1014 0

Ганна Канапацкая: Я на сабе ўжо адчула розніцу ў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ (фота)

13.02.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Мінску праходзіць канферэнцыя “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы”. Ніхто з прадстаўнікоў дзяржаўных інстытуцый для ўдзелу ў канферэнцыі не прыйшоў. Праігнаравалі профільную канферэнцыю і прадстаўнікі Беларускага саюза журналістаў.

У Мінску 13–14 лютага ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сабрала калег на двухдзённую канферэнцыю, прысвечаную заканадаўству ў сферы СМІ, захаванню стандартаў журналістыкі і эканамічным умовам працы рэдакцый.

— Тэмы сённяшняй дыскусіі вельмі актуальныя не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёна АБСЕ. Прадстаўнік АБСЕ — міждзяржаўны інстытут, які ўпаўнаважаны назіраць за сітуацыяй у розных краінах Еўропы. На жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што бяспека журналістаў у рэгіёне АБСЕ па-ранейшаму застаецца ў нас на парадку дня, — адзначыў у сваім вітальным слове супрацоўнік офіса АБСЕ па свабодзе СМІ Айдар Батагараў.

Паводле яго слоў, найгорш сітуацыя ў плане бяспекі складваецца ва Украіне, дзе адбываецца вельмі шмат правакацый і гвалту ў дачыненні журналістаў апошнія гады.

“Але мы па-ранейшаму вядзем цесны дыялог з уладамі Беларусі ў галіне забеспячэння правоў журналістаў. Трэба згадаць, напрыклад, круглы стол з прадстаўнікамі БАЖ і Міністэрства ўнутраных спраў у 2014 годзе, пасля якога БАЖ сапраўды канстатаваў зніжэнне колькасці адвольных затрыманняў журналістаў. Але такія выпадкі, на жаль, не зніклі цалкам”, — сказаў Батагараў.

Нагадаем, да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны супрацоўнікі нацыянальных і рэгіянальных СМІ, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Міжнароднай федэрацыі журналістаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Ніхто з прадстаўнікоў дзяржаўных інстытуцый для ўдзелу ў канферэнцыі не прыйшоў. Праігнаравалі профільную канферэнцыю і прадстаўнікі Беларускага саюза журналістаў.

Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў закранула ў сваім выступе праблему распаўсюду недзяржаўных СМІ.

— Недзяржаўныя СМІ застаюцца галоўнай трыбунай, дзе грамадства ўздымае сапраўды галоўныя пытанні, пытанні, якія яго турбуюць. Але такія пытанні павінны ўздымацца ва ўсіх СМІ, а не толькі ў нешматлікіх недзяржаўных выданнях. У мяне ёсць вялікі досвед працы са СМІ, бо сёлета спаўняецца 27 гадоў з моманту рэгістрацыі газеты ТБМ “Наша слова".

Самае галоўнае пытанне для беларускіх СМІ сёння — сістэма распаўсюду. У Беларусі існуе фактычныя манапалісты ў галіне распаўсюду — РУП “Белсаюздрук” і РУП “Белпошта”. Напрыклад, газета “Новы час”, выключаная  з сістэмы падпіскі і распаўсюду, спрабавала вярнуцца ў каталогі, але ўвесь час рэдакцыя атрымлівае адмовы. Таму мяне заўсёды вельмі хвалявала пытанне распаўсюду недзяржаўных медыяў, якое я ўздымаю зараз і ў якасці дэпутата, — заявіла Алена Анісім.

Калегу падтрымала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

— Я на сабе ўжо адчула розніцу ў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Таму яшчэ раз дзякую ўсім выданням, якія асвятляюць маю працу ў якасці дэпутата і не пабаяліся запрасіць мяне ў свае рэдакцыі. Я адназначна не разумею законаў, якія абмяжоўваюць свабоду слова ў Беларусі. Усе СМІ павінны быць незалежнымі і павінны праўдзіва асвятляць сітуацыю у краіне. Менавіта гэтага патрабуе сёння грамадства, — адзначыла Канапацкая.

Алег Агееў, юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”:

— Журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду выпрацавалі індыкатары, паводле якіх будуць ацэньваць змены, на якія пагадзілася Беларусь у межах праграмы "Усходняе партнёрства".

Сярод іх — паляпшэнне сітуацыі са свабодай СМІ. На нашу думку, у Беларусі мусіць быць распрацаваны закон аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. Таксама ўсе недзяржаўныя выданні, якія пажадаюць гэтага, павінны быць уключаны ў падпісныя каталогі і сістэму распаўсюду “Белсаюздрук” і “Белпошта”.

Таксама мы лічым неабходным унясенне зменаў у Закон аб СМІ у галіне адмены абавязковай акрэдытацыі замежных журналістаў. Сярод індыкатараў — спыненне неабгрунтаваных адмоваў журналістаў замежных СМІ ў акрэдытацыі ў Беларусі. Таксама мы лічым, што не павінны прыцягвацца да адказнасці беларускія журналісты, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Яшчэ ў выглядзе аднаго з паказчыкаў мы чакаем, каб дзяржава цалкам адмовілася ад адвольных затрыманняў журналістаў і канфіскацыі тэхнікі ў прадстаўнікоў прэсы.

 

На дадзены момант у Беларусі прыняты Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацыі Універсальнага перыядычнага агляду. У ім, напрыклад, Міністэрства інфармацыі павінна праводзіць маніторынг за выкананнем заканадаўства ў сферы СМІ. Таксама там указана правядзенне канферэнцый для рэдакцыі СМІ з мэтай паляпшэння сітуацыі у галіне медыя.

"ГА "БАЖ" прапанавала Міністру інфармацыі запрашаць прадстаўнікоў журналісцкай арганізацыі да абмеркавання будучых заканадаўчых актаў. Мы атрымалі адказ ад міністэрства, што нашы прапановы “прынятыя да ведама”. Тым часам мы не губляем аптымізму, мы збіраемся выходзіць з заканадаўчай ініцыятывай як на Палату прадстаўнікоў, так і на органы выканаўчай улады", — паведаміў Алег Агееў.

Старшыня азербайджанскай журналісцкай арганізацыі Yeni Nesil Арыф Аліеў распавёў як змянілася сітуацыя са свабодай слова ў Азербайджане.

"Яшчэ 10 год таму ніякіх асаблівых праблем у заканадаўстве Азербайджана ў галіне СМІ не было, былі задаволеныя гэтым заканадаўства міжнародныя органы, прымалі даволі дарэчныя акты заканадаўства, — расказаў спадар Аліеў прысутным. — Але апошнія дзесяць год сітуацыя са свабодай СМІ ў Азербайджане кардынальным змянілася, хоць асноўны метад кантролю СМІ ў нас — не заканадаўчы. Напрыклад, у нас СМІ можна закрыць пасля двух папярэджанняў за парушэнні заканадаўства. Але гэты закон ніколі не прымяняўся на практыцы, ён з’яўляецца хутчэй элементам псіхалагічнага ціску. Другая частка новых законаў уяўляюць сур’ёзную пагрозу свабоду СМІ. Напрыклад, пасля з’яўлення шэрагу крытычных артыкулаў пра кіраўніцтва Азербайджана з’явіліся законы, якія забараняюць збіраць інфармацыю аб асобах без іх згоды, не важна у публічным месцы гэта адбываецца, ці не".

Пачынаючы з 2010 года у Азербайджане ніхто нібыта за дыфамацыю не быў пакараны. На практыцы супраць СМІ прымяняюцца іншыя метады — СМІ выцесняюцца за межы краіны іншымі метадамі. Гэта і эканамічныя метады, дзяржава атрымала права датаваць “свае” СМІ. Да таго ж дзяржава ўдзейнічае на рэкламны рынак з мэтай закрыцця многіх непадкантрольных СМІ.

"Яшчэ недаўна з-за гэтага нашы недзяржыўныя СМІ былі аднымі з багацейшых у рэгіёне. А зараз у рэдакцыі, дзе раней працавалі больш за 150 журналістаў, засталіся адзінкі", — распавёў пра наступствы эканамічнага ціску Арыф Аліеў.

Пасля выступу спікераў прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні. Многія пытанні былі скіраваныя да дэпутата Алены Анісім. Напрыклад, у прадстаўніцы дэмакратычнай супольнасці ў парламенце Беларусі спыталі, ці ёсць шанцы разварушыць гэтую структуру ды ініцыяваць правядзенне слуханняў па актуальных пытаннях.

— Я ўспрымаю рэальнасць такой, якой яна ёсць. Вельмі складана нават зараз унесці якія-кольвек змены ў заканадаўства, бо ў беларускім парламенце знойдзецца толькі 3-4 чалавекі, якія выступаюць за лібералізацыю. Але іншага шляху, каб нешта змяніць, няма. Таму я для сябе вельмі важным лічу працягваць дыялог са сваімі калегамі па Палаце прадстаўнікоў, — патлумачыла Алена Анісім. — Асабліва ў гэтай працы мне дапамагае пазіцыя грамадзянскай супольнасці, заявы і голас грамадзянскай супольнасці. Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь сыйдуцца знешнія і ўнутраныя абставіны, і гэтыя галасы. І будзе момант, калі нават тыя людзі, якія сёння з’яўляюцца часткай сістэмы, прыйдуць да прыняцця рашэнняў, у якіх зацікаўленае грамадства, а не толькі сістэма.

"Мы шмат наракаем на закрытасць дзяржаўных органаў для журналістаў. А ці ставіцца пытанне пра прамыя трансляцыі з пасяджэнняў парламента", — запытала ў Алены Анісім журналіст Святлана Калінкіна.

— Пытанне ставілася. Адказ я атрымала адказ, што пасяджэнні парламента дастаткова асвятляюцца дзяржаўнымі выданнямі і прамыя трансляцыі не мэтазгодныя, — адказвае Анісім.

— Таксама вялікая праблема для журналістаў сёння — адсутнасць доступу да інфармацыі аб падрыхтоўцы законапраектаў Палатай прадстаўнікоў. Раней на сайце Палаты прадстаўнікоў журналісты маглі атрымліваць такую інфармацыю, зараз доступ да яе закрыты. І яшчэ адзін важны момант — адсутнасць інфармацыі пра тое, як галасуюць дэпутаты падчас пасяджэння парламенту. Мне здаецца, гэта тыя пытанні, у якіх журналістам вельмі маглі б дапамагчы дэмакратычныя дэпутаты, — дадае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

— Я пастараюся заняцца гэтым пытаннем, — паабяцала Алена Анісім.

Канферэнцыя падрыхтаваная ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і медыяінстытутам Fojo.

Андрэй Дынько: Бюджэтныя датацыі павінны стаць даступнымі для недзяржаўных СМІ. Другі дзень канферэнцыі

АБСЕ: Для Беларусі актуальныя пытанні акрэдытацыі замежных журналістаў і прызнання фрылансераў

Прадстаўнікі ўраду праігнаравалі міжнародную канфэрэнцыю БАЖ

Каментары