ прыблізна ў адных умовах і сутыкаюцца з падобнымі праблемамі. Якімі? У выніку актыўнага абмеркавання было пазначана каля трох дзясяткаў праблем. Сярод тых, што абмяркоўвалі найбольш актыўна:

  • «Каб не пасадзілі».

  • «Людзі сядзяць».

  • «Захаваць людзей жывымі і здаровымі. У тым ліку псіхічна. Галоўнае – гэта не страціць каманду».

  • «Адсутнасць матывацыі працаваць унутры Беларусі».

  • «Няма інфаповадаў, якія можна апублічыць».

  • «Ананімнасць журналістыкі, калі аўтар не можа паставіць сваё імя з-за пытанняў бяспекі. Гэта ўплывае і на матывацыю журналістаў, якія прывыклі працаваць пад сваім імем. І яшчэ гэта пытанне даверу аўдыторыі « хто аўтар тэксту? Чаму я мушу верыць?».

  • «Зʼехаўшыя рэдакцыі адрываюцца ад Беларусі».

  • «Адсутнасць доступу да інфармацыі».

  • «Як выжыць, застацца журналістам і не зʼехаць з Беларусі?».

  • «Зніжэнне не толькі якасці, але і колькасці кантэнту, асаблівага эксклюзіўнага».

  • «Адсутнасць прававога поля ў Беларусі, ты не разумееш, чаго можна чакаць. Няма эфектыўнай прававой абароны».

Праблему калег, якія працягваюць заставацца ў Беларусі, можна акрэсліць такой фразай: «Надакучыла прачынацца а 6 раніцы і чакаць, прыйдуць ці не за табой».

Для тых, хто зʼехаў, бліжэй пытанні выжывання ў новай краіне: заробкі, арэнда жылля.

Але ж самымі актуальнымі для ўсіх удзельнікаў сталі:

1. Адсутнасць доступу да інфармацыі

2. Калегі, якія сядзяць

3. Пагроза бяспекі

4. Немагчымасць вытрымліваць журналісцкія стандарты

Што можна зрабіць?

Вядома, эфектыўна вырашыць гэтыя праблемы ва ўмовах, у якіх зараз знаходзіцца беларуская медыясфера, нельга. Але можна паспрабаваць.

Прадстаўнікі беларускіх незалежных медыя прапаноўваюць некалькі крокаў:

  • Каб пераламіць сітуацыю з бяспекай і адсутнасцю прававога поля, неабходна маніторыць парушэнні, даваць журналістам бяспечныя мэты, а таксама даць пачуццё перспектывы: патлумачыць, як будзе вырашана праблема, якія крокі робяцца для гэтага.

  • На адсутнасць доступу да інфармацыі таксама можна спрабаваць уплываць мелкімі крокамі. 

  • Дамовіцца супольнасці незалежных медыя аб тым, каб дзяліцца інфармацыяй

Некаторыя медыйшчыкі выказалі ідэю не падпісваць крыніцы інфармацыі, калі яны — экстрэмісцкія СМІ: «Для тых медыя, якія працягваюць працаваць, знаходзячыся ў Беларусі, і для якіх падобныя спасылкі могуць быць небяспечнымі, дапускаецца іх не ўказваць. Галоўнае, каб важны кантэнт даходзіў да іх аўдыторыі».

Таксама прагучала прапанова ў якасці рашэння і прасоўванне кантэнту на расейскую аўдыторыю.

— У Расеі медыі выбілі з каляіны, нам трэба думаць, як выходзіць на крутых лідараў меркаванняў і ўплываць на позву ў Расеі, каб гэта не рабіла расейская прапаганда, — зазначыла рэдактарка аднаго з медыяў.

Аднак іншы медыйшчык у адказ нагадаў: "Ва ўмовах, у якіх існуюць зараз нашыя рэдакцыі, яшчэ распыляцца на нейкую іншую аўдыторыю, тым больш расейскую… Нам бракуе на гэта рэсурсаў".

Медыясуполка лічыць, у сітуацыі, калі большасць СМІ на тэрыторыі Беларусі заблакаваныя, трэба навучыць аўдыторыю карыстацца VPN-сэрвісамі. Для таго, каб інфармацыя даходзіла да карыстальніка ў не скажоным выглядзе, важна развіваць медыяадукаванасць і крытычнае мысленне ў аўдыторыі.

А таксама спрабаваць пераламіць сітуацыю з выдачай матэрыялаў у Google: цяпер ён выдае прапагандысцкія рэсурсы першымі, а незалежныя медыя, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, фактычна аказваюцца на апошніх месцах і не паказваюцца аўдыторыі. Тым самым Google фактычна спрыяе развіццю прапаганды. 

Чытайце яшчэ:

“Ну, як ты? Спраўляешся? Можа, дапамагчы нечым?”: тры асабістыя гісторыі да Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў

Как британские журналисты сообщали новость, которую аудитория надеялась не услышать

Журналіст Анджэй Пачобут скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!