445

«Гэта і ёсць любоў да Беларусі». Як Даша Чульцова, якую судзяць за стрым, прыйшла ў журналістыку

09.02.2021 Крыніца: Вольга Васільева, "Белсат"

Над журналісткамі Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай распачаўся суд. Іх вінавацяць у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Дзяўчыны былі затрыманыя летась 15 лістапада, калі вялі стрым з плошчы Пераменаў. Усё жыццё 23-гадовая Дар’я ішла ў журналістыку, а цяпер за яе пакутуе.

 

Дар’я Чульцова нарадзілася і правяла дзяцінства ў Шклове. Яе маці Наталля кажа, што дачка вельмі добрая і мэтанакіраваная, яна з дзяцінства мела шмат інтарэсаў.

«У дзяцінстве Дар’я вельмі любіла маляваць, нават хадзіла ў мастацкую школу. Гэта быў ейны нейкі асаблівы свет – маляванне. Пасля яна закамандавала набыць ёй гітару і пачала вучыцца граць на гітары. А больш за ўсё Даша любіла пісаць. У яе заўсёды быў нейкі сшытак ці нататнік з сабой, і яна ўсё пісала, пісала, пісала», — згадвае Наталля Церабіленка.

Спачатку Наталля нават і не здагадвалася, да чаго прывядзе Дашына любоў да пісання. А калі дачка ўпершыню адкрыта сказала пра жаданне быць журналістам, дома ўспрынялі гэта як жарт. У 11-м класе Даша паўторна агучыла свой намер ісці ў журналістыку. Вось тады родныя ўжо рэальна занепакоіліся. Яны адгаворвалі Дашу нават на этапе падавання дакументаў ва ўніверсітэт. Але ўсё было марна, Дашу гэта не спыніла.

«Яна быццам бы слухае мяне, слухае, але ўсё роўна робіць па-свойму. І пераканаць яе ў нечым вельмі складана. У яе такая пазіцыя, што яна сама сабе гаспадыня. Дакладна, Даша вельмі мэтанакіраваная. А цяпер мне пра яе пішуць людзі, што я выгадавала неймаверную дачку», — кажа Наталля.

Дашына сяброўка дзяцінства Мілана Мінчукова згадвае, што Даша заўсёды вылучалася цікаўнасцю да ўсяго навокал.

«Можна сказаць, што Даша — даследніца. У ёй спалучаюцца такія рысы, як спакой і назіральнасць, і ў той жа час цік аўнасць да самых розных сфераў жыцця. Яна заўсёды вельмі любіла слухаць, чытаць і маляваць. І вось надышоў момант, калі гэтыя схільнасці вызначалі ейную прафесію», — разважае Мілана.

Перад тым, як падаць дакументы на аддзяленне «журналістыка» ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова, Даша сказала маці: «Калі не ў журналістыку, то я наогул нікуды не пайду». Так і паступіла вучыцца на журналістку.

Ва ўніверсітэце Даша разам з аднакурснікамі рыхтавала самвыдат. Ужо тады перад дзяўчынай паўстала пытанне, якую ролю яна хоча выконваць і дзе працаваць далей. Каб вызначыцца, Дашы спатрэбіліся час і досвед.

«Разам з Дашай мы пачалі рабіць сюжэты для праекту «Магілёў. Онлайн». Гэта быў самы круты час, бо ў нас была проста як місія — паказваць сацыяльныя праблемы Магілёва. І мы гэта рабілі. У той час я пабачыла, што ў Дашы ёсць вялізны інтарэс і талент не толькі журналіста, які піша, а таксама як у аператара», — распавядае аднагрупніца Дашы Крысціна Барысава.

Даша і Крысціна паказвалі розныя камунальныя праблемы Магілёва. Таксама яны часта апытвалі гараджанаў на актуальныя тэмы. І, канечне ж, закраналі палітыку.

«Калі мы рабілі нешта, то рабілі гэта сумленна. Даша за мантажом відэа магла правесці хоць паўдня, хоць дзень — колькі трэба, каб зрабіць прыгожа. Пры гэтым яна спачувала людзям і настойвала на тым, каб паказваць усё менавіта так, як яно ёсць на самой справе», —  тлумачыць Крысціна Барысава.

З 2019 года Даша пачала супрацоўнічаць з тэлеканалам «Белсат». Як журналістка яна працавала ў пары з аператарам Міхасём Аршынскім.

«Мы ездзілі па розных гарадах Магілёўская вобласці, здымалі рэпартажы аб праблемах звычайных людзей. Паказвалі, як мяняецца жыццё чалавека, калі ён сутыкаецца з гэтай бюракратычнай сістэмай», — кажа Міхась Аршынскі пра сваю працу з Дашай Чульцовай.

Міхась, як ужо дасведчаны журналіст, вучыў Дашу быць універсалам у сваёй прафесіі. Каб аднолькава добра і напісаць тэкст, і зняць і змантаваць відэа.

Рэпрэсіі ў дачыненні Дашы за журналісцкую дзейнасць пачаліся яшчэ ў Магілёве. Двойчы магілёўскія суды каралі Дашу штрафам паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за супрацу з «Белсатам». Але гэта не адштурхнула дзяўчыну ад прафесіі.

«Даша з тых людзей, якія свядома і без страху развіваюцца і праз гэтыя выпрабаванні робяцца прафесіяналам. Я бачу, што за вельмі кароткі час Даша моцна ўзняла свой прафесійны ўзровень. І я проста ўпэўнены, што яна выйдзе і працягне шлях у журналістыцы», – кажа Міхась Аршынскі.

У Магілёве Даша працавала толькі пакуль вучылася ва ўніверсітэце. Пасля атрымання дыплому ў верасні 2020 года Даша пераехала працаваць у Менск. Тут Даша стала зноўку спрабаваць сябе як відэааператарка. Пасля пераезду Дашу сталі часта затрымліваць за журналісцкую дзейнасць.

«У гэтым плане Даша сапраўдны патрыёт Беларусі. Бо калі яна ішла на ўсе гэтыя мітынгі, то гэта менавіта і ёсць любоў да Беларусі. Яна разумела, якая гэта рызыка для журналіста, але ўсё роўна ішла. Нават за дзень перад стрымам 15 лістапада я запытвала яе, ці не баіцца яна. А Даша сказала, што толькі яны з Кацяй могуць пайсці і зрабіць гэтую працу. І яны пайшлі», — узгадвае Крысціна.

Перад стрымам з плошчы Пераменаў 15 лістапада Даша і Каця добра разумелі, што ўсе журналісты цяпер — гэта мішэнь. Што стрымаў гэтая дзяржава баіцца больш за ўсё. І ўсё роўна пайшлі — выконваць сваю працу, паказваць людзям праўду. Амаль 75 тысячаў чалавек паглядзелі стрым, за які журналістак пасадзілі і цяпер судзяць.

«Яны думаюць, што ўсё могуць. Захацелі пасадзіць — пасадзілі. А што справы няма — то справу прыдумалі. Я лічу, што Каця і Даша сядзяць ні за што, яны не вінаватыя, яны проста выконвалі ўласную працу. Нікога яны там не збіралі ды не заклікалі», — разважае Наталля, Дашына маці.

Наталля кажа, што суд над яе дачкой паказальны. На ейную думку, такім чынам хочуць запужаць іншых журналістаў, каб не ладзілі стрымы, не хадзілі на мітынгі, акцыі.

«А пра маладых людзей яны падумалі? Вось ужо колькі скалечаных лёсаў. Для іх людзі не важныя: на аднаго больш, на аднаго менш», —  кажа Наталля.

І ўсё ж такі Наталля і ўсе сваякі, сябры і калегі Дашы і Каці ідуць на суд з надзеяй, што гэты абсурд вось-вось скончыцца. Ён абавязкова скончыцца. І дзяўчаты выйдуць на волю і працягнуць займацца любімай прафесіяй.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!