НЕ - ВАЙНЕ!
358

«Гэта ўсё ненатуральна і супраць законаў фізікі». Як змянілася праца беларускіх журналістаў

14.09.2022 Крыніца: Марыя Голдстэйн, Белсат

Каўоркінг «Імагуру». Водар кавы і журналісты з розных рэдакцыяў на адной пляцоўцы. Усе занятыя працай, новай працай у новай краіне. Зміцер (з меркаванняў бяспекі суразмоўца "Белсату" папрасіў не даваць у публікацыі ягонага сапраўднага імя) – не вынятак. У нейкі момант яму, як і шмат каму ў Беларусі, давялося адмовіцца ад звыклага жыцця і роднага дому.

«На маё рашэнне зʼехаць паўплывала сітуацыя ў Беларусі: немагчымасць працаваць як журналіст незалежнага медыя, пагроза быць затрыманым ні за што і адседзець арышт, не зрабіўшы нічога супрацьзаконнага. Вядома, гэта мне далося вельмі не проста, бо ў краіне прыйшлося пакінуць дзіця, бацькоў, а таксама сяброў і знаёмых».

Журналіст не без іроніі згадвае, як з Менску зʼехаў ва Украіну, у Кіеў. Перад пачаткам вайны было шмат паведамленняў аб рэальнасці пагрозы з боку Расеі і правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі. Праўда, ніхто тады нават уявіць не мог такога разгортвання падзеяў. Таму Змітру давялося пагадзіцца на прапанову перабрацца ў Вільню.

«Я лічу, што Вільня – вельмі блізкі беларусам горад, такая адносная радзіма, – смяецца ён. – Думаю, так бы мусіў выглядаць Менск пры правільных уладах. Ды і літоўцы, мне здаецца, ментальна і характарам нашмат бліжэйшыя да нас, чымся нават украінцы. Я цяпер чую шмат гісторыяў, якія адбываюцца ў Польшчы з беларусамі, пра той хэйт, з якім яны сустракаюцца. Тут жа, у Літве – я яшчэ нічога падобнага не бачыў. Усе ўсё разумеюць і падтрымліваюць. Ды нават як кіроўца скажу: калі заязджаеш з Польшчы сюды і бачыш дарожныя знакі, то падаецца, што ты вярнуўся дадому!»

Больш камфортнай для сябе журналіст лічыць і моўную сітуацыю, бо яму прасцей размаўляць з мясцовымі жыхарамі па-англійску ці па-расейску, у адрозненне, напрыклад, ад Польшчы, дзе прыйдзецца з нуля вывучаць мову краіны.

«Калі ж казаць аб праблемах, з якімі прыйшлося сутыкнуцца, то тут збольшага пытанне ў грошах, бо іх трэба нямала. Таксама кожны раз даводзіцца наноў шукаць жытло, ды і проста напружвае адсутнасць магчымасці ўзяць усе тыя рэчы, якія табе могуць спатрэбіцца: кубкі, пасцельная бялізна… Каб пераехаць сюды з Кіева, мне прыйшлося цягнуць на сабе аўтобусамі і цягнікамі дзве валізы, дзве ікееўскія торбы, турыстычны заплечнік, які спецыяльна для гэтага прыйшлося набыць, а таксама заплечнік з кампом і тэхнікай, а яшчэ ж і штатыў не кінеш!»

Падумаўшы хвіліну, Зміцер кажа пра тры месяцы, якія сыходзяць на прыстасаванне, але не ў псіхалагічным кантэксце, а ў побытавым: «Месяцы тры сыходзіць на тое, каб проста прызвычаіцца ў бытавым плане да новага месца, што, безумоўна, уплывае і на працу, бо замест таго, каб зарабляць, ты адаптоўваешся да новага побыту. А з пачатку вайны яшчэ і кошты павысіліся так, што хіба ўжо можна і на Кіпры жыць за тыя ж фінансы», – усміхаецца журналіст.

З сумам згадвае ён і сённяшнія складанасці з легалізацыяй. Бо нават з акрэдытацыяй ад літоўскага МЗС тэрмін чакання працоўнага віду на жыхарства можа моцна зацягнуцца: вялікія чэргі ў міграцыйным аддзеле з беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў выглядаюць не вельмі натхняльна.  Гэта забірае шмат нерваў, высілкаў і грошай, бо калі раней ВНЖ можна было атрымаць досыць хутка, то цяпер шмат каму трэба рабіць так званую візу чакання з прычыны заканчэння асноўнай.

Кардынальна памянялася і праца журналіста ў параўнанні з Менскам:

«Там я заўсёды працаваў у полі, з месца падзеяў. Цяпер жа, як і шмат якім іншым калегам, мне прыйшлося перафарматаваць сваю дзейнасць на працу за кампом у онлайн-рэжыме. Даводзіцца ўсё часцей займацца верыфікацыяй інфармацыі. Калі раней ты мог бачыць падзеі на свае вочы, то цяпер ты ўсё назіраеш вачыма іншага. А яшчэ ж і не ўсе людзі гатовыя размаўляць онлайн, некаторым прасцей гэта рабіць сам-насам. Таму калі разглядаць усе моманты, то для мяне як візуальнага журналіста праца вельмі памянялася. І я б не сказаў, што мне гэта падабаецца, бо ў полі працаваць было нашмат больш цікава, драйвова і, як на мяне, больш карысна. Гэта была праца з кватэраў, хованак, фактычна з кустоў, цяпер жа – з кухні, але пра тыя самыя падзеі. Безумоўна, гэта адбіваецца і на якасці працы. Але варта прыняць новыя ўмовы як выклік».

Ілюзіяў наконт хуткага падзення рэжыму і заканчэння нападаў Расеі на іншыя краіны пры падтрыманні Лукашэнкі ў Змітра няма. Ён кажа пра тое, што беспадстаўныя надзеі ні да чаго добрага не прывядуць:

«Я рыхтуюся да таго, што гэта вымушаны пераезд на доўгі нявызначаны час. Але ж я і ў Кіеве думаў заставацца надоўга, – іранічна ўсміхаецца журналіст. – Нават сокавыціскалку купіў там! Бо было шмат гародніны, садавіны і ягадаў. Прыйшлося яе цягнуць сюды. То пасля Украіны, баюся, вайна магчымая паўсюль. Стоячы ў віленскай краме, задумваюся, ці сапраўды мне патрэбны лішні кубак удома».

Дом. Гэтае слова Зміцер вымаўляе асабліва пяшчотна і з усмешкай, прасякнутай успамінамі і верай у вяртанне. Праўда, не такое хуткае, як хацелася б: «Калі ж казаць пра Беларусь, то тое, што там адбываецца, мне нагадвае сінусоіду.  У тым выглядзе, у якім існуе нашая дзяржава, – гэта ўсё ненатуральна і супраць законаў фізікі, тым больш для ХХІ стагоддзя. Таму, спадзяюся, што ўсе працэсы паскорыліся цяпер, і гэта хутка ўсё скончыцца, бо вельмі ўжо хочацца дадому. Хоць псіхалагічна я рыхтую сябе да іншага і не ўпэўнены, што Вільня – апошні мой пункт перад вяртаннем».

Чытайце яшчэ: 

«Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку

Задачка со звездочкой: свобода слова, права человека или национальная безопасность?

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс у ізалятары

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!