613 0

“Гнілы” Захад, НАТА, дзядзька Сэм і іншыя — на якіх тэмах "адрываўся" савецкі сатырычны часопіс “Крокодил”

31.01.2017 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

Антызаходняя прапаганда на прыкладзе савецкага сатырычнага часопіса “Крокодил” у 1950—1980-я гады.

Адным з найбольш папулярных савецкіх перыядычных выданняў быў часопіс “Крокодил”, які выходзіў з 1922 года і быў галоўнай крыніцай бальшавіцкай сацыяльнай і палітычнай сатыры. У перыяд пасля Другой сусветнай вайны і да канца існавання Савецкага Саюза часопіс актыўна звяртаўся да тэматыкі міжнароднай палітыкі, па сутнасці мала чым адрозніваючыся ад галоўных савецкіх газет “Правда” і “Известия”.

Пачатак “халоднай вайны”

У 1950—1980-я гады з “Крокодилом” актыўна супрацоўнічалі знакамітыя савецкія карыкатурысты Барыс Яфімаў, Кукрыніксы, Юлі Ганф, Навум Лісагорскі, Марк Абрамаў і іншыя. Яны, выконваючы палітычную замову і адказвалі на розныя палітычныя “выклікі”.

1950-я гады — перыяд найбольш актыўнай канфрантацыі паміж СССР і “калектыўным” Захадам. Актыўнымі тэмпамі развівалася “халодная вайна”. Так, у № 10 за 1952 год публікавалася карыкатура на павялічэнне вайсковага бюджэту Францыі.

У сваю чаргу фельетон “Кандыдат у Рай”, у якім высмейваўся амерыканскі генерал Даглас МакАртур, ілюстраваўся карыкатурай Барыса Ефімава, у якой той высмейваў супрацоўнікаў… ААН. Так, тады савецкі часопіс паўстаў супраць Арганізацыі аб’яднаных нацых за тое, што апошняя падтрымала ЗША ў Карэйскай вайне. Варта памятаць, што ў тым узброеным канфлікце на баку войскаў Паўднёвай Карэі ваявалі і ўзброеныя падраздзяленні ААН. На малюнку функцыянер ААН быў прадстаўлены ў якасці каміваяжора, у якога ў вачах толькі амерыканскія долары.

У іншым нумары часопіса савецкія карыкатурысты высмейвалі тое, што значная частка нямецкіх вайсковых злачынцаў адбывае зняволенне ва ўмовах дамашняга арышту. Увогуле тэма канфрантацыі на лініі ФРГ і ГДР была вельмі папулярнай у тыя часы ў савецкіх перыядычных выданнях. Асабліва гэта тычылася таго, што ў Заходняй Германіі былыя нацысцкія вайскоўцы займалі пасады ў дзяржаўных і грамадскіх арганізацыях. Акрамя германскіх праблем, шмат крытыкі сыпалася і на Італію. Адзін з малюнкаў Юлія Ганфа, апублікаваны ў “Крокодиле”, быў прысвечаны ўнутранай сітуацыі ў Італіі, якую “кантралявалі амерыканскія банкіры”. Маўляў, у 1952 годзе на Апенініскім паўвостраве не было працы, зачыняліся выставы і будаваліся турмы.

Пры гэтым мастак “сцвярджаў”, што славутага Леанарда да Вінчы чакалі б цяжкія часы, калі б той жыў у ХХ ст.

У гэты ж час абрывіятура US становіцца вельмі папулярнай у савецкіх карыкатурыстаў. Яна ператвараецца ва ўвасабленне ўсяго кепскага і часта малюецца побач з нацысцкай свастыкай.

Як вядома, з 1950 па 1953 год адбывалася вайна ў Карэі і на малюнку Барыса Яфімава, апублікаваным у часопісе, была выява Пентагона, у які б'е маланка з надпісам “абурэнне народаў”.

З гэтай тэмай была звязана і карыкатура Кукрыніксаў. На ёй быў намаляваны вялічэзны кабан у амерыканскай вайсковай фуражцы, які знішчаў дакумент пад загалоўкам “Жэнеўская канвенцыя аб захаванні правоў вайсковапалонных”. Мастакі “падшпільвалі” Штаты, абвінавачваючы іх у кепскім стаўленні да палонных кітайскіх і паўночнакарэйскіх жаўнераў. Зразумела, што пра саветызацыю Паўночнай Карэі і ўмяшальніцтва ў справы гэтай краіны СССР і КНР у савецкіх перыядычных выданнях таго часу ніхто не ўзгадваў. Забыліся ў Маскве і пра тое, што падчас Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз не падпісаў і не прытрымліваўся згаданага дакумента, што прывяло да масавай гібелі як замежных вайскоўцаў на тэрыторыі СССР (афіцэраў і жаўнераў Войска Польскага), так і да трагедыі палонных чырвонаармейцаў, якіх масава знішчалі нацысты. У іх, па сутнасці, былі развязаныя рукі, бо, як вядома, у Сталіна палонных не было, а былі “здраднікі Радзімы”.

На прыцэле Украіна

У канцы 1950-х гадоў савецкім спецыяльным органам у большасці ўдалося падавіць антысавецкія ўзброеныя фарміраванні, якія дзейнічалі ў лясах краін Балтыі, а таксама ў заходніх абласцях БССР і УССР. Аднак за мяжой працягвалі дзейнічаць эмігранцкія арганізацыі з гэтых краін. У адным з нумароў за 1957 год была апублікаваная падборка малюнкаў кіеўскіх карыкатурыстаў пад агульнай назвай “Ворагі Украіны”. Тут у вельмі абразлівай форме былі прадэмантстраваныя бацька ўкраінскай нацыі Мікола Грушэўскі, гетман Паўло Скарападскі, Сямён Пятлюра і ўкраінскі грамадскі і палітычны дзеяч Уладзімір Віннічэнка.

Пры гэтым мастак К. Агніта хутчэй за ўсё нават і не ведаў, што апошні з названых украінскіх палітыкаў адмовіўся супрацоўнічаць з нацыстамі і за гэта быў кінуты імі ў канцэнтрацыйны лагер, дзе здароўе Уладзіміра Кірылавіча было канчаткова падарвана. Не ведаў ён і пра тое, што ў 1920-я гады Віннічэнка імкнуўся вярнуцца ў савецкую Украіну. У 1950 годзе ён напісаў раман “Слова за табой, Сталін”, дзе прапанаваў кіраўніку СССР пачаць дэмакратызацыю “краіны працоўных і сялян”. Своеасаблівым адказам на яго прановы стала карыкатура ў “Крокодиле”, дзе палітык быў намаляваны ў якасці часткі ўкраінскага герба “Трызуба”.

Дасталася ў часопісе і ўкраінскай эміграцыі. На карыкатуры Юлія Ганфа была выява ўкраінцаў з “былых”, адзін з якіх казаў: “У іх на Украіне горы вуглю, маса нафты, хлеба, сала, а нас яны называюць буржуямі”.

Пад “ударам” Югаславія і НАТА

У 1959 годзе акцэнты “Крокодила” трошкі змяніліся. Мастакі ўсё часцей сталі “адпрацоўваць” тэму канкурэнцыі капіталізму і сацыялізму, агучаную генсекам Мікітам Хрушчовым на ХХІ з’ездзе КПСС. Акрамя гэтага, крытыкаваць сталі югаслаўскіх таварышаў, якія, па меркаванні Масквы, “сядзелі на крэсле, што падтрымлівалася амерыканскімі манаполіямі”. На карыкатуры Кукрыніксаў была выява амерыканскага банкіра, побач з якім на доларавай манеце сядзеў югаслаўскі камуніст з тэчкай у руках з надпісам “рэвізіянізм”. Ёсіп Броз Ціта, які стаў прэзідэнтам Югаславіі ў 1953 годзе, актыўна супраціўляўся дыктату Масквы ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Гэта не магло падабацца Хрушчову і югаслаўская тэма адпрацоўвалася савецкімі ідэолагамі ў розных сферах.

У гэты ж час аўтары “Крокодила” ў сваіх малюках вельмі часта згадвалі Паўночна-атлантычны альянс НАТА. На малюнках з’яўляецца тоўсты амерыканец, які навязвае новыя абарончыя планы еўрапейцам, або натаўскія жаўнеры, якія адстрэльваюць з паляўнічых стрэльбаў белых галубоў — сімвалаў міру.

Унутраныя праблемы Злучаных Штатаў і шмат іншага

У 1960-я гады палітычны ажыятаж на старонках галоўнага савецкага сатырычнага часопіса спаў. Звычайна ў нумары друкавалася адна-дзве карыкатуры. Яны тычыліся “праблем з правасуддзем” у ЗША, выдаткамі на ўзбраенне ўсё тых жа амерыканцаў, барацьбы з каланізатарамі. У апошнім выпадку, напрыклад, актыўна адпрацоўваўся сюжэт з кіраўніком кангалезкай правінцыі Катанга Маізам Чомбэ, які супрацоўнічаў з Бельгіяй і выступаў супраць ураду пад кіраўніцтвам Патрыса Лумумбы. У рэшце рэшт, Чомбэ спрычыніўся да арышту і забойства апошняга. На адным з малюнкаў Барыса Ефімава дыктатар паўстае ў выглядзе марыянеткі, якой кіруюць Лондан, Вашынгтон і Брусель.

У канцы 1960-х гадоў новым аб’ектам для крытыкі стала Дзяржава Ізраіль. Мастакі, большасць з якіх самі былі габрэямі, малявалі агрэсіўных вайскоўцаў, якія са сцягам з “Зоркай Давіда” (ці такім жа знакам на фуражцы) распальвалі вайну. Дарэчы, падобныя сюжэты ў гэты час тычыліся і вайны ў В’етнаме. Так, на адным з малюнкаў Марка Абрамава былі намаляваныя арлы ў фуражках войска ЗША ва …уціхамірвальных кашулях, якія ляцелі над Дэмакратычнай рэспублікай В’етнам. Часамі на старонках выдання з’яўляліся сюжэты, звязаныя з Другой сусветнай вайной. Размова ішла пра праблему пошуку нацысцкіх злачынцаў і таго, што многія з іх знайшлі сабе прытулак у краінах Лацінскай Амерыкі.

Іспанія, Чылі і “савецкая пагроза”

У 1970-я гады працягваецца тая ж тэндэнцыя, што і ў папярэдняе дзесяцігоддзе: асобныя карыкатуры, прысвечаныя найбольш актуальным палітычным тэмам. Нарыклад, у адным з нумароў “Крокодила” былі апублікаваныя карыкатуры Марка Абрамава і Юрыя Чарапанава, прысвечаныя кіраўніку тагачаснай Іспаніі Франсіска Франка. Аўтары, як кажуць, не выбіралі сродкаў і называлі каўдзільё “апошнім фашысцкім зубам” у Еўропе.

Як вядома, не гледзячы на жорсткую барацьбу з апанентамі ў паваеннай Іспаніі? Франка ўдалося правесці эканамічныя рэформы, якія стабілізавалі сітуацыю ў краіне. У рэшце рэшт, у 1975 годзе ён перадаў уладу каралю Хуану Карласу, а сам хутка пасля гэтага памёр. Але ў Маскве гэтага чалавека, яшчэ з 1936 года лічылі ворагам. У гэты ж час з’яўляецца шмат карыкатур на Аўгуста Піначэта, які ў выніку вайсковага перавароту ў 1973 годзе захапіў уладу ў Чылі. Якім толькі не малявалі дыктатара: і павуком, і малпай і баявіком. Пры гэтым амаль на кожным малюнку прысутнічала свастыка, як сімвал, які па меркаванні савецкіх мастакоў звязваў Пітачэта з нацыстамі.

У канцы 1970-х гадоў папулярнай становіцца тэма “савецкай пагрозы”, якой нібыта мірных жыхароў Заходняй Еўропы і ЗША палохаюць іх улады. Насамрэч, гонка ўзбраення ў СССР у гэты час набірае вялікія абароты і “халодная вайна” вельмі лёгка магла перарасці ў гарачую. Аднак, у Савецкім Саюзе мілітарызацыю сваёй эканомікі бачыць не жадалі і ва ўсім абвінавачвалі “гнілы” Захад.

Ад Афганістана да “Перабудовы”

Нарэшце, у 1980-я гады палітычная тэматыка канчаткова перавандроўвае на апошнюю старонку часопіса. Час ад часу, там з’яўляюцца малюнкі, прысвечаныя вайне ў Афганістане і дапамозе ЗША маджахедам, а таксама “СОИ” (стратэгічнай-абароннай ініцыятыве), якую аб’явіў прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган у 1983 годзе. Гэтая праграма была звязаная з распрацоўкай супрацьракетнай сістэмы на выпадак атакі ядзернай зброяй з боку СССР. Амерыканцы планавалі стварыць у космасе супрацьракетны “шчыт”. У адказ савецкія мастакі-карыкатурысты пачалі маляваць Дзядзку Сэма, які з космаса пагражае “краіне працоўных і сялян”. Аднак з сярэдзіны 1980-х гадоў у Савецкім Саюзе пачынаецца “Перабудова” і хутка адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам, а таксама сталіцамі Заходняй Еўропы паляпшаюцца. Гэта ўплывае і на тое, што палітычная сатыра паступова знікае са старонак “Крокодила”.

…Часопіс перажыў Савецкі Саюз на дзесяцігоддзе, аднак пасля распаду СССР гэтае выданне амаль цалкам адмовілася ад палітычнай сатыры. Сёння архіўныя нумары “Крокодила” з’яўляюцца выдатнай крыніцай па гісторыі савецкага грамадства ў розныя перыяды гісторыі, а таксама сведчаць пра тое, як можна маніпуляваць грамадскай свядомасцю з дапамогай звычайных малюнкаў з глыбокім падтэкстам.

Каментары